Литмир - Электронная Библиотека

Горад спiць.

...стаю на балконе (гэта ў сне), гляджу ў двор. Раптам наша, сто разоў бачаная, сметнiца пачынае спяваць: "I туды гара. I сюды гара. А за тымi крутымi гарамi нiчога няма..." Каты саскокваюць з кантэйнераў i ўцякаюць. Такое адчуванне, што ў чатыры ржавыя кантэйнеры схаваўся рок-гурт. Песня пачынае бiцца ў сцены. Яна робiцца аглушальнаю. Кожны акорд, як цвiк, забiваецца ў вуха. Пад скронню варушыцца пытанне. Чаму нiхто не прачынаецца? Хачу ўцячы з балкона, ды дзе там. Дзверы зачынены, i замест звычайных балконных дзвярэй бачу чырвоную, як адзiн з караблiкаў маёй душы, жалезную браму. Яе з першага погляду, як з другога i трэцяга, адчынiць немагчыма. "I туды гара. I сюды гара-а-а..." — равуць кантэйнеры... Гляджу долу. Ізноў незразумелае — знiклi балконы, якiя заўсёды былi пад нашым. Вокнаў няма. Адны сцены. "I туды сцяна, i сюды сцяна-а-а..." Пад чэрапам варушацца думкi. Дзе глупства, а дзе разумнае, адрознiць немагчыма. Сцяну трэба прабiваць! Але як, як прабiць? Калi яна ў кожным, калi сцены скрозь, нават ува мне, у маёй душы стаiць сцяна — бясконцая, шэрая, атынкаваная, шурпатая, халодная, няўежная... Адчуваю бездапаможнасць усялякай фiзiчнай сiлы. Рукi робяць абы-што. Яны ломяць адна адну, каб праз фiзiчную пакуту зварухнуць духоўную моц. А душа застаецца нерухомай, яна не слухаецца, яна проста слухае, а не чуе. Яна, перапалоханая бясконцасцю сцяны, маўчыць. Сцены пачынаюць хiстацца. Балкон трасе. Кантэйнеры адчыняюцца, з iх верне смецце. Яно ўздымаецца чатырохкутнымi пiлонамi, даходзiць да другога паверха. Пiлоны аб'ядноўваюцца крыж-накрыж у адну чатырохногую пачвару. З яе ў два бакi пачынаюць расцi шлангi ад асенiзатарскай машыны. Гэта ж "слон"! Мне — спакайней. У шлангу хрыпiць спачатку цiха, з-за какафонii, што яшчэ ўсё вiсiць над балконам: "Сцяна..." Гук пачынае мацнець. Апошняе "а" б'е каменем у маё вуха... "Слон" варушыцца. Перастаўляе адну нагу, грукае чобатам-кантэйнерам аб бетонны бардзюр. Яго хобат чапляе суседнi дом. Дом ператвараецца ў руiну, у друз. "Слон" праз пыл крочыць да мяне. Ён топча машыны, як бляшанкi. Запамiнаецца нумар адной з раструшчаных — 00-07 МІФ. Не ведаю толькi — нашто. Мусiць, для дакладнасцi. "Слон" б'е хобатам у мой дом. Балкон нахiляецца. Пералятаю праз парэнчы, прачынаюся...

У суседнiм пакоi б'е гадзiннiк: "Шшш-бум-на-а-а..." А мне яшчэ чуецца рэха сну: "Сцян-на-а-а..."

Устаю. Не снедаю. Бягу ў сквер. Ранiца сустракае мяне глыткамi халоднага паветра i тонкiм цэлафанам лёду на калюгах. Ранiца сонечная, без ветру. Прыбiральшчык сварыцца i шыбуе да "слана". Вярба, за якой хаваюся, глуха, ледзь чутна шапоча лiсцем, падобным да лiстоты з могiлкавых вянкоў, аблiтых парафiнам. Лаўлю сябе, што жую лiсток горкi i нясмачны. Калi ўважлiва сачу за iншымi, чамусьцi забываю сябе. I зусiм нечакана ўсведамляю, што нешта непатрэбнае раблю. Вось i цяпер гэты лiст з вярбы ем.

На беразе брудна-шэра-зялёнай рэчкi гараць карункi першага лёду. Лiстапад нясе рыдлёўку i венiк. Падыходзiць да "слана", дакурвае папяросу, кiдае недапалак у траву. I з усяго маху сячэ рыдлёўкай па зялёнай, блiскучай спiне "слана". Потым ад пярэдняй часткi адсякае галаву, кладзе яе на рыдлёўку, нясе да рэчкi. Кiдае як мага далей ад берага, за лёд. Вяртаецца, грузiць на рыдлёўку нагу i аеравы хобат, зноў накiроўваецца да рэчкi. За шэсць ходак ён топiць усяго "слана". Потым зграбае рэшткi дзёрну i ўтоптвае iх у сметнiцу. Свiшча i ўсмiхаецца, iдзе ў другi канец сквера пачынаць свой звычайны працоўны дзень. Выходжу з-за вярбы паглядзець на рэчку. Вада калышацца, а ў ёй варушацца водарасцi, пераблытаныя з iржавым дротам i iншымi рэшткамi маiх "сланоў". На белым лёдзе выразна чарнее след дворнiка. Крычу на ўвесь сквер, аж да трамвайных рэек: "Добрай ранiцы, Лiстапад!" — iду ў бок вучылiшча, пакiдаю скверу рэха сваiх крокаў.

