Литмир - Электронная Библиотека

Слон

Іду па наждаку асфальту. Вулiца дыхае дымнаю гарачынёю гарадскога вечара. Камяк чырвонага сонца пагойдваецца ў шчылiне памiж гмахаў. Ужо месяц, як пасля заняткаў у мастацкiм вучылiшчы хаджу ў сквер, каб за шараю гадзiну зрабiць "слана". Гэтае стварэнне з дроту i ўсялякiх iншых "скарбаў", знойдзеных на сметнiцах, павiнна ўпрыгожваць сквер.

У шоргаце абцасаў чую пытанне: "Чаму робiш "слана"?" Адказ у мяне ёсць, але скончыцца ён не клiчнiкам, не кропкаю, а пытальнiкам. Чаму чалавек вядзе пруцiкам па штыкетнiку? Чаму падбiвае нагой парожнюю бляшанку? Чаму ён, стоячы каля вады, кiне ў яе камень, калi не паспее спытаць сябе, нашто я раблю гэта? Можа, ён слухае голас дрэў, якiя перад iм зараз не што iншае, як штыкецiны? Можа, у бразгатаннi бляшанкi ён чуе аркестравую медзь? Можа... Можа... А можа, i не?

Нясу кавалак запэцканага ў цэмент, падабранага на будоўлi руберойду. Заходжу ў двор шматпавярховага квартала. Трэба паглядзець, цi няма каля кантэйнераў са смеццем якога дроту. Увесь набытак склалi дзве спiнкi ад крэслаў. Наступны двор можна прамiнуць — там дбайны прыбiральшчык. Усё роўна заходжу.

На кантэйнерах тырчаць каты. У кожнага свой асобны кантэйнер. Наблiжаюся. Каты з лянотаю ў лапах саскокваюць i павольна адыходзяць з выглядам, быццам яны нiякага дачынення не маюць да бруду. З майго асабiстага назiрання — каты больш нагадваюць смецце, чым мой "слон". Дроту няма. Затое ёсць бляшанка з-пад кавы. Далей... Далей... Тры сметнiцы, i нiводнага падарунка лёсу. Нарэшце знайшоў iржавы сталёвы дрот. Намацваю ў кiшэнi абцугi. Дрот можна браць — абцугi не забыў. Каб алюмiнiевы цi медны, дык абцугi на халеру, а на сталёвы без iх нiяк нельга.

Людзi аглядаюцца, калi iду па праспекце, смяюцца. А калi праходжу па вузкiм, бяздрэўным, чырвона-чорна-шэрым завулку, яны палохаюцца, пераходзяць на другi бок, робяць выгляд, што не заўважаюць мяне.

Нарэшце сквер. Мой сквер, у якiм няма нiводнай заасфальтаванай сцежкi, гэтым ён мне i падабаецца. Сквер нагадвае кавалак кiнематаграфiчнай планеты, на якой павiнен жыць "слон". Да таго, як пачаць рабiць "слана", я маляваў на сценах "твар сонца", але малюнак не змывалi, не зафарбоўвалi, i таму кожнага разу трэба было шукаць новае сцяны. Абрыдлi мне пошукi. Якраз i трапiўся на творчай дарозе сквер. Сквер, адна назва, што гэта сквер. Колькi дзесяткаў дрэў, прыцiснутых з двух бакоў цагляным плотам да рэчкi, а з трэцяга вузкай вулкаю з бразгатам трамвайных колаў. Першае, што я стварыў у скверыку, дык напiсаў на чырвонай заводскай сцяне крэйдаю "Вова" i намаляваў "твар сонца"...

Складаю свой скарб на траву. Іду да рэчкi. Трэба надраць аеру, каб "слон" атрымаўся зялёны. Як i заўсёды, у адзiн чаравiк набраў вады. Чаму вады набiрае адзiн чаравiк? А мыю потым два? Чорт яго ведае. Ды i пляваць на чаравiк. Трэба хутчэй рабiць "слана".

Працую ўжо з паўгадзiны. Звязваю каркас з дроту i спiнак ад крэслаў, ляплю на яго дзёран, што надраў на беразе. Атрымлiваецца малавыразная цёмна-зялёная гурба, якая сiлуэтам нагадвае слана. Абкладаю "скульптуру" аерам. Атрымлiваецца гафрыраваны "слон", але затое сакавiта-зялёны. Застаецца зусiм драбяза — вушы i вочы зрабiць. Адна бляшанка фiрменная з-пад кавы, другая з-пад кiлькi, так што вочы будуць розныя. Прабiваю слановую галаву дубчыкам у тым месцы, дзе будуць вочы, абломваю канцы, каб з кожнага боку тырчала сантыметраў на пяць, i чапляю бляшанкi. "Слон" трохi лупаты, але гэта мяне не бянтэжыць. Малюю крэйдай на руберойдзе выкрайку, а потым нетаропка абрываю па контуры. Можна было б i выразаць, але мне падабаецца рваны контур вушэй. Так яны выглядаюць жывейшымi. Раблю з дубчыкаў штыры i прымацоўваю вушы. Ледзь не забываюся пра бiўнi. Выломваю каля рэчкi дзве арэхавыя галiны, абдзiраю iх, i свежыя "бiўнi" даканчваюць майго "слана" з хобатам i аеравым хвастом.

