За лічаныя секунды яны прамоклі да ніткі, і гэтак жа імгненна размокла спечаная сонцам зямля. Тонказярністая, сыпкая глеба ператварылася ў мора гразі, коні грузлі ледзь не па самыя калені, насілу прабіраліся праз яе. Дзе засталася трава, коннікам яшчэ ўдавалася рухацца хутка, але бліжэй да ракі, дзе траву ўшчэнт вытаптала жывёла, ім давялося спешыцца. Без седакоў коні пайшлі лягчэй, але Фрэнк не мог утрымацца на нагах — было горш, чым на катку. На карачках яны караскаліся па крутым схіле да рэчкі, але, крыху падняўшыся, саслізгвалі ўніз. Брукаваную пераправу вада звычайна пакрывала не больш як на фут, а цяпер цераз брод імчаўся пеністы паток у чатыры футы глыбінёй; Фрэнк пачуў, як рагатнуў свяшчэннік. Коней падганялі крыкамі, ляпалі іх па баках наскрозь прамоклымі капелюшамі, і тыя нарэшце шчасліва выбраліся на другі бераг, але Фрэнку і айцу Ральфу гэта ніяк не ўдавалася: крыху паднімуцца і зноў коўзаюцца ўніз. Айцец Ральф прапанаваў залезці на вярбу, але тут падаспеў Пэдзі — убачыў коней без седакоў, устрывожыўся і кінуўся з вяроўкай да рэчкі — і выцягнуў іх наверх.
Ад запрашэння зайсці да іх айцец Ральф адмовіўся — усміхаючыся, пакруціў галавой.
— Мяне чакаюць у Вялікім доме, — сказаў ён Пэдзі.
Мэры Карсан пачула яго голас раней за каго з прыслугі, бо, абагнуўшы дом, ён падышоў да параднага хода — падумаў, што так хутчэй дабярэцца да свайго пакоя.
— Такога я вас не пушчу, — сказала яму гаспадыня з веранды.
— Тады зрабіце ласку, дайце мне парачку ручнікоў і мой сакваяж.
Без ценю сарамлівасці стаяла яна каля прачыненых шкляных дзвярэй сваёй гасцінай і глядзела, як ён сцягвае кашулю, боты, брыджы і выцірае з сябе гразь.
— Ніколі не бачыла мужчыны прыгажэйшага за вас, Ральф дэ Брыкасар, — сказала Мэры Карсан. — Чаму так многа прыгажуноў сярод свяшчэннікаў? У ірландцаў прырода такая? Вельмі прыгожы народ ірландцы. Ці, можа, прыгожыя мужчыны шукаюць у сане сховішча ад непрыемнасцей, да якіх часта прыводзіць такая знешнасць? Ручаюся, усе дзеўкі ў Джылі сохнуць ад кахання да вас.
— Я даўно ўжо навучыўся не звяртаць увагі на ўлюблівых дзяўчат, — засмяяўся айцец Ральф. — Ёсць такія, што гатовы закахацца ў любога свяшчэнніка, якому менш за пяцьдзесят, а калі яму няма яшчэ трыццаці пяці, дык такі свяшчэннік — прадмет кахання ўсіх. Але адкрыта спакусіць мяне спрабуюць толькі пратэстанткі.
— Ад вас ніколі не пачуеш шчырага адказу на пытанне, так? — Мэры Карсан выпрасталася і паклала далонь яму на грудзі. — Вы сібарыт, Ральф, вы прымаеце сонечныя ванны. Такі загар у вас усюды?
Усміхнуўшыся, айцец Ральф нахіліў галаву і пасмяяўся ёй у валасы, расшпіліў баваўняныя споднікі; яны саслізнулі на траву, ён адкінуў іх нагой і стаяў, як статуя Праксіцеля, а Мэры Карсан абышла вакол яго, няспешна агледзела з усіх бакоў.
Падзеі апошніх двух дзён поўнілі яго сэрца радасцю, узрадавала і раптоўнае ўсведамленне таго, што Мэры Карсан больш уразлівая і слабая, чым ён сабе ўяўляў; але ён ведаў яе добра і таму, нічым не рызыкуючы, спытаўся:
— Вы што ж, Мэры, хочаце, каб я заняўся з вамі любоўю?
Яна паглядзела на яго ніклы сорам і насмешліва фыркнула:
— I ў думках не было прычыняць вам такі клопат! А вам наогул патрэбны жанчыны, Ральф?
Ён пагардліва ўскінуў галаву:
— He!
— Мужчыны?
— Яшчэ горш за жанчын. He, нікога мне не трэба.
— Што ж, самі?
— Яшчэ чаго!
— Цікавенька. — Адпіхнуўшы дзверы, Мэры Карсан увайшла ў гасціную. — Ральф — кардынал дэ Брыкасар? — здзекліва сказала яна. Але ўнікшы яго пранізлівага позірку, яна скурчылася ў сваім глыбокім крэсле, сціснула рукі ў кулакі, поўная злосці на прыхамаці лёсу.
Айцец Ральф, як быў голы, спусціўся з веранды, стаў на падстрыжаным газоне, закінуў за галаву рукі, заплюшчыў вочы; цёплыя, колкія струменьчыкі дажджу, нібы абмацваючы, прыемна лашчылі скуру. Апусцілася ўжо ноч. Але па целе разліваўся толькі вялы спакой.
Рэчка выйшла з берагоў, і вада пачала ўсё вышэй затапляць палі жылля Пэдзі, папаўзла далей па Галоўнай сядзібе да вялікага гаспадарскага дома.