Вечар. Раблю "слана" з карычневай балонневай курткi, якую знайшоў на будоўлi. Балонневы, зашмальцаваны каля кiшэняў, у кропельках вапны "слон" атрымлiваецца лепшы за iншых. Але i яго чакае жорсткi лёс — паплыць па рэчцы блiскучым пухiром. Пакiдаю "слана". Іду i разважаю. Хопiць, больш не буду рабiць "сланоў". Навошта замiнаць Лiстападу з яго надзвычайным бачаннем чысцiнi? Але стоп! Ён бачыць чысцiню ад трамвайных рэек i да цаглянай сцяны, i ўкладаецца яго бачанне ў восемдзесят рублёў зарплаты. А мой "слон" i паўкапейкi не каштуе. Нават "дзякуй" нiхто не сказаў...

У наступны вечар замест падмеценай, падрыхтаванай да працы пляцоўкi мяне сустракае "слон". I я раблю незразумелае. З падрыхтаванага дроту выгiнаю адмычку. Адчыняю дашчаную скрынку, у якой Лiстапад хавае iструменты. Бяру рыдлёўку i новы, якi не бачыў асфальту, венiк. Падыходжу да "слана" i адсякаю зялёную галаву. Кладу яе на рыдлёўку, нясу i кiдаю ў рэчку. Як гэта нi сумна, сплаўляю карычневы балонневы пухiр. Потым чыста прыбiраю сквер i закурваю. Думаецца пра Лiстапада, пра тое, што яму выпiшуць блакiтны бюлетэнь, якi аплацяць у бухгалтэрыi домакiраўнiцтва. Гэты бюлетэнь рана цi позна трапiць на сметнiцу, i нехта атрымае магчымасць зрабiць з яго караблiк.

Стаiць сонца.

Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"?

Ян i Янiна стаялi на прыпынку з надзеяй сесцi на апошнi трамвай. Яна ў кароткiх джынсах i чырвонай мужчынскай кашулi. На iм пасястая, чорная з белым, майка i таксама джынсы. На асфальтавым востраве прыпынку ўзвышаўся над чарападобнай сметнiцай лiхтарны слуп. У Янiны белыя красоўкi i рознакаляровыя гольфы — адзiн цёмна-жоўты, другi ярка-сiнi. У Яна на левым запясцi блiшчэў важкi гадзiннiк з шырокiм бранзалетам.

— Лiхтар нагадвае дрэва, — Ян парушыў цiшыню.

— Сапраўды... Толькi якое? — спытала Янiна.

— Знешне, калi слуп прымаць за ствол, ён падобны да сасны. А калi лямпу назваць яблыкам, атрымлiваецца, што лiхтар — яблыня.

— Лiхтар — гэта жалезная яблыня. Мне падабаецца.

У яе круглыя арлекiнскiя вочы з доўгiмi веямi, пафарбаванымi тушшу. У ягоных вачах стаiлася стома. На пялёстках жаночых пазногцяў ляжаў тонкi слой лiлейна-белага лаку. Вуглаваты профiль, акуратная стрыжка i высока паголеныя брытвай скронi рабiлi Янаў твар мужным.

— Калi сустрэнемся? — спытаў Ян.

— А калi ты хочаш, каб я прыйшла?

— Сягоння ў нас што, серада цi аўторак?

— Быў аўторак, а зараз серада.

— Аўторак, — ён сам сабе палiчыў днi. — Можна ў пятнiцу.

— Пятнiца далёка.

— Давай у чацвер.

— У чацвер я са сваiм iду ў госцi.

— Тады застаецца заўтра, бо ў суботу i нядзелю еду за горад, а панядзелак вельмi далёка.

— Заўтра яно i сёння... А дзе i калi?

— Недзе пасля работы, гадзiн у сем, на гэтым прыпынку.

— У сем, на гэтым прыпынку, — паўтарыла яна i пагладзiла лiхтарны слуп.

— Кожнага разу на развiтанне мы гаворым адны i тыя словы. А нашто?

— Не трэба пытаць — нашто. Мы ўсё роўна не знойдзем адказу.

Ён паглядзеў на гадзiннiк i сказаў:

— Палова другой. Ужо паўтары гадзiны, як серада.

— Серада, — паўтарыла яна цiхiм адсутным голасам.

Янiна злавiла пушынку i пачала разглядаць.

* * *

Яны пазнаёмiлiся ў батанiчным садзе. Стаяла спёка. Янiна з мужам глядзелi, як садоўнiк палiвае кветкi. Садоўнiк палiваў стомленыя ад спёкi лiлеi, калi падышоў Ян з жонкай. Яны ўчацвярых глядзелi на аранжавую палiвачку i блакiтныя струменi вады. "Што можа быць прыгажэйшым за кветкi?" — сказаў тады Янiнiн муж. Ён так i сказаў, не спадзеючыся пачуць адказ. Ён звяртаўся хiба што да кветнiка i здзiвiўся, калi Янава жонка сказала, што прыгажэйшымi за кветкi могуць быць толькi нажнiцы садоўнiка. Усiм спадабаўся жарт. Толькi садоўнiк не пачуў жарту, ён не слухаў, яму было ўсё роўна, яму трэба было хутчэй палiць лiлеi, зацярушаныя гарачым гарадскiм пылам. Учацвярых яны пайшлi ў кавярню, бо iм спадабаўся жарт з нажнiцамi, i Янiнiн муж прапанаваў выпiць за садовыя нажнiцы i за лiлеi...

6
{"b":"598162","o":1}