Литмир - Электронная Библиотека
A
A

5

Калі паехалі стрыгалі і ва ўсёй акрузе ўсталявалася адноснае зімовае зацішша, настаў час штогодняй Джыланбаўнскай выстаўкі і скачак. У жыцці мясцовага грамадства гэта галоўнае свята, і гулялася яно два дні. Фія не вельмі добра сябе адчувала, і калі Пэдзі павёз Мэры Карсан у горад на яе «ролс-ройсе», з ім не было жонкі, і не было каму яго падтрымаць і не даць Мэры распускаць свой язык. Ён даўно прыкмеціў, што пры Фіі яго сястра неяк нікне, губляе самаўпэўненасць.

Астатнія ўсе паехалі. Прыгразіўшы ўсімі смяротнымі карамі, хлопчыкам наказалі паводзіць сябе прыстойна і разам з Пітам Піўной Бочкай, Джымам, Томам, місіс Сміт і дзвюма служанкамі адправілі ў грузавіку, а Фрэнк яшчэ на світанку паехаў адзін на адкрытым легкавым «фордзіку». Дарослая частка ўсёй гэтай кампаніі аставалася і на другі дзень, на скачкі; па прычынах, вядомых толькі ёй адной, Мэры Карсан адмовілася ад запрашэння айца Ральфа ў яго дом пры царкве, але настаяла, каб Пэдзі прыняў прапанову і разам з Фрэнкам пераначаваў там. Дзе знойдуць сабе прытулак два аўчары і садоўнік Том, нікога не цікавіла, а місіс Сміт, Міні і Кэт мелі ў Джылі сябровак, у іх і спыніліся.

Гадзіннік паказваў дзесяць, калі Пэдзі праводзіў сястру ў лепшы нумар гасцініцы «Імперыял»; спусціўшыся ў бар, ён каля стойкі ўбачыў Фрэнка з ёмістым куфлем піва ў руцэ.

— Цяпер частую я, старызна, — весела сказаў Пэдзі сыну. — Мне давядзецца адвесці цётачку Мэры на святочнае сняданне на іпадроме і быць там пры ёй, дык трэба маральна падмацавацца, інакш без мамы мне з такім цяжкім выпрабаваннем не справіцца.

Прывітую звычаем пакорлівасць цяжэй адолець, чым здаецца, і толькі тады гэта робіцца ясна, калі нарэшце спрабуеш скінуць з сябе яе шматгадовыя путы; Фрэнк не адважыўся зрабіць тое, што яму раптам так страшна захацелася — выплюхнуць бацьку ў твар рэштку піва ды яшчэ пры ўсіх гэтых людзях. I ён адным духам апаражніў куфаль, квола ўсміхнуўся, сказаў:

— Прабач, тата, я дамовіўся з прыяцелямі сустрэцца на выстаўцы.

— Дык ідзі ж. На вось, вазьмі на расходы. Жадаю весела прабавіць час, а як нап’ешся, глядзі, каб маці не дазналася.

Фрэнк утаропіўся на новенькую, хрусткую паперку, якая аказалася ў яго ў руцэ, — з якой радасцю парваў бы яе на шматкі і кінуў Пэдзі ў твар, але прывычка ўзяла сваё, ён склаў паперку, засунуў у нагрудную кішэню, падзякаваў бацьку. I кінуўся прэч з бара.

А Пэдзі — сіні святочны гарнітур, зашпіленая на ўсе гузікі камізэлька, залаты гадзіннік у кішэньцы на масіўным залатым ланцужку з важкай бірулькай, самародкам з прыіскаў Лорэнса, — паправіў пальцамі цэлулоідны каўнерык і азірнуў бар, ці няма каго знаёмага. За дзевяць месяцаў з дня прыезду ў Драгеду ён не шмат разоў наведваўся ў Джылі, але ўсе ведалі ў твар брата і верагоднага наследніка Мэры Карсан, і кожны раз у горадзе яго сустракалі ветліва і гасцінна. Некалькі чалавек радасна яму ўсміхнуліся, некалькі прапанавалі пачаставаць яго півам, і вельмі хутка вакол Пэдзі сабралася невялікая прыемная кампанія; ён забыўся пра Фрэнка.

Мэгі цяпер валасы заплятала — ніхто з манашак не браўся (нягледзячы на грошы Мэры Карсан) завіваць ёй валасы, і на плечы ёй спадалі дзве тугія касы з цёмна-сінімі бантамі. Апранутую ў сціплую цёмна-сінюю форменную сукенку вучаніцы школы кляштара Святога крыжа, яе ўрачыста праводзіла цераз поплаў у дом айца Ральфа якая-небудзь манашка і перадавала з рук у рукі аканомцы, якая душы не чула ў дзяўчынцы.

— Ох, валасы ў гэтай дзяўчынкі — якраз як у нашай шатландскай красуні Хілан, — растлумачыла яна свяшчэнніку, калі той неяк раз пацікавіўся, чаму яна так прывязалася да Мэгі; яго гэта нямала забаўляла, бо наогул у старой душа не ляжала да дзяўчатак, і яна не раз скардзілася на суседства са школай.

— Годзе вам, Эні! Валасы ж не жывыя, нельга палюбіць каго-небудзь толькі за колер валасоў, — падражніў ён яе.

— Але ж яна міленькая бедненькая малявачка, ведама ж — скегі[1].

