Люк павярнуўся спінай да гэтай ночы, дастаў з кішэні капшук, кніжачку тонкай рысавай паперы і сабраўся курыць.
— Вы тут нарадзіліся, Мэген? — запытаўся ён, ляніва расціраючы на далоні тытунь.
— He, у Новай Зеландыі. Сюды мы прыехалі трынаццаць гадоў таму назад.
Люк ссыпаў тытунь на паперку, спрытна скруціў яе двума пальцамі, лізнуў, заклеіў, канцом запалкі засунуў глыбей у цыгарку некалькі вытырклых тытунёвых валаконцаў, чыркнуў запалкай і закурыў.
— Вам сёння было весела?
— О, вельмі!
— Я з ахвотай заўсёды буду вазіць вас на танцы.
— Дзякуй.
Люк зноў замаўчаў, спакойна курыў, пазіраў паверх «ролс-ройса» на купку дрэў, дзе яшчэ буркліва чырыкала разгневаная птушка. Недакурак абпаліў яму жоўтыя ад тытуню пальцы, Люк выпусціў яго, бязлітасна ўкруціў абцасам у зямлю — цяпер не загарыцца. Ніхто не распраўляецца з акуркамі так рашуча, як жыхары аўстралійскіх зараснікаў.
Уздыхнуўшы, Мэгі адвярнулася ад залітай месячным святлом прасторы, і Люк дапамог ёй дайсці да машыны. Ён не будзе спяшацца з пацалункамі, не такі дурань — ён наважыў ажаніцца з ёю, калі ўдасца, то няхай яна сама, першая, захоча, каб ён пацалаваў яе.
Але лета ішло і ішло ва ўсім сваім раскошным, пыльным харастве, нямала было і другіх вечарынак з танцамі, і паступова, мала-памалу ў сядзібе прывыклі да таго, што Мэгі знайшла сабе вельмі прыгожага паклонніка. Браты не падражнівалі яе, бо любілі, а да Люка О’Ніла ставіліся даволі прыязна. Ніколі яшчэ не было ў іх работніка больш руплівага, больш працавітага — самая лепшая рэкамендацыя. Па сутнасці, браты Кліры былі не столькі землеўладальнікі, колькі працаўнікі, ім і ў галаву не прыходзіла пагарджаць Люкам О’Нілам за тое, што ў яго няма ні кала ні двара. Фія магла б мераць больш дакладнай меркай, калі б захацела, ды ёй было ўсё роўна. Да таго ж, спакойная самаўпэўненасць Люка, якая нібы падкрэслівала, што ён не просты аўчар, дала свой плён — з ім абыходзіліся амаль як з членам сям’і.
У яго ўвайшло ў звычку, калі ён не начаваў на дальніх выганах, заходзіць у Вялікі дом; неўзабаве Боб заявіў, што неразумна Люку есці аднаму, калі стол у іх ломіцца ад яды, і ён стаў вячэраць з сям’ёй Кліры. А потым здалося недарэчным адсылаць яго нанач за цэлую мілю ў яго домік, калі ён такі паважлівы, што заставаўся дапазна забаўляць гутаркай Мэгі, і яму прапанавалі пераехаць у флігель для гасцей, што адразу за Вялікім домам.
Да гэтага часу Мэгі думала пра яго ўсё больш і ўжо не з такой пагардай, як спачатку, калі не пераставала параўноўваць яго з айцом Ральфам. Старая рана пачала зажываць. З цягам часу забылася, што зусім такімі ж вуснамі айцец Ральф усміхаўся гэтак, а Люк усміхаецца так, што ў ярка-сініх вачах айца Ральфа была спакойная адлучанасць, а ў вачах у Люка паблісквае неўтаймоўная цяга да яе. Мэгі была маладая і не паспела яшчэ нацешыцца каханнем, толькі мімалётна пакаштавала яго. I цяпер ёй хацелася па-сапраўднаму пазнаць смак кахання, поўнымі грудзямі ўдыхнуць яго водар, увабраць у сябе, каб аж закружылася галава. Айцец Ральф цяпер ужо біскуп Ральф; ніколі, ніколі не вернецца ён да яе. Прадаў яе за трынаццаць мільёнаў срэбранікаў, і гэта кроіць сэрца. Калі б ён сам так не сказаў той ноччу каля Свідравіны, ёй не давялося б губляцца ў здагадках, але ж ён сказаў гэтыя словы, і не злічыць, колькі бяссонных начэй яна ламала сабе галаву, стараючыся зразумець, што ж гэта азначае. А далоні яе яшчэ адчувалі плечы Люка, калі ён у танцы прыхіляў яе да сябе; яе хваляваў Люк, яго дотык, хвалявала жыццёвая сіла, што бруіла ў ім. He, з-за яго па яе жылах ніколі не разліваўся гэты таямнічы пякучы агонь, і ні разу не падумала яна, што калі не ўбачыць Люка, дык не выжыве, зачахне, і не дрыжала, не трапятала пад яго поглядам. I хоць яна ўжо бліжэй пазнаёмілася з такімі маладымі людзьмі, як Інак Дэвіс, Лаям О’Рорк і Аластар Маккуін, бо Люк усё часцей вазіў яе на розныя вечары і танцы, ніхто з іх не вабіў яе так, як Люк О’Ніл. Калі хто ростам быў досыць высокі і глядзець на яго даводзілася знізу ўверх, дык у яго былі не такія вочы, як у Люка, а калі вочы былі амаль як у Люка, дык не такія валасы. Заўсёды чагосьці не хапала з таго, што было ў Люку, а чым па сутнасці адрозніваецца Люк ад усіх астатніх, Мэгі толкам сказаць не магла б. Хіба, можа, што ён нагадвае ёй айца Ральфа, але яна баялася прызнацца сабе, што якраз гэта і вабіць яе да Люка.
