— Гэта вам, таварыш старшына, падаецца. Нiчым нашы рукi не пахнуць, ну хiба гаспадарскiм мылам крышачку тхне. — Практыканцiк павыкочваў з калькавага кулёчка зграбныя памiдорынкi.
— Не ведаю, як ад тваiх, а ад маiх пальцаў душок iдзе. Во, панюхай самыя кончыкi. — Участковы паставiў на стол дзве пляшкi пiва "Стары замак" i выцягнуў рукi.
Практыканцiк нахiлiў галаву i прынюхаўся спачатку да начальнiкавых, а потым i да сваiх пальцаў:
— Нiчым не пахнуць.
— А мне смярдзiць. — Участковы разлiў шумлiвы бурштын па шклянках.
— Кiньце выдумляць, таварыш старшына. У вас пазногцi кароткiя, да самага мяса абрэзаныя, пад iх, каб i хацела нешта ўбiцца, дык не ўваб’ецца, няма куды. — Практыканцiк укiнуў у рот памiдорынку.
— У мяне такое адчуванне, што скура набрыняла смуродам. — Участковы, зрабiўшы вялiкi глыток, абцёр пiўную пену з рудых натапыраных вусоў.
— Гэта ў галаве, у памяцi смурод застаўся, а ў сапраўднасцi яго няма. — Практыканцiк каўтаў пiва дробнымi глыточкамi.
Участковы, чвякаючы, жаваў канапку з каўбасою.
— I як вы, таварыш старшына, з такой уражлiвасцю столькi ў органах праслужылi? — яшчэ адна памiдорынка схавалася ў Практыканцiкавым роце.
— Смачны сыр. Мая жонка ведае, у якiх цётак сыры купляць. Я, дарэчы, страшэнна люблю сухi сыр пагрызцi з пiвам. — Участковы падлiў у шклянкi "Старога замка".
— Далiкатны вы занадта, таварыш старшына. — Практыканцiк выцягнуў запалкаю з зуба кавалачак мяса.
— Ну не загiнай, ну хiба рукi не смярдзелi? Далiкатнага знайшоў. Ты ж не будзеш казаць, што за тыдзень на гарачынi труп не пратухае. Гэтая ж старая зусiм аплыла, як васковая свечка. I трэба было ёй у прыбiральнi на унiтазе сканаць. Не каб у ложку, па-чалавечы. — Участковы праглынуў апошнi кавалачак салямi.
— Гэта для нас рознiца ёсць, дзе сканала, а ёй усё адно. — Практыканцiк паставiў на газету белую ад пены шклянку. Участковы падняўся i адвярнуўся ад стала, каб адчынiць фортку, а ў гэты момант Практыканцiк нахiлiўся над ягонай шклянкаю з недапiтым пiвам i плюнуў у пухкi шум. Плявок схаваўся ў пухiрчатых карунках. Участковы пусцiў дымны струмень у начную прахалоду.
— Ведаеце, таварыш старшына, я шчыра прызнаюся, — Практыканцiк падышоў да акна. — Пакрыўдзiўся я на вас. Ну чаму гэта я адзiн павiнен быў труп з унiтаза здымаць i на насiлкi класцi? Удвух мы б старую лёгенька паклалi на насiлкi. А так я ўвесь у гной перапэцкаўся.
— Ды кiнь ты гiдкае ўспамiнаць. Калi старая з насiлак ледзь не кульнулася ў калiдоры, хто яе падхапiў i ўтрымаў? Я! Прыбяры са стала. — Участковы шпурнуў папяросу ў акно, зачынiў фортку i дапiў пiва з пляўком.
19.04.1995
24 — Дамавiннiк
У маладой жанчыны памёр муж. Пахаванне зладзiлася найпрыстойнейшым чынам. На хаўтурах сабралася процьма народу. Труну замовiлi найлепшую, з усталяванай лядоўняю. Месца на Паўночных могiлках трапiлася ўдалае, непадалёк ад брамы, але цiхае, пад кустом белага бэзу.
Здаецца, што нябожчыку трэба? Памёр i памёр, ляжы спакойна пад духмянай квеценню. Дык не. Перакiнуўся той нябожчык у начнога бадзягу, Дамавiннiка.
Штоночы ён наведваў маладую ўдаву. Нiякай шкоды не рабiў, нiякай абразы не чынiў. Пастаiць у дзвярах моўчкi i сыходзiць пацiху. Толькi паўночныя адведкi не цешылi жанчыну, але што рабiць з начным бадзягам-нябожчыкам — прыдумаць не магла.
Нарэшце Дамавiннiк загаварыў:
— Любая мая жонка, я прыйшоў, каб забраць цябе з сабою. Так што памаленьку збiрайся ў дарогу.
Жанчына не на жарт перапужалася, толькi выгляду не паказала:
— Як загадаеш, мiлы мой муж, так i зраблю. Калi захочаш, каб у дамавiну з табою легла, дык лягу. Толькi падаруй мне на развiтанне з белым светам адзiн дзень.
Дамавiннiк пашкадаваў жанчыну i сышоў. А ў наступную ноч паабяцаў зноўку з’явiцца.
Удава чакала сабраная. Адзелася ў чыстае, найлепшае, святочнае, села на самы край венскага крэсла, паставiла на каленi маленечкi скураны чамаданчык i заплакала. Слёз, праўда, хапiла ненадоўга.
