У саракавым і сорак першым усё большую трывогу выклікала Японія, асабліва пасля таго як Рузвельт і Чэрчыль пазбавілі яе нафты. Еўропа далёка, і, каб уварвацца ў Аўстралію, Гітлеру давялося б перакінуць свае войскі за дванаццаць тысяч міляў, а вось Японія — гэта Азія, частка Жоўтае. Небяспекі; нібыта маятнік, які няўхільна апускаецца, у апавяданні Эдгара По, навісае яна над багатым, пустынным, малалюдным калодзежам Аўстраліі. I ніхто ў Аўстраліі ані не здзівіўся, калі японцы напалі на Пірл-Харбар: усе даўно гэтага чакалі, не ў Пірл-Харбары — дык дзе-небудзь яшчэ. Раптам вайна падступілася ўшчыльную, не сёння-заўтра яна ўварвецца ў кожны двор. Аўстралію ад Японіі аддзяляе не акіян, паміж імі ляжаць толькі вялікія астравы і малыя моры.
На каляды 1941-га здаўся Ганконг, але ўжо Сінгапура японцы век не возьмуць, гаварылі аўстралійцы сабе на ўцеху. А потым прыйшла вестка пра высадку японцаў у Малаі і на Філіпінах; магутная ваенна-марская база ў ніжнім канцы Малайскага паўвострава трымала мора пад заўсёдным прыцэлам сваіх вялізных гармат, і флот яе стаяў напагатове. Але 8 лютага 1942-га японцы перасеклі вузкі Джахорскі праліў, высадзіліся ў паўночнай частцы вострава Сінгапур і падышлі да горада з тылу, дзе ўсе яго гарматы былі бездапаможныя. Сінгапур быў узяты нават без бою.
А потым — прыемная навіна! Усе аўстралійскія войскі з Паўночнай Афрыкі вяртаюцца на радзіму! Прэм’ер-міністр Кёрцін спакойна вытрымаў буру Чэрчылевага гневу і цвёрда заявіў, што аўстралійскія войскі павінны найперш абараняць сваю радзіму. Шостая і Сёмая Аўстралійскія дывізіі неадкладна пагрузіліся на караблі ў Александрыі; Дзевятая дывізія, якая пакуль што набіралася сілы ў Каіры пасля цяжкіх баёў пры Тобруку, павінна была адправіцца следам, калі прыбудуць яшчэ караблі. Фія ўсміхалася, Мэгі нястрымна радавалася. Джымс і Пэтсі вяртаюцца дадому!
Аднак яны не вярнуліся. Пакуль Дзевятая дывізія чакала транспартных суднаў, шалі зноў хіснуліся ў другі бок: Восьмая армія спехам адступала ад Бенгазі. I прэм’ер Чэрчыль заключыў пагадненне з прэм’ерам Кёрцінам. Дзевятая Аўстралійская дывізія застанецца ў Паўночнай Афрыцы, а ўзамен на абарону Аўстраліі морам прыбудзе адна амерыканская дывізія. Бедалаг салдатаў перакідалі сюды і туды, паводле рашэнняў, прынятых урадамі нават не іх, а чужых краін. Невялікая ўступка тут, невялікі выйгрыш там.
Але Аўстраліі гэта быў цяжкі ўдар, калі Англія вытрасла з гнязда на далёкаўсходнім краі Брытанскай імперыі зараз усіх куранят, няхай сабе нават Аўстралія — птушыны двор шчодры і шматабяцальны.
Вечар 23 кастрычніка 1942 года выдаўся на рэдкасць ціхі. Пэтсі трохі пасунуўся ў цемры і, як маленькі, прытуліўся галавою да братавага пляча. Джымс адною рукою абняў яго за плечы, і яны заціхлі, без слоў разумеючы адзін аднаго. Сяржант Боб Мэлай штурхнуў локцем радавога Кола Сцюарта.
— Парачка гомікаў, — сказаў ён з усмешкаю.
— Ідзі вон, — адазваўся Джымс.
— Ну, Харпа, скажы слоўца, — прамармытаў Кол.
Пэтсі адказаў звычайнаю сваёю анёльскаю ўсмешкаю, ледзь бачнаю ўпоцемках, і, разявіўшы рот, дакладна паказаў, як трубіць Харпа Маркс. З усіх бакоў за дзесятак крокаў зашыкалі на яго: на фронце трывожна, загадана не парушаць цішыні.
— Фу, чорт, чакаеш і чакаеш, мяне гэта даканае, — уздыхнуў Боб.
— А мяне даканае, што трэба маўчаць! — раптам крыкнуў Пэтсі.
— Заткніся, пудзіла гарохавае, а не дык я сам цябе даканаю! — хрыпла зароў Кол і пацягнуўся па вінтоўку з прымкнутым штыком.
— Цішэй вы! — данёсся моцны шэпт капітана. — Які дурань там разроўся?
— Гэта Пэтсі! — хорам адазваўся дзесятак галасоў.
Дружны бадзёры рогат пракаціўся над міннымі палямі і замёр, перабіты нямоцнаю, раз’юшанаю лаянкаю капітана. Сяржант Мэлай паглядзеў на гадзіннік: 21.40.
