Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Хлопцы, — пачаў ён, — у вас драўляныя галовы. Каб вярнуцца ў горад, нам трэба спачатку выйсці ў адкрытае мора. І вось стары Лоўлес…

Дагаварыць ён не паспеў, — хтосьці стукнуў яму ў зубы; гэта падзейнічала на натоўп баязліўцаў, як іскра, што ўпала ў стог сена: усе накінуліся на няшчаснага, звалілі яго і ўзяліся таптаць яго нагамі і калоць кінжаламі, пакуль не прыкончылі. Тут ужо Лоўлес не вытрымаў, — гнеў яго прарваўся.

— Вядзіце карабель самі! — закрычаў ён.

І, не думаючы аб выніках, пакінуў руль.

У гэтае імгненне «Добрая Надзея» дрыжала на грэбені велізарнай хвалі. З жахлівай хуткасцю ляцела яна ў правал паміж хвалямі. Новая хваля паднялася, павіснуўшы над ёю, як велізарная чорная сцяна; ад магутнага ўдару «Добрая Надзея» ўздрыгнула і ўрэзалася носам у гэтую гару салёнай вільгаці. Зялёны вал абліў карабель з носа да кармы; людзям на палубе вада стала да калень; пырскі ўзляцелі вышэй за мачту. Прайшоўшы праз хвалю, «Добрая Надзея» вынырнула, жаласліва заскрыпела і задрыжала ўсім целам, нібы паранены звер.

Шасцёра ці сямёра незадаволеных былі змыты за борт; астатнія, ледзь толькі яны змаглі гаварыць, пачалі заклікаць на падмогу ўсіх святых і ўмольваць Лоўлеса зноў узяцца за руль.

Лоўлеса не давялося прасіць двойчы. Убачыўшы жахлівыя вынікі свайго справядлівага гневу, ён працверазеў канчаткова. Ён лепш за ўсіх разумеў, што «Добрая Надзея» ледзь было не загінула, і няўпэўненасць, з якой яна слухалася руля, пераконвала яго, што небяспека яшчэ не зусім мінула.

Хваля збіла Дзіка і ледзь не ўтапіла яго. Ён з цяжкасцю падняўся і, ідучы па калена ў вадзе, выбраўся на карму да старога рулявога.

— Лоўлес, — сказаў ён, — ты адзін можаш выратаваць нас. Ты смелы, упарты чалавек і ўмееш кіраваць караблём. Я прыстаўлю да цябе трох воінаў, на якіх можна спадзявацца, і загадаю ім ахоўваць цябе.

— Навошта, васпан, навошта, — адказаў рулявы, пільна ўглядаючыся ў цемру. — З кожным імгненнем мы ўсё далей адыходзім ад гэтых пясчаных водмеляў, і з кожным імгненнем мора будзе ўсё мацней кідацца на нас. Хутка ўсе гэтыя плаксы паваляцца з ног, бо, васпан, паганы чалавек ніколі не бывае добрым мараком; чаму — не ведаю, тут нейкая тайна, але гэта так. Толькі сумленныя і смелыя людзі могуць вынесці такую гайданку.

— Гэта проста прымаўка маракоў, Лоўлес, і ў ёй не болей сэнсу, чым у свісце ветру, — сказаў Дзік і засмяяўся. — Але як нашы справы? Ці правільна мы ідзём? Ці дабяромся мы да гавані?

— Майстар Шэлтан, — адказаў Лоўлес, — я быў манахам і дзякую за гэта свой лёс. Быў воінам, быў злодзеем, быў мараком. Багата змяніў я апратак, і памерці мне хацелася б у манаскай расе, а не ў прасмоленай куртцы марака. А чаму? Па дзвюх вельмі важных прычынах: па-першае, я не хачу памерці раптоўна, без пакаяння, а па-другое, мне агідная гэтая салёная лужына ў мяне пад нагамі! — і Лоўлес тупнуў нагой. — Але калі сягоння ноччу я не памру смерцю марака, — працягваў ён, — я пастаўлю высокую свечку Прачыстай Дзеве.

— Няўжо нашы справы такія дрэнныя? — спытаў Дзік.

— Вельмі дрэнныя, — адказаў бадзяга. — Хіба вы не адчуваеце, як марудна і цяжка рухаецца «Добрая Надзея» па хвалях? Хіба вы не чуеце, як у трумах плешчацца вада? «Добрая Надзея» і цяпер ужо амаль не слухаецца руля. А вось убачыце, што будзе з ёю, калі вады ў труме стане больш; яна або пойдзе на дно, як камень, або разаб'ецца аб берагавыя скалы.

