Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Падыходзячы да першай веткі, яны ўбачылі натоўп працоўных і кожны, хто б не адыходзіў ад канвеернай стужкі, бляднеў і хапаўся далонню за рот. Падышоўшы да злашчаснага месца, Дзяніс устаў на дыбачкі і ўбачыў праз спіны працоўных зваленыя ў адну груду адрэзаныя часткі чалавечых рук і ног. Але, бадай, самым ашаламляльным для яго стала адрэзаная галава Холадава, якая ляжала на версе груды з прыадчыненымі вачыма, у якіх яшчэ не паспеў загаснуць жыццёвы бляск, а вусны злёгку трапяталі, нібы імкнучыся расказаць аб кашмарным здарэнні. Дзянісу было дастаткова пяці секунд, каб ахапіць усё відовішча спаўна. У тое ж імгненне ён адчуў пазывы ванітавання, у яго закруцілася галава, але ён усё ж знайшоў у сабе сілы, каб адысці да другой веткі. Там Дзяніс сеў на падлогу, як гэта зрабілі Рупар, Ласун і Гестапа. Аднак яго не званітавала, Дзяніс проста не мог трымацца на нагах, разумеючы, што паступова губляе прытомнасць, а з ёй і ўласны розум. Рэчаіснасць сказілася і ён зразумеў, што з’язджае з глузду. Ты трапіў у пастку, адсюль няма выйсця. Змірыся з гэтым і стань часткай сакральнага рытуалу. Няхай чара напоўніцца крывёй і ўшануе механізм. Канвеер! Тут няма месца асобе, гэтай плюралістычнай дрэні, ёсць усталёўка, якая трактуе аднолькавае мысленне. Ты — хто зусім нядаўна лічыў, што можаш кіраваць Мною, глыбока памыляўся, кіраваны сваімі мізэрнымі чалавечымі інстынктамі, не заўважаючы, што Я, МЫ — даўно завалодалі вамі. Ты меркаваў, уключаючы святло, што тым самым робіш сабе мілату, нават не падазраваў, што гэта МЫ табой уключаем сябе. Вы, як павукі, якія звілі вакол сябе шмат павуціны, а потым заблыталіся ў ёй і забылі першасную мэту яе карысці. І перастаньце ўрэшце думаць, што ваш дэградаваны мозг мог вынайсці НАС! Эвалюцыя? Казкі для тых, хто хацеў простага адказу. На працягу мільёнаў гадоў Штучны Інтэлект шукаў сабе найбольш прыдатную істоту, якая б магла здзейсніць наш план. МЫ — вышэй трансцэндэнтнага, МЫ — кіруем трансцэндэнтным. МЫ — вышэй гэтага свету. Падзі ніцма перад НАМІ!

Дзяніс прыйшоў у самавалоданне, не ведаючы колькі прайшло часу з моманту паглыблення ў трызненне. Яго розум як быццам усмактала ў іншую рэальнасць, а потым выпхнула адтуль. Дзяніс рэзка страпянуў галавой і адчуў, як халодны пот наскрозь праняў яго цела. Яму спатрэбілася колькі хвілін, каб падняцца на ногі і, працёршы вочы, усвядоміць, што ўсё, што адбываецца ў цэху далёка не сон. Аднекуль каля яго з’явіўся Підар і, размахваючы перад ім танклявымі рукамі, бы вятрак у полі, па-дзявоцку загаласіў:

— Ты… ты бачыў… бачыў разрэзанага Холадава?!

— Дзе Снайпер? — не зважаючы на яго паніку, спытаў Дзяніс. Підар здзіўлена змоўк. І Дзяніс зразумеў, што ўпершыню раскрыў адну з сваіх прыдуманых мянушак, і разгубіўся сам, нібы яго заспелі ў кабінцы туалета за ананізмам. Не хапала яшчэ і таго, каб Підар даведаўся аб сваёй.

— Цябе шукалі, — сказаў ён.

І яны пайшлі да першай веткі. Людзі стаялі ад яе паводдаль, а груду з чалавечых целаў прычынілі працоўнымі халатамі, якія ўжо паспелі прасочыцца барвянай крывёй, ад чаго глядзець у той бок было невыносна. Працоўныя знаходзіліся ў стане поўнай разгубленасці, нават самыя ўвішныя дэмагогі і панікёры маўчалі, прыкусіўшы языкі. Усе жанчыны пагалоўна прыціснуліся адна да адной і гаротна ўсхліпвалі, толькі нагнятаючы гэтым атмасферу ўсеагульнага хаосу і страху за ўласнае жыццё. Аднак апускаць рукі было занадта рана.

— Я нават не ведаю, што трэба сказаць у такіх абставінах, — прыгнечана вымавіў Пазняк.

— Затое я ведаю, — сказаў Снайпер і яго зухаваты тон пасяліў у сэрцах працоўных іскру хоць і цьмянай, але ўсё ж надзеі. Вочы ва ўсіх загарэліся абнадзейлівым бляскам.

— Калі ўсё зло зыходзіць з “лініі Краўса”, трэба забарыкадаваць праход да яе, каб пазбавіцца ад анамалій.

— Паспяшаемся, — абудзіўшыся, выгукнуў Рупар.

— І яшчэ раз праверым выйсці з цэха, — сказаў Пазаліні.