Восемсот восемдзесят дзве англійскія гарматы і гаўбіцы загаварылі разам. Неба гайданулася, зямля паднялася, успучылася і ўжо не супакойвалася, страляніна не сціхала ні на імгненне, грукат даводзіў да шаленства. Дарэмна было затыкаць вушы, аглушальны гром скаланаў пад табою зямлю і па касцях перадаваўся ў мазгі. Можна было толькі ўявіць, як усё гэта падзейнічала на войскі Ромеля ў акопах напроці. Звычайна ўдаецца распазнаць, якія і якога калібру страляюць гарматы, але сёння ўсе іх жалезныя глоткі грымелі адзіным дружным хорам, і не было яму канца.
Пустыню азарыла не святло дня, а, здаецца, полымя самога сонца; вялізную хмару пылу, якая ўвесь час разбухала, быццам клубы дыму, падкінутыя ўгору на тысячы футаў, праразалі ўспышкі разарваных снарадаў і мін, языкі полымя ўзляталі, калі ад трасення выбухалі сабраныя ў мностве на гэтай лапінцы зямлі боепрыпасы і гаручае. Усю сілу агню — гармат, гаўбіц, марцір — генерал Мантгомеры абрынуў на мінныя палі немцаў. I ўсё, што было ў распараджэнні генерала Мантгомеры, абрынулася на праціўніка з такою хуткасцю, з якою паспявалі зараджаць і страляць уваўрэлыя артылерысты; яны ўсоўвалі снарады ў ненажэрныя зяпы сваіх гармат спехам, ліхаманкава, быццам малыя пташкі, якія спрабуюць накарміць прагнае зязюляня; ствалы гармат награваліся, секунды паміж аддачаю і новым стрэлам станавіліся ўсё карацейшыя, артылерысты, нібы апантаныя, зараджалі і стралялі ўсё хутчэй і хутчэй. Як вар’яты, усё шалёней выконвалі яны той самы абрад служэння сваім гарматам.
Гэта было выдатна, дзівосна — вяршыня жыцця артылерыста, зноў і зноў ён будзе перажываць нанава гэтыя незабыўныя хвіліны, у сне і наяве, да канца астатніх яго мірных дзён. I заўсёды яго будзе мучыць жаданне зноў перажыць гэтыя пятнаццаць хвілін каля гармат генерала Мантгомеры.
Цішыня. Глыбокая, непарушная цішыня хвалямі прыбою стукнула ў нацягнутыя да адказу барабанныя перапонкі; цішыня нясцерпная. Роўна без пяці дзесяць. Дзевятая дывізія паднялася з акопаў і рушыла наперад, па нічыёй зямлі, хто на хаду прымкнуў штык, хто намацаў абойму — ці на месцы патроны, хто спусціў засцерагальнік, праверыў, ці ёсць вада ў біклажцы, НЗ, ці ў парадку гадзіннік, каска, ці добра зашнураваны чаравікі, ці далёка справа ці злева цягнуць кулямёт. У злавесным водбліску пажару і дачырвана распаленага, сплаўленага ў шкло пяску відаць усё выдатна; але хмара пылу яшчэ вісіць паміж імі і праціўнікам, і ім пакуль нічога не пагражае. Пакуль хвіліну. На самым краі міннага поля яны спыніліся ў чаканні.
Роўна дзесяць. Сяржант Мэлай паднёс да губ свісток, прарэзлівы свіст разнёсся па роце ад правага да левага фланга; і капітан выкрыкнуў каманду. На фронце шырынёю дзве мілі Дзевятая дывізія ступіла наперад, на мінныя палі, і ў яе за спінаю зноў разам зараўлі гарматы. Салдаты добра бачылі, куды ідуць, светла было, як днём, снарады гаўбіц, нацэленых на самую кароткую адлегласць, выбухалі толькі за некалькі ярдаў наперадзе. Кожныя тры мінуты прыцэл адсоўваўся яшчэ на сотню ярдаў, і трэба было прайсці гэтую сотню ярдаў і прасіць бога, каб пад нагамі пападаліся толькі процітанкавыя міны, а асколачныя, проціпяхотныя, ужо знішчыла артылерыя генерала Мантгомеры. Наперадзе чакалі яшчэ і немцы, і італьянцы, кулямётныя гнёзды, 50-міліметровыя гарматы і мінамёты. I здаралася — чалавек ступаў на цэлую асколачную міну, паспяваў убачыць ускінуты з пяску агонь, і адразу яго самога разрывала на шматкі.
Няма калі думаць, толькі паспявай перабягаць за агнявым валам, кожныя тры мінуты — сто ярдаў, ды маліся. Грукат, успышкі, пыл, дым, моташны, ажно расслабляе, жах. Мінным палям няма канца, ісці па іх яшчэ дзве, a то і тры мілі, і адступаць няма куды. Зрэдку, у лічаныя секунды зацішша паміж агнявымі валамі, гарачае паветра, поўнае пяску, праразаюць дзікія, пранізлівыя гукі валынкі, якія даносяцца здалёку: злева ад Дзевятай Аўстралійскай дывізіі ідзе па мінных палях Пяцьдзесят першая Горская, і пры кожным ротным камандзіру — свой валыншчык. Шатландскаму салдату няма на свеце музыкі прыемнейшай, чым заклік на бітву ражка, добрым сяброўскім прывітаннем гучыць яго песня і аўстралійцу. А вось італьянца і немца ён даводзіць да шаленства.
Бой цягнуўся дванаццаць дзён, а дванаццаць дзён — гэта вельмі доўгі бой. Напачатку Дзевятай дывізіі шанцавала — пры пераходзе па мінных палях і ў першыя дні наступлення па тэрыторыі Ромеля страты былі параўнальна невялікія.