Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

З цяжкім сэрцам спыніўся Дзік у мураваным калідоры. Няўжо ў гэты час, калі шчасце здрадзіла сэру Дэніэлу, калі ён абложаны лучнікамі «Чорнай стралы» і зацкаваны ўдачлівымі прыхільнікамі Йорка, Дзік таксама пойдзе супраць яго, супраць чалавека, які яго выняньчыў і выхаваў? Сэр Дэніэл строга яго караў, гэта праўда, але хіба ён не ахоўваў яго ад нягод ва ўсе дні яго малалецтва? Няўжо Дзік зможа падняць руку на свайго заступніка? Жорсткі абавязак — калі гэта і на самой справе яго абавязак!

«Дай Бог, каб ён аказаўся невінаватым», — думаў Дзік.

Пачуліся чыесьці крокі па каменных плітах падлогі, і сэр Олівер важна прайшоў па калідоры.

— Вы вельмі патрэбны аднаму чалавеку, — сказаў Дзік.

— Я акурат да яго накіроўваюся, добры Рычард, — адказаў свяшчэннік. — Бедны Картэр! Яму не дапамогуць ужо ніякія лекі.

— Яго душа пакутуе мацней за цела, — заўважыў Дзік.

— Ты яго бачыў? — спытаў сэр Олівер, прыкметна ўздрыгнуўшы.

— Я толькі што ад яго, — адказаў Дзік.

— Што ён сказаў? — з прагнай дапытлівасцю спытаў свяшчэннік.

— Ён толькі жаласліва клікаў вас, сэр Олівер. Вам лепей паспяшацца, таму што ён страшэнна пакутуе, — адказаў хлопчык.

— Я іду проста да яго, — сказаў свяшчэннік. — Усе мы грэшныя, і ўсе мы памром, добры Рычард.

— Але, сэр, і добра, калі перад смерцю нам ні ў чым не трэба будзе каяцца, — адказаў Дзік.

Свяшчэннік апусціў вочы і, прашаптаўшы благаславенне, паспешліва адышоўся.

«Ён таксама замешаны, — падумаў Дзік. — Ён, які навучыў мяне набожнасці! У якім жахлівым свеце я жыву, — усе людзі, якія выгадавалі і выхавалі мяне, вінаватыя ў смерці майго бацькі. Помста! Да чаго ж сумны мой лёс! Я вымушаны помсціць маім лепшым сябрам!»

Пры гэтай думцы ён згадаў Мэтчэма. Ён усміхнуўся, успомніўшы аб сваім дзіўным таварышы. Дзе Мэтчэм? З таго часу як яны разам зайшлі ў браму замка Мот, Мэтчэм знік; а Дзіку вельмі хацелася б пабалбатаць з ім.

Праз гадзіну пасля абедні, якую наспех адслужыў сэр Олівер, усе сустрэліся ў зале за абедам. Зала была доўгая і нізкая. Падлога яе была засланая зялёным чаротам, на сценах віселі габелены з выявамі лютых паляўнічых і крыважэрных гончых сабак, паўсюдна развешаны былі дзіды, лукі і шчыты; агонь палаў у велізарным каміне, уздоўж сцен стаялі пакрытыя дыванамі лаўкі, пасярод залы быў накрыты стол, багатая ежа чакала воінаў. Ні сэр Дэніэл, ні яго жонка сюды не з'явіліся. Нават сэр Олівер адсутнічаў. І ніводнага слова не было сказана пра Мэтчэма. Дзік пачаў турбавацца. Ён успомніў змрочныя прадчуванні свайго таварыша. Ці не здарылася з ім якой-небудзь бяды ў гэтым замку?

Пасля полудня ён сустрэў старую місіс Хэтч; яна спяшалася да мілэдзі Брэклі.

— Гудзі, — спытаў ён, — дзе майстар Мэтчэм? Я бачыў, як ты павяла яго, калі мы прыйшлі ў замак.

Старая гучна зарагатала.

— Ах, майстар Дзік, — сказала яна, — якія ў вас зоркія вочы!

— Але дзе ж ён? — настойліва пытаў Дзік.

— Вы ніколі яго больш не ўбачыце, — адказала яна. — Ніколі! І не спадзявайцеся.

— Я хачу ведаць, дзе ён, і я даведаюся, — сказаў Дзік. — Ён прыйшоў сюды не па добрай волі. Які я ні на ёсць, я яго абаронца і не дапушчу, каб з ім кепска абышліся. Занадта шмат тайнаў навокал. Гэтыя тайны мне абрыдлі!

Дзік не паспеў дагаварыць, як чыясьці цяжкая рука апусцілася яму на плячо. То была рука Бенета Хэтча, які непрыкметна падышоў ззаду. Кіўком вялікага пальца Бенет загадаў жонцы знікнуць.

— Дружа Дзік, — сказаў Хэтч, калі яны засталіся адны, — у вас, здаецца, з галавой не ў парадку. Чым варушыць тайны Тэнстолскага замка, вам бы лепш адправіцца прамой дарогай на дно салёнага мора. Вы пыталі ў мяне, вы прыставалі з роспытамі да Картэра, вы перапалохалі сваімі намёкамі нашага блазна — свяшчэнніка. Вы вядзеце сябе, як дурань. Калі вас пакліча да сябе сэр Дэніэл, будзьце разважлівым і з'явіцеся перад ім з ласкавым тварам. Ён наладзіць вам суровы допыт. Адказваючы яму, узважвайце кожнае сваё слова.

— Хэтч, — сказаў Дзік, — за ўсім гэтым я адчуваю нячыстае сумленне.