Яны шмат гаварылі, але толькі на агульныя тэмы: пра авечак, пра зямлю, пра тое, якая ў Люка мэта ў жыцці, пра розныя мясціны, дзе ён быў, ці пра якую палітычную падзею. Люку здаралася прачытаць кніжку, але ён не быў такі аматар чытання, як Мэгі, дарэмна старалася яна ўгаварыць яго прачытаць цікавую, як ёй здавалася, кнігу. He заводзіў ён і размоў ні пра якія высокія матэрыі; а самае дзіўнае і крыўднае — ніколі не цікавіўся, як ёй, Мэгі, жывецца і чаго яна чакае ад жыцця. Бывала, ёй вельмі хацелася пагаварыць пра што-небудзь больш блізкае яе сэрцу, чым авечкі і дождж, але толькі скажа яна першую фразу, ён спрытна пераводзіў гутарку на далёкую ад іхняга жыцця тэму.
Люк О’Ніл, чалавек разважлівы, самаўпэўнены, надзвычай працавіты, прагнуў разбагацець. Нарадзіўся ён у лазовай мазанцы на ўскраіне горада Лонгрыч у Заходнім Квінслендзе, на самым тропіку Казярога. Бацька яго быў «паршывай авечкай» у заможнай, але суровай сям’і, у якой грахоў не даруюць; маці — дачка немца, гандляра мясам у Уінтане; калі яна рашуча заявіла, што выйдзе замуж за Люка-старэйшага, яе таксама выгналі з дому. У глінабітнай хаціне тулілася дзесяцёра дзяцей, і на ўсіх — ніводнай пары чаравікаў, ды, зрэшты, у апаленым сонцам Лонгрычы і без іх можна было абысціся. Люк-старэйшы, калі прыходзіла ахвота зарабіць на хлеб, наймаўся стрыгалём, але часцей яго брала ахвота жлукціць сівушны ром; ён загінуў у час пажару ў Блэколскім шынку, калі Люку-малодшаму было дванаццаць гадоў. I Люк, як толькі надарылася магчымасць, ступіў на шлях стрыгаля — спачатку хлопчыкам-смольшчыкам: мазаў растопленай смалой ірваныя раны, калі стрыгаль, схібіўшы, разам з воўнай адхопліваў у авечкі кавалак мяса.
Адно ніколі не палохала Люка — цяжкая праца: яна прыносіла яму асалоду, як некаторым лодарам гультайства, можа, таму, што бацька яго быў п’яніца і пасмешышча ўсяго горада, а можа, таму, што ён пераняў ад маці-немкі яе працавітасць, — нікога гэта ніколі не цікавіла.
Ён падрос і стаў падручным стрыгаля — бегаў па стрыгальні, падхопліваў доўгія густыя пасмы воўны, якія ўзляталі з-пад «яшчарак», як паветраныя змеі, і адносіў іх да стала для «абрубкі». I тады ён навучыўся «абрубваць» — адшчыкваць зліплыя ад гразі канцы — і нёс воўну ў скрыні, дзе яе ацэньваў сартавальнік — арыстакрат стрыгальні: ён, як дэгустатар він ці парфумер, не стане майстрам сваёй справы, калі ў яго няма асаблівага прыроднага чуцця. У Люка чуцця такога не было, значыць, каб зарабіць як найбольш, а ён да гэтага, безумоўна, імкнуўся, трэба было стаць альбо прасаўшчыком, альбо стрыгалём. У яго хапіла б сілы працаваць прэсам — сціскаць рассартаваную воўну ў цюкі, але класны стрыгаль мог зарабіць больш.
Яго ўжо ведалі ва ўсім Заходнім Квінслендзе як добрага работніка, і яму ахвотна давалі ў рукі нажніцы, каб ён павучыўся стрыгчы. У ім шчасліва спалучаліся спрыт і ўпэўненасць у рухах, сіла і вынослівасць — усё, што трэба, каб стаць першакласным стрыгалём. Неўзабаве Люк ужо стрыг па дзвесце з лішкам авечак за дзень шэсць дзён у тыдзень, па фунту за сотню, і гэта — вузкімі доўгімі нажніцамі, падобнымі на балотных яшчарак, так іх і называлі — «яшчаркі». Рабочая прылада новазеландскіх стрыгалёў — вялікія нажніцы з шырокім шурпатым грэбенем і такімі ж разакамі — у Аўстраліі забаронена, хоць яна і падвойвае заробак стрыгаля.
Цяжкая гэта была праца: згінаешся ў тры пагібелі, авечку заціскаеш між каленяў і шпарка, раз за разам, вядзеш «яшчарку» ўздоўж авечага цела, стараешся зразаць воўну доўгай стужкай і каля самай друзлай выгінастай скуры, каб дагадзіць гаспадару, які адразу накінецца на цябе, як толькі парушыш устаноўленыя ім стандарты стрыжкі. Але Люк не зважаў на гарачыню, на пот, на смагу, якая прымушала выпіваць не менш як тры галоны вады ў дзень, ён не зважаў на раі жорсткіх мучыцелек — мух, да іх ён прывык з калыскі. Ён не меў нават нічога супраць авечак, хоць і ў кашмарным сне стрыгаль такога не ўбачыць: скура то гузаватая, то брудна-мокрая, воўна перарослая, занадта доўгая ці збілася ў лямец, смярдзючая, часта поўная лічынак мух — авечкі былі самыя розныя, але ўсе мерыносы, а значыць,абраслі воўнай ад носа да капытоў, і ва ўсіх няроўная, тонкая, далікатная скура, яна слізгае пад пальцамі, як прамасленая папера.