Рукі яе затрэсліся, з пяра на ніжні край паперы сарваліся фіялетавыя пырскі. Вузлаватыя пальцы прысунулі новы ліст паперы, зноў абмакнулі пяро ў чарніліцу і гэтак жа ўпэўнена, як раней, нанава вывелі тыя самыя словы. Потым Мэры Карсан цяжка паднялася на ногі і пацягнула сваё грузнае цела да дзвярэй.
— Міні! Міні! — крыкнула яна.
— Божа літасцівы, сама кліча! — выразна данёсся голас пакаёўкі з залы, што была насупраць. З-за дзвярэй вызірнуў рабаваты твар — ні дзявочы, ні жаночы. — Што вам падаць, місіс Карсан, даражэнькая! — запыталася Міні, дзівячыся, чаму гэта старая супраць звычаю не пазваніла ў свой званочак?
— Ідзі пакліч абгародчыка і Тома. Хай зараз жа ідуць сюды!
— Можа, мне перш папярэдзіць місіс Сміт?
— He трэба! Рабі, як я сказала!
Том, сухі, маршчыністы стары, семнаццаць ужо гадоў служыў у Мэры Карсан садоўнікам, а да таго бадзяўся па дарогах са сваім закручаным у сінюю коўдру скарбам і кацялком і наймаўся то тут, то там на часовую работу, але ў Драгедзе яму палюбіліся яе кветнікі, і ён не мог ужо з імі расстацца. Абгародчыка, які вечна быў у адходзе, такое ўжо ў яго рамяство, нядаўна адарвалі ад яго непасрэдных абавязкаў — ставіць слупы на выганах і нацягваць на іх дрот — і загадалі паправіць белы частакол вакол гаспадарскай сядзібы. Перапалоханыя раптоўным выклікам, яны ўмомант з’явіліся і сталі перад гаспадыняй у рабочых штанах на падцяжках і сподніх фланелевых кашулях, нервова круцячы ў руках свае капелюшы.
— Абодва пісаць умееце? — запыталася Мэры Карсан.
Яны кіўнулі галовамі і каўтнулі сліну ад нечаканасці.
— Добра. А цяпер глядзіце — я падпішу гэту паперу, а потым вы крыху ніжэй распішацеся і паставіце свае прозвішчы і адрасы. Зразумелі?
Абодва кіўнулі галовамі.
— Толькі падпісвайцеся так, як заўсёды, і свой пастаянны адрас напішыце разборліва. Можаце ўказаць пошту, куды вам пісаць да запатрабавання, калі хочаце, мне ўсё роўна — абы вас знайсці было можна.
Абодва глядзелі, як старая выводзіць свой подпіс — буйна, размашыста, не сцісла, як было напісана ўсё астатняе.
Першы падышоў да стала Том і з яўным намаганнем праскрыпеў пяром па паперы, потым абгародчык вялікімі круглымі літарамі напісаў: «Чэз. Хокінс» і адрас у Сіднеі. Мэры Карсан не зводзіла з іх вачэй, а калі справа была зроблена, дала кожнаму па адной блякла-чырвонай паперцы на дзесяць фунтаў і найстражэйшым чынам загадала трымаць язык за зубамі.
Мэгі са свяшчэннікам даўно ўжо зніклі з поля зроку. Мэры Карсан цяжка апусцілася на крэсла каля свайго бюро, падсунула да сябе яшчэ адзін аркуш і зноў узялася пісаць. Цяпер ужо яе думкі не так свабодна і лёгка клаліся на паперу. Час ад часу яна спынялася, задумвалася, потым, ашчэрыўшыся невясёлай усмешкай, зноў пісала. Відаць, ёй нямала хацелася выказаць — словы набягалі адно на адно, радок ціснуўся да радка, і ўсё ж ёй спатрэбіўся яшчэ адзін ліст паперы. Нарэшце яна перачытала напісанае, сабрала ўсе лісты разам, злажыла іх, засунула ў канверт і запячатала чырвоным сургучом.
На ўрачысты прыём павінны былі ісці толькі Пэдзі, Фія, Боб, Джэк і Мэгі; Сцюарту з Х’югі даручана было паглядаць дома за малодшымі, і яны ўпотай уздыхнулі з палёгкай. Першы раз у жыцці Мэры Карсан на іх раскашэлілася — усе атрымалі новае адзенне, самае лепшае, якое толькі можна было знайсці ў Джылі.
Пэдзі, Боб і Джэк ледзь маглі паварухнуцца ў чорных фрачных парах з белымі камізэлькамі, у крухмальных манішках са стаячымі каўнерыкамі і з белымі гальштукамі-бабачкамі. Прыём меўся быць па ўсіх правілах свецкага этыкету, туалет вячэрні: мужчыны — у фраках, пры белых бабачках, жанчыны — у доўгіх вячэрніх сукенках.
Сукенка Фіі з блакітнавата-шэрага крэпу, якая была ёй вельмі да твару, з глыбокім выразам, але з доўгімі, да запясця, рукавамі, уся расшытая бісерам, спадала мяккімі складкамі да самай падлогі — акурат у стылі каралевы Марыі. Валасы Фія высока ўзбіла над ілбом пышнымі хвалямі, як у гэтай уладарнай асобы, а ва універсальным магазіне ў Джылі знайшліся каралі са штучнага жэмчугу і завушніцы — толькі пільнае вока знаўцы адрозніла б іх ад сапраўдных. Туалет завяршаў надзвычай прыгожы веер са страусавага пер’я — зусім не лішняя аздоба, як магло здацца з першага погляду: спякота стаяла страшэнная — а сёмай гадзіне вечара градуснік паказваў больш за сто.
