Яна яшчэ маладая; у такія мінуты, як цяпер, калі Мэгі пазірала на сваё адлюстраванне ў сукенцы колеру попелу ружаў, ёй хацелася жывога пачуцця, хвалюючых перажыванняў, якія наляцелі б на яе, як моцны парыў гарачага ветру. I зусім не хацелася ёй увесь свой век круціцца як заведзеная па адным і тым коле, хацелася перамен, паўнаты жыцця і любові. Любові, мужа і дзяцей. Які сэнс тужыць па чалавеку, які ўсё роўна тваім не стане? Ён не хоча, не імкнецца да яе і ніколі не захоча. Сказаў, што любіць яе, але не той любоўю, якой палюбіць муж. Бо ён абвянчаны са святой царквой. Няўжо ўсе мужчыны такія — могуць любіць нешта неадушаўлёнае мацней, чым жанчыну? He, не ўсе, вядома ж, не ўсе. Напэўна, такімі бываюць няўрымслівыя, складаныя натуры, якім уласцівы сумненні, самаабмежаванне і цвярозы разлік. Але ж ёсць і людзі прасцейшыя, здольныя палюбіць жанчыну больш за ўсё на свеце. Ну хоць бы такія, як Люк О’Ніл.
— Да чаго ж вы прыгожая дзяўчына, зроду такіх не бачыў, — сказаў Люк, націскаючы на стартэр «ролс-ройса».
Мэгі зусім не прывыкла да кампліментаў і здзіўлена пакасілася на Люка, але змоўчала.
— Праўда, здорава? — гаварыў далей Люк, ані не расчараваны яе абыякавасцю. — Павярнуў ключ, націснуў на кнопку на прыборным шчытку, і машына пайшла. Hi завадной ручкі круціць не трэба, ні на гэты чортаў педаль ціснуць, пакуль зусім не выб’ешся з сілы. Вось гэта, скажу я вам, Мэген, жыццё!
— А там вы не пакінеце мяне адну?
— Ну што вы, вядома, не! Вы ж са мной паехалі, так? Значыць, на ўвесь вечар вы мая дзяўчына, і я да вас нікога не падпушчу.
— Колькі вам гадоў, Люк?
— Трыццаць. А вам?
— Скора дваццаць тры.
— Ужо столькі? А з выгляду — дзіця малое.
— Зусім я не дзіця.
— Вось яно як! I ўлюбёныя бывалі?
— Адзін раз.
— Толькі ўсяго? I гэта ў дваццаць тры гады? Вось дык так! Я ў вашы гады ўлюбляўся і разлюбляўся мо тузін разоў.
— Можа б, і я ўлюблялася часцей, толькі ў Драгедзе няма ў каго. Вы першы аўчар, які адважыўся сказаць мне больш, чым адно слова вітання.
— Што ж, калі вы не хочаце хадзіць на танцы, таму што не ўмееце танцаваць, ніхто вас так і не ўбачыць. Нічога, мы ўмомант усё выправім. Да канца вечарынкі вы ўжо затанцуеце, а праз тыдзень-другі прызы браць будзеце. — Люк акінуў яе хуткім позіркам. — Толькі не кажыце мне, што гаспадарчыкі з другіх ферм не спрабавалі зацягнуць вас на танцы. З аўчарамі ўсё ясна, просты аўчар разумее, што вы яму не пара, а каралькі авечыя няйначай зырыліся на вас.
— А вы чаму мяне запрасілі, калі я аўчару не пара? — адпарыравала Мэгі.
— Ну, я вядомы нахабнік. — Ён ашчэрыўся ўсмешкай, — Давайце гаварыце, не віляйце. Напэўна ж знайшліся навокал Джылі хлопцы, якія запрашалі вас.
— Некаторыя запрашалі, — прызналася Мэгі. — Але мне не хацелася ісці. А вы аказаліся дужа настырны.
— Тады ўсе яны дурні бязмозгія, — сказаў Люк. — А я мігам разбіраюся, калі бачу што вартае.
Мэгі не надта падабалася яго манера размаўляць, але што рабіць — з Люка не так проста збіць пыху. На танцах на воўнавым складзе народ збіраўся самы розны — ад фермерскіх сыноў і дачок да аўчароў з жонкамі, у каго яны былі, а таксама пакаёўкі, гувернанткі, гараджане і гараджанкі ўсіх узростаў. На такіх вечарынках у школьных настаўніц, напрыклад, ёсць магчымасць завязаць знаёмства з малодшымі агентамі па продажы рухомай і нерухомай маёмасці, з банкаўскімі клеркамі і з жыхарамі самых глухіх лясных паселішчаў.
Тонкія манеры тут былі не ў хаду, іх прыберагалі для больш урачыстых выпадкаў. З Джылі прыязджаў стары Мікі О’Брайан са скрыпкай, на месцы заўсёды знаходзіліся ўмельцы іграць на акардэоне і на гармоніку, і яны па чарзе акампанавалі музыку, а ён, седзячы на бочцы ці на паку з воўнай, іграў без перадыху, і сліна капала з адвіслай ніжняй губы, бо не было часу яе праглынуць — ён баяўся збіцца з рытму.