Задаволены тым, што праца скончана, мыю чаравiкi i рукi, саджуся на лаўку, так, каб было вiдаць "слана", i закурваю.

Наколькi ведаю свой горад — у iм жыве толькi адзiн слон, i той iснуе з дзевяцi гадзiн вечара да шасцi гадзiн ранiцы. Больш сланоў няма, а калi няма, то i не павiнна быць. Можа, iх наогул не павiнна быць? Не ведаю, не ведаю... Але ж карцiць рабiць гэтага "слана", i зраблю ў скверы каля бруднай рэчкi, дно якой заслана ржавымi гнутымi бляшанкамi. Чаму слон, а не леў цi конь? Таму, што слана рабiць лягчэй, i па хобаце i вялiкiх вушах лёгка пазнаць, што гэта менавiта слон, а не конь цi леў якi. А вось чаму з дзевяцi да шасцi, пытанне больш складанае...

Вось якраз i прычына iдзе гэтага абмежавання ў часе — прыбiральшчык. Гэта ружоватвары хлопец у джынсах i вельветавай кепцы. У яго вачах свецяцца два цьмяныя, нiбы скамечаныя, сонцы. Ён сварыцца на мяне, на "слана" i ўвесь белы свет. Яму блага, калi iдзе дождж, блага, калi дождж не iдзе i вецер нясе пыл i смецце на яго ўчастак. Яму блага, калi iдзе снег, блага, калi снег не iдзе, бо тады мусiць быць галалёд. Гэта прафесiйная сварка, з якой кожны сапраўдны дворнiк пачынае свой дзень, бо ён вымушаны разглядаць кожную з'яву прыроды як патэнцыяльнае смецце. Прыбiральшчык — змагар за чысцiню! На гэтым дворнiку чырвона-жоўтая клятчастая куртка, дзякуючы якой ён i атрымаў ад мяне мянушку Лiстапад.

"Слон" яму замiнае, не дае спакойна жыць. Лiстапад, пэўна, i не спiць праз майго "слана". Уяўляецца, як прыбiральшчык варочаецца на ложку, крэкча, змагаецца ў сне са "сланом". Той кiдаецца на яго, як Цмок на Івана-дурня. А Лiстапад, у адной руцэ з венiкам, у другой — з рыдлёўкаю, з астатнiх сiл адбiваецца. Але ў рэшце рэшт адсякае зялёную галаву Цмока-слана. Хiстаючыся, Лiстапад-Іван-дурань iдзе пад мост i кладзецца спаць у явар... Бач ты яго, перамог. Ура! Ура! Так што не буду цябе, браце Лiстапад, шкадаваць. Не буду прыслухоўвацца да нараканняў на "слана" i надвор'е. А заўтра зноў буду рабiць "слана" з доўгiм, як хобат, хвастом. Шкада, што прыбiральшчык iншай думкi на гэты конт. Кожную ранiцу ён знiшчае пачвару, нягледзячы, што яна з болем уваччу глядзiць на венiк.

Дакурваю цыгарэту, кiдаю недапалак у сметнiцу, падкрэслiваю любоў да чысцiнi. Устаю i накiроўваюся дадому. А, чорт, абцугi забыўся! Вяртаюся па абцугi. "Слон" на месцы, абцугi побач. Забiраю абцугi, кладу ў кiшэнь. Іду дадому. Заўсёды, калi пакiдаю "слана", думаю пра ноч, пра бясконцасць адчыненай прасторы, пра адзiноту, якая агортвае мяне... На хвалях адзiноты гойдаецца папяровым караблiкам душа. Такi малюнак душы мяне задавальняе — супакойвае. Папяровы караблiк, складзены з бела-белага, аж да блакiту чыстага, аркуша над цёмна-карычневай вадою i адсутнасць адлюстравання, адлюстравання душы. Гляджу ў неба i ад нечаканасцi спыняюся — нада мною плыве замест месяца белы-белы папяровы караблiк. Не, трэба змянiць малюнак душы. Караблiк павольна ператварыўся ў звычайную квадру.

Спачатку я змяняю свой белы караблiк на зялёны, потым на чырвоны на чорнай вадзе i ўрэшце спыняюся на чорным на чырвонай вадзе. А чаму караблiк? I ўяўленне мяняе яго на бляшанку, падобную да вока апошняга "слана". Думкi ўжо пакiдаюць гэтую тэму, як трапляецца такi вобраз: душа — гэта кропля вады. Толькi яна павернута сваiм цяжкiм бокам не да зямлi, а наадварот. Параўнанне душы з кропляю, што вострым канцом скiравана да цэнтра Зямлi, спыняе маю фантазiю. Успамiнаецца "слон". А якая ж у яго душа? Цi ёсць яна ў яго? Цi, можа, у нас адна на двух? Няўжо гэтая нязграбная пачвара з палкамi замест бiўняў i ёсць адлюстраванне майго духу?

Засынаю з думкаю, што заўтра будзе сонечна. Вось будзе сонца, i хоць ты стой, хоць падай — яно будзе. Якое? Гэтага не ведаю. Гэтага не ведае нiхто, акрамя самога заўтра. Засынаю, спадзяюся, што сонца будзе "слановым", бо згадваецца кантэйнер, з якога дастаю тоўсты, у палец, алюмiнiевы дрот, каб зрабiць заўтрашняе сонца "слановым".

5
{"b":"598162","o":1}