Архіепіскап Ральф паклаў ліхтарык на падлогу, падышоў, узяў салдата за падбародак, прыпадняў яму галаву, зазірнуў у цёмныя вочы, упоцемку яны здаваліся чорнымі.
— Што здарылася? — папытаўся ён па-нямецку і засмяяўся. — Ты гэтага не ведаеш, але я ўсё жыццё толькі тым і займаюся: пытаюся ў людзей, што з імі здарылася. I, да твайго ведама, праз гэта пытанне я некалі наклікаў на сябе нямала непрыемнасцей.
— Я прыйшоў памаліцца, — сказаў хлопец нізкім і глыбокім не па гадах голасам з выразным баварскім акцэнтам.
— I што ж, ты не паспеў выйсці і цябе тут зачынілі?
— Ага, але здарылася сёе-тое важнейшае.
Архіепіскап падняў з падлогі ліхтарык.
— Што ж, усю ноч табе тут заставацца нельга, а ключоў ад знадворных дзвярэй у мяне няма. Хадзем. — Ён накіраваўся назад да ўнутранай лесвіцы ў пакоі папы, прадаўжаючы мякка, ціха: — Я і сам прыйшоў сюды памаліцца. З ласкі твайго вярхоўнага камандавання дзень сёння выдаўся не з прыемных. Сюды, вось гэтак... Будзем спадзявацца, слугі найсвяцейшага папы не падумаюць, быццам мяне арыштавалі, і зразумеюць, што я вяду цябе, а не ты мяне.
Яшчэ мінут дзесяць яны ішлі моўчкі — па калідорах, у двор, цераз сад, зноў унутранымі пераходамі, уверх па лесвіцы; малады немец, відаць, зусім не імкнуўся збавіцца ад свайго спадарожніка, наадварот, туліўся да яго. Нарэшце архіепіскап адчыніў яшчэ адны дзверы, упусціў знайдыша ў маленькую гасцёўню, сціпла і бедна абстаўленую, павярнуў выключальнік і зачыніў дзверы.
Яны стаялі — і цяпер, пры яркім святле, адзін аднаго добра разгледзелі. Нямецкі салдат убачыў вельмі высокага чалавека з прыгожым тварам і праніклівымі сінімі вачыма; архіепіскап Ральф убачыў хлопчыка, якога ашуканствам прымусілі надзець салдацкую форму, якая наводзіць страх і жах на ўсю Еўропу. Праўда, гэта хлопчык — не болей яму за шаснаццаць. Сярэдняга росту, яшчэ па-хлапечы хударлявы, але даўгарукі, і па ўсім складзе відаць, з яго выйдзе моцны, дужы мужчына. Твар італьянскага тыпу, смуглявы, з высакароднымі рысамі, на рэдкасць прывабны; вялікія цёмна-карыя вочы, апушаныя доўгімі чорнымі вейкамі, пышная грыва чорных хвалістых валасоў. Выявілася, зусім ён не звычайны і не пасрэдны, нягледзячы на сваю звычайную салдацкую прафесію; і як ні хацелася цяпер дэ Брыкасару пагаварыць іменна з сярэднім, звычайным чалавекам, гэты хлопчык яго зацікавіў.
— Садзіся, — сказаў ён, падышоў да шафкі і дастаў пляшку марсалы. Наліў пакрысе ў дзве шклянкі, адну даў госцю, з другою апусціўся ў крэсла, сеў так, каб спакойна разглядаць гэты дзіўны твар. — Што ж, такія кепскія справы, што на фронт пасылаюць дзяцей? — папытаўся ён і закінуў нагу на нагу.
— He ведаю, — сказаў хлопчык. —Я з прытулку, так што мяне ўсё роўна хутка забралі б.
— Як цябе завуць, дружа?
— Ліан Мёрлінг Хартгейм, — горда адказаў хлопчык.
— Прыгожае імя, — сур’ёзна сказаў свяшчэннік.
