Каля станцыі стаяў бліскучы чорны легкавы аўтамабіль, і, безуважна ступаючы па глыбокім пыле, да нашых падарожнікаў падыходзіў каталіцкі свяшчэннік. У сваёй доўгай сутане ён быццам выйшаў з мінулага і, здалося, не пераступаў нагамі, як усе людзі, а плыў у паветры, як бывае ў снах; пыл узнімаўся, клубіўся вакол яго і пунсавеў у апошніх промнях сонца.
— Добры вечар, я айцец дэ Брыкасар, — сказаў ён Пэдзі і працягнуў яму руку. — Відаць, вы брат Мэры: як дзве кроплі вады падобны на яе. — Ён павярнуўся да Фіі, паднёс яе слабую руку да губ, шчыра ўсміхаючыся ад прыемнага здзіўлення: айцец Ральф умеў з першага позірку пазнаць жанчыну высакародную. — Ды вы ж проста прыгажуня! — сказаў ён, быццам для свяшчэнніка самая звычайная справа рабіць такія кампліменты. Потым перавёў вочы на яе сыноў, што збіліся ў гурт. На момант спыніў азадачаны погляд на Фрэнку з дзіцем на руках, тады па чарзе акінуў вокам хлопчыкаў — ад старэйшага да самага малога. За іх спінамі самотна стаяла Мэгі — раскрыўшы рот, пазірала на яго, як на бога. Айцец Ральф абмінаў хлопчыкаў і, быццам не заўважаючы, што пэцкае ў пяску і пыле саржавае крысо сутаны, прысеў перад Мэгі на кукішкі, узяў яе за плечы моцнымі, добрымі і ласкавымі рукамі. — Ну, а ты хто такая? — спытаўся, усміхаючыся.
— Мэгі, — адказала дзяўчынка.
— Яе завуць Мэген, — насупіўся Фрэнк, адчуўшы непрыязнасць да гэтага прыгожага, надзіва высокага чалавека.
— Мэген — маё любімае імя. — Свяшчэннік падняўся, але рукі Мэгі не выпусціў. — Вам лепш пераначаваць у мяне, — сказаў ён Пэдзі, ведучы дзяўчынку да машыны. — Раніцай адвязу вас у Драгеду — шлях няблізкі, а вы пасля такой дарогі — аж з самага Сіднея.
Апрача гасцініцы «Імперыял» з цэглы ў Джыланбаўне былі пабудаваны яшчэ толькі каталіцкая царква, прыхадская школа, манастыр і дом свяшчэнніка — нават вялікая гарадская школа была драўляная.
Апусціўся вячэрні прыцемак, рэзка пахаладала, але ў гасцінай свяшчэнніцкага дома ў вялікім каміне ярка палала паленне і з глыбіні памяшкання спакусліва пацягвала прыемнымі, апетытнымі пахамі. Сухенькая, маршчыністая, але надзвычай энергічная старая аканомка — акцэнт выдаваў, што яна шатландка з нагор’я — хуценька паказала ўсім, дзе іх пакоі, ні на момант не закрываючы рота.
Сям’я Кліры прывыкла да халоднай непрыступнасці свяшчэннікаў вэгайнскай парафіі, і ёй нялёгка было асвоіцца са шчырай і вясёлай дабрадушнасцю айца Ральфа. Адзін толькі Пэдзі адразу адпусціўся: ён не забыў яшчэ каталіцкіх пастыраў роднага Голуэя, што не цураліся простага люду. Астатнія за вячэрай насцярожана маўчалі і, ледзь выдаўся момант, рэтыраваліся наверх, у свае спальні; Пэдзі нехаця паплёўся следам. Для Пэдзі яго рэлігія была крыніцай цяпла і суцяшэння, але для астатніх Кліры яна была ўвасабленнем жорсткага прымусу, які караніўся ў страху: скарыся, а не, дык будзеш навекі пракляты.
Калі ўсе пайшлі, айцец Ральф адкінуўся ў сваім любімым крэсле — пазіраў на агонь у каміне, курыў цыгарэту, усміхаўся. У думках перад ім прайшлі ўсе Кліры, адзін за адным, такія, якімі ён убачыў іх там, на станцыі. Галава сям’і вельмі падобны на Мэры, толькі надломлены цяжкай працай, па натуры, ясна відаць, не зласлівы, не тое што сястра; яго прыгожая змучаная жонка нібы толькі што выйшла з карэты, якую прымчала пара белых коней; і хмурны чорнавалосы Фрэнк — і вочы чорныя, чорны я вочы... Астатнія сыны амаль усе ў бацьку, вось толькі малодшы, Сцюарт, удаўся ў маці — прыгожы мужчына будзе, як вырасце; а немаўля якім стане, сказаць цяпер нельга; і яшчэ Мэгі... На рэдкасць мілая, чароўная дзяўчынка; валасы такога колеру, што словамі не перадаць, — не медзь і не золата, а цудоўны нейкі сплаў і таго, і другога. Якія яна ўзняла на яго вочы — серабрыста-шэрыя, чыстыя-чыстыя і прамяністыя, як расталыя брыльянцікі. Свяшчэннік паціснуў плячамі, кінуў акурак у агонь і падняўся з крэсла. Вунь як фантазія разыгралася на старасці гадоў: «расталыя брыльянцікі», во як! Хутчэй за ўсё, у яго ў самога вочы раскіслі ад гэтай пясчанай пошасці.
