— Майго сябра Дзіка падмянілі, — з усмешкай уздыхнула Джаана, — гэта абсалютна зразумела. Калі я пазнаёмілася з ім, ён быў грубаваты. Але ўсё гэта дробязі… Ніхто не дапаможа маёй бядзе, і я стану лэдзі Шорбі.
— А ўсё-такі, — сказаў Дзік, — я паспрабую выйсці з дома. На манаха мала звяртаюць увагі, і калі я знайшоў добрую чараўніцу, якая прывяла мяне наверх, я магу знайсці і такую, якая спусціць мяне ўніз. Як звалі гэтага шпіёна?
— Прайдоха, — сказала юная лэдзі. — Вельмі справядлівая мянушка! Але што вы збіраецеся рабіць, утаймавальнік ільвоў? Што вы задумалі?
— Я паспрабую прайсці міма вартавых, — адказаў Дзік. — І калі хто-небудзь спыніць мяне, я спакойна скажу, што іду маліцца за Прайдоху. У царкве ўжо, верагодна, моляцца аб яго беднай душы.
— Выдумка не дужа хітрая, — сказала дзяўчына, — але можа сысці.
— Тут справа не ў выдумцы, а ў дзёрзкасці, — запярэчыў малады Шэлтан. — У цяжкую хвіліну дзёрзкасць лепш за ўсялякія хітрыкі.
— Ваша праўда, — сказала яна. — Добра, ідзіце, і няхай беражэ вас неба! Вы пакідаеце тут няшчасную дзяўчыну, якая кахае вас, а таксама другую, якая адносіцца да вас як да самага лепшага сябра. Помніце пра нас, будзьце асцярожнымі і не падвяргайце сябе небяспецы.
— Ідзі, Дзік, — сказала Джаана. — Хаця калі пойдзеш, ты будзеш усё роўна не ў меншай небяспецы, чым калі застанешся тут. Ідзі, ты забіраеш з сабой маё сэрца. Хай ратуюць цябе святыя!
Дзік прайшоў паўз першага вартавога з такім упэўненым выглядам, што той толькі здзіўлена глянуў на яго. Але на другой пляцоўцы воін перагарадзіў яму шлях дзідай, спытаў, як яго завуць і куды ён ідзе.
— Pax vobiscum, — адказаў Дзік. — Я іду памаліцца за душу беднага Прайдохі.
— Ахвотна веру, — адказаў вартавы, — але ісці аднаму не дазваляецца.
Ён перагнуўся цераз дубовыя поручні і пранізліва свіснуў.
— Да вас ідзе чалавек! — крыкнуў ён і дазволіў Дзіку прайсці.
У канцы лесвіцы стаяла варта і чакала яго прыходу. І калі вартавы яшчэ раз паўтарыў свае словы, начальнік варты загадаў чатыром воінам праводзіць яго да царквы.
— Не давайце яму выслізнуць, малайцы, — сказаў ён. — Завядзіце яго да сэра Олівера, калі вам жыццё дарагое!
Адчынілі дзверы. Двое воінаў узялі Дзіка пад рукі, трэці пайшоў наперадзе з факелам, а чацверты, трымаючы напагатове лук і стралу, замыкаў шэсце. У такім парадку яны прайшлі праз сад, праз шчыльную начную цемру і снегапад і падышлі да слаба асветленых вокнаў манастырскай царквы.
Ля заходняга партала стаяў пікет зацярушаных снегам стралкоў, якія хаваліся ад ветру пад аркай. Праваднікі Дзіка сказалі ім некалькі слоў, і толькі тады іх прапусцілі ў свяцілішча.
Царква была слаба асветлена васковымі свечкамі, якія гарэлі ў алтары, і дзвюма-трыма лямпамі, што віселі на скляпеністай столі перад магільнымі склепамі славутых сем'яў. Пасярод царквы, у труне, ляжаў мёртвы шпіён з набожна складзенымі рукамі.
Пад скляпеннямі чулася паспешлівае мармытанне вернікаў; на клірасе стаялі ўкленчаныя фігуры ў расах, а на прыступках высокага алтара свяшчэннік у рызе служыў абедню.
З прыходам новых людзей адзін з апранутых у расу мужчын падняўся на ногі і, сыходзячы з кліраса, спытаў у пярэдняга воіна, што прывяло іх у царкву. З павагі да службы і нябожчыка яны размаўлялі напаўголаса; але рэха велізарнага пустога будынка падхоплівала іх словы і глуха паўтарала ў бакавых прыдзелах.
— Манах! — сказаў сэр Олівер (гэта ж быў ён), выслухаўшы данясенне стралка. — Брат мой, я не чакаў вашага прыходу, — працягваў ён, паварочваючыся да маладога Шэлтана. — Хто вы? І па чыёй просьбе вы далучаеце свае малітвы да нашых?
Дзік, не здымаючы капюшона з твару, зрабіў сэру Оліверу знак адысці крыху ўбок ад стралкоў. І як толькі свяшчэннік адышоў, Дзік сказаў:
— Я не спадзяюся падмануць вас, сэр. Маё жыццё ў вашых руках.
Сэр Олівер уздрыгнуў, яго тоўстыя шчокі пабляднелі; ён доўга маўчаў.
