Айцец Ральф і сам не ведаў, чаму адчуваў такую прыхільнасць да Мэгі, і, прызнацца, не вельмі задумваўся над гэтым. Пачалося з таго, што яму стала шкада яе там, на пыльным станцыйным двары, калі ён раптам убачыў яе, самотную, за спінамі астатніх; у сям’і яе цураюцца, бо яна — дзяўчынка, здагадаўся ён з уласцівай яму праніклівасцю. Але яго зусім не заінтрыгавала, чаму і Фрэнк трымаўся ўбаку, і спагады да яго ён таксама не адчуў. Было ў Фрэнку нешта такое, што душыла цёплае пачуццё да яго: гэтаму панураму сэрцу, гэтай душы неставала ўнутранага святла. А Мэгі? Яна тады да болю расчуліла яго, і ён ніяк не мог зразумець чаму. Яму падабаўся колер яе валасоў, разрэз і колер вачэй — зусім як у маці, і ўжо таму яе вочы прыгожыя, толькі яшчэ больш прывабныя і выразныя; і характар — як ён разумее, сапраўдны жаночы характар: падатлівы, але надзвычай моцны. Мэгі, вядома, не бунтарка, зусім наадварот. Усё жыццё сваё будзе скарацца, не вырвецца за межы жаночай сваёй долі.
Але гэта яшчэ далёка не ўсё. Калі б айцец Ральф зазірнуў у сябе глыбей, ён, напэўна, зразумеў бы, што пачуццё да гэтай дзяўчынкі навеяна дзіўным спалучэннем часу, месца і індывідуальнасці. Ніхто пра Мэгі ўсур’ёз не думаў, і, значыць, ёсць у яе жыцці пустата, якую ён можа запоўніць, упэўнена разлічваючы на яе прыхільнасць; яна зусім яшчэ дзіця і таму не пагражае ўкладу яго жыцця і добрай славе пастыра; яна прыгожая, а ён любіць прыгажосць; і яна сама — у гэтым ён менш за ўсё хацеў сабе прызнацца — запаўняла пустату ў яго жыцці, якую не мог запоўніць бог, таму што яна жывая істота, па-чалавечы цёплая, яе можна адчуць на дотык. Ён не мог асыпаць яе падарункамі, каб не паставіць у няёмкае становішча яе сям’і, але стараўся як мага часцей быць з ёю і патраціў нямала часу і выдумкі, нанава аздабляючы яе пакой — не столькі каб прынесці ёй радасць, а каб стварыць вартую аправу свайму бясцэннаму брыльянту. Для Мэгі нічога не шкада.
З Новай Зеландыі, Пэдзі ашаламіла велізарная павець з дваццаццю шасцю пляцоўкамі для стрыжкі — там, у сябе, ён не прывык да такіх вялікіх стрыгальняў; а цяпер, пасля размовы з сястрой, у галаве ў яго гуло ад лічбаў і розных іншых звестак. Аказалася, у Драгедзе стрыгуць не толькі сваіх авечак, але яшчэ і авечак з Бугелы, Дыбан-Дыбана і Біл-Біла. А гэта азначала, што ўсім у маёнтку да апошняга давядзецца працаваць без перадыху. Было так заведзена: стрыжка авечак — справа агульная, і навакольныя фермеры, якія карысталіся для гэтага непераўзыдзенымі магчымасцямі Драгеды, усяляк стараліся памагчы, і ўсё ж асноўны цяжар падаў на плечы мясцовых.
Стрыгалі звычайна прыводзілі з сабой каго-небудзь, хто гатаваў ім ежу, а правізію куплялі ў Драгедзе, і трэба было раздабыць і назапасіць яе цэлую кучу, а яшчэ вычысціць, вымыць старыя баракі і кухню пры іх, і груба збітую прыбудову для мыцця, нарабіць і нацягаць матрацаў і коўдраў.
He на ўсіх фермах былі такімі шчодрымі і ўважлівымі да стрыгалёў, але Драгеда ганарылася сваёй гасціннасцю і славай «чартоўскі добрай стрыгальнай павеці». Hi ў якіх іншых агульных справах Мэры Карсан не ўдзельнічала, затое ўжо тут не скупілася. Яе стрыгальня была не толькі адна з самых вялікіх у Новым Паўднёвым Уэльсе, але і наймала найлепшых майстроў, умельцаў такога ўзроўню, як Джэкі Хаў; больш за трыста тысяч авечак трэба было пастрыгчы, перш чым апошнія стрыгалі закінуць клункі са сваім скарбам у кузаў старога грузавога «форда» падрадчыка і знікнуць за паваротам дарогі, што вядзе да чарговай стрыгальні.
Фрэнк ужо два тыдні не быў дома. Разам са старым аўчаром Пітам Піўной Бочкай, узяўшы з сабой зграю сабак, двух запасных коней і няхітрыя пажыткі, якія везла на лёгкай аднамеснай двухколцы лянівая кляча, яны ездзілі на далёкія заходнія выганы — трэба было прыгнаць атару, спярша сабраўшы авечак разам, выбракаваць іх і адсартаваць. Цягучая, нудная работа, не параўнаць з той шалёнай гонкай перад паводкай. На кожнай пашы свае загоны, там можна адабраць і памеціць авечак, патрымаць, пакуль не прыйдзе іхняя чарга ісці ў стрыгальню. На даржніках пры стрыгальні адначасна змяшчаецца дзесяць тысяч авечак, так што ўвесь час, пакуль ідзе стрыжка, жыццё лёгкае не будзе — безупынна ганяй узад і ўперад чароды авечак, замяняй стрыжаных на нястрыжаных.