— Калі вы не станеце разумнейшым, вы хутка адчуеце пах крыві, — адказаў Бенет. — Я вас папярэдзіў! А вось ужо ідуць па вас.

І сапраўды, у гэтую самую хвіліну Дзіка паклікалі да сэра Дэніэла.

Раздзел II

Дзве клятвы

Сэр Дэніэл быў у зале; ён сярдзіта праходжваўся перад камінам, чакаючы Дзіка. Акрамя сэра Дэніэла, у зале знаходзіўся яшчэ сэр Олівер, які сціпла сядзеў у кутку, перагортваючы трэбнік і мармычучы малітвы.

— Вы мяне клікалі, сэр Дэніэл? — спытаў малады Шэлтан.

— Ага, я цябе клікаў, — адказаў рыцар. — Што гэта за чуткі дайшлі да маіх вушэй? Няўжо я так кепска апекаваў цябе, што ты перастаў мне давяраць? Ці, можа, ты хочаш перайсці на бок маіх ворагаў, таму што я пацярпеў няўдачу? Клянуся небам, ты не падобны на свайго бацьку! Бацька твой быў адданы сваім сябрам і ў добрую пагоду і ў слоту… А ты, Дзік, відаць, сябра толькі на пагодлівы дзень і цяпер шукаеш зручнага моманту пакінуць сваіх сяброў.

— Даруйце, сэр Дэніэл, але гэта не так, — цвёрда сказаў Дзік. — Я адданы і верны ўсім, каму абавязаны адданасцю і вернасцю. І перш чым пачаць іншую размову, я хачу падзякаваць вам і сэру Оліверу. Вы абодва больш за ўсіх маеце правоў на мяне. Я быў бы сабакам, калі б забыў аб гэтым.

— Гаварыць ты ўмееш, — сказаў сэр Дэніэл. І, раптоўна разлютаваўшыся, працягваў: — Удзячнасць і вернасць — гэта словы, Дзік Шэлтан. Мне патрэбны не словы, а справы. У гэты час, калі мне пагражае небяспека, калі імя маё заплямлена, калі землі мае канфіскаваны, калі лясы поўныя людзей, якія чакаюць маёй пагібелі, — дзе твая ўдзячнасць, дзе вернасць? У мяне застаўся маленькі атрад адданых людзей. А ты атручваеш ім сэрцы каварнымі нашэптваннямі. Гэта што — удзячнасць? Або вернасць? Збаў мяне ад такой удзячнасці! Але ж чаго ты хочаш! Кажы! Мы на ўсё гатовы даць табе адказ. Калі ты што-небудзь маеш супраць мяне, скажы аб гэтым шчыра.

— Сэр, — адказаў Дзік, — я быў немаўлём, калі загінуў мой бацька. Да майго слыху дайшло, што ён быў ганебна забіты. Да майго слыху дайшло, — я нічога не хачу ўтойваць, — што вы прымалі ўдзел у яго гібелі. І я павінен шчыра абвясціць вам, што не магу адчуваць сябе спакойным і не магу дапамагаць вам, пакуль не вырашу ўсіх сваіх сумненняў.

Сэр Дэніэл апусціўся на лаўку. Ён падпёр падбародак рукою і пільна глянуў Дзіку ў твар.

— І ты мяркуеш, што я здольны, забіўшы чалавека, зрабіцца апекуном яго сына? — спытаў ён.

— Даруйце мне, калі адказ мой будзе не зусім ветлівым, — сказаў Дзік. — Але ж вы выдатна ведаеце, што быць апекуном вельмі выгадна. Хіба ўсе гэтыя гады вы не карысталіся маімі даходамі і не кіравалі маімі людзьмі? Хіба вы не разлічваеце атрымаць грошы за мой будучы шлюб? Не ведаю, колькі вы за яго атрымаеце, але сякі-такі даход ён вам прынясе. Яшчэ раз прашу даравання, але, калі вы здольныя былі на такую подласць, як забойства чалавека, які даверыўся вам, чаму ж не ўявіць, што вы маглі здзейсніць і другую подласць, меншую, чым першая?

— У тваім узросце я не быў такім падазроным, — сурова сказаў Дэніэл. — А сэр Олівер, свяшчэннік, як ён мог аказацца вінаватым у такой справе?

— Сабака бяжыць туды, куды яму загадвае гаспадар, — сказаў Дзік. — Усім вядома, што гэты свяшчэннік — ваша паслухмяная прылада. Я, можа быць, гавару занадта вольна, але зараз, сэр Дэніэл, не да ветлівасці. На мае шчырыя пытанні я хачу атрымаць шчырыя адказы. А вы мне нічога не адказваеце! Вы, замест таго каб адказваць, задаеце мне пытанні. Папярэджваю вас, сэр Дэніэл: такім шляхам вы не рассееце маіх сумненняў, а толькі падтрымаеце іх.

— Я дам табе праўдзівы адказ, майстар Рычард, — сказаў рыцар. — Я быў бы няшчыры, калі б утаіў, што ты разгневаў мяне. Але нават у гневе я хачу быць справядлівым. Прыйдзі да мяне з гэтымі пытаннямі, калі ты дасягнеш паўналецця і рукі мае не будуць больш звязаны апякунствам над табою. Прыйдзі да мяне тады, і я дам табе адказ, якога ты заслугоўваеш, — кулаком у зубы. А да таго часу ў цябе ёсць два выйсці: або вазьмі назад свае знявагі, трымай язык за зубамі і змагайся за чалавека, які карміў цябе і змагаўся за цябе, калі ты быў малы, або — дзверы адчынены, лясы поўныя маіх ворагаў — ідзі!

17
{"b":"121332","o":1}