I вось, верны сабе, ён напрамкі прыступіў да таго, што для яго было цяпер самым важным. Бываюць выпадкі, калі без хітрыкаў не абысціся, але ў тым, што ён задумаў, лепш ісці напралом, больш карысці.
— Мэген, я чалавек старамодны, — сказаў ён.
Мэгі здзіўлена зірнула на яго.
— Сапраўды? — сказала яна, і ў голасе яе выразна пачулася: ну і што з таго?
— Сапраўды, — пацвердзіў Люк. — Я лічу так — калі людзі жэняцца, уся маёмасць і грошы пераходзяць да мужа. Ну, як некалі пасаг. Я ведаю, у цябе ёсць трохі грошай, дык вось, я цяпер табе прама кажу — калі мы павянчаемся, ты перапішаш іх на маё імя. Я хачу, каб усё было сумленна, каб ты ведала, што ў мяне наўме, пакуль ты яшчэ свабодная і можаш згадзіцца ці не.
У Мэгі ніколі ў думках не было пакідаць свае грошы сабе; гэта ж само сабой зразумела: калі яна стане жонкай Люка, грошы таксама будуць ягоныя. У Аўстраліі амаль усе жанчыны, акрамя самых адукаваных і навучаных вопытам, выхаваны ў перакананні, што яны ледзь не рабыні сваіх мужоў, а пра Мэгі і зусім няма чаго казаць. Бацька яе заўсёды меў неабмежаваную ўладу над Фіяй і дзецьмі, а пасля яго смерці Фія прызнала Боба яго пераемнікам, галавой сям’і. Мужчыну належыць усё — і грошы, і дом, і жонка, і дзеці. Мэгі ніколі не сумнявалася, што ў яго ёсць такое права.
— А я і не ведала, што трэба нешта там такое перапісваць, Люк! — усклікнула Мэгі. — Думала, усё, што маё, само сабой стане тваім, калі мы пажэнімся.
— Раней так і было, а пасля бязглуздыя попкі там, у Канберы, усё гэта скасавалі, далі жанчыне права голасу. Я хачу, Мэгі, каб паміж намі ўсё было па шчырасцю, сумленна, вось і папярэджваю цябе загадзя.
Мэгі засмяялася:
— Ты не трывожся, Люк, я ж не супраць.
Яна прыняла гэта, як належыць добрай старамоднай жонцы, Дот так лёгка не здалася б, падумаў Люк.
— Колькі ў цябе грошай? — папытаўся ён.
— Цяпер чатырнаццаць тысяч фунтаў. I кожны год я атрымліваю яшчэ па дзве тысячы.
Люк аж прысвіснуў:
— Чатырнаццаць тысяч фунтаў! Ого! Гэта ж куча грошай, Мэген. Лепш я сам буду пра іх Клапаціцца. Давай на тым тыдні заявімся да дырэктара банка, і напомні мне дамовіцца з ім, каб надалей усё запісвалі на маё імя. Ты ж ведаеш, я і манеты меднай не крану. Мы потым на гэтыя грошы ферму сабе купім. Некалькі гадоў мы з табой добра папрацуем, будзем берагчы, ашчаджаць кожны шылінг. Згода?
Мэгі кіўнула галавой:
— Ага, Люк.
Але Люк выпусціў з-пад увагі адну маленькую акалічнасць, і вяселле ледзь не сарвалася. Ён не быў католік. Пачуўшы пра гэта, айцец Уоці ўзняў рукі да неба.
— Госпадзі божа мой, Люк, чаму вы раней мне не сказалі? Бог сведка, нам давядзецца папацець, каб паспець перавярнуць вас у каталіцкую веру і ахрысціць да вянчання.
Люк азадачана ўтаропіўся на свяшчэнніка.
— Як гэта перавярнуць, святы ойча? Я ж без ніякай веры — мне і так добра, але калі вас гэта вельмі турбуе, запішыце мяне хоць у баптысты, хоць у адвентысты, мне ўсё адно. Але ў католікі я, з вашага дазволу, не пайду.
Дарэмна яго ўгаворвалі, Люк і слухаць не хацеў ні пра якае хрышчэнне.
— Супраць каталіцкай веры я нічога не маю і супраць Эйрэ таксама — у Ольстэры, я ведаю, з католікамі абыходзяцца крута. Але я аранжыст і перабягаць ад сваіх не буду. Калі б я нават і быў католік і вам захацелася абярнуць мяне ў метадысты, я вам тое самае сказаў бы. He католікам мне прыкра стаць, а перабежчыкам. Так што вы ўжо, святы ойча, неяк абыходзьцеся без мяне, паствы ў вас поўна.
— У такім разе вам нельга жаніцца з Мэгі!
— З чаго вы гэта ўзялі? Калі вы не хочаце нас пажаніць, дык прападобны айцец у пратэстанцкай царкве, можа, згодзіцца ці Гары Гоф, міравы суддзя.
Фія хмура ўсміхнулася, ёй прыгадаліся даўнія спрэчкі з Пэдзі і свяшчэннікам, які іх вянчаў; пераможцам тады выйшла яна.
— Але ж, Люк, я павінна вянчацца ў царкве! — спалохана запратэставала Мэгі. — Іначай мне давядзецца жыць у граху!
— Ну, а мне лепш жыць у граху, чым быць адступнікам, — заявіў Люк; часам ён бываў надзіва незгаворлівы: як ні вабілі яго грошы Мэгі, безразважная ўспышка ўпартасці прымусіла яго стаяць на сваім.
