Пятага верасня 1943 года Дзевятая дывізія высадзілася трошкі на ўсход ад Лаэ. Стаяла спёка, вільготнасць дасягала ста працэнтаў, і ліло кожны дзень, хоць да сезону дажджоў заставалася яшчэ добрыя два месяцы. Каб уратаваць ад малярыі, салдатаў нашпігоўвалі атабрынам — ад гэтых маленькіх жоўтых таблетак усіх нудзіла і слабасць адольвала не меней, чым пры сапраўднай малярыі. У тутэйшай вечнай сырасці ніколі не прасыхалі абутак і шкарпэткі, ступакі ног набракалі, як губка, а між пальцамі скура трэскалася і раны крывавіліся. Ад укусаў мух і маскітаў рабіліся запалёныя язвы, якія нясцерпна свярбелі.
Яшчэ ў порце Морсбі аўстралійцы нагледзеліся на няшчасных, замучаных хваробамі мясцовых жыхароў — калі ўжо самі новагвінейцы ў гэтым нясцерпным клімаце пакутавалі ад фрамбезіі, беры-беры і малярыі, ад запалення лёгкіх, хранічных скурных хвароб, ад хвароб печані і селязёнкі, на што тут было спадзявацца белым. Сустрэлі яны ў Морсбі і тых нямногіх, хто ўцалеў пасля бітвы пры Кокадзе — гэта былі ахвяры не так японцаў, як самой Новай Гвінеі, жывыя шкілеты, усе ў больках, замучаныя спёкаю і трызненнем. На вышыні дзевяці тысяч футаў, дзе лёгкая трапічная форма не ахоўвала ад пранізлівага холаду, пнеўманія забрала ў дзесяць разоў болей жыццяў, чым японскія кулі і снарады. У таямнічых нетрах, дзе ўночы ледзь не свяцілі прывідным фасфарычным святлом дзіўныя грыбы, дзе трэба было караскацца па стромах, па слізкай, ліпкай гразі, а пад нагамі запляталіся і блыталіся, выпаўзаючы з зямлі, вузлаватыя карані і нельга было ні на імгненне падняць галавы, кожны станавіўся добраю мішэнню варожаму снайперу. I праўда, гэта было зусім непадобна на Паўночную Афрыку, і Дзевятая дывізія ані не шкадавала, што заставалася і вытрымала дзве бітвы за Эль-Аламейн — затое ёй не давялося прайсці шлях на Кокаду.
Горад Лаэ размешчаны на прыбярэжнай лясістай раўніне, далёка ад пасярэдняй гарыстай часткі вострава, якая падымаецца на адзінаццаць тысяч футаў над узроўнем мора, і мясціны гэтыя намнога зручнейшыя для ваенных дзеянняў, чым Кокада. У горадзе ўсяго некалькі еўрапейскіх дамоў, заправачная станцыя ды мешаніна туземных хацін. Японцы і тут, як заўсёды, біліся храбра, але іх было мала. Новая Гвінея змардавала і выматала іх не меней, чым іх праціўнікаў аўстралійцаў, і яны таксама пакутавалі ад усялякіх хвароб. У Паўночнай Афрыцы ваявалі пры падтрымцы магутнай артылерыі і ўсемагчымай тэхнікі, і дзіўна здалося, што тут, на Новай Гвінеі, няма ні мінамётаў, ні палявых гармат, толькі кулямёты ды вінтоўкі з заўсёды прымкнутымі штыкамі. Джымсу і Пэтсі нават падабаўся рукапашны бой, падабалася ісці на праціўніка плячо ў плячо, аберагаючы адзін аднаго. Але, што і казаць, пасля бітваў з нямецкім Афрыканскім корпусам усё гэта мела жахлівы выгляд. Жаўтаскурыя варожыя салдаты — дробныя, шчуплыя, траха не ўсе ў акулярах і з вытырклымі, як у вавёркі, зубамі. Hi хараства, ні выпраўкі, не тое што бравыя Ромелевы ваякі.
Праз два тыдні пасля таго, як Дзевятая дывізія высадзілася ў Лаэ, японцаў на востраве не засталося. Дзень новагвінейскай вясны выдаўся слаўны. Вільготнасць паменшылася на дваццаць працэнтаў, бялявае, як бы зацягнутае пялёнкаю пары неба раптам паблакітнела, і заззяла сонца, і водная роўнядзь за горадам стала пералівацца яркімі фарбамі — зялёнаю, ліловаю, бэзаваю. Дысцыпліна трымалася не так строга, быццам усім адразу далі звальненне і можна гуляць у крыкет, хадзіць дзе ўздумаецца і жартаваць з мясцовымі жыхарамі — тыя, смеючыся, паказвалі чырвоныя бяззубыя дзясны, сапсаваныя вечным жаваннем бетэлю. Джымс і Пэтсі пайшлі блукаць за горадам, у высокай траве, яна ім напамінала Драгеду — такая самая залацістая, быццам выцвілая, і такая самая высокая, быццам у Драгедзе пасля доўгіх дажджоў.
— Цяпер мы ўжо хутка будзем дома, — сказаў Джымс. — Япончыкаў аддубасілі, фрыцаў таксама. Вернемся дадому, Пэтсі, дадому, у Драгеду! Каб хоць хутчэй, праўда?
— Ага, — сказаў Пэтсі.
