Литмир - Электронная Библиотека

Адам Глёбус

АДЗIНОТА НА СТАДЫЁНЕ

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Адзiнота на стадыёне — Мінск: 1989.

© Камунікат.org, 2012

Вова, Вова

У плане пакой квадратны. Вышыня сцяны роўная яе даўжынi. Акно i дзверы зачынены. У пакоi цёпла. Пахне шпалерным клеем. Падлога акуратна заслана абгортачнай папераю. На паперы, пасярэдзiне пакоя, стосам ляжаць стужкi шпалераў. Стужкi аднолькавай даўжынi. Сцены, з якiх знялi старыя шпалеры, падобныя да геаграфiчных картаў, а дзiркi ад цвiкоў — на абазначэннi населеных пунктаў. Аконная рама акрэслiвае чатыры фрагменты мiкрараённага краявiду. Аконная рама белая, як столь i дзверы. У адным з чатырох кутоў стаяць лескi, каля iх — табурэт. Калi куты пакоя злучыць па столi ўяўнымi дыяганалямi, якраз у кропку перакрыжавання ўбiты крук, на якiм вiсiць шкляны шараабрысны свяцiльнiк. Шар не гарыць. У пакоi светла. За акном дзень. На падваконнi ляжаць каўпакi ад дзвюх разетак i выключальнiка, адвёртка i шэсць вiнтоў. Шыбы запацяваюць, зацягваюцца мутнасцю. Кубiчная прастора адгароджана ад свету стандартным акном, пабеленай столлю, дашчанай падлогаю i гладкiмi дзвярыма.

У пакоi двое рабочых. Старэйшы мае пяцьдзесят гадоў. Маладзейшаму каля дваццацi пяцi. На абодвух цёмныя курткi, шырокiя порткi i грубыя чаравiкi з рантам. Вопратка i абутак у крапках мелу, фарбы i клею. У старэйшага двухдзённая шарая, што порах, шчацiна. Маладзейшы чыста паголены. На галовах у iх аднолькавыя берэты, раней чорныя, а зараз выцвiлыя, шарыя. Рабочыя працуюць моўчкi, добра ведаючы кожны свае абавязкi i магчымасцi. Старэйшы рабочы на некалькi сантыметраў меншы ростам за маладзейшага. Якi, як i напарнiк, мае незапамiнальную, звычайную, нiчым не адметную знешнасць. Усе рысы, жэсты, рухi, паводзiны гэтых рабочых маглi б належаць iншым, але на дадзены момант належаць iм.

Адна сцяна кубiчнага пакоя, сцяна, дзе рабочыя знялi каўпакi з разетак i выключальнiка, сцяна, у якой няма нi акна, нi дзвярэй, агульная з другiм пакоем двухпакаёвай кватэры.

Другi пакой мае iншы выгляд, процiлеглы выгляду першага пакоя. У плане другога ляжыць не квадрат, а прамакутнiк, складзены з двух квадратаў. Пакой мае два аднолькавыя акны. У iм пабеленая столь, новыя шпалеры i свежапафарбаваная, але ўжо два днi як сухая, падлога. Ён бiтма набiты мэбляю i рознымi неабходнымi i непатрэбнымi рэчамi, каб не замiналi рамантаваць астатняе памяшканне. У пакоi цяжка знайсцi i нават убачыць канкрэтную рэч. Усё стаiць i ляжыць без логiкi i парадку адно перад адным, адно на адным, адно за адным... Канты, вуглы, куты, рагi, плоскасцi, заглыбленнi, адтулiны, дзiркi, складкi, а не рэчы прадстаюць перад вачыма. Урачыстасць, парад, фэст, а ў рэшце рэшт — гармiдар рэчаiснасцi, матэрыi, быту i дабрабыту. Метал, шкло, дрэва, керамiка, папера, тканiна i шмат, шмат iншых матэрыялаў, з якiх утвараюцца iнтэр'еры, перамешваюцца, пераплятаюцца, перакрэслiваюць адзiн аднаму незалежнасць i адасобленасць. Жыллё трансфармуецца ў лабiрынт фактур i афарбовак.

На фоне трыумфу неабавязковых нацюрмортаў двое хлопцаў глядзяць тэлевiзар. Большаму, дванаццацiгадоваму, даручана глядзець меншага, шасцiгадовага. Меншаму наказана слухацца. Яны ўдвух сядзяць на адным крэсле, утаропiўшыся ў выпуклы экран. Большы з хлопцаў, яго клiчуць Вовам, уважлiва сочыць за падзеямi на тэлеэкране. Меншы, у яго iншае iмя, час ад часу паглядае на Вову. Гэтыя хлопцы — браты. Большы правай рукою абдымае меншага за плечы, каб той не з'ехаў з крэсла. Меншы, як i брат, маўчыць. Хлопцы падобныя, вельмi падобныя, можна было б сказаць, што гэта адзiн i той жа чалавек адначасова жыве ў розных узростах, каб не вочы. У меншага яны неаднолькавыя — правае па-славянску блакiтнае, а левае шарае. Вова мае цёмныя, ледзь не чорныя, азiяцкiя вочы. На тэлеэкране з каляровых нiтак плятуцца электравыявы.

