— Ведама, не, — упэўнена сказала Фія. — Людзі заўважаюць толькі колер вачэй, форму носа, склад. А ў гэтым даволі падабенства і з Люкам. Я ведаю, бо гадамі сачыла за табою і Ральфам дэ Брыкасарам. Яму толькі пальцам табе кіўнуць, і ты пабегла б за ім на край свету, і не балбачы, што царква не дапускае разводу, гэтым глупствам мяне не ашукаеш. Табе да смерці хацелася парушыць куды больш сур’ёзную забарону царквы, чым гэта — развод. Ты тады ўсялякі сорам страціла, Мэгі, усялякі сорам страціла, — сказала Фія стражэй. — Але ён быў упарты. Што б там ні было вырашыў заставацца бездакорным пастырам, а ты ў яго была недзе там, на другім плане. Такая недарэчнасць! He вельмі яму памагла яго дурная ўпартасць, га? Рана ці позна гэта ўсё роўна павінна было здарыцца.
За вуглом веранды нехта выпусціў малаток і вылаяўся. Фія здрыганулася, зморшчылася.
— Фу, хоць бы яны ўжо хутчэй кончылі з гэтымі сеткамі! — I зноў загаварыла пра тое самае: — Няўжо ты думаеш, што абдурыла мяне, калі не захацела, каб Ральф дэ Брыкасар абвянчаў цябе з Люкам? Я дык ведала. Ты не жадала, каб ён вянчаў цябе з другім, ты з ім самім хацела ісці пад вянец. А калі ён явіўся ў Драгеду перад ад’ездам у Афіны, а цябе тут ужо не было, я зразумела — рана ці позна ён не вытрывае і знойдзе цябе. Ён блукаў па ўсёй сядзібе як непрыкаяны, быццам малое дзіця згубілася на Сіднейскай выстаўцы. Тваё замужжа — гэта быў твой самы хітры ход, Мэгі. Пакуль Ральф ведаў, што ты па ім сохнеш, ты была яму не патрэбная, а вось варта было табе выйсці за другога, тут ён адразу і выдаў сябе — сапраўдны сабака на сене. Зразумела, ён пераканаў сябе, што мае да цябе найчысцейшыя платанічныя пачуцці, але як ні круці, а выявілася, ты яму патрэбная. Патрэбная, неабходная, як ніколі не была і, думаю, не будзе неабходная болей ні адна жанчына на свеце. Дзіўна, — дадала Фія са шчырым неўразуменнем, — мне заўсёды было загадкаю, што ён у табе асаблівае знайшоў... што ж, напэўна, усе мацяркі трошкі сляпыя і не разумеюць сваіх дачок, пакуль не састарэюць і не перастануць зайздросціць іх маладосці. Ты таксама кепска разумееш Джасціну, як я кепска разумею цябе.
Яна адхілілася на спінку крэсла-качалкі і трошкі пагойдвалася, прыплюшчыўшы вочы, але з-пад апушчаных веек пільна прыглядалася да Мэгі, як вучоны да паддоследнага труса.
— Што б ён ні знайшоў у табе, ён гэта заўважыў з першага пагляду, і гэтым ты яго зачаравала раз і назаўсёды. Найцяжэй яму было зразумець, што ты становішся дарослая, але давялося зразумець, калі ён прыехаў і аказалася — цябе няма, ты выйшла замуж. Бедалага Ральф! Нічога не зробіш, яму толькі і заставалася кінуцца на пошукі. I ён цябе знайшоў, праўда? Я гэта зразумела яшчэ раней, чым нарадзіўся Дэн, як толькі ты вярнулася дадому. Калі ты атрымала Ральфа дэ Брыкасара, табе ўжо не было чаго заставацца з Люкам.
— Праўда, — уздыхнула Мэгі, — Ральф мяне знайшоў. Толькі ж гэта нічому не памагло, праўда? Я ведала, ён ніколі не адмовіцца ад свайго бога. Таму я вырашыла — хай у мяне застанецца хоць частачка яго, адзінае, чым я магу завалодаць. Яго дзіця. Дэн.
— Я нібыта рэха чую. — Фія засмяялася невясёлым сваім смехам. — Ты гаворыш маімі словамі.
— Фрэнк?
Рыпнула крэсла; Фія ўстала, сюды-туды прайшлася па звонкіх плітках, потым спынілася перад дачкою, паглядзела ёй у вочы.
— Так, так! Мы квіты, га, Мэгі? Ну, а ты даўно дазналася?
— Яшчэ калі была маленькая. Калі Фрэнк уцёк з дому.
— Яго бацька быў жанаты чалавек. Намнога старэйшы за мяне, вядомы палітычны дзеяч. Імя вядомае, нават ты, напэўна, чула. У Новай Зеландыі поўна вуліц, названых на ўшанаванне яго памяці, знойдуцца нават два-тры гарады. Але гэтым разам я буду яго называць Пакеха. На мове маары гэта значыць «белы чалавек» — нічога, добра і так. Ён ужо памёр, канешне. Ува мне і самой ёсць кропля маарыйскай крыві, а Фрэнкаў бацька быў напалавіну маары. Па Фрэнку гэта было вельмі відаць, спадчыннасць атрымалася ж з двух бакоў. Ох, як я любіла гэтага чалавека! Можа, гэта быў кліч крыві, не ведаю. Ён быў прыгожы. Высокі, грыва чорных валасоў і чорныя, зіхатлівыя з усмешкаю вочы. У ім было ўсё, чаго не хапала Пэдзі, — культура, дасканаласць, выключная прывабнасць. Я яго любіла без памяці. I думала, што ўжо ніколі болей нікога не палюблю; і ўпівалася гэтым самападманам доўга, вельмі доўга, і працверазілася надта позна... — Голас здрадзіў ёй. Яна адвярнулася, некалькі мінут глядзела ў сад. — Я ў многім вінаватая, Мэгі, можаш мне паверыць.
