Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яны ехалі ў горад Данглаў, усяго на пяцьдзесят міль не даязджаючы да Кэрнса — самага паўночнага канцавога пункта чыгункі, што цягнецца ўздоўж усяго квінслендскага ўзбярэжжа. Больш за тысячу міль вузкакалейкі, на якой вагон гайдае, падкідвае, тузае ўзад і ўперад, а месцы ў аддзяленні ўсе занятыя, і нельга прылегчы ці хоць ногі разагнуць. За акном ляжала зямля нашмат больш заселеная, чым джыланбаўнская, і куды больш маляўнічая, але Мэгі было не да любавання і цікаўнасці.

Балела галава, нудзіла, гняла нясцерпная гарачыня — такога пекла нават у іх у Драгедзе не было. Прыгожая шлюбная сукенка ружовага шоўку пачарнела ад сажы, што ўрывалася з ветрам праз вокны, цела стала ліпкае — пот не прасыхаў, і, што мучыла больш за фізічныя нягоды, Мэгі адчувала: яшчэ трохі — і яна зненавідзіць Люка. А яго, відаць, стома зусім не бярэ, і паездка яму не ў цяжар, спакойна сядзіць сабе, гамоніць з нейкімі двума пасажырамі, што едуць у Кардуэл. Толькі некалькі разоў ён глянуў у яе бок, і то калі ўставаў і, нахіліўшыся над ёю да акна, ды так нехлямажа, што яна ўся аж скурчвалася, кідаў скачаную ў трубку газету нейкім абадранцам, што, выстраіўшыся ўздоўж чыгуначнага палатна, крычалі:

— Газет! Газет!

— Пуцявыя рамонтнікі, — першы раз растлумачыў ён Мэгі, садзячыся на месца.

I, відаць, ён ані не сумняваўся, што ёй прыемна і радасна ехаць і няможна зачараваных вачэй адарваць ад прыбярэжнай раўніны, што праносілася міма. А Мэгі глядзела на яе і не бачыла і ўжо неўзлюбіла гэту зямлю, яшчэ нават не ступіўшы на яе.

У Кардуэле тыя двое сышлі, а Люк паспяшаўся ў лавачку цераз дарогу ад станцыі, дзе прадавалася рыба са смажанай бульбай, і вярнуўся з загорнутай у газету пакупкай.

— Рыба ў Кардуэле, кажуць, такая — не паспрабуеш, не паверыш, мая ты Мэген, любачка. Найсмачнейшая на свеце. На, вазьмі кавалачак, пакаштуй. Будзеш ведаць, што ядуць у гэтым бананавым краі. Няма месца лепшага за Квінсленд, шчыра кажу.

Мэгі мелькам глянула на аблепленыя цестам кавалкі рыбы, заціснула рот насоўкай і кінулася за дзверы. Калі яна неўзабаве выйшла з туалета, бледная, ледзь трымаючыся на нагах, Люк чакаў яе ў калідоры.

— Што з табой? Табе нядобра?

— Мне ўвесь час нядобра, з самага Гундзівіндзі.

— Госпадзі! Чаму ж ты не сказала мне?

— Чаму ж ты сам не ўбачыў?

— З выгляду ты была як быццам нічога.

— А далёка яшчэ ехаць? — пацікавілася Мэгі, кінуўшы спрачацца.

— Гадзіны тры, а можа, і шэсць, хто іх тут ведае. Яны не вельмі глядзяць на расклад. Паслухай, тыя хлопцы сышлі, цяпер месца шмат, кладзіся спаценькі, а ножкі давай мне на калені.

— Кінь ты сюсюкаць са мной, я не маленькая! — сярдзіта абарвала яго Мэгі. — Шкада, што твае хлопцы не сышлі два дні назад, яшчэ ў Бандабергу!

— Ну добра, Мэген, будзь малайчынай! Ужо ж амаль даехалі. Цяпер толькі Талі і Інісфайл, а там і Данглаў.

З поезда яны сышлі пад вечар, Мэгі адчайна ўчапілася за локаць Люка, гонар не даваў ёй прызнацца, што яна ледзь трымаецца на нагах. Люк папытаўся ў начальніка станцыі, дзе тут гасцініца для рабочага люду, падхапіў чамаданы і выйшаў на вуліцу; Мэгі няцвёрдымі крокамі, як п’яная, паплялася за ім.

— Толькі да канца квартала дайсці, а там — цераз вуліцу, — суцешыў яе Люк. — Белы двухпавярховы будынак, бачыш?

Нумар аказаўся маленькі, да цеснаты застаўлены грувасткай старамоднай мэбляй, але Мэгі ён здаўся раем, і яна без сілы апусцілася на край двухспальнага ложка.

— Паляжы крышачку да вячэры, мілачка. А я пайду гляну, што тут і як, — сказаў Люк і няспешна выйшаў, такі ж бадзёры і свежы, як раніцай у дзень іхняга вяселля. Тады была субота, а цяпер ужо чацвер канчаецца — пяць дзён праседзелі яны ў перапоўненых паяздах, у духаце, у табачным дыме і копаці.

Ложак аднастайна пагойдваўся ў лад ляскату сталёвых колаў на стыках рэек, але Мэгі з удзячнасцю ўткнулася тварам у падушку і спала, спала...

Нехта зняў з яе туфлі і панчохі і ўкрыў прасціной. Мэгі варухнулася, расплюшчыла вочы, агледзелася. На падаконніку сядзеў Люк, паставіў на яго адну нагу, сагнутую ў калене, і курыў. Пачуў шоргат, павярнуў галаву, глянуў і ўсміхнуўся.