— Прыгожае, праўда? Я сам яго сабе выбраў. У прытулку мяне звалі Ліан Шміт, а калі я пайшоў у армію, я назваўся іначай, мне заўсёды падабалася гэтае імя.
— Ты сірата?
— Манашкі мяне называлі «дзіця кахання».
Архіепіскап ледзь стрымаўся ад усмешкі; цяпер, калі спалох прайшоў, хлопчык трымаўся з незвычайнаю годнасцю і самавалоданнем. Але чаму ён перад гэтым так спалохаўся? Ведама, не таму, што апынуўся замкнёны ў саборы і што яго там засталі.
— Чаму ты перад гэтым так спалохаўся, Ліан?
Хлопчык асцярожна адпіў віна, і твар яго асвяціўся задавальненнем.
— Добра, салодкае. — Ён сеў зручней. — Мне хацелася паглядзець храм святога Пятра, манашкі многа пра яго расказвалі нам і фатаграфіі паказвалі. I калі нас паслалі ў Рым, я абрадаваўся. Мы прыехалі сёння раніцаю. I я адразу сюды пайшоў, як толькі змог вырвацца. — Бровы ў яго ссунуліся. — Толькі ўсё выйшла не гэтак. Я думаў, прыйду ў самы галоўны храм і адчую, што гасподзь бог тут, зусім блізка. А сабор такі вялізны, пуста, холадна. Я зусім не адчуваў, што бог блізка.
Архіепіскап Ральф усміхнуўся.
— Я цябе разумею. Але, ці бачыш, сабор жа святога Пятра не царква. He такая, як іншыя цэрквы. Гэта галоўны рымскі храм. Помню, я сам не вельмі хутка да яго прывык.
Хлопчык кіўнуў, паказаўшы, што чуў, але чакаў не гэтых слоў.
— Я хацеў памаліцца па дзвюх рэчах, — сказаў ён.
— Па тым, што цябе палохае?
— Ага. Я думаў, у саборы святога Пятра мая малітва будзе пачутая.
— Чаго ж ты баішся, Ліан?
— Што мяне палічаць за яўрэя і што мой полк усё-такі пашлюць у Расію.
— Разумею. He дзіва, што табе страшна. А цябе напраўду могуць прыняць за яўрэя?
— Ды вы паглядзіце на мяне! — проста сказаў хлопчык. — Калі мяне запісвалі ў армію, сказалі, трэба будзе ўсё праверыць. Я не ведаю, ці могуць яны праверыць, але манашкі ў прытулку, можа, пра мяне што-небудзь такое ведаюць, а мне не гаварылі.
— Калі і ведаюць, дык нікому не скажуць, — супакоіў архіепіскап. — Яны зразумеюць, чаму ў іх пытаюцца.
— Вы праўда гэтак думаеце? Ой, каб даў бог!
— А цябе вельмі бянтэжыць, што ў тваіх жылах, можа, цячэ яўрэйская кроў?
— Якая ў мяне там кроў, гэта ўсё роўна. Я нарадзіўся немцам, вось што важна.
— Але ў вас на гэта глядзяць іначай, праўда?
— Праўда.
— А што наконт Расіі? Напэўна цяпер ужо няма чаго баяцца, што твой полк пашлюць у Расію. Вы ж у Рыме, зусім у другім баку.
— Сёння раніцаю я чуў, наш камандзір гаварыў, можа, нас усё-такі туды адправяць. Там справы ідуць не вельмі добра.
— Ты яшчэ дзіця, — рэзка сказаў архіепіскап Ральф. — Табе месца ў школе.
— Я ўсё роўна болей у школу не хадзіў бы, — з усмешкаю запярэчыў хлопчык. — Мне ўжо шаснаццаць, я цяпер працаваў бы. — Ён уздыхнуў. — А добра было б яшчэ пахадзіць у школу. Вучыцца — гэта вельмі важна.