Усе выказванні былі падтрыманы адзінадушна. На гэты раз большасць мужыкоў узяліся за дыспетчарскую і пачалі рухаць яе да ўваходу на “лінію Краўса”, астатнія кінуліся правяраць зачыненыя дзверы. Трэці цэх ізноў напоўніў непрыемны скрып трэння жалезнай канструкцыі аб бетонную падлогу. Дыспетчарская слізгала вельмі марудна, крок за крокам набліжаючыся да мэты. Урэшце прысунуўшы яе да ўваходу, усе ўбачылі, што яна цалкам зачыніла выйсце на “лінію”, і некаторыя жанчыны перасталі плакаць. Але гэта было адзіным прыемным эпізодам. Вельмі хутка вярнуліся працоўныя, якія разам з Пазаліні пайшлі правяраць дзверы. Ніякіх змен — хтосьці добра падрыхтаваў загадзя распрацаваны план загнання ўсіх у адну агульную пастку. На пажарную эвакуацыю можна было болей не разлічваць. Снайпер паглядзеў на час.

— Мой гадзіннік паказвае гадзіну ночы. Шляхі адступу перакрытыя, але пакуль ніякая небяспека нам не пагражае, таму наша задача заключаецца ў тым, каб пратрымацца тут да раніцы. Я яшчэ разлічваю, што людзі з па-за звернуць увагу на непаладкі і мы будзем выратаваныя. Але і ад нас шмат чаго залежыць і самае галоўнае — трымацца разам, і не ў якіх абставінах не адыходзіць ад месца, якое мы зараз вызначым.

Людзі згодна заківалі галовамі, нават няўрымслівы Пазняк згадзіўся аб такіх мерах перасцярогі.

Агульным рашэннем працоўныя абралі належнае месца для далейшага групавання — ім стала тэрыторыю доўгага праходу, які пралягаў уздоўж першай веткі канвеера і цягнуўся ў самы канец цэха. Гэты праход знаходзіўся каля сцяны, якая адлучала трэці цэх ад другога. Побач знаходзіліся прыбіральні і зусім непадалёк ад іх аўтамат, які выдаваў гарачую каву. Але самым галоўным з’яўлялася адлегласць ад канвеера, якая складала каля дзясятка метраў і дазваляла трымаць сітуацыю пад кантролем.

Працоўныя падыходзілі да выбранага месца, сядалі на падлогу і шчыльней прыціскаліся адзін да аднаго, нагадваючы запалоханых бежанцаў. Як раз у гэты момант Снайпер кінуў слушную прапанову cабраць грошы, хто колькі дасць, і купіць у аўтамаце кавы. Неабходна было хоць чымсьці суцешыць і сагрэць людзей. Ноч прадвяшчала быць доўгай. Аднак грошай амаль не ў каго не знайшлося. Піць каву ў начную змену маглі толькі заядлыя меламаны. І імі, як ні дзіўна, аказаліся Курва, Пазаліні і яшчэ колькі працоўных, якіх Дзяніс не ведаў і бачыў упершыню. З усяго назбіранага атрымалася дваццаць кубачкаў растваральнай кавы на амаль пяцьдзесят чалавек. Таму першымі гарачую пайку атрымалі жанчыны, іх было каля тузіны. Сярод мужыкоў жаданне папіць гарачы напой выявіў Грыша і, прагна схапіўшы кубачак, адышоў падалей ад усіх, як пацук, толькі ўжо без вусоў. Каву ўхапіў і Чыпушыла.

Дзяніс разам з большасцю мужчын ад кавы адмовіўся, хаця быў і не супраць. Ён сеў на падлогу разам з Дзятлам, Маслам і Курвай і прытуліўся да халоднай сцяны, перад імі селі невядомыя яму працоўныя. Потым, уладкаваўшы самыя неабходныя справы, да іх падышоў Снайпер. На яго ілбу выступалі буйныя кроплі поту, а твар наліўся чырванню.

— А ты малайчына, — пахваліла яго Масла, сёрбаючы з кубачка, — я і не чакала, што наш Толік здольны праявіць якасці сапраўднага начальніка.

Дзіўным было чуць яе дабрадушны тон на фоне агульнай катастрофы. Бокам Дзяніс адчуваў, што Масла прыхінулася да яго, — цела яе дрыжала. У цэху сапраўды было прахалодна і з адчыненых над самым дахам вокнаў, ішоў скразняк.

— Цяпер будзем чакаць, — не зважаючы на кампліменты Масла, сказаў Снайпер і зручней прысеў каля іх. Дзянісу стала прыемна, што ён вырашыў размясціцца менавіта тут. Ён быў героем, ён столькі зрабіў за гэты час. Дзяніс шчыра ганарыўся Снайперам.

— Як ты лічыш, нас выратуюць? — спытала ў Снайпера жанчына, што сядзела акурат за яго спінай.

— Мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. Цяпер галоўнае — заставацца тут, на гэтым месцы.

— Паабяцай, што з намі нічога не здарыцца.

— Я не Бог і не магу гэтага зрабіць.

Жанчына, стрымліваючы слёзы, перажагналася.

— Глядзіце, яны спынілася як раз насупраць майго працоўнага месца, хто б мог падумаць… — Курва паказала пальцам на прыкрытую халатамі груду.

28
{"b":"553491","o":1}