Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Начаваў я ў бацькоў, сказаўшы, што згубiў ключы. Ранiцай кватэра мая зiхцела, вылiзалi ўсё да бляску. I праветрылi. I смецце павыносiлi. Толькi ад успамiнаў не ўцячэш; як згадаю ногi ў жыжцы, млосна робiцца.

— Такiя ўспамiны трэба гарэлкаю запiваць, — сказаў доўгавалосы i пайшоў наведаць склад з трункамi.

Калi ён вярнуўся з пляшкаю "Крышталя-100", побач з цыбатым i сухарлявым стаяў задаволены, пэўна, ад удала праведзенага маркiтавання, Тэхнiк-iмянiннiк. Чацвёра мужчын усмак начаставалiся ружовай, падфарбаванай вiном, гарэлкаю.

06.05.1995

26 — Дачнiк

Дачнiк паклаў на стол заплечнiк i пачаў ладаваць паходны рыштунак. Нiкелiраваная сякера легла на самы спод, яе прыкрыў пачак нечытаных газет, на iх паставiлася пластыкавая бутэлька з газаю, паклалася квадратная бляшанка з прадуктамi: хлеб, соль, агурок, накроеная паляндвiца, цыбулiнка. Тэрмас з каваю i пляскатая бiклажка з каньяком былi перакладзеныя папяровымi сурвэткамi. Запальнiчка разам з цыгарэтамi схавалася ў накладной кiшэнi. Завязаўшы i зашпiлiўшы заплечнiк, Дачнiк выправiўся ў дарогу.

Ранiцай у панядзелак на чыгуначным вакзале народу шмат. Амаль усе пасажыры пасля выхадных вяртаюцца ў горад. А наш Дачнiк пакiдаў Мiнск. Вайсковы камуфляж зграбна сядзеў на ягоных шырокiх плячах. У стракатай плынi мiнакоў ён нагадваў драпежнага шчупака, якi няўмольна плыве супроць плынi. Выйшаўшы на пусты перон, ён закурыў. Сiнiя струменi дыму раз-пораз выляталi з наздраватага носа. Курыў ён няспешна, аддаючыся задавальненню ўсёй сваёй iстотаю, дарэшты, да самай дзюбкi пазногця на мезенцы.

Электрычка падышла хутка i, выпусцiўшы пасажыраў, назбiраных ад Барысава, пагрукатала ў накiрунку Маладзечна. Да станцыi "Зялёнае" Дачнiк ехаў у вагоне адзiн. Ён даволi абыякава глядзеў, як мяняецца за акном каларыстыка краявiдаў, як з шарай i цагельнай яна робiцца жухлавата-жоўтай, прыроднай i безнадзейна-кастрычнiцкай.

Пасля першых прымаразкаў станцыя выглядала блiскучай i чысцюткай, як зробленая за грошы фотакартка.

Паправiўшы рамянi заплечнiка, Дачнiк пайшоў праз прыстанцыйную вёсачку па пясчанай сцежцы. Ён абмiнуў пахiленыя ўказальнiкi з назовамi дзiцячых лагераў i зайшоў у халодны лес. Ясны, насцярожаны i вiльготны. Зямлю ўсцяж засцiлала лiсцё. Рудое, бурштынавае, брунатнае. Дачнiк удыхнуў на поўныя грудзi гаючага паветра, заглядзеўся на сiнiя вершалiны саборных елак i ледзь не наступiў на залатую вiтушку чалавечых экскрэментаў. Дачнiку давялося зноўку закурыць, каб, выпусцiўшы дым праз нос, перабiць водар прылагернага лесу.

Далей ён iшоў уздоўж сятчастага паркана, за якiм у рэдзенькiм сасоннiку непрыстойна бялелася доўгая прыбiральня. Абмiнуўшы вялiкi, на дванаццаць атрадаў, лагер, дарога выходзiла да крынiчнай рэчкi. Вузенькай, выпрастанай i ледзь жывой. Люстраной стужкаю яна ўпрыгожвала тарфяное поле. Перайшоўшы металёвы масток, Дачнiк зноўку заглыбiўся ў лясны спакой i выйшаў толькi каля дачнага гарадка. Дагледжанага, акуратнага i яркага. Крыху прайшоўшы вулiцаю, Дачнiк збочыў у тупiчок, дзе спынiўся каля ашаляванага вагонкаю чырвонага дома. На дзвярах непрыемна чарнеў гаражны замок.

Спачатку Дачнiк i не збiраўся валэндацца з важкiм замком. Думаў залезцi ў дом праз акно. Але, адчуўшы агiдную агрэсiўнасць, якую выпраменьваў навясны механiзм, Дачнiк не паленаваўся дастаць з заплечнiка сякеру i, б’ючы абухом, знесцi нахабны запор.

Апынуўшыся ў памяшканнi, ён прынюхаўся. Пахла нясвежым, прэлым, тлустым духам чалавечага жытла, якое цi не сягоння на золку пакiнулi гаспадары. Каб выветрыць саладжавы i прыкры водар, Дачнiк абышоў пакоi i дзынкна павысаджваў сякераю ледзь не ўсе шыбы. Скразнякi, проймы i скавышы радасна завiравалi, закруцiлiся, затанчылi ў дачных апартаментах i хутка павыносiлi на пругкiх хвастах жыллёвыя пахi. Выветрыўшы, выстудзiўшы i даследаваўшы памяшканне, яны крыху паспакайнелi i пачалi забаўляцца з фiранкамi ды шторамi, надзiмаючы iх, нiбыта ветразi, а потым скручваючы, быццам дзяржаўныя сцягi.