Раніцай ён павёз гасцей у Драгеду. Яны ўжо асвойталіся, з новым для іх краявідам і вельмі забаўлялі айца Ральфа сваімі заўвагамі і воклічамі. Апошнія ўзгоркі засталіся далёка на ўсходзе, за дзвесце міль адсюль, тлумачыў айцец Ральф, а тут спрэс чарназёмная раўніна. Бязмежная прастора, амаль зусім бязлесныя лугі і пашы, гладкія, як дошка.
Дзень быў такі самы спякотны, як і ўчарашні, але ў «даймлеры» ехаць было куды прыямней і зручней, чым у поездзе. Яны выехалі на світанні, не паснедаўшы; сутана айца Ральфа і святыя дары былі акуратна ўпакаваны ў чорным чамадане.
— Якія тут брудныя авечкі! — расчаравана сказала Мэгі, убачыўшы сотні ржава-бурых клубочкаў, што тыцкаліся мызамі ў траву.
— Эх, відаць, лепш было б мне выбраць Новую Зеландыю, — сказаў свяшчэннік. — Яна, мусіць, падобная на Ірландыю, і авечкі там слаўныя, крэмавага колеру.
— Яна сапраўды шмат чым нагадвае Ірландыю, — уставіў рэпліку Пэдзі, — трава такая ж прыгожая, зялёная-зялёная. Але наогул край больш дзікі, куды менш пакораны чалавекам.
Айцец Ральф прыйшоўся Пэдзі па душы.
I раптам сярод травы на свае няўклюдныя галянастыя ногі ўскочылі некалькі страусаў эму і, выцягнуўшы доўгія, шыі, імкліва, як вецер, памчаліся наперад, аж ногі пад імі зліліся ў адну пляму. Дзеці раты паразяўлялі ад здзіўлення, потым зарагаталі — такія вялізныя дзівосныя птушкі і не лятаюць, а бегаюць!
— Сёння мне так прыемна ехаць — не трэба вылазіць з машыны, — сказаў айцец Ральф, калі за падарожнікамі зачыніліся апошнія вароты і Боб, які ўсю дарогу адчыняў і зачыняў іх, зноў забраўся ў «даймлер».
Пасля ўсіх нечаканасцей, якімі з ашаламляльнай хуткасцю здзіўляла сям’ю Кліры Аўстралія, ад сядзібы ў Драгедзе на іх павеяла нечым родным — ад прыветлівага гаспадарскага дома ў геаргіянскім стылі, з усіх бакоў абсаджанага безліччу ружавых кустоў і абвітага лазою гліцыній, на якой ужо трэскаліся пупышкі.
— Мы жыць будзем тут? — віскнула Мэгі.
— He зусім, — паспешліва адказаў свяшчэннік. — Паселіцеся ў доме каля рэчкі, мілю за адну адсюль.
Мэры Карсан чакала іх у вялізнай гасцінай і не паднялася насустрач брату са свайго вялікага крэсла з падгалоўнікам, так што яму давялося падысці да яе.
— Вось і добра, Пэдзі, — даволі ветліва сказала Мэры Карсан, але пазірала не на яго, а за яго спіну — туды, дзе з Мэгі на руках стаяў айцец Ральф; вакол яго шыі туга абвіліся маленькія рукі дзяўчынкі. Гаспадыня важна паднялася з крэсла, ні з Фіяй, ні з дзецьмі не павіталася.
— Давайце зараз жа паслухаем месу, — сказала яна. — Айцец дэ Брыкасар, безумоўна, спяшаецца.
— Ніколечкі, дарагая Мэры. — Свяшчэннік засмяяўся, сінія вочы яго заіскрыліся. — Я адслужу месу, тады вы пачастуеце нас добрым гарачым снеданнем, а пасля я абяцаў Мэгі паказаць, дзе яна будзе жыць.
— Мэгі, — прагаварыла Мэры Карсан.
— Правільна, яе завуць Мэгі. Але, здаецца, знаёмства пачалося не з таго канца. Дазвольце па парадку, Мэры. Гэта Фіёна.
Мэры Карсан адрывіста кіўнула галавой і амаль не чула, як айцец Ральф аднаго за адным называў ёй хлопчыкаў: уся яе ўвага была прыкавана да свяшчэнніка і Мэгі.
4
Дом старшага аўчара стаяў на палях футаў на трыццаць ад дна глыбокай і вузкай цясніны, акаймаванай густой сцяной ніцых вербаў, над якімі бязладным россыпам узвышаліся адзінокія эўкаліпты. Пасля раскошнай драгедскай сядзібы звонку ён выглядаў голым, будзённым прытулішчам, але ўсярэдзіне нечым нагадваў іх далёкае новазеландскае жыллё. У пакоях было цесна ад саліднай віктарыянскай мэблі, укрытай тонкім пластом чырванаватага пылу.
— Вам пашчасціла — тут ёсць нават ванная, — сказаў айцец Ральф, ведучы сям’ю Кліры па драўляных прыступках на пярэднюю веранду; пад’ём аказаўся ладнаваты, бо палі былі вышынёй пятнаццаць футаў. — На выпадак разводдзя, — паясніў айцец Ральф. — Вы тут над самай рэчкай, а я чуў, здараецца, за адну ноч яна паднімаецца на шэсцьдзесят футаў.
У доме сапраўды была ванная — старая бляшаная ванна і дрывяная калонка за загарадкай у канцы задняй веранды. Але жанчын прыкра ўразіла, што прыбіральня аказалася проста ямай, выкапанай за некалькі крокаў ад дома, ад яе цягнула смуродам. Пасля Новай Зеландыі ім гэта здалося дзікасцю.