Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Мэгі не ведала, злавацца ці смяяцца — ну што зробіш з такім сварлівым дзяўчом?

Параход «Гімалаі» адыходзіў з Дарлінгскага порта праз тры дні. Гэта была слаўная, вельмі надзейная старая пасудзіна з шырокім корпусам, пабудаваная яшчэ за часам, калі нікога не апаноўвала шалёная спешка і людзі спакойна мірыліся з тою акалічнасцю, што праз Суэцкі канал плысці да Англіі трэба месяц, а вакол мыса Добрай Надзеі — і ўсе пяць тыдняў. А ў наш час нават акіянскім лайнерам надаюць абцякальную форму, корпус у іх вузкі, як у эсмінцаў, — усё ў імя хуткасці. Але на такім карабліку часам нясоладка і сапраўднаму марскому ваўку, а як пасажыру з далікатным страўнікам...

— Вось пацеха! — смяялася Джасціна. — У першым класе едуць футбалісты, цэлая каманда, так што не будзе сумна. Там ёсць проста выдатныя хлопцы.

— Ну, цяпер ты радая, што я прымусіла цябе ехаць першым класам?

— Ага, напэўна.

— Джасціна, вечна ты мяне даводзіш да шаленства, я праз цябе станаўлюся сапраўднаю ведзьмаю! — ускіпела Мэгі, ёй здавалася, паводзіны Джасцініны — вяршыня няўдзячнасці. Брыдкае дзяўчо, хоць бы гэтым разам прыкінулася, што ёй шкада ад’язджаць! — Да таго ўпартая, капрызная, агідная! Ніякага цярпення з табою няма!

Джасціна адказала не адразу, адвярнулася, быццам бомканне звона — сігнал праважатым сыходзіць на бераг — цікавіць яе куды болей, чым мацерыны словы. Губы ў яе задрыжалі, але яна прыкусіла іх і састроіла самую прамяністую ўсмешку.

— А я ведаю, што выводжу цябе з цярпення! — весела павярнулася яна да мацеры. — Што зробіш, такія ўжо ў нас характары. Ты сама заўсёды гаворыш, я ўся ў бацьку.

Яны сарамліва абняліся, і Мэгі з палёгкаю нырнула ў натоўп на сходцах і згубілася ў ім. А Джасціна паднялася на верхнюю палубу і прыпынілася каля поручняў, сціскаючы ў руцэ клубкі рознакаляровага серпанціну. Далёка ўнізе, на прыстані, яна ўбачыла ружавата-попельную сукенку і знаёмы капялюш — маці адышлася да ўмоўленага месца, падняла галаву, паставіла руку казырком над вачыма, каб лепей бачыць. Дзіўна, здалёку відней, што маме ўжо многа за сорак. Праўда, пяцідзесяці яшчэ няма, але і ў паставе гады адчуваюцца. Яны разам памахалі адна адной, потым Джасціна кінула першую стужку серпанціну, і Мэгі спрытна злавіла канец. Чырвоная, сіняя, жоўтая, ружовая, зялёная стужкі віліся, кружыліся, трапяталіся на ветры.

Футбалістаў праводзіў духавы аркестр — трапяталіся флажкі, раздзімаліся шатландскія спадніцы, пранізліва гучалі мудрагелістыя варыяцыі шатландскай песні «Наш час настаў». Уздоўж борта тоўпіліся пасажыры, перагіналіся цераз поручні, сціскаючы канцы вузкіх папяровых стужак, a на прыстані праважатыя задзіралі галовы, прагна ўзіраліся на развітанне ў твары, амаль усе маладыя, — у тых, хто адпраўляўся ў другое паўшар’е паглядзець сваімі вачыма на цэнтр цывілізацыі. Моладзь будзе там жыць, працаваць, гады праз два нехта вернецца дадому, а нехта ніколі не вернецца. Усе разумелі гэта, і кожны гадаў, што наперадзе.

Па сінім небе каціліся бухматыя серабрыста-белыя воблакі, дзьмуў моцны, сапраўды сіднейскі вецер. Сонца паліла задраныя твары праважатых, спіны тых, хто схіліўся над поручнямі; бераг і параход злучыла незлічонае мноства стракатых трапятлівых стужак. I раптам паміж бортам старога карабля і дошкамі прыстані паявілася прасветліна; паветра выбухнула крыкамі, плачам, тысячы папяровых стужак лопнулі, затрапяталіся на ветры, а потым бязладна ўпалі на ваду, быццам парвалася аснова на вялізазных кроснах, і ўперамешку з медузамі і апельсінавымі лупінамі іх паволі панесла прэч.

Джасціна стаяла каля поручняў, пакуль ад прыстані не засталося ўдалечыні некалькі простых ліній і ружаватых шпілечных галовак; буксіры павярнулі параход, правялі паслухмяную махіну пад гулкім пралётам сіднейскага моста да выхаду з прыгожае гавані, якая зіхацела на сонцы.

Праўда, гэта было зусім, зусім не тое, што праехацца на пароме ў Мэнлі, хоць дарога тая самая — міма Ньютрэл-Бей і Роўз-Бей, міма Крэмарна і Воклюза. Цяпер засталіся ззаду і ўваход у гавань, і суровыя скалы, і карункавыя вееры пены, якія высока ўзлятаюць, — і наперадзе адчыніўся акіян. Дарога на дванаццаць тысяч міль, на другі канец свету. Ці вернуцца яны на радзіму, ці не, але цяпер яны не дома ні тут, ні там, бо пабываюць на двух розных кантынентах і зведаюць два розныя лады жыцця.