Архіепіскап коратка засмяяўся, потым устаў і наліў сабе і хлопчыку яшчэ віна.
— He звяртай на мяне ўвагі, Ліан. Я гавару лухту. Проста розныя думкі прыходзяць у галаву. Гэта ў мяне такая гадзіна — на розныя думкі. Няўдаленькі з мяне гаспадар, га?
— He, вы нічога, — сказаў хлопчык.
— Добра. — Архіепіскап зноў сеў у крэсла. — Ну, дык растлумач, што ты за чалавек, Ліан Мёрлінг Хартгейм.
Дзіўная гордасць адбілася на амаль дзіцячым твары.
— Я немец і католік. Я хачу, каб Германія стала краінаю, дзе за нацыянальнасць і веру нікога не ўціскаюць, і калі я застануся жывы, я з усяе сілы буду гэтага дамагацца.
— Я буду маліцца за цябе — за тое, каб ты застаўся жывы і дасягнуў свае мэты.
— Праўда, будзеце маліцца? — сарамліва папытаўся хлопчык. — Проста за мяне, за Ліана Мёрлінга Хартгейма?
— Ведама. Па сутнасці, ты мяне сяму-таму навучыў. Што ў маёй дзейнасці тут я распараджаюся толькі адною зброяю — малітваю. Іншага прызначэння ў мяне няма.
— А вы хто? — папытаўся Ліан і сонна маргнуў, ад віна павекі ў яго пацяжэлі.
— Я — архіепіскап дэ Брыкасар.
— О-о! Я думаў, вы проста свяшчэннік.
— Я і ёсць проста свяшчэннік. I не болей.
— Давайце дамовімся! — раптам сказаў хлопчык, вочы ў яго бліснулі. — Вы за мяне маліцеся, ваша прападобнасць, а калі я буду жывы і дамагуся, чаго хачу, я вярнуся ў Рым, і вы ўбачыце, як памаглі вашы малітвы.
Сінія вочы ласкава яму ўсміхнуліся.
— Добра, дамовіліся. I калі ты вернешся, я скажу табе, што сталася з маімі малітвамі, на маю думку. — Архіепіскап падняўся. — Пасядзі тут, маленькі палітык. Я прынясу табе чаго-небудзь есці.
Яны прагаварылі да пары, калі званіцы і купалы пазалаціла світанне і зашумелі за акном галубіныя крылы. Тады архіепіскап, якому поўнае глыбокай пашаны захапленне давала сапраўднае задавальненне, правёў яго па залах папавага палаца і выпусціў у ранішнюю прахалоду. Ён гэтага не ведаў, але хлопчыку і сапраўды суджана было адправіцца ў Расію і павезці з сабою дзіўна радасны і суцяшальны ўспамін: што ёсць на свеце чалавек, які ў Рыме, у самым галоўным храме кожны дзень моліцца за яго — за Ліана Мёрлінга Хартгейма.
Пакуль Дзевятую дывізію падрыхтавалі да адпраўкі на Новую Гвінею, праціўніка там ужо паспелі разбіць ушчэнт. Было немалое расчараванне гэтага адборнага войска, найлепшага ва ўсёй гісторыі аўстралійскай арміі, заставалася толькі спадзявацца, што дывізія яшчэ заваюе сабе славу ў іншых баях, выбіваючы японцаў з Інданезіі. Пасля паражэння пры Гуадалканале ў японцаў не засталося надзеі захапіць Аўстралію. I, аднак, гэтак як і немцы, адступалі яны неахвотна, шалёна супраціўляліся. Усе іх рэзервы вычарпаліся, патрапаным арміям вельмі не хапала боепрыпасаў і папаўнення, і ўсё ж яны прымушалі аўстралійцаў і амерыканцаў дорага плаціць за кожную цалю адваяванай назад зямлі. Японцы пакінулі ўжо порт Буна, Гону, Саламаўа і адышлі па паўночным узбярэжжы да Лаэ і Фіншафена.