— Вось дык маладая! Я дачакацца не магу пачатку мядовага месяца, а жоначка мая дрыхне сабе амаль два дні! Крышачку нават страху набраўся — дабудзіцца не мог, балазе буфетчык сказаў, што з жанчынамі такое здараецца — ад трасення ў поездзе і ад вільготнага паветра. Кажа, трэба проста даць табе адаспацца. Ну, а цяпер ты як?

Мэгі цераз сілу сагнула адубелую паясніцу, села, пацягнулася і пазяхнула.

— Мне многа лепш, дзякуй. Паслухай, Люк! Я ведаю, што маладая і дужая, але ж я жанчына! He ўсякія фізічныя выпрабаванні мне пад сілу, я ж не ты.

Ён падышоў да ложка, сеў на край і далікатна пагладзіў яе па руцэ ў знак пакаяння.

— Вінаваты, Мэген, далібог, вінаваты. Я і не падумаў, што ты жанчына. He прывык ездзіць з жонкаю, вось і ўсё. Ты прагаладалася, даражэнькая?

— Паміраю — хачу есці. Амаль цэлы тыдзень у рот нічога не брала, ты ж ведаеш.

— Тады ты, можа, выкупаешся, надзенеш новую сукенку, і мы пойдзем паглядзім на Данглаў?

Люк павёў Мэгі ў кітайскае кафэ побач з гасцініцай, і Мэгі першы раз у жыцці пакаштавала ўсходняй кухні. Яна так прагаладалася, што ёй усё было б смачна, але стравы, што ім падалі, сапраўды былі цудоўныя. Ёй было няважна, з чаго яны прыгатаваныя — хоць з пацуковых хвастоў, хоць з плаўнікоў акулы, хоць з курыных вантробаў, як, бывала, пагаворвалі ў Джылі, дзе было толькі адно кафэ, у якім грэкі частавалі біфштэксамі са смажанай бульбай. Люк прыхапіў з гасцініцы ў прадуктовым пакеце дзве літровыя бутэлькі піва і прымусіў Мэгі выпіць шклянку, хоць піва яна не любіла.

— З вадой ты пакуль што асцеражней, — параіў ён. — А ад піва так бегаць не будзеш.

Потым, узяўшы яе пад руку, павёў паказваць Данглаў і так ганарыўся ім, быццам горад належаў яму. Што ж, Квінсленд — Люкава радзіма. I Данглаў — цудоўнае месца! Hi выглядам сваім, ні духам зусім не падобны на заходнія гарады. Велічынёй ён, відаць, такі, як Джылі, але не цягнецца бясконца і бязладна ўздоўж адной Галоўнай вуліцы, а пабудаваны роўнымі кварталамі, і ўсе магазіны і дамы афарбаваныя не ў карычневы, а ў белы колер. Вокны — драўляныя створкі з вертыкальнымі шчылінамі, відаць, каб лепш праветрывалася, і ўсюды, дзе можна, будынкі без дахаў, вось, напрыклад, кінатэатр — ёсць экран, рады парусінавых шэзлонгаў, сцены з такімі вокнамі, а даху няма.

З усіх бакоў ушчыльную да горада падступаюць сапраўдныя джунглі. Усё аплялі павойныя і паўзучыя расліны — тэлеграфныя слупы, сцены будынкаў, дахі. Дрэвы растуць дзе папала, пасярод нават вуліцы, а некаторыя дамы пабудаваны вакол дрэва ці, можа, дрэва прарасло скрозь дом. He зразумець, што паявілася раней — дрэва ці чалавечае жытло, нястрымнаму буянню зеляніны, здавалася, не было перашкод. Какосавыя пальмы, падумала Мэгі, больш высокія і стройныя, чым драгедскія волаты-эўкаліпты, шырокае лісце калышацца ў галавакружнай сінечы неба; куды ні кінь вокам, усё ззяе яркімі фарбамі. Аніякага намёку на карычняватую шэрань драгедскіх раўнін. Усе дрэвы, здаецца, у самым цвеце — асыпаны ліловымі, аранжавымі, пунсовымі, ружовымі, блакітнымі, белымі кветкамі.

На вуліцах безліч кітайцаў і кітаянак у чорных шаўковых штанах, белых шкарпэтках і маленькіх чорных з белым чаравічках, у белых кашулях са стаячым каўняром, па спіне спадаюць доўгія тонкія коскі. Мужчыны і жанчыны амаль аднолькавыя, і Мэгі не заўсёды магла адрозніць адных ад другіх. Здавалася, увесь гарадскі гандаль у руках кітайцаў; на шыльдзе вялікага універсальнага магазіна, такога шыкоўнага і багатага ў Джылі і блізка не было, выведзена кітайскае імя: «А Вонг».

Усе будынкі — на высокіх слупах, як былы дом старшага аўчара ў Драгедзе. Гэта для лепшага доступу паветра, сказаў Люк, і каб не падтачылі тэрміты, якія за адзін год могуць паваліць новы дом. Зверху на кожным слупе — бляшаны шчыток з загнутымі ўніз краямі: тулава тэрмітаў не згінаецца пасярэдзіне, і яны не могуць перапаўзці бляшаную перашкоду і дабрацца да драўніны будынка. Вядома, яны ненажэрна грызуць слупы, але сточаны слуп замяняюць новым. Гэта нашмат прасцей і танней, чым будаваць новы дом. Амаль усе сады каля дамоў — тыя ж джунглі: бамбук і пальмы, быццам іх жыхары капітулявалі перад неўтаймоўным буяннем флоры.

74
{"b":"828993","o":1}