Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Лепш менш аб гэтым думаць і старацца не глядзець у той бок, — сказаў Снайпер.

Масла піхнула сваю дурнаватую сяброўку.

Снайпер агледзеўся, а потым прысунуўся бліжэй да чацвярых субяседнікаў.

— Засталося каля пяці гадзін, — ціха прамовіў ён. — Я не ведаю, што нам рабіць, у кожную хвіліну можа здарыцца непрадказальнае.

— Дык што там здарылася на “лініі Краўса”? — спытаў Дзяніс.

— Яны зараз усе знаходзяцца ў стане шоку, іх таксама можна зразумець. Я пакуль не хачу адназначна нічога сцвярджаць, але мне здаецца купка вар’ятаў задумала вельмі небяспечную гульню.

— Можа, Коўшын? — выказала здагадку Масла.

— Ага, наш дырэктар, — мужыцкім голасам сказала Курва і дастала з кішэні жменьку семачак.

— Цішэй, у дадзены момант усё можа быць. Адзінае, што выходзіць за межы майго розуму, пытанне аб тым, хто б гэта не быў: з якой мэтай ён вытварае падобнае, навошта яму такая бесчалавечнасць?!

— Зачым-зачым… вядома зачым, яму то падзі… падабаюцца злачынствы, — прахрыпеў Дзяцел.

— Але хто гэта? — спытаў Дзяніс.

— Я спадзяюся, мы вельмі хутка пра гэта пазнаем, але не прыкладаючы ўласныя высілкі, хопіць непатрэбных ахвяр — мы ўcё ж не героі, — сказаў Снайпер.

Такая праўдзівасць выклікала да яго ва ўсіх прысутных непадзельную прыязнасць. Ніхто не хацеў рызыкаваць.

Калючая дрыготка прайшлася па ўсім целе Дзяніса, ні то ад холаду, ні то ад страху. З кожнай хвілінай ён адчуваў, як узмацнялася яго хваляванне, паглынаючы, засмоктваючы сваёй уладай яго ўражлівы розум. Дзяніс паспрабаваў параўнаць гэта пачуццё, калі досыць моцна смактала пад лыжачкай. Штосьці падобнае здаралася з ім ў дзяцінстве пры наведванні стаматолага, пры першай бойцы ў школе паміж класамі, калі сілы праціўніка значна пераўзыходзілі, пры адным выпадку, калі ў дзясятым класе ад яго заляцела сяброўка і трэба было рабіць вакуум. Але на гэты раз смактала мацней, магчыма, таму што гаворка ішла пра ўласнае жыццё. Каму хочацца паміраць у дваццаць гадоў, калі ўсё яшчэ наперадзе? І што самае жудаснае — паміраць пакутлівай смерцю.

— На ўсякі выпадак, — ціха сказаў Снайпер, — калі, не дай Божа, здарыцца яшчэ якая-небудзь анамалія, можна будзе схавацца ў прыбіральні, гэта, бадай, непрыемнае, але самае непрыступнае месца.

— Фу, — зморшчыла нос Курва.

— Чаму не, — ажывілася Масла, — я б адразу туды і пайшла; дзверы на шпінгалет і ніякая брыда не дастане.

— Але гэта потым, — заспакоіў яе Снайпер.

А людзі, прытульваючыся адзін да аднаго, сядзелі моўчкі, як зацкаваныя і турботна ўглядаліся ў цэх.

Сведкі апошняга злачынства сядзелі каля самага краю прахода. У агульнай сумятні большасць пра іх забыла, таму ніхто не лез да іх з дакучлівымі пытаннямі. Цяпер кожны клапаціўся аб сваім асабістым азадку. Падабраўшы момант, да Рупара, Ласуна і Гестапа падышоў Пазаліні і, прысеўшы на кукішкі, стрымана спытаў:

— Дык хто-небудзь з вас мне растлумачыць, што там здарылася?

Яны ўтрох пераглянуліся. Доўга вырашалі каму расказваць, урэшце загаварыў Ласун:

— Мы прыйшлі на “лінію Краўса”. Канвеер там таксама стаяў. Холадаў адразу пайшоў да галоўнага пульта, каб паспрабаваць уключыць. Аднак марна. Хлопцы з “лініі” пайшлі да рэфрыжэратараў правяраць там па сваёй частцы і зніклі. Потым мы пачулі дзіўныя грукі. Брыгадзір заскочыў на канвеер — адтуль было лепш відаць, што там адбываецца. І тут нечакана ўключыўся канвеер — самастойна, разумееш, хаця яны маглі яго наладзіць, не ведаю. Холадаў павярнуўся да нас і сказаў: “Парадак”. У гэты момант ён паслізнуўся на роўнай паверхні і яго разарвала на кавалкі ў нас на вачах… я не ведаю што гэта было… яго проста лінчавала паветра. Адно імгненне і ўсё.

— Лухта якая, — ажывіўся Грыша, што сядзеў непадалёк. — Гэтага не можа быць, вы проста здурэлі.

— Што ты сказаў? — гаркнуў збялелы Гестапа і яго вочы наліліся крывёй. — Трэба было ісці з намі і самому паглядзець, а лепей залезці на канвеер, каб цябе замест Холадава разам з тваім паганым языком разлупіла!

Грыша сцепануўся, хутка падняўся з месца і сышоў.