Калі Пэдзі і Фія выйшлі са свайго пакоя, сыны здзіўлена ўставіліся на іх. Ніколі яшчэ яны не бачылі бацькоў сваіх такімі велічна прыгожымі і такімі чужымі. He, з выгляду Пэдзі застаўся пры сваім шэсцьдзесят адным годзе, але трымаўся з годнасцю дзяржаўнага дзеяча, а вось Фія, у свае сорак восем, раптам памаладзела на дзесяць гадоў — прыгожая, поўная жыцця, з чароўнай усмешкай на вуснах. Пэтсі і Джымс аж зайшліся ад плачу, не пазнаўшы ў гэтых незнаёмцах сваіх маму і тату, узнялася мітусня, гвалт, і тут ужо было не да годнасці і чыннасці — мама з татам паводзілі сябе звычайна, як заўсёды, і хутка ў блізнят вочкі ўжо ззялі ад захаплення.
Але ад Мэгі нельга было адарваць вачэй. Магчыма, прыгадаўшы свае дзявочыя гады і пакрыўджаная тым, што ўсе астатнія паненкі, запрошаныя на баль, выпісалі ўборы з Сіднея, краўчыха з Джылі ўсю душу ўклала ў сукенку для Мэгі. Яна была без рукавоў, з шырокім выразам у зборку; Фія засумнявалася была, і ўсё ж Мэгі ўпрасіла яе, а краўчыха запэўніла, што ўсе дзяўчаты будуць апранутыя ў нешта падобнае, — не хоча ж Фія, каб з яе дачкі смяяліся, называлі безгустоўнай правінцыялкай. I Фія велікадушна згадзілася. Сукенка, з тонкага шчыльнага крэпжаржэту, толькі крышачку прылягала ў таліі, але на бёдрах была сцягнута поясам з той самай матэрыі. Тканіна матавая, светла-шэрая з ружаватым адценнем — у тыя гады гэты колер называўся «попел ружаў»; краўчыха і Мэгі вышылі сукенку дробненькімі бутончыкамі ружаў. I падстрыглася Мэгі коратка — як мага бліжэй да моды «пад факстрот», якая паспела ўжо падкрасціся да дзяўчат у Джылі. Валасы ў Мэгі, насуперак модзе, вядома, так і засталіся кучаравымі, але кароткая стрыжка была ёй болын да твару. Пэдзі раскрыў рот, гатовы выбухнуць гневам — ці ж гэта яго маленькая Мэгі? — але адразу і закрыў, не вымавіўшы ні слова: даўняя сутычка з Фрэнкам у доме айца Ральфа сяму-таму яго навучыла. He век жа ёй заставацца яго маленькай дачушкай — Мэгі стала ўжо юнай жанчынай, самой ёй боязна той дзіўнай перамены, якую адкрыла ёй люстра. Навошта ж навальваць на бедную дзяўчыну яшчэ што-небудзь?
Пяшчотна ўсміхаючыся, Пэдзі працягнуў да яе руку:
— Ой, Мэгі, якая ж ты чароўная! Гайда, я сам буду тваім кавалерам, а Боб з Джэкам павядуць маму.
Усяго праз месяц Мэгі павінна было споўніцца семнаццаць гадоў, і Пэдзі ўпершыню адчуў, што сапраўды ўжо стары. Але яна — самы дарагі яго сэрцу скарб, і нішто не павінна азмрочыць першы ў яе дарослым жыцці баль.
Яны няспешна пайшлі да сядзібы, задоўга да прыезду гасцей; Кліры павінны былі паабедаць з Мэры Карсан, a потым разам з ёю прымаць гасцей. Усе стараліся не запэцкаць чаравікаў, але, прайшоўшы мілю па драгедскім пыле, вымушаны былі зайсці ў домік-кухню, каб пачысціць абутак, стрэсці пыл з калашын і доўгіх падолаў.
Айцец Ральф, як звычайна, быў у сутане; ніякія вячэрнія строі не пасавалі б яму лепш за гэтае ўбранне строгага крою, крыху расклёшанае ўнізе, з доўгім радам чорных, з тканіны, гузікаў спераду — ад каўняра да самага нізу, апяразанае поясам з ліловым шлякам — знакам яго духоўнага каталіцкага сану.
На Мэры Карсан была белая сукенка з белымі карункамі і белым страусавым пер’ем. Фія няўцямна ўтаропілася ў яе, да таго ашаломленая, што яе пакінула заўсёдная абыякавасць. Так вульгарна і пошла апранулася, так недарэчна па-вясельнаму — чаго гэта яна раптам так выстраілася нявестай, як старая дзеўка, што выжыла з розуму? Апошнім часам яна яшчэ і растаўсцела, і гэта яе таксама не ўпрыгожвае.
Але Пэдзі нібыта не заўважаў нічога нядобрага; з радаснай усмешкай падышоў да сястры, узяў яе за руку. Да чаго слаўны дзядзька, падумаў айцец Ральф, напалову абыякава, напалову насмешліва назіраючы гэту сцэнку.