Фія нават не ўсміхнулася, яна, як і раней, усміхалася не часта.
— Ну, калі ты да гэтага часу не стала дарослая, дык і не станеш ніколі. Па-мойму, ты ўжо сапраўдная дарослая жанчына. А я, відаць, старэю. Станаўлюся балбатлівая.
Мэгі засмяялася ад радасці — так добра, што маці загаварыла па-сяброўску, каб толькі яе не спалохаць!
— Гэта на цябе дождж падзейнічаў, мама. Напэўна дождж. Якое шчасце, што ўсюды зноў расце трава і паплавы нашы зноў зазелянелі! Праўда, шчасце?
— Ведама. Але ты мне не адказала. Чаму табе не развесціся з Люкам і не выйсці зноў замуж?
— Царква не дапускае разводу.
— Лухта! — крыкнула Фія, але крыкнула не сярдзіта. — Ты напалавіну мая дачка, а я ж не каталічка. He гавары глупства, Мэгі. Калі б ты сур’ёзна хацела выйсці зноў замуж, ты б проста развялася з Люкам.
— Напэўна. Але я болей не хачу замуж. У мяне ёсць дзеці, ёсць Драгеда, а болей мне нічога не трэба.
У кустах непадалёку звонка засмяяўся нехта зусім такім самым смехам, як Мэгі, але за густа навіслымі пунсовымі суквеццямі не відно было, хто смяецца.
— Чуеш? Гэта Дэн там, у кустах. Ведаеш, гэты малы ўжо трымаецца на кані ані не горай за мяне. Дэн! — крыкнула Мэгі. — Ты чаго там хаваешся, распуснік? Вылазь адтуль!
I ён выпаўз з-пад блізкага куста — рукі чорныя, усе ў зямлі, і губы таксама падазрона запэцканыя чорным.
— Мама, а ведаеш, зямля якая смачная? Праўда, мама, смачная, клянуся табе!
Ён падышоў і стаў перад Мэгі; у свае сем гадоў ён быў высокі, прыгожы і тоненькі, але моцны, з точаным фарфоравым тварыкам.
Паявілася Джасціна і стала поплеч з братам. Таксама на свае гады высокая, але не тое каб тоненькая, проста худая і ўся ў вяснушках. Пад гэтым густым карычневым россыпам не разабраць, які ж у яе твар, ад вяснушак зусім непрыкметныя залацістыя бровы і вейкі, але дзіўныя вочы такія самыя занадта светлыя, і пагляд іх выклікае тое самае трывожнае адчуванне, што і некалі, ледзь не з калыскі. Тварык эльфа абрамляе капа кучэраў, вогненна-рыжых, якраз як былі ў Пэдзі. Прыгожаю дзяўчынку ніяк не назавеш, але і забыць яе, убачыўшы хоць раз, не забудзеш — уражваюць не толькі вочы, але і выключная ўнутраная сіла. Суровая, рашучая, разумная і рэзкая, Джасціна і ў восем гадоў таксама мала, як у маленстве, лічыцца з тым, што пра яе падумаюць. Папраўдзе блізкі ёй толькі адзін чалавек на свеце — Дэн. Яго яна, як і раней, любіць, і, як і раней, лічыць, быццам ён непадзельная яе ўласнасць.
Праз гэта ў яе з мацераю заўсёды бываюць сутычкі. Джасціне было такім ударам, што маці перастала ездзіць па выганах і вярнулася да мацярынскіх абавязкаў. Пачаць з таго, што дзяўчынка, заўсёды і пры ўсіх абставінах упэўненая ў сваёй справядлівасці, нібыта ані не мае патрэбы ў мацеры. I не той у яе характар, каб раскрываць некаму душу ці чакаць пахвальбы. Мэгі ёй найперш саперніца, якая адымае ў яе Дэна. Куды лепей Джасціна ладзіць з бабуляю: вось гэта чалавек варты, не тыцкаецца не ў свае справы, разумее, што ў цябе і ў самое ёсць галава на плячах.
— Я яго не застаўляла есці зямлю, — сказала Джасціна.
— Ну, ад гэтага не паміраюць, Джасціна, але карысці таксама няма. — Мэгі паглядзела на сына. — Як гэта ты надумаўся, Дэн?
Мінуту ён сур’ёзна думаў, што адказаць.
— Зямля тут, вось я яе і паспытаў. Калі б яна была шкодная, дык была б нясмачная, праўда? А яна добрая, смачная.
— Гэта нічога не значыць, — фанабэрыста перабіла Джасціна. — Бяда мне з табою, Дэн, нічога ты не разумееш. Іншы раз самыя смачныя рэчы якраз самыя ядавітыя.
— Уга! Якія гэта? — з выклікам папытаўся Дэн.
— Патака! — пераможна абвясціла Джасціна.
Удар трапіў у цэль, было з Дэнам аднойчы такое здарэнне — ён знайшоў у кладоўцы ў місіс Сміт бляшанку з патакаю, аб’еўся, і пасля яму было вельмі блага. Усё-такі ён запярэчыў:
— Я ж яшчэ жывы, значыць, не такая яна ядавітая.
— Бо цябе тады вырвала. А калі б не вырвала, ты б памёр.
Але ужо пярэчыць не было чаго. Дэн па-сяброўску ўзяў сястру пад руку — яны былі амаль аднаго росту, і абое паволі пайшлі па поплаве да дамка, збудаванага, улічваючы ўсе іх пажаданні, пад навіслым голлем перцавага дрэва.