— Гэта праўда? — спытаў Пазаліні.

Рупар кіўнуў галавой.

— Вось дык чартаўшчына, — асеўшы на падлогу, сказаў Пазаліні. — Значыць атручанае паветра ірве людзей на кавалкі.

— Не. Маё меркаванне, што гэта робіць канвеер, — сказаў Рупар.

— Канвеер?

Тым часам Дзяніс заўважыў, як Грыша падышоў да Пазняка, які стаяў каля аўтамата з кавай разам з Чыпушылай і яшчэ дзвюма мужыкамі. Грыша аб нечым шапнуў яму на вуха і Пазняк змяніўся ў твары.

— Глядзі, яны нешта задумалі, — сказаў Дзяніс Снайперу.

— Не падабаецца мне гэтая кампанія, — прыгледзеўшыся да іх, сказаў ён.

На некаторае імгненне позіркі Пазняка і Снайпера сустрэліся. Вочы Пазняка былі выкананы пагардай.

— Трэба ўважліва за імі сачыць, — зацвердзіў Снайпер.

Непадалёк ад іх сядзела купка мужыкоў, сярод якіх выразна вылучаўся мужык з сіняком пад левым вокам. Мужыкі вялі размову аб надзвычайным здарэнні і да іх довадаў прыслухоўваліся і без таго запалоханыя жанчыны.

— Не можа таго быць, — не згаджаўся чорнавусы. — Што ты плявузгаеш?!

— Галаву на адсячэнне даю, — пырснуў слінай сінякасты, — так і было, далі Бог, яны яго разам пачыкалі.

— А навошта? — умяшалася да іх жанчына з бэзавымі валасамі.

— Добра, скажу так. Уявіце сабе трох сяброў і аднаго начальніка, які часцяком надакучваў ім, ну а яны, вядома, трывалі. Тут выдаецца зручны момант, скажам, кацёл на ліцейцы прарвала. Іх разам пасылаюць вырашыць праблему і тры сябрукі, без усялякіх сведак, забіваюць надакучлівага начальніка, а ўжо потым прыдумаць можна ўсё, што заўгодна.

— Холадаў камусьці з нас замінаў?

— Ды не аб нас гутарка!

— Глупствы гаворыш, — надзьмуў вусны чорнавусы.

Жанчыны пачалі насцярожана ўздыхаць і пераглядацца паміж сабой. Тая, што з бэзавымі валасамі задуменна заківала галавой, ці то згаджаючыся са здагадкамі сінякастага, ці то з чорнавусым.

У гэты момант Дзянісу скруціла страўнік і, папрасіўшы ў прысутных выбачэння, ён падхапіўся на ногі. Праходзячы каля працоўных, Дзяніс углядаўся ў спужаныя вочы, у вочы тых, хто працаваў на гэтым заводзе палову свайго жыцця, а цяпер не ведаў, што рабіць. Дзянісу стала прыкра. Праходзячы каля Пазаліні і трох ацалелых добраахвотнікаў, яму захацелася на хвіліну спыніцца і спытаць у іх аб здарэнні. Яны горача спрачаліся, але толькі ўбачыўшы Дзяніса, адразу замоўклі. Ён зразумеў, што яго прысутнасць была недарэчы і зайшоў у прыбіральню.

Зачыніўшы за сабой кабінку, ён падаслаў на вобад унітаза паперы, сеў і задумаўся. На дзверцы перад ім былі надрапаныя непрыстойныя словы, над імі хтосьці чорным маркерам напісаў прозвішча начальніка цэха Коўшына, надрапаныя словы надалі яму досыць неардынарныя характарыстыкі, закранаючы сэксуальную арыентацыю начальніка. Упершыню за гэтую ноч Дзяніс усміхнуўся.

Каля скрутка паперы ляжалі завадскія газеты. На адной з іх, на першай старонцы, вялікімі літарамі было напісана: “План перавыкананы ўдвая”. Гэты надпіс нагадаў Дзянісу “савок”, хаця свядома ён не памятаў таго часу, але, здавалася, нічога не змянілася. На фотаздымку ніжэй, каля адной з канвеерных ветак, стаяла ўсмешлівая жанчына. Ён змяў газету і выкінуў яе ў сметніцу.

Мыючы рукі ў ракавіне, Дзяніс уважліва паглядзеў на сябе ў люстэрка. Твар быў змарнелы. Ён намачыў яго халоднай вадой і, паглядзеўшыся зноў, рэзка адскочыў — у адлюстраванні яго выява сказілася да непазнавання, як быццам па ёй праехалі катком. Дзяніс асеў на падлогу і заплюшчыў вочы.

— Што ты робіш? — нечакана раздаўся голас Масла. Падняўшыся з сцюдзёнай падлогі, ён нічога ёй не адказаў і нерашуча паглядзеўся ў люстэрка. Пераканаўшыся, што яго твар вярнуўся ў зыходнае становішча, Дзяніс выключыў кран.

— А што ты тут робіш? — спытаў ён.

— У жаночай прыбіральні нікога няма, а я баюся заставацца адна, ты не пабудзеш тут крыху са мной, пакуль я зраблю свае справы, — далікатна прамовіла яна і Дзяніса ўзвар’явала яе какецтва.

29
{"b":"553491","o":1}