Таму, у каго ёсць грошы, Лондан поўны зачаравання, у гэтым Джасціна адразу пераканалася. Ёй не давялося без капейкі ў кішэні туліцца дзе-небудзь на краі Эрл Корт — у «даліне кенгуру», як празвалі гэты раён, бо тут звычайна сяліліся аўстралійцы. Яе не чакала звычайная доля аўстралійцаў у Англіі — тых, што знаходзілі прытулак у інтэрнатах для моладзі, зараблялі кавалак хлеба дзе-небудзь у канторы, у бальніцы ці ў школе, калоцячыся ад холаду, туліліся да летніх батарэяў у сырых, затхлых каморках. He, Джасціна пасялілася ў утульнай кватэры з цэнтральным ацяпленнем у Кенсінгтоне, каля Найтсбрыджа, і паступіла ў Лізавецінскую трупу Клайда Долцінхем-Робертса.

Настала лета, і яна паехала цягніком у Рым. У наступныя гады яна з усмешкаю будзе ўспамінаць, як мала бачыла за гэтую паездку цераз усю Францыю і далей па Італіі — надта паглынутая была тым, што абавязкова трэба сказаць Дэну, старанна запамінала самае важнае, каб не забыцца. Гэтулькі ўсяго назбіралася, пра ўсё не раскажаш.

Ды няўжо гэта Дэн? Вось гэты чалавек на пероне, высокі, светлавалосы — гэта Дэн? Нібыта ён ані не змяніўся — і ўсё-такі чужы. З другога свету. Джасціна ўжо хацела яго гукнуць, ды вокліч замёр на губах; яна адхіснулася назад на сядзенні, прыглядаючыся — яе вагон спыніўся амаль насупраць таго месца, дзе стаяў Дэн, сінімі вачыма спакойна азіраючы вокны. Аднабокая будзе размова, яна дык сабралася расказваць пра тое, як жыла пасля яго ад’езду, але цяпер ясна — ён зусім не прагне дзяліцца з ёю тым, што перажыў сам. О, каб яму! Няма ў яе колішняга малодшага браціка, у цяперашнім яго жыцці таксама мала агульнага з ёю, Джасцінаю, як было некалі ў Драгедзе. Дэн, Дэн! Як гэта, калі ўсё тваё існаванне дні і ночы, дзень у дзень, аддадзена нечаму аднаму?

— Ха! Ты ўжо думаў, я дарэмна цябе сюды выцягнула, а сама не прыехала? — папыталася яна, незаўважна падышоўшы да брата ззаду.

Ён павярнуўся, сціснуў яе рукі, з усмешкаю паглядзеў на яе зверху ўніз.

— Доўбня, — сказаў ён пяшчотна, падхапіў большы яе чамадан, незанятаю рукою ўзяў сястру пад руку. — Я да таго рады цябе бачыць!

Ён пасадзіў яе ў прыгожую «лагонду», на якой усюды ездзіў: ён страшэнна захапляўся спартыўнымі машынамі, і ў яго была свая з таго часу, калі па гадах можна было атрымаць правы.

— I я радая. Спадзяюся, ты падшукаў мне ўтульную гасцініцу, я ж сур’ёзна табе пісала — не хачу тырчаць у якой-небудзь ватыканскай келлі сярод кучы вечных халасцякоў, — засмяялася Джасціна.

— Цябе туды і не пусцяць, такую рыжую ведзьму. Будзеш жыць у маленькім пансіёне, гэта блізка ад мяне, і там гавораць па-англійску, так што ты зможаш паразумецца, калі мяне не будзе пад рукою. I ўвогуле ў Рыме ты не прападзеш, заўсёды знойдзецца хто-небудзь, хто гаворыць па-англійску.

— У такіх выпадках я шкадую, што ў мяне няма тваіх здольнасцяў да моваў. А ўвогуле спраўлюся, я ж мастачка на шарады і мімічныя сцэнкі.

— У мяне два месяцы вольныя, Джасі, праўда, здорава? Мы можам паездзіць па Францыі, па Іспаніі, і яшчэ застанецца месяц на Драгеду. Я замаркоціўся.

— Вось як? — Джасціна павярнулася, паглядзела на брата, на прыгожыя рукі, якія ўмела вялі машыну ў бурлівым патоку на вуліцах Рыма. — А я ніколечкі не замаркоцілася. У Лондане вельмі цікава.

— Ну, мяне не ашукаеш, — запярэчыў Дэн. — Я дык ведаю, як ты прывязана да мамы і да Драгеды.

Джасціна не адказала, толькі сціснула рукі на каленях.

— Чай піць пойдзем да маіх сяброў, не пярэчыш? — папытаўся Дэн, калі яны былі ўжо ў пансіёне. — Я загадзя прыняў за цябе запрашэнне. Яны вельмі хочуць цябе пабачыць, а я да заўтра яшчэ не свабодны, і мне няёмка было адмаўляцца.

— Доўбня! Чаго мне пярэчыць? Калі б ты прыехаў у Лондан, я звяла б цябе з кучаю сваіх сяброў, чаму б табе тут не звесці мяне са сваімі? З задавальненнем пагляджу на тваіх прыяцеляў з семінарыі, хоць гэта трошкі несправядліва, бо яны ўсе пад забаронаю — глядзець глядзі, a рукамі не чапай.

131
{"b":"828993","o":1}