Тым часам Дачнiк расклаў на круглым стале прывезеныя далiкатэсы. Палуднаваў ён павольна. Раз-пораз Дачнiк закiдаў галаву, п’ючы каньяк з англiйскай бiклажкi. Дапiўшы каву, ён не стаў прыбiраць са стала нi цыбульнае лушпiнне, нi растоўчаную гурбачку солi, нi хлеб.

— Так заўсёды, — загаварыў Дачнiк да скразнякоў, скавышоў i проймаў. — Рассыпаная соль, сябры мае, прыводзiць да свары, а свара да бойкi, а бойка да гвалту. Толькi здаецца, што няма анiякай нагоды, каб зазлаваць, сварыцца i распачынаць вайну. А вось зiрнеш на рассыпаную соль, i само сабою з’явiцца неадольнае жаданне раскiдаць, растрыбушыць, знiшчыць гэтае ўбогае гняздо!

Дачнiк перакулiў белы круглы стол. Нагой ён ударыў па крэсле, якое, адляцеўшы ў кут, хруснула i ацiхла. Крыху супакоiўшыся, Дачнiк вытрас з заплечнiка пачак свежых газет, пакамечыў iх дый запхаў пад ложак. I газеты, i матрац, i падлогу вакол ложка ён добра-ткi пааблiваў газаю. Полымя, падхопленае скавышамi, проймамi i скразнякамi, шуганула лёгка, порстка i радасна. Доўгiя, вострыя, зыркiя языкi пачалi прагна лiзаць старэнькi насценны кiлiм з жоўтымi аленямi, што мiрна стаялi над ложкам.

Дачнiк сыходзiў з гарадка, не азiраючыся, спакойна, з пачуццём выкананага абавязку. У схуднелым заплечнiку ён зносiў сякеру i запальнiчку.

Крышку не дайшоўшы да станцыi, Дачнiк спынiўся. Ён вярнуўся ў лес, каб сякераю выкапаць ямку, ссунуць туды пацямнелую, але па-ранейшаму залатую вiтушку, засыпаць яе пяском, выцерцi аб мяккi мох лязо i схаваць зброю ў заплечнiк. I вось там, над пахаванай у зямлi непатрэбшчынай, наш Дачнiк пашкадаваў, што не прыдбаў зямлi, не пасадзiў сад i не збудаваў дом, якi так прыемна ўзяць i спалiць.

11.06.1995

27 — Акопнiк

Невядома ўжо колькi дзён iшоў дождж. Ён то iмжыў ледзь заўважным халодным пылам, то сыпаўся буйнымi важкiмi кроплямi, але не ацiхаў нi на хвiлiну.

Неба нiбыта сабралася назаўсёды злiцца з зямлёю.

На сподзе глыбокага акопа назбiралася калюжына, поўная рэдзенькага мулу. Пры самай калюзе, на пустых скрынях з-пад снарадаў, сядзеў сутулы Акопнiк у доўгiм шынялi з настаўленым каўняром. Ён курыў.

Коўзаючыся па раскiслай глебе, да акопаў падышоў стрыжаны навабранец.

— Дождж, — натапырыўшы заечыя губы, пачаў ён.

Акопнiк выкiнуў недапалак у брудную ваду.

— Можа пачастуеце папяроскаю? Да смерцi курыць хочацца. Я ўжо i сам не ведаю, калi апошнi раз тытунь нюхаў. — Бледны навабранец прысеў на кукiшкi.

— Знойдзем. — Акопнiк пашкроб чорнымi пазногцямi няголенае падбароддзе. — Спускайся ў акоп. А то рассеўся, як баба.

Навабранец нязграбна саскочыў у ямiну. Акопнiк выцягнуў з нагруднага капшука трафейны партсiгар i дастаў зграбную папяросу. Вастрадзюбае сiняе полымя хуценька зачырвонiла сухi тытунь.

— Салодкi. — Навабранец выхукнуў у марозную цямрэчу цнатлiвы клубочак дыму.

— Заўтра зранку немец пачне наступаць. — Акопнiк схаваў рукi ў кiшэнi. — Зямля прамерзла, i па ёй добра бегчы. Гэта ж не па мулу коўзацца. А так па халадку, па марозе, пасля стограмовiка самае тое ў атаку схадзiць.

— Няўжо заўтра пачнецца? — голас навабранца трымцеў.

— А колькi можна ў адных i тых жа акопах сядзець? Самы час бой распачынаць. Паглядзi, якая поўня ясная, якiя зоры. Усё вiдно, як на далонi. Час надышоў. Я кайзераўцаў ведаю. Спачатку яны газ пусцяць, каб нас прытруцiць i прыдушыць, а потым нацягнуць супрацьгазы i пабягуць штыхамi дабiваць.

— А нам што рабiць? — навабранец пры ўсiм сваiм страху курыў павольна i вельмi ашчадна.

— Чакаць. Надзець супрацьгаз i сядзець. Курыць у супрацьгазе не варта. У цябе, дарэчы, супрацьгаз ёсць?

— Ёсць! Канешне. Новенькi, пад мой памер, я сам падбiраў, каб сядзеў шчыльна, але i не цiснуў.

— Ну дык i праблем няма. Надзенеш супрацьгаз, пачакаеш, пакуль расейскiя свiннi ў атруце пазахлынаюцца, пазадыхаюцца, зойдуцца i, пачуўшы каманду, пабяжыш праз дым i запораш тых, каго не задушыў кашаль. Галоўнае, не трэба шкадаваць педыкулёзных салдат яго iмператарскай вялiкасцi, яны горшыя, чым тыя вошы. — Акопнiк плюнуў на тоўсты лёд калюжыны, што ртутна паблiскваў у месяцавым святле квадры.

18
{"b":"598919","o":1}