Дамок збудавалі дзядзькі, якім вельмі любілі сваіх пляменнікаў. Спачатку дарослыя пратэставалі супраць такога выбару, баючыся пчол, але дзеці не памыліліся. Пчолы добра з імі ўжываліся. Перцавыя дрэвы самыя ўтульныя, лепшыя за ўсе, тлумачылі Дэн і Джасціна. Такія свежыя, духмяныя, а калі сціснеш у руцэ шчопаць маленькіх шарыкаў, накшталт дробнага-дробнага вінаграду, выходзяць вельмі слаўныя хрусткія і пахучыя камячкі.
— Яны такія розныя, Дэн і Джасціна, а добра ладзяць, — сказала Мэгі. — Проста дзіва. Здаецца, я ні разу не бачыла, каб яны пасварыліся, хоць яна такая настойлівая і ўпартая... проста незразумела, як Дэн умудраецца з ёю не сварыцца.
Але Фія думала зусім пра другое.
— Што і казаць, выліты бацька, — вымавіла яна, праводзячы вачыма Дэна, ён якраз нырнуў пад нізка навіслае голле і знік з вачэй.
Мэгі пахаладзела, як заўсёды пры гэтых словах, хоць за многія гады зноў і зноў чула іх ад самых розных людзей. Ведама, у яе проста сумленне нячыстае. Людзі заўсёды бачаць падабенства Дэна з Люкам. А чаму не? У нечым істотным Люк О’Ніл на выгляд вельмі падобны на Ральфа дэ Брыкасара. Але колькі ні старалася Мэгі трымацца як нічога і не было, ад заўваг пра падабенства Дэна з бацькам ёй заўсёды станавілася не па сабе.
Яна асцярожна перавяла дух, сказала як магла абыякава:
— Ну, няўжо, мама? — і прадаўжала, бесклапотна пагойдваючы нагою: — Праўда, я гэтага не бачу. У Дэна ні ў характары, ні ў паводзінах няма нічога агульнага з Люкам.
Фія засмяялася. Быццам фыркнула нядбайна, але гэта быў самы сапраўдны смех. Вочы яе з гадамі пабляклі, ды яшчэ пачыналася катаракта, але цяпер яна панура і насмешліва разглядала перапалоханы даччын твар.
— Ты што гэта, Мэгі, думаеш, я дурная? Я гавару не пра Люка О’Ніла. Я сказала, што Дэн — выліты Ральф дэ Брыкасар.
Свінец. Нага, цяжкая, свінцовая, апусцілася на выкладзеную іспанскаю пліткаю падлогу на верандзе, налітае свінцом цела звяла ў крэсле, не хапае сілы біцца празмерна цяжкаму свінцоваму сэрцу. Біся, будзь ты праклятае, біся! Ты павінна біцца дзеля майго сына!
— Што ты, мама! — голас таксама свінцовы. — Што ты такое гаворыш! Прападобны Ральф дэ Брыкасар?!
— А ты ведаеш і другіх Ральфаў дэ Брыкасараў? Люк О’Ніл не мае ніякага дачынення да гэтага хлопчыка, Ральф дэ Брыкасар — вось хто яго бацька. Я гэта ведаю з першае мінуты, як ты нарадзіла яго, а я прыняла.
— Але... але тады чаму ты маўчала? Чакала сем гадоў, а цяпер кідаеш мне такое недарэчнае, вар’яцкае абвінавачанне?
Фія выцягнула ногі, прыгожа скрыжавала іх у костачках.
— Нарэшце я старэю, Мэгі. I ўжо не так блізка ўсё прымаю да сэрца. Такая ўцешная часам бывае старасць! З радасцю гляджу, як ажывае Драгеда, ад гэтага ў мяне і на сэрцы лягчэе. Вось і пагаварыць захацелася, першы раз за гэтулькі гадоў.
— Ну, ведаеш, калі ўжо ты вырашыла пагаварыць, дык знайшла пра што! Слухай, мама, ты ніякага права не маеш такое гаварыць! Гэта няпраўда! — з адчаем сказала Мэгі, яна зразумець не магла, шкадуе яе маці ці хоча памучыць.
I раптам Фія паклала ёй руку на калена і ўсміхнулася — не з горыччу і не пагардліва, а з нейкаю дзіўнаю спагадаю.
— He хлусі мне, Мэгі. Можаш хлусіць каму хочаш, толькі не мне. Ніколі ты мяне не пераканаеш, што гэты малы — сын Люка О’Ніла. Я не дурная і не сляпая. У ім няма нічога ад Люка і ніколі не было, бо і не магло быць. Ён увесь удаўся ў яго прападобнасць. I рукі такія самыя, і валасы гэтаксама растуць — той самы клінок над лобам, і авал твару такі самы, і бровы, і рот. Нават ходзіць гэтаксама. Ральф дэ Брыкасар, выліты Ральф дэ Брыкасар.
I Мэгі здалася, і празмерны цяжар зваліўся з душы, на ўсім яе абліччы адчувалася палёгка і спакой.
— Галоўнае — вочы, ён быццам глядзіць аднекуль здалёку. Вось што мяне ўражвае болей за ўсё. Але няўжо гэтак прыкметна? Няўжо ўсе ведаюць, мама?