I танцы тут былі зусім не такія, якія Мэгі бачыла на балі ў дзень нараджэння Мэры Карсан, а імклівыя кругавыя: вясковыя скокі, джыгі, полькі, кадрылі, мазуркі, а яшчэ — карагодны шатландскі рыл, англійскі роджэр — партнёры толькі зрэдку бяруцца за рукі ці нават зусім не збліжаюцца, шалёна круцячыся з выстаўленымі ўбок локцямі. Ніякай інтымнасці, ніякай магчымасці памарыць, як быццам усе глядзелі на такія танцы як на спосаб развеяць безвыходную нуду. Завязваць любоўныя знаёмствы і фліртаваць зручней было за сценамі свірна, далей ад тлуму і таўкатні.
Неўзабаве Мэгі заўважыла, што на яе паглядаюць з зайздрасцю. На яе прыгожага рослага кавалера скіравана было, бадай, не менш заваблівых і млява-пяшчотных позіркаў, чым калісьці на айца Ральфа, але яны былі куды больш адкрытыя. Чым калісьці на айца Ральфа... Калісьці... Як жахліва, што ён застаўся ў далёкім, зусім далёкім мінулым.
Верны свайму слову, Люк не адыходзіў ад Мэгі, хіба толькі адлучыцца ў прыбіральню. На танцах былі Інак Дэвіс і Лаям О’Рорк, ім так і карцела заняць месца Люка каля Мэгі. Але Люк не даваў ім да яе падступіцца, а Мэгі, ашаломленая навізною ўражанняў, проста не разумела, што мае права танцаваць з любым, хто яе запросіць, а не толькі са сваім кавалерам. Яна не чула, што пагаворвалі навокал, а Люк чуў і ўпотай пасмейваўся. Вось нахабнік, просты аўчар, а звёў у іх з-пад носа такую дзяўчыну! Люка мала ўсё гэта кранала. У хлопцаў быў свой шанс, а калі яны ўпусцілі яго, тым горш ім.
Апошні танец быў вальс. Люк узяў Мэгі за руку, другой абхапіў яе за талію і прытуліў да сябе. Танцор ён быў адмысловы. Мэгі здзівілася: нічога ёй не трэба ўмець — толькі слухацца Люка. I аказалася — так цудоўна апынуцца ў абдымках мужчыны, адчуваць яго мускулістыя грудзі і бёдры, убіраць цеплыню яго цела. Імгненні блізкасці з айцом Ральфам былі такія хвалюючыя, што Мэгі ў ніякіх тонкасцях разабрацца не паспела і шчыра думала: тое, што яна адчувала ў яго абдымках, ніколі ўжо ні з кім не паўторыцца. I хоць цяпер усё было зусім іначай, але таксама хвалявала; сэрца яе забілася мацней, і яна зразумела, што Люк гэта адчуў — ён раптам павярнуў яе да сябе, прыцягнуў бліжэй, прынік шчакой да яе валасоў.
Калі «ролс-ройс» з лёгкім вуркатаннем каціў дамоў, мякка слізгаючы па ўхабістай дарозе, а часам і проста па бездарожным лузе, Мэгі і Люк амаль не размаўлялі. Ад Брэйх-і-Пвла да Драгеды семдзесят міль па выганах, і нідзе ніводнага будынка. Хоць бы дзе адно акно свяцілася — здавалася, сюды ніколі не ступала нага чалавека. Града ўзгоркаў, што перасякае Драгеду, узвышаецца над раўнінай не больш як на сотню футаў, але на гэтых чарназёмных прасторах падняцца на грэбень узгоркаў — усё роўна што ў Швейцарыі ўзняцца на вяршыню Альпаў. Люк спыніў машыну, вылез, абышоў кругом і расчыніў дзверцы перад Мэгі. Яна выйшла і, крыху дрыжучы, стала побач з ім —няўжо ён паспрабуе яе пацалаваць і ўсё сапсуе? Тут так ціха, ні душы навокал!
У бок ад іх цягнуўся паўпрагнілы глухі драўляны паркан, і Люк павёў да яго Мэгі, асцярожна трымаючы яе за локаць, каб не спатыкнулася на куп’істай зямлі і не трапіла ў трусіную норку. Мэгі моцна ўхапілася за край паркана і паверх яго пазірала на раўніну, спачатку знямелая ад жаху, а потым, калі Люк нават не варухнуўся, каб дакрануцца да яе, страх змяніўся захапленнем.
Пры бледным святле месяца, амаль таксама выразна, як днём, перад яе вачамі прасцёрлася шырокая, бясконцая прастора, калыхаліся, нібы ў трывожным сне, і мігцелі серабрыстыя, белыя і шэрыя травы. Раптоўна ўспалыхвала рассыпістымі іскрамі лістота дрэў, ледзь толькі вецер паверне яе глянцавітым бокам угору, а пад купамі дрэў таямніча чарнелі бяздоннем густыя цені, быццам правалы ў апраметную. Мэгі задзерла галаву і паспрабавала палічыць зоркі, але марна: як драбнюткія расінкі на хісткім павуцінні, успыхвалі і гаслі, успыхвалі і гаслі вогненныя кропкі, усё ў адным і тым жа рытме, вечным, як сам бог. Зоркі раскінуліся над ёю, як рыбацкая сетка, прыгожыя, маўклівыя, пільныя, і пранікалі ў самую душу, як вочы насякомых, што ўспыхваюць самацветамі ў промні ліхтара — у іх не прачытаеш нічога, а яны бачаць усё. Толькі і чуваць, як шапоча трава і лісце дрэў пад гарачым ветрам, зрэдку нешта шчоўкне ў маторы «ролс-ройса», які астываў, і дзесьці зусім блізка паскардзіцца на нязваных гасцей, што патрывожылі яе спакой, сонная птушка; і пахне толькі адным — духмяным, непаўторным подыхам зараснікаў.