Калi з’явiўся Дамавiннiк, вочы ўдавы свяцiлiся яснасцю.
— Дарагая мая жонка, што за чамаданчык ты вырашыла ў магiлу ўзяць? — добразычлiва пацiкавiўся Дамавiннiк, калi яны шпарка крочылi пустэльнай вулiцаю ў накiрунку да Паўночных могiлак.
— Не настаў час адказваць табе, — паслухмяная жанчына апусцiла вочы.
Ён i яна перайшлi мост праз Свiслач i паднялiся ў цёмны скверык, дзе абмiнулi помнiк Максiму Багдановiчу i па лiпавай алеi прашыбавалi да брукаванага пляца перад Оперным тэатрам.
Смарагдавая лiстота вусцiшна перашэптвалася з блакiтнымi лiхтарамi.
Дамавiннiк з удавою прайшоў паўз доўгую лаўку, на якой атабарылiся чатыры накураныя i навяселеныя вiном дзявулi.
— Гэй-гэй, мужчына, куды дзяўчыну валачэш начной парою? — даўгарукая дзявуля ўскочыла i заступiла парачцы дарогу.
— Дамоў вяртаемся. — Дамавiннiк паспрабаваў быў абысцi даўгарукую.
Толькi тая зусiм не збiралася саступаць захопленую пазiцыю. Наадварот. Зграбны кулак рэзка ўзняўся i расквасiў, скрывiў i паламаў Дамавiннiкаў нос. Начны бадзяга сагнуўся, скурчыўся, схапiўся за твар, заматляў галавою i захрыпеў. На брук паляцелi чорныя крывяныя лахманы.
Другая — каратканогая — дзявуля падляцела да ахвяры i дакладна ўдарыла каленам у пахавiнне.
Удава заскавытала жаласна i па-дзiцячы, прысела на кукiшкi i закрыла твар брунатнай валiзкаю. Яна не хацела бачыць, як дзявулi здзекуюцца з Дамавiннiка.
Асаблiва жорстка прыкладалася трэцяя, кудлатая. Яна выцiнала бадзягу палкаю па плячах i патылiцы. Толькi чацвёртая, вiдавочна завадатарка, не брала ўдзелу ў экзекуцыях. Яна пацiху пасмоктвала з рыльца салодкi партугальскi партвейн.
Дамавiннiк курчыўся на бруку ў лужыне ўласнай крывi, размазваючы яе локцямi i каленямi па слiзкiх камянях.
Гвалт чынiўся доўга.
Даўгарукая схапiла Дамавiннiка за валасы i прыўзняла над брукам парваны твар.
— Будзеш ведаць, як жанчыну крыўдзiць, паскудзiна двухногая.
Дамавiннiк пусцiў з рота пушыстую слiну i заторгаўся ў канвульсiях.
— А можа, дадзiм яму похву панюхаць? — даўгарукая ўдарыла Дамавiннiка лобам аб камень.
Скура над пераноссем разышлася.
Каратканогая тым часам ускiнула спаднiцу, зняла майткi i раскiрэчылася над Дамавiннiкавым тварам.
— Лiжы! — кудлатая выцяла его вострым мыском чаравiка ў скабы.
Доўгiм высалапленым языком Дамавiннiк пачаў лашчыць дзявулiны генiталii.
— Ой, казытна! — каратканогая вышэй падабрала спаднiцу i пусцiла на разбiты твар струмень сiкуноў.
Ушчэнт згвалчаны i пашматаны Дамавiннiк паспрабаваў выкараскацца з-пад каратканогай, але не змог. Кудлатая схапiла яго за капшук i моцна тарганула. Ад болю Дамавiннiк змярцвеў.
— Ну як, задаволеная? — завадатарка падышла да ўдавы.
— Не ведаю. — Тая абцерла з лоба халодны пот. — Думаеш, ён болей не прыйдзе? Можа, яго ўтапiць...
— Добра, зараз утопiм. Толькi спачатку мы яму рыльца бутэлькi ў дупу ўставiм. Дзеўкi, працуйце. — Завадатарка кiнула бутэльку даўгарукай.
Кудлатая з каратканогай сарвалi з Дамавiннiка апранахi i рассунулi яму клубы, а даўгарукая дзявуля запiхнула ў дупу сваёй ахвяры тоўстае рыльца. На iмгненне да Дамавiннiка вярнулася свядомасць. Ён расплюшчыў вочы. Кудлатая з размаху апусцiла яму на скулу важкую палку. Дамавiннiк ачах. Ягонае раздрыпанае цела было падхопленае за рукi за ногi i вынесенае на ўзбярэжжа. Там Дамавiннiка звязалi парванымi на стужкi апранахамi i кiнулi з моста ў брудную i плыткую ваду, якой, мiж тым, было дастаткова, каб захлынуцца.
Спраўдзiўшы, што цела не ўсплыло, удава дастала са скураной валiзкi плацiнавыя завушнiцы, ланцужок з крыжыкам i пярсцёнак з турмалiнам, каб разлiчыцца з дзявулямi. Завадатарка прыняла каштоўнасцi i навостраным шылам працяла ўдаве скамянелае сэрца.
25.04.1995
25 — Тэхнiк