Увайшоўшы ў кухню, Фрэнк застаў маці за вечнай, бясконцай яе работай — яна стаяла каля ракавіны і абірала бульбу.
— Вось, мама, і я! — весела сказаў ён.
Маці крута павярнулася, і Фрэнк убачыў яе жывот — пасля двух тыдняў адлучкі перамена адразу кінулася ў вочы.
— О, госпадзі! — вырвалася ў яго.
Радасць у яе вачах імгненна згасла, ад сораму чырвань кінулася ў твар; Фія прыкрыла рукамі натапыраны фартух, быццам далоні яе маглі схаваць тое, чаго ўжо не хавала адзежа.
Фрэнк аж затросся:
— Паганы стары казёл!
— He трэба так гаварыць, Фрэнк. Ты ўжо дарослы, павінен разумець. I сам ты з’явіўся на свет не інакш, і тое, што цяпер, заслугоўвае не меншай павагі. Нічога паганага тут няма. Абражаючы тату, ты абражаеш і мяне.
— Ён права не меў! Мог бы пакінуць цябе ў спакоі! — прашыпеў Фрэнк, выціраючы далонню бурбалку пены з кутка дрыготкіх губ.
— Нічога тут паганага няма, — стомлена паўтарыла Фія і так паглядзела на Фрэнка сваімі яснымі зморанымі вачамі, быццам вырашыла раз і назаўсёды збавіцца ад сораму. — Зусім нічога няма тут паганага, Фрэнк, і таксама ў тым, ад чаго дзеці родзяцца.
Цяпер ужо пачырванеў Фрэнк. He маючы сілы вытрымаць позірк маці, ён павярнуўся і пайшоў у пакой, які дзяліў з Бобам, Джэкам і Х’югі. Голыя сцены пакоя і вузкія цесныя ложкі насміхаюцца з яго, кпяць, усё тут так чысценька, вылегчана і безаблічна, няма каму ўдыхнуць жыццё, няма чым асвяціць, надаць нейкі сэнс. А твар маці, прыгожы стомлены твар у строгім арэоле залацістых валасоў, увесь аж свеціцца праз тое, чым яна і гэты валасаты стары казёл займаліся ў нясцерпную летнюю спёку.
Няма куды ўцячы ад гэтага; няма куды пайсці ад маці, няма дзе схавацца ад думак, што тлеюць у закутках яго свядомасці, ад жаданняў, такіх натуральных пры яго гадах, бо ён ужо мужчына. Часцей за ўсё яму ўдавалася выкінуць усё гэта з галавы, але калі яна выстаўляе яму напаказ яўны знак сваёй пажадлівасці, адкрыта выхваляецца тайнымі справамі, якія робіць з гэтай старой юрлівай скацінай... Куды дзецца ад такіх думак, як з гэтым мірыцца, як усё гэта выцерпець? Яна ж магла быць святой з святых, чыстай і незаплямленай, як сама багародзіца, жанчынай, якая стаіць вышэй такіх рэчаў, хай нават усе яе зямныя сёстры вінаватыя. А яна адкрыта сцвярджае сваё права на грэх, і ад гэтага можна звар’яцець. Каб не страціць развагі, Фрэнк не раз ужо маляваў сабе ў думках, як яна ляжыць побач з гэтай старой пачварай зусім цнатлівая, — трэба ж ёй недзе спаць, — і ніколі яны ноччу не павернуцца адно да аднаго, не дакрануцца. О божа, што гэта?
Нешта рыпліва бразнула, і ён зірнуў уніз і ўбачыў, што сагнулася крукам медная перакладзіна ў нагах ложка.
— Шкада, што ты не татуля, — сказаў ён ёй.
— Фрэнк, — пачуўся голас маці з парога.
Ён узняў на яе вочы — чорныя, вільготныя, яны блішчалі, як вугаль пад дажджом.
— Скончыцца тым, што я заб’ю яго.
— Тады ты заб’еш і мяне, — сказала Фія, падышла да ложка і села.
— He, я цябе толькі вызвалю! — горача, з надзеяй запярэчыў Фрэнк.
— Я ніколі, Фрэнк, не буду свабодная і не імкнуся да свабоды. Хачу зразумець, адкуль бярэцца твая слепата, і ніяк не магу. He ад мяне яна ў цябе і не ад таты. Я ведаю, ты адчуваеш сябе нешчаслівым, дык няўжо трэба спаганяць гэта на мне і на бацьку? Чаму ты стараешся ўсё так ускладніць? Чаму? — Яна апусціла вочы на свае рукі, потым глянула на сына. — He хацела гаварыць, але, думаю, трэба. Пара табе ўжо знайсці дзяўчыну, Фрэнк, ажаніцца, займець сям’ю. У Драгедзе месца досыць. У гэтым сэнсе я не трывожуся за другіх хлопчыкаў — яны, бачу, па натуры зусім іншыя. А табе патрэбна жонка, Фрэнк. Як ажэнішся, у цябе часу не будзе думаць пра мяне.
Хлопец стаяў спінай да маці і не паварочваўся. Мінут, можа, пяць яна сядзела на ложку, усё спадзявалася пачуць ад яго хоць слова, тады паднялася, уздыхнуўшы, і выйшла з пакоя.