— Рычард, — сказаў ён нарэшце, — я не ведаю, што прывяло цябе сюды; напэўна, што-небудзь благое. Але ў імя нашай ранейшай дружбы я цябе не выдам. Ты прасядзіш усю ноч на лаўцы побач са мною; ты прасядзіш са мною да таго часу, пакуль не павянчаюць мілорда Шорбі; калі ўсе вернуцца дамоў цэлымі і здаровымі, калі ты не задумваеш нічога кепскага, ты пойдзеш куды захочаш. Але калі ты прыйшоў сюды дзеля крыві, кроў гэтая ўпадзе на тваю галаву. Амін!
Свяшчэннік набожна перахрысціўся, павярнуўся і пакланіўся алтару.
Ён сказаў некалькі слоў салдатам, узяў Дзіка за руку, правёў яго на клірас і пасадзіў побач з сабою на лаўку. Малады чалавек дзеля прыстойнасці зараз жа апусціўся на калені і, здавалася, паглыбіўся ў малітву.
Але думкі і вочы яго блукалі па баках. Ён заўважыў, што трое воінаў, замест таго каб вярнуцца дамоў, спакойна расселіся ў бакавым прытворы; і ён сумняваўся, што яны засталіся тут па загадзе сэра Олівера. Такім чынам, ён апынуўся ў пастцы. Гэтую ноч ён правядзе ў царкве, сярод мігатлівых агеньчыкаў і прывідных ценяў, гледзячы на бледны твар забітага ім чалавека; а раніцай яго каханую ў яго на вачах павянчаюць з другім.
Але, нягледзячы на журботныя думкі, ён авалодаў сабою і цярпліва чакаў.
Раздзел IV
У манастырскай царкве
У манастырскай царкве горада Шорбі служба ішла не спыняючыся, усю ноч, то пад спяванне псалмоў, то пад бумканне звона.
За шпіёна Прайдоху маліліся старанна. Ён ляжаў так, як яго паклалі: мёртвыя рукі, скрыжаваныя на грудзях, мёртвыя вочы, скіраваныя ў столь. А побач, на лаўцы, юнак, які забіў яго, чакаў з вялікай трывогай надыходу раніцы.
Толькі аднойчы на працягу гэтых гадзін сэр Олівер павярнуўся да свайго палонніка.
— Рычард, — прашаптаў ён, — сын мой, калі ты задумаў прычыніць мне зло, я хачу запэўніць цябе, што ты загневаўся супраць невінаватага чалавека. Я сам прызнаю сябе грэшным перад нябёсамі, але перад табою я бязгрэшны.
— Бацька мой, — гэтак жа ціха адказаў Дзік, — верце мне: я нічога супраць вас не задумваю; аднак я не магу забыць, як нязграбна вы апраўдваліся.
— Чалавек можа здзейсніць злачынства незнарок, — адказаў свяшчэннік. — Чалавек можа быць аслеплены, можа выконваць чужую волю, не ведаючы, што робіць. Так было і са мной. Я завабіў твайго бацьку ў пастку. Але я не ведаў, што рабіў, і хай будзе мне сведкаю Бог, які бачыць нас з табою ў гэтым свяшчэнным месцы.
— Зусім верагодна, — адказаў Дзік. — Аднак паглядзіце, якую страшную павуціну вы сплялі; я адначасова і палоннік ваш і суддзя. Вы адначасова і пагражаеце мне смерцю і стараецеся ўміласцівіць мяне. Мне здаецца, калі б вы заўсёды былі сумленным чалавекам і добрым свяшчэннікам, вам не давялося б ні баяцца мяне, ні ненавідзець. А таму вярніцеся да сваіх малітваў. Я падпарадкоўваюся вам, таму што мне нічога іншага не застаецца; але я не жадаю абцяжарваць сябе вашай прысутнасцю.
Свяшчэннік апусціў галаву на рукі, быццам схіляючыся пад цяжарам гора, і ўздыхнуў так цяжка, што ледзь было не абудзіў у сэрцы юнака пачуццё, падобнае на спачуванне. Сэр Олівер болей не спяваў псалмоў. Дзік чуў толькі, як пастукваў ружанец у яго руках і як ён праз зубы мармытаў малітву.
Яшчэ крыху, і шэрае світанне пачало прабівацца ў вузкія вокны царквы; мігатлівыя агеньчыкі свечак пабялелі. Святло пакрысе рабілася ўсё ярчэй, і раптам праз вокны на паўднёва-ўсходнім баку царквы прарваліся ружовыя сонечныя промні і зайгралі на сценах. Бура скончылася; снежныя хмары сплылі, і новы зімовы дзень весела асвятліў пакрытую снегам зямлю.
Царкоўныя служкі замітусіліся; труну аднеслі ў трупярню, крывавыя плямы на плітах выцерлі, каб яны не азмрочвалі злавесным сваім выглядам вяселля лорда Шорбі. Твары духоўных асоб, такія самотныя ноччу, сталі весялейшымі, каб не сапсаваць сённяшнюю радасную цырымонію. Абвяшчаючы набліжэнне дня, у царкве з'явіліся набожныя прыхаджане. Яны падалі ніцма перад алтаром і чакалі сваёй чаргі на споведзь.
Пачалася мітусня, у час якой няцяжка было падмануць пільнасць вартавых сэра Дэніэла, што стаялі каля дзвярэй. Абводзячы царкву стомленым позіркам, Дзік спыніў яго на манаху, які аказаўся не кім іншым, як Уілам Лоўлесам.