Аднак айцу Ральфу не было «ведама», і ён не спытаўся, што гэта за слова такое, і толькі пра сябе падумаў, што яно добра рыфмуе з «Мэгі». Іншы раз лепш не дабірацца да сэнсу слоў Эні, не заахвочваць залішняй увагай гаваркую бабулю: яна ж называе сябе вяшчункай, і яму зусім не хацелася пачуць, што яна шкадуе дзяўчынку не так за мінулае, як за тое, што яе чакае ў будучым.

Прыйшоў Фрэнк, яго яшчэ калаціла пасля сустрэчы з бацькам у піўным бары, і ён не знаходзіў сабе месца.

— Пайшлі, Мэгі, я павяду цябе на кірмаш, — сказаў ён і працягнуў ёй руку.

— Можа, я павяду вас абаіх? — сказаў айцец Ральф і таксама падаў ёй руку.

Мэгі ішла паміж такімі дарагімі ёй людзьмі, трымалася за іх рукі і адчувала сябе на сёмым небе.

Джыланбаўнская выстаўка размяшчалася на беразе Баруана, каля самага іпадрома. Хоць пасля паводкі прайшло ўжо шэсць месяцаў, зямля не зусім яшчэ прасохла і пад нагамі нецярплівых ранніх наведвальнікаў ператварылася ў мокрую гразь. За стойламі для адборных, племянных авечак і кароў, свіней і коз, якія сапернічалі за ўзнагароды, стаялі палаткі з саматужніцкімі вырабамі і ўсялякай ежай. Аж вочы разбягаліся — і жывёла розная, і разнастайнае печыва, і тамбурнай вязкі шалі, вязаныя адзежкі на немаўлі, вышываныя абрусы...

А далей, па той бок усяго гэтага, быў скакавы круг — маладыя наезнікі і наезніцы на пародзістых конях з падрэзанымі хвастамі гарцавалі перад суддзямі, і Мэгі хіхікнула, падумаўшы, што суддзі і самі падобныя на коней. Наезніцы ў цудоўных амазонках з тонкай воўны, у цыліндрах, абвітых празрыстаю, як дым, стужкаю вэлюма са свабоднымі канцамі, сядзелі бачком на высокіх скакунах. Мэгі проста не магла даўмецца, як пры такой нетрывалай пасадцы можна ўтрымацца ў сядле, не згубіць такога высокага капелюша, калі конь пойдзе хоць крышачку хутчэй за лёгкую рысь, але раптам убачыла, як адна бліскучая маладая асоба прымусіла свайго наравістага каня адзін за адным выканаць некалькі складаных курбетаў і з пачатку да канца захавала бездакорна прыстойны выгляд. А потым наезніца нецярпліва прышпорыла каня, лёгкім галопам паскакала па размоклым полі і асадзіла яго акурат перад Мэгі, Фрэнкам і айцом Ральфам, загарадзіўшы ім дарогу. Тады перакінула нагу ў чорным лакіраваным боціку цераз луку сядла і, седзячы ўжо на самым яго краі, уладна прасцерла рукі ў пальчатках:

— Святы ойча! Будзьце ласкавы, памажыце спешыцца!

Свяшчэннік працягнуў рукі і ўзяў яе за талію, маладая асоба абаперлася на яго плечы, і ён спрытна зняў яе з сядла; ледзь толькі лакіраваны боцік крануўся зямлі, айцец Ральф адпусціў яе, узяў каня за аброць і павёў, а пешая амазонка пайшла побач, лёгка падстроілася пад яго шырокі крок.

— Ці выйграеце вы Паляўнічы заезд, міс Кармайкл? — безуважна папытаўся свяшчэннік.

Міс Кармайкл надзьмула губы — яна была маладая, вельмі прыгожая, і яе яўна пакрыўдзіла незразумелая абыякавасць айца Ральфа.

— Спадзяюся перамагчы, але канчатковай упэўненасці няма. Міс Хоўтан і місіс Энтані Кінг — сур’ёзныя саперніцы. Але ў спаборніцтве па аб’язджанню перамагу абавязкова, так што ў выпадку калі ў Паляўнічым заездзе я акажуся не першая, засмучацца не буду.

Яна так гладка і прыгожа вымаўляла ўсе гукі, такія ўжывала надзіва правільныя словы і выразы — акурат як добра выхаваная і адукаваная асоба, у мове якой няма ні чалавечай цеплыні, ні вобразнай жывасці. Айцец Ральф таксама гаварыў з ёю прыгладжанымі словамі, закругленымі фразамі, без ніякага налёту заваблівай ірландскай шчырасці, быццам яго субяседніца вярнула яго ў тыя часы, калі ён і сам быў такі. Мэгі насупілася, азадачаная і непрыемна ўражаная той лёгкасцю і, разам з тым, асцярожнасцю, з якой яны абменьваліся фразамі, і пераменай, якую заўважыла ў айцу Ральфу, — у чым яна, гэтага Мэгі не разумела, але перамена была відавочная, і дзяўчынцы гэта не спадабалася. Яна выпусціла руку Фрэнка — і сапраўды цяжка было цяпер ісці ўсім траім у рад.

Калі падышлі да шырокай лужыны, Фрэнк ужо далёка адстаў. Айцец Ральф акінуў позіркам залітую вадой мясціну — амаль ставок неглыбокі, і ў вачах у яго заскакалі вясёлыя іскаркі; ён павярнуўся да Мэгі, якую па-ранейшаму моцна трымаў за руку, і нахіліўся да яе з асаблівай пяшчотнасцю — тут не магла памыліцца яго дама, бо менавіта гэтага не хапала іх пачцівай свецкай гутарцы.

27
{"b":"828993","o":1}