Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Iскрыстыя, дыяментавыя драбочкi сняжынак плаўна апускалiся на сагнутую, шырокую, шынельную спiну Акопнiка.

— А як вы параiце, заяву ў партыю камунiстаў варта напiсаць зараз цi лепей пасля атакi? — навабранец паспрабаваў зазiрнуць у вочы Акопнiку, але не змог: той сядзеў, апусцiўшы доўгiя веi.

— Напiсаць можаш i зараз, — адказаў Акопнiк, не расплюшчыўшы вачэй, — толькi падаваць трэба пасля наступлення. Спачатку варта пару фашыстаў забiць, каб у партыю пайсцi з чыстым сумленнем.

Навабранец зрабiў глыбокi зацяг, i ўсмешка задавальнення зайграла на загарэлым блакiтнавокiм твары, якi пiкантна ўпрыгожвала маленькая ямiнка на круглым падбароддзi.

— Сапраўды, лепей напiшу пасля бою. Прыйду да вас, сяду, закуру i напiшу: залiчыце мяне ў шэрагi сапраўдных сяброў нацыянал-сацыялiстычнай рабочай партыi. — Зграбнае колца дыму паляцела ў цёплае чэрвеньскае паветра.

Акопнiк акуратна падкасаў рукавы форменнае кашулi i сказаў:

— Не хачу цябе вучыць, бо я не настаўнiк i не бацька, каб маралi начытваць, але ведай: перад атакаю не пi. На хмельную галаву памiраць лягчэй. Толькi нашто памiраць, калi ты не жыў зусiм? — Акопнiк выцягнуў са срэбнага партсiгара пругкую папяросу. — Мусульмане вунь зусiм не п’юць, а ваююць дай Бог цi дай Алах як. Хто iх разбярэ. Адно скажу — ваююць.

Навабранец зняў панаму i абцёр буйныя кроплi поту, якiя шчыльна абсыпалi бронзавы лоб.

Немаведама колькi дзён трывала пякельная гарачыня. Людзi звярэлi i вар’яцелi ад бясконцай, безнадзейнай i бессэнсоўнай пыльнай задухi. Над шарымi каменнымi гарамi разлiлося недасяжнае, сiняе, вiльготнае неба.

— Дым лепей пускаць не колцамi i клубочкамi, а струменьчыкам, пацiху i ў рукаво.

Навабранец затушыў недакурак аб падэшву запыленага чаравiка, закiнуў у рот белы прамакутнiчак жавальнай гумкi i спытаўся:

— Як вы думаеце, вайна хутка скончыцца?

— Наiўны...

— Чаму наiўны?

— А таму, што калi недавяркi возьмуць горад, дык мы ў партызаны пойдзем, у горы, у лясы, у пушчы, разгорнем тэрарыстычны рух. — Акопнiк строс попел на пругкi лiсток трыпутнiку.

— Дык вы лiчыце, што вайна не скончыцца?

— Каму як... А для мяне вайна не скончыцца нiколi. — Дагледжанымi, мацiцовымi, авальнымi пазногцямi Акопнiк пяшчотна правёў па сваёй добра выгаленай, гладзенькай, блакiтнай шчацэ.

У сонным люстэрку ляснога возера адбiвалiся вострыя вершалiны чорных елак, за якiмi павольна згасала сонца.

— А вы самi адкуць будзеце? — навабранец не сыходзiў, ён хацеў хоць неяк выказаць удзячнасць за падораную папяросу.

— Я? — Акопнiк сцепануў плячыма i зашпiлiў верхнi гузiк шыняля. — Я — тутэйшы.

11.06.1995

28 — Анёл-2

Шыфравальнiк праходзiў вайсковую службу ў горадзе Д.Служба была не вельмi цяжкая, але адказная. Шыфравальнiк выконваў загады з вялiкiм iмпэтам, а таму займеў права на дробныя прывiлеi. Ён мог сам сабе выпiсваць звальнiцельную i хадзiць у горад у любы час. Але Шыфравальнiк не злоўжываў прывiлеямi. Ён хадзiў у горад адзiн раз на тыдзень. Звычайна ён любiў пашпацыраваць па ўзбярэжжы рэчкi Р. суботнiм надвячоркам, калi большасць гараджан поркаюцца ў лапiку зямлi каля лецiшча. Вось у адзiн з такiх цёплых вечароў, калi Шыфравальнiк даядаў улюбёнае марожанае — пламбiр на палачцы, да яго падышоў сiвы, сярэдняга веку мужчына ў масiўных акулярах на храшчаватым носе. Шыфравальнiк не любiў выпадковых знаёмстваў, асаблiва пасля таго, як даў падпiску аб захаваннi дзяржаўных таямнiц. Ён вырашыў не адказваць на прывiтанне незнаёмаму чалавеку, пагатоў рот быў напоўнены марожаным. Толькi маўчанне салдата не засмуцiла гаваркога незнаёмца, якi ўпэўнена працягнуў распачаты маналог. У прыватнасцi, ён прапанаваў пайсцi на цiхую i ўтульную кватэру, дзе можна ў спакойнай абстаноўцы выпiць пляшку гарэлкi. Каб пераканаць негаваркога салдата ў сваёй шчырасцi, незнаёмец раскрыў стары партфель i паказаў бутэльку белай, якая ляжала на скрутку навюткай вяроўкi для сушкi бялiзны.