— Заўтра пачне спадаць, — спакойна сказала Мэры Карсан, калі ахоплены трывогай Пэдзі прыбег паведаміць ёй пра гэта.
Як заўсёды, старая мела рацыю: на наступным тыдні вада патроху пайшла на спад і нарэшце вярнулася ў сваё звычайнае рэчышча. Выглянула сонца, паветра нагрэлася да ста пятнаццаці градусаў у цяні, і трава нібы памкнулася да неба — высокая па пояс, чыстая і свежая, яна ззяла бледным золатам, аж балелі вочы.
Блішчалі адмытыя ад пылу дрэвы, вярнуліся з невядомых сваіх сховішчаў ад дажджу орды папугаяў і зноў замільгацелі ў кронах усімі колерамі вясёлкі, цяпер нават больш балбатлівыя, чым раней.
Айцец Ральф вярнуўся да сваіх занядбаных у апошнія дні парафіян спакойны і ўпэўнены, што наганяю яму не будзе: пад белай свяшчэнніцкай кашуляй, каля самага сэрца, ляжаў чэк на тысячу фунтаў. Біскуп знямее ад захаплення.
Авечак перагналі зноў на іх звыклыя пашы, і членам сям’і Кліры давялося пазнацца з завядзёнкай тых глухіх краёў — сіестай. Паднімаліся а пятай гадзіне, упраўляліся з усімі справамі да паўдня і валіліся з ног, абліваючыся потам, варочаліся, не знаходзячы сабе месца, да пяці гадзін вечара. Так было і з жанчынамі дома, і з мужчынамі на выганах. За работу ў хаце і пры доме браліся пасля пяці і вячэралі пасля захаду сонца на верандзе — туды перанеслі абедзенны стол. Ложкі таксама вынеслі з дому, бо гарачыня не спадала і ноччу. Здавалася, ужо цэлую вечнасць ртуць ні ўдзень, ні ўночы не апускаецца ніжэй ста. Міналі тыдні, пра ялавічыну ўжо і думаць забыліся, у ежу ішлі толькі ягняты — з тых, што меншыя, a то не паспееш з’есці, сапсуецца мяса. Усё страшэнна прыелася, усе прагнулі перадышкі ад гэтага бясконцага кругавароту ягнячых адбіўных, тушанай ягняціны, пастушынага пірага з ягнячага фаршу, ягняціны пад соусам кэры, смажанай ягнячай нагі, варанай ягняціны ў расоле, ягняціны, запечанай у гаршчэчку.
Але ў пачатку лютага жыццё Мэгі і Сцюарта крута перамянілася. Іх адаслалі ў Джыланбаўн вучыцца ў манастырскай школе: бліжэй школ не было. Хэл, сказаў Пэдзі, як падрасце, будзе вучыцца завочна ў школе дамініканцаў, што ў Сіднеі, Мэгі ж са Сцюартам прывыклі ўжо да настаўнікаў, і таму Мэры Карсан велікадушна ўзялася плаціць за іх пансіён і вучэнне ў манастыры Святога крыжа. У Фіёны і без таго шмат клопату з маленькім Хэлам, дзе ёй сачыць яшчэ і за іхняй вучобай, калі яны будуць займацца па перапісцы. З самага пачатку ўсе моўчкі пагадзіліся, што для Джэка з Х’югі адукацыя ўжо скончылася: яны патрэбны былі зямлі Драгеды, іх і саміх цягнула да гэтай зямлі.
Пасля жыцця ў Драгедзе і асабліва пасля школы пры кляштары Святога сэрца ў Вэгайне нейкім дзіўным здалося Мэгі і Сцюарту ціхамірнае жыццё ў кляштары Святога крыжа. Айцец Ральф тонка намякнуў манашкам, што гэтыя двое дзяцей яго падапечныя, а іхняя цётка — самая багатая жанчына ва ўсім Новым Паўднёвым Уэльсе. Так сарамлівая сціпласць Мэгі ператварылася з заганы ў дабрачыннасць, а Сцюарт за сваю незвычайную цягу да адзіноцтва і прывычку цэлымі гадзінамі пазіраць кудысьці ў бязмежную далеч заслужыў мянушку «святая душа».
I сапраўды, жыццё там ішло ціха і мірна, бо ў пансіёне зусім мала было вучняў: жыхары акругі, даволі багатыя, каб вучыць сваіх атожылкаў у школах-пансіёнах, часцей пасылалі іх у Сідней. У кляштары пахла лакам і кветкамі, яго высокія змрочныя калідоры поўніліся спакоем і патыхалі набожнасцю. Усе гаварылі прыглушанымі галасамі, жыццё нібы хавалася за тонкім чорным вэлюмам. Ніхто не лупцаваў дзяцей палкамі, не крычаў на іх, і да таго ж у малых Кліры быў айцец Ральф.
Ён рэгулярна наведваў іх і так часта браў да сябе ў свяшчэнніцкі дом, што нават нанава афарбаваў спальню, дзе начавала Мэгі, у мяккі жаўтавата-зялёны колер, купіў свежыя фіранкі на вокны і новую коўдру. Сцюарт спаў у пакоі з крэмава-карычневымі сценамі — вынік дзвюх падфарбовак; айцу Ральфу нават і ў галаву не прыходзіла спытацца ў сябе, ці добра і прыемна тут Сцюарту. Проста ён у час спахапіўся, што трэба і яго запрашаць, каб не пакрыўдзіўся.