— Ды кіньце вы глупствам займацца! — Фія сказала гэта не Люку, а свяшчэнніку. — Зрабіце так, як некалі мы з Пэдзі зрабілі, і канчайце спрэчкі! Калі айцец Томас баіцца апаганіць сваю царкву, няхай павянчае вас у сябе дома.
Усе здзіўлена ўставіліся на Фію, але справа зрушыла з мёртвага пункта: айцец Уоці ўступіў і згадзіўся павянчаць Мэгі з Люкам у сваім доме пры царкве, але блаславіць Люкаў пярсцёнак адмовіўся.
Няпоўнае адабрэнне царквы дало Мэгі адчуць, што яна грашыць, але ўсё ж не так цяжка, каб потым гарэць у пекле, а старая Эні, аканомка айца Уоці, пастаралася надаць кабінету свяшчэнніка як мага больш падабенства да божага храма — усюды панастаўляла вялікіх вазаў з кветкамі і медных падсвечнікаў. I тым не менш абрад вянчання выйшаў нейкі бязрадасны, свяшчэннік ані не хаваў свайго незадавальнення і даваў усім зразумець, што вянчае, толькі каб не трапіць у няёмкае становішча, калі маладыя проста зарэгіструюць дзе-небудзь грамадзянскі шлюб. Вянчальнай месы не было, не было і поўнага блаславення.
I ўсё ж справа зроблена. Мэгі стала місіс О’Ніл, жонкай Люка О’Ніла, і едзе ў Паўночны Квінсленд, дзе яе чакае мядовы месяц, адкладзены на час падарожжа. Люк не захацеў правесці суботнюю ноч у гасцініцы «Імперыял»: толькі раз на тыдзень, вечарам у суботу, па мясцовай ветцы ідзе поезд на Гундзівіндзі, які якраз паспявае да нядзельнага паштовага Гундзівіндзі — Брысбен. Калі сёння ж паедуць, яны прыбудуць у Брысбен у панядзелак і паспеюць на экспрэс да Кэрнса.
Цягнік да Гундзівіндзі быў перапоўнены. У ім не было спальных вагонаў, і ўсю ноч давялося сядзець і быць на людзях. Гадзіну за гадзінай цягнуўся састаў на паўночны захад, торгаўся, ляскатаў і бясконца спыняўся — то машыністу захацелася закіпяціць сабе кацялок чаю, то трэба было прапусціць чараду авечак, што забрыла на рэйкі, ці закарцела пабалакаць з гуртаўшчыком.
— He разумею, замест «Гундзівіндзі» яны тут гавораць «Гандзівіндзі», чаму ж не пішуць так? — з нуды запыталася Мэгі ў Люка, калі яны сядзелі на станцыі, чакаючы поезда; у нядзелю ў Гундзівіндзі было ўсё зачынена, акрамя гэтай пачакальні, афарбаванай у нейкі да жудасці казённы зялёны колер, з чорнымі мулкімі драўлянымі лаўкамі. Бедная Мэгі, ёй было трывожна і няўтульна.
Размаўляць Люку зусім не хацелася, затое вельмі хацелася есці. З выпадку нядзелі нават кубачка чаю не было дзе выпіць, і толькі ў панядзелак раніцай, калі ўжо ехалі брысбенскім паштовым, на адным прыстанку ўдалося перакусіць і наталіць смагу. Потым быў Брысбен, пераход праз увесь горад з Паўднёвага вакзала на вакзал на Ромастрыт і, нарэшце, поезд на Кэрнс. I тут Мэгі ўбачыла, што Люк купіў білеты на сядзячыя месцы ў вагоне другога класа.
— Што, у нас з табой, Люк, зусім грошай няма? — абурылася зняможаная Мэгі. — Можа, ты забыўся зайсці ў банк, дык у мяне ж у сумачцы ёсць сто фунтаў, якія даў мне Боб. Чаму ты не ўзяў білетаў у спальны вагон першага класа?
Люк здзіўлена ўтаропіўся на яе.
— Але ж да Данглаў усяго толькі трое сутак язды! Навошта нам, маладым, здаровым і дужым, траціць грошы на спальны вагон? He памром, калі пасядзім трошкі ў поездзе, Мэген! Пара ўжо табе зразумець, што муж твой просты рабочы, а не жывёлавод-багатыр!
I Мэгі цяжка апусцілася на лаўку каля акна — месца ёй паспеў заняць Люк, абаперлася падбародкам на далонь і ўставілася ў акно, каб Люк не ўбачыў яе слёз. Ён гаварыў з ёю, як дарослы з малым неразумным дзіцем, і яна першы раз падумала — можа, ён і сапраўды лічыць яе малой дзяўчынкай. У душы варухнулася жаданне ўзбунтавацца, але вельмі слабое, і неўтаймоўная гордасць яе не дазволіла ўнізіцца да спрэчкі. Мэгі сказала сабе: я яго жонка, але для яго гэта нешта зусім новае, ён не можа яшчэ прызвычаіцца. Трэба даць яму час. Яны з Люкам зажывуць удваіх, яна будзе гатаваць яму ежу, ладзіць вопратку, клапаціцца аб ім, гадаваць яго дзяцей, будзе яму добрай жонкай. Вось тата ж высока цаніў маму, горача любіў яе. Трэба даць Люку час.