* * *

У кубiчным пакоi працягваецца праца. Маладзейшы рабочы час ад часу ўзлазiць на лескi. Тады старэйшы намазвае клеем шпалерыну. Мужчыны ўважлiва правяраюць, каб арнаменты на папярэдне прыклеенай стужцы супалi з арнаментамi наступнай. Пакуль намазваецца чарговая стужка, маладзейшы паспявае пераставiць лескi на паўметра наперад. Старэйшы працуе няспешна ў знойдзеным i замацаваным за гады рытме. Усе аперацыi паўтараюцца i паўтараюцца без вiдавочных змен. Упэўненыя рукi маладзейшага разгладжваюць вiльготную паперу на даволi роўнай плоскасцi кватэрнай сцяны. Перад тым як пачаць намазваць стужку, старэйшы акуратна, каб не расплёхаць, размешвае клей у белым эмалiраваным тазе. У белым вiры круцiцца скажонае адлюстраванне пакоя з яркiм светлым акном.

— Асцярожна! Ты тут асцярожна, каля разеткi. Можа токам ляснуць. Чуеш? — папярэджвае старэйшы.

— Чую. Я i так асцярожна.

— Можа, выкруцiць пробкi? А?

— Не трэба. Я асцярожна. Малыя тэлевiзар глядзяць.

— Глядзi сам. Я папярэдзiў, — старэйшы намазвае чарговую стужку.

— Хопiць. Наступную не намазвай. Гэтую клеiм i — абедаем, — загадвае маладзейшы.

— Добра, амаль палову зрабiлi. А што, дарэчы, на абед? А?

— Грыбны суп, калдуны i кампот з яблыкаў.

— Няблага, як у рэстаране, нават кампот з яблыкаў.

— А я не люблю калдуны. I бульбу не люблю — нi смажаную, нi печанаю, нiякую. Мне лепш есцi хлеб, чым бульбу.

— Аддасi iх мне, я люблю ўсялякую бульбу, нават халодную замест хлеба.

— Не магу, не магу галодным працаваць. Ды ў ядзе я даўно перастаў разбiрацца. Ем усё, што даюць. Люблю не люблю, а ем.

— Мы шмат робiм таго, што не любiм. Ад гэтага нiкуды не падзенешся, — сцвярджае старэйшы рабочы.

— Не падзенешся, гэта то так, — згаджаецца маладзейшы.

У ванным пакоi ўсхвалявана лапочуць неадрэгуляваныя краны. Манатонна, з поўнай адсутнасцю тэмпераменту, мармыча гарачы. Парыпвае, мяняе танальнасцi, павiсквае халодны. Шумiць вертыкальны струмень.

— Скажы "р-р-рыба", — Вова звяртаецца да брата.

— Не хачу.

— Скажы.

— Ну, выба.

— Ужо лепш. Раней была фыба.

— Я навучуся. Пваўда?

— Канечне, навучышся. Абавязкова! — Вова ўстае з крэсла, гладзiць кароткападстрыжаную галаву брата i працягвае гаварыць: — I я раней гаварыў лыба замест рыба. I як сам бачыш, навучыўся.

— А як ты навучыўся? — меншы скiдвае Вовiну руку са сваёй галавы.

— Паўтараў, паўтараў розныя словы, дзе ёсць "р", i нiчога не атрымлiвалася. Лыба заставалася лыбаю. Я ўжо думаў, што нiколi не навучуся, што ўсё жыццё буду з лыбай жыць. Але не. На кухнi мацi пякла дранiкi, я падышоў i сказаў: "Мама, я хачу др-р-ранiк". I ўсё. I навучыўся. Заўсёды ёсць адно слова, з якога пачынаеш добра вымаўляць "р-р-р".

— Дв-в-ванiк! Дв-в-ванiк! Дванiк! — у вачах меншага брата з'яўляецца расчараванне.

— У кожнага гэтае слова сваё. У мяне быў дранiк. У цябе будзе iншае.

— Якое будзе ў мяне? Ты скажы мне яго.

— Я не ведаю, i нiхто не ведае. Толькi калi ты навучышся вымаўляць "р-р-р", тады даведаешся.

— А калi я навучуся?

— Хутка, табе ўжо шэсць гадоў. Хутка навучышся. Рабочыя ўжо есцi пайшлi, — Вова пераводзiць гутарку на iншую тэму.

— Ага, яны ядуць калдуны i п'юць кампот. Я хачу кампоту i калдуноў. А гвыбны суп я не буду.

— Спачатку глянем, што яны там зрабiлi.

— Пайшлi, толькi я выключу тэлевiзаў.

— Не трэба, хай думаюць, што мы гледзiмо.

— Тады я пвыбаўлю гуку, — меншы кранае рэгулятар. Дужэе джазавая мелодыя.

— Зрабi цiшэй. Чуеш?!

— Чаму?

— Бо не пачуем, як вернуцца рабочыя.

Меншы зноў кранае рэгулятар. Музыка цiшэе. Напружана i асцярожна, каб не пачулi з кухнi мужчыны, дзецi праходзяць калiдорам i зачыняюцца ў кубiчным пакоi. Вова бярэ з падваконня адвёртку. Меншы выбiрае адзiн з шасцi вiнтоў. Абклееныя светлымi шпалерамi сцены выдаюць большымi за неабклееныя, таму пакой мае скасабочаны выгляд — нiбыта ў плане яго ляжыць ромб, а не квадрат. Большы падсоўвае лескi блiжэй да сцяны. Меншы з хлопцаў цiкуе за братам, сцiскаючы ў кулаку тонкi вiнт. На запацелых шыбах вiльгаць збiраецца ў кроплi i выкладае на матавай мутнасцi льдзiстыя вяровачкi.

1
{"b":"598162","o":1}