Пазней Шыфравальнiк не мог растлумачыць, чаму так лёгка пагадзiўся пайсцi на далёкую ўскраiну горада Д. за навязлiвым незнаёмцам.

Яны прыйшлi ў засмечаны двор трохпавярховага пасляваеннага дома, i мужчына прапанаваў салдату пачакаць каля пад’езда, пакуль ён падымецца ў кватэру i паглядзiць, цi не вярнулася часам жонка, якая разам з дзецьмi павiнна заначаваць на дачы. Але ўсялякае здараецца.

Стоячы ў двары, малады салдат убачыў, як у кватэры на трэцiм паверсе загарэлася святло: гэта незнаёмец даў знак, што можна, не баючыся, падымацца i заходзiць. Вось тады Шыфравальнiк i пачуў голас. Гэта быў прыемны барытон, якi вельмi ясна прамовiў, што пад скруткам вяроўкi ў партфелi ляжыць нож. Шыфравальнiк азiрнуўся на голас i ўбачыў невысокага чарнакрылага Анёла, якi iмгненна растаў у паветры. Анёл не сказаў, што сiвы мужчына збiраецца зарэзаць салдата, каб потым запiхваць пальцамi сваю халодную сперму ў левае вуха нябожчыка, размазваючы яе па казялку, мочцы i супрацьказялку. Анёл толькi паведамiў пра наяўнасць зброi ў скураным партфелi. Але гэтага было дастаткова, каб Шыфравальнiк уцёк з двара i хуценька вярнуўся ў вайсковую частку.

Гiсторыя з Анёлам не мела б анiякай каштоўнасцi, каб не пэўныя супадзеннi i акалiчнасцi. Па-першае, за лiтараю "Д" быў зашыфраваны горад Растоў, а за "Р" схавалася цэлая рэчка Дон. Па-другое, у Растове-на-Доне служыў шыфравальнiкам мой добры знаёмы географ, якi сапраўды быў запрошаны незнаёмым чалавекам у госцi. Вось так будучы настаўнiк прыродазнаўства i геаграфii меў выдатную магчымасць наведацца ў кватэру растоўскага Дракулы — спадара Чакацiлы. Таго самага, якi замардаваў паўсотнi чалавек, быў злоўлены, асуджаны i расстраляны.

Шыфравальнiк сапраўды вельмi блiзенька прайшоў ад жахлiвай смерцi, але ўменне пранiкаць у таямнiцы i разгадваць загадкi выратавала ягоную маладую душу, ну i цемнакрылы Анёл дапамог, безумоўна.

19.06.1995

29 — Сунiчнiк

Яшчэ ў ранiшнiм прыцемку вясковыя маладзiцы выбралiся ў ягады. Чэрвень стаяў цёплы, i сунiцы ўрадзiлi як нiколi. Дарогаю дзяўчаты дамовiлiся, што далёка не разыдуцца i ўвесь час будуць перагуквацца. Спярша маладыя галасы гучалi амаль не сцiхаючы, але хутка маладзiцам надакучыла гукаць, бо сакаўныя сунiцы самi прасiлiся на язык. А як ты гукнеш з поўным ротам?

Адна з дзяўчатак, найспрытнейшая, вырашыла пашукаць ягадныя мясцiны ў самай глыбiнi лесу. Наконт сунiц яна не памылiлася, на пагорках ягад была процьма. I хай не такiх буйных, як на ўскрайку, але затое саладзейшых i больш духмяных. Ягаднiца хуценька нашморгала паўнюткае пяцiлiтровае вядзерца i пашкадавала пра пакiнутае дома вялiкае вядро. Толькi шкадаванне хутка мiнулася, бо захацелася iншага, захацелася пахвалiцца перад сяброўкамi паўнюткiм вядзерцам. Дзяўчына гукнула. Сасоннiк азваўся адно рэхам. Маладзiца не баялася заблудзiцца, бо ведала лес з маленства. Яна лёгкай хадою крочыла праз залацiсты сасоннiк, калi раптам пачула гучнае "аву-у-у" яўна густога мужчынскага паходжання. Маладзiца спынiлася. Зусiм блiзка, каля невысокiх елачак, стаяў i пасмiхаўся ў пышныя пшанiчныя вусы станiсты мужчына з рудым чубам. Па зялёнай кашулi з чырвонымi гузiкамi ў незнаёмцу адразу пазнаваўся Сунiчнiк. Ён лагодна паглядаў на маладую прыгажуню сваiмi далiкатна-блакiтнымi, з лёгкiм адценнем драпежнасцi, вялiкiмi i хцiвымi, як у сiямскага ката, вачыма. Маладзiца сумелася, заўважыўшы, што Сунiчнiк у крылца носа ўставiў срэбную завушнiцу.

— Чаго ты пужаешся? Нiбыта я — раз’ятраны звяруга? — голас у Сунiчнiка быў нiзкi, грудны, але не хрыплаваты, як у курцоў, а мяккi, акторскi.

Такi голас выклiкае поўны давер, i вельмi прыдаецца дактарам, святарам i ўсiм тым, хто абавязаны суцяшаць прынiжаных i пакрыўджаных.

— Чалавек горшы за драпежнага звера, — пакпiла маладзiчка.

Яна вiдавочна адчула лёгкую сiмпатыю да Сунiчнiка.

19
{"b":"598919","o":1}