Яны ішлі плячо ў плячо, шчытней, чым звычайна ідуць мужчыны, і часам дакраналіся адзін да аднаго — несвядома, як чалавек памацае мясціну, якая раптам засвярбела, або праверыць, ці зажыла драпіна. Так добра, калі ў твар табе свеціць сапраўднае яркае сонца, а не нейкі цьмяны шар, быццам у парылцы ў турэцкай лазні! Зноў і зноў блізняты задзіралі галовы, жмурыліся на сонца, раздзімалі ноздры, удыхаючы духмянасць разагрэтых траў, якія нагадвалі Драгеду, і ім здавалася, што яны ўжо там, дома, у паўдзённую спёку ідуць прылегчы ў цяні вілгі, перачакаць самае пекла, пачытаць кніжку, падрамаць. Перакоцішся з боку на бок, адчуеш усёю скураю мілую, прыязную зямлю і пачуеш — недзе ў яе глыбіні нібыта б’ецца магутнае сэрца, так чуе мацерына сэрца заснулае дзіця...
— Джымс, глядзі! Паласацік! Самы сапраўдны, драгедскі! — У Пэтсі ад здзіўлення нават язык развязаўся.
Можа, зусім не дзіва, што паласатыя папугаі водзяцца і вакол Лаэ, але вельмі ўжо шчаслівы выдаўся дзень, вельмі нечаканы быў гэты напамінак пра радзіму, — і Пэтсі апанавала вялікая радасць. Ён разрагатаўся і, з асалодаю адчуваючы, як высокая трава казыча голыя калені, сарваў з галавы зношаны шыракаполы капялюш і кінуўся наўздагон за птушкаю, быццам і праўда спадзяваўся злавіць яе капелюшом, як матылька. Джымс стаяў і з усмешкаю глядзеў на брата.
Пэтсі адбегся ярдаў на дваццаць, і тут трава вакол яго ўзляцела ашмоццем, зрэзаная кулямётнаю чаргою; Джымс бачыў — брат крута павярнуўся на адным месцы, ускінуў рукі ў неба, быццам молячы. Ад пояса да каленяў ён заліўся яркаю чырвонаю крывёю.
— Пэтсі, Пэтсі! — адчайна закрычаў Джымс.
Кожнаю клетачкаю цела ён у сабе адчуў кулі, якія скасілі брата, — гэта ён сам страчвае жывую кроў, гэта ён памірае.
Ён ірвануўся — скокнуць, бегчы, але салдацкая вывучка напомніла пра асцярожнасць, ён з размаху распластаўся ў траве, і тут зноў застрачыў кулямёт.
— Пэтсі, Пэтсі, ты цэлы? — закрычаў ён як дурань, ён жа бачыў, колькі лінула крыві.
Ды вось дзіва — у адказ слаба данеслася:
— Ага.
I Джымс паволі папоўз у высокай духмянай траве, прыслухоўваючыся, як яна шастае на ветры, як шастае, расступаючыся перад ім.
Нарэшце ён дапоўз да Пэтсі, прыпаў галавою да яго голага пляча і заплакаў.
— Кінь, — сказаў Пэтсі. — Я яшчэ жывы.
— Вельмі блага? — папытаўся Джымс, увесь калоцячыся, сцягнуў з брата набрынялыя крывёю шорты і паглядзеў на акрываўленае цела.
— Ва ўсякім разе памерці я нібыта не памру.
З усіх бакоў падбеглі таварышы, тыя, што гулялі ў крыкет, не паспелі зняць накаленнікаў і пальчатак; нехта пабег назад па насілкі, астатнія моўчкі рынуліся ў канец прагаліны, на той кулямёт. З кулямётчыкам расправіліся бязлітасна — усе любілі маўчуна Харпа. Калі з ім будзе блага, Джымс таксама ніколі не акрыяе.
А дзень выдаўся такі слаўны, паласаты папугайчык даўно паляцеў, але іншыя птушкі чырыкалі і шчабяталі, іх прымушала змоўкнуць толькі страляніна.
— Твайму Пэтсі страшэнна пашанцавала, — трохі счакаўшы, сказаў Джымсу доктар, — У яго пацэліла з дзесятак куль, але амаль усе заселі ў мякаці ў сцёгнах. Дзве ці тры трапілі вышэй, але, мабыць, заселі ў тазавай косці ці ў мышцы. Наколькі магу цяпер меркаваць, ні кішак, ні мачавога пузыра не зачапіла. Вось толькі...
— Ну, што там? — нецярпліва перапыніў Джымс; яго ўсё яшчэ калаціла, ён быў бледны, аж сіні.
— Цяпер яшчэ цяжка сказаць напэўна, і я не такі геніяльны хірург, як некаторыя ў Морсбі. Тыя разбяруцца і скажуць табе. Справа ў тым, што пашкоджаны мачавы канал і дробныя нервы ў пахвіне. Безумоўна, яго можна залатаць і зацыраваць, будзе як новенькі, апрача гэтых самых нерваў. Іх, на жаль, не вельмі ўжо залатаеш. — Доктар адкашляўся. — Я што хачу сказаць, магчыма, ён назаўсёды застанецца полава неадчувальны.
Джымс апусціў галаву, слёзы заслалі яму вочы.
— Добра, што ён хоць застаўся жывы.
Ён атрымаў водпуск, каб ляцець з братам у порт Морсбі і заставацца пры ім, пакуль дактары не вырашаць, што Пэтсі ачуньвае. Раненне аказалася такое, што напраўду гэта можна было лічыць цудам. Кулі рассеяліся ўнізе жывата, але ні адна не прабіла брушыны. Аднак дывізійны доктар не памыліўся: вобласць таза стала амаль неадчувальная. I ніхто не мог прадбачыць, наколькі адчувальнасць адновіцца.