— Значыць, вось чаму ты любіла Фрэнка болей за ўсіх нас, — сказала Мэгі.
— Я і сама гэтак думала — бо ён Пакехаў сын, а ўсе астатнія — дзеці Пэдзі. — Фія апусцілася ў крэсла, дзіўны журботны ці то стогн, ці то ўздых сарваўся ў яе з губ. — Дык вось, гісторыя паўтараецца. Праўда, я пасмяялася сама сабе, калі ўбачыла Дэна, можаш мне паверыць.
— Ты незвычайная жанчына, мама!
— Няўжо? — Крэсла рыпнула. — Скажу табе на вушка маленькі сакрэт, Мэгі. Незвычайная там ці самая звычайная, але я вельмі няшчасная жанчына. Ці па той, ці па другой прычыне, але я была няшчасная з таго самага дня, як сустрэла Пакеху. Найперш па сваёй віне. Я яго любіла, але не дай бог ні адной жанчыне зведаць у жыцці тое, што выпала на маю долю праз яго. I потым, Фрэнк... я даражыла адным Фрэнкам, а пра ўсіх вас і не думала. He думала пра Пэдзі, а ён — самае лепшае, што мне дадзена было ў жыцці. Але я тады гэтага не разумела. Толькі тое і рабіла, што параўноўвала яго з Пакехам. He, канешне, я была яму ўдзячная, і я не магла не бачыць, што ён выдатны чалавек... — Фія паціснула плячыма. — Ну добра, што было, тое прайшло. Проста я хацела сказаць — ты вінаватая, Мэгі. Хіба ты сама не разумееш, што вінаватая?
— He, не разумею. Па-мойму, вінаватая царква, калі адбірае ў свяшчэннікаў яшчэ і гэта.
— Забаўна, мы заўсёды гаворым пра царкву як пра саперніцу. Ты ўкрала мужчыну ў саперніцы, Мэгі, зусім як я некалі.
— Ральф нічым не звязаны быў ні з адною жанчынаю, толькі са мною. Царква — не жанчына, мама. Гэта не чалавек, проста такі інстытут.
— Дарэмна ты перада мною апраўдваешся. Я ведаю ўсё, што тут можна сказаць. Некалі я і сама гэтак разважала. Пра тое, каб Пакеха развёўся з жонкаю, не было чаго і думаць. Ён адзін з першых сярод маары стаў вялікім палітычным дзеячам; яму давялося выбіраць паміж мною і сваім народам. Які мужчына выстаіць перад такою спакусаю, адмовіцца ад велічы? Вось і твой Ральф выбраў царкву, гэтак? Што ж, я вырашыла — хай сабе, мне ўсё роўна. Вазьму ад Пакехі што магу, у мяне хоць будзе ад яго дзіця, дзіця мне нішто не перашкодзіць любіць.
I раптам у Мэгі закіпела нянавісць, дзікая крыўда выцесніла жаль да мацеры — значыць, тая лічыць, што і яна, Мэгі, таксама ўсё сапсавала, загубіла жыццё і сабе і сыну?! I яна сказала:
— Ну не, мама, я намнога хітрэйшая за цябе. У майго сына ёсць законнае імя, гэтага ў яго ніхто не адбярэ, нават Люк.
Фіёна Кліры анямела, вымавіла не адразу, праз зубы:
— Едка сказана! Дык вось ты якая, Мэгі! А паглядзець — такая пакорлівая, мухі не пакрыўдзіш. Што ж, праўда, мой бацька проста купіў мне мужа, каб даць Фрэнку імя і сплавіць мяне далей. Я гатовая была даць галаву на адрэз, што ты пра гэта не ведаеш. Адкуль ты дазналася?
— Гэта мой клопат.
— Але і ты паплацішся, Мэгі. Павер, расплаты не мінаваць. Табе гэта не пройдзе дарам, як не прайшло і мне. Я страціла Фрэнка, у мацеры не можа быць страты большай — мне нават убачыць яго нельга, а я так па ім тужу... Але пачакай! Ты сама страціш Дэна.
— He ўжо, пастараюся не страціць. Ты страціла Фрэнка таму, што ён не мог ужыцца з татам. А я паклапацілася, каб у Дэна не было ніякага таты, каб ніхто не мог яго закілзаць і запрэгчы. Я сама яго закілзаю і туга ўпрагу — у Драгеду. Ты думаеш, чаму я ўжо пакрысе раблю з яго аўчара? У Драгедзе ён у бяспецы, тут яму нічога не пагражае.
— А тату пагражала? А Сцюарту? Бяспекі на свеце няма, I калі Дэн захоча адсюль паехаць, ты яго не ўтрымаеш. Тата зусім не закілзваў Фрэнка. Нічога падобнага. Фрэнка нельга было закілзаць. I калі ты думаеш, быццам ты, жанчына, сумееш закілзаць сына Ральфа дэ Брыкасара, ты глыбока памыляешся. Сама падумай, гэта так ясна. Калі ні я, ні ты не змаглі ўтрымаць бацькоў, дзе нам утрымаць сыноў?