— А між тым ты гаворыш так, як быццам табе не страшна, — сказаў Дзік. — Хіба ты не баішся?

— Гаспадар, — адказаў Лоўлес, — я зайду ў сваю апошнюю гавань з такім экіпажам, што горш не бывае. Памяркуйце самі: збеглы манах, злодзей і ўсё, што можна прыдумаць. І ўсё-такі, майстар Шэлтан, як гэта ні дзіўна, я не губляю надзеі. І калі мне наканавана патануць, я патану з ясным позіркам і да самага канца не выпушчу штурвала з рук.

Дзік нічога не адказаў, але мужнасць старога бадзягі глыбока ўзрушыла яго. Баючыся, як бы Лоўлес зноў не падвергся насіллю, Дзік выправіўся шукаць трох воінаў, на якіх можна было спадзявацца. На палубе, якую бесперастанку залівала вада, амаль нікога не было. Ад вады і ад жорсткага зімовага ветру людзі схаваліся ў труме сярод бочак з віном; трум асвятлялі два мігатлівыя ліхтары.

Тут ішоў банкет; разбойнікі і воіны шчодра частавалі адзін аднаго гасконскім віном Арблестэра. Але «Добрая Надзея» працягвала рухацца па хвалях, то ўзлятаючы на высокі грэбень, то глыбока западаючы носам ці кармою ў белую пену, — і з кожнай хвілінай гулякаў рабілася ўсё менш. Адны перавязвалі свае раны, другія ж (такіх была большасць) ляжалі на падлозе, замучаныя марской хваробай, і стагналі.

Грыншыў, К'юкоў і малады хлопец з атрада лорда Фоксгэма, на розум і храбрасць якога Дзік ужо даўно звярнуў увагу, былі яшчэ здольныя разумець загады і падпарадкоўвацца. Дзік прызначыў іх целаахоўнікамі рулявога. Затым, апошні раз акінуўшы позіркам чорнае неба і чорнае мора, ён спусціўся ў каюту, куды слугі лорда Фоксгэма аднеслі свайго валадара.

Раздзел VI

«Добрая Надзея» (заканчэнне)

Стогны параненага барона змешваліся з выццём карабельнага сабакі. Ці сумаваў няшчасны сабака па сваіх сябрах, разлучаных з ім, ці адчуваў, што караблю пагражае небяспека, але выццё яго было такім гучным, што нават грукат хваляў і свіст ветру не маглі заглушыць яго. Прымхлівым людзям гэтае выццё здавалася пахавальным плачам па «Добрай Надзеі».

Лорд Фоксгэм ляжаў на ложку, на футравай сваёй мантыі. Перад абразом Багамаці мігцела лампадка, і пры цьмяным яе святле Дзік убачыў, які бледны твар у параненага і як глыбока запалі яго вочы.

— Мая рана смяротная, — сказаў лорд. — Падыдзіце да мяне бліжэй, малады Шэлтан. Няхай будзе каля мяне хоць адзін чалавек высакароднага паходжання, бо я ўсё жыццё пражыў у багацці і раскошы, і мне так самотна ўсведамляць, што я паранены ў нікчэмнай бойцы і паміраю на брудным халодным караблі, у моры, сярод усялякіх падонкаў і мужычча.

— Мілорд, — сказаў Дзік, — я малю святых вылечыць вашу рану і дапамагчы вам паспяхова дабрацца да берага.

— Паспяхова дабрацца да берага? — перапытаў лорд. — Хіба вы не ўпэўнены ў тым, што мы дабяромся паспяхова?

— Карабель рухаецца з цяжкасцю, мора лютае і бурнае, — адказаў юнак, — а са слоў нашага рулявога я зразумеў, што мы толькі цудам можам дабрацца да берага жывымі.

— А! — панура ўсклікнуў барон. — Вось пры якіх жахлівых пакутах маёй душы давядзецца расставацца з целам! Сэр, маліце Бога дараваць вам цяжкае жыццё, тады вам лягчэй будзе паміраць. Жыццё песціла мяне, а памерці мне наканавана сярод пакут і няшчасцяў! Аднак перад смерцю мне яшчэ неабходна зрабіць адну важную справу. Ці няма ў вас на караблі свяшчэнніка?

— Няма, — адказаў Дзік.

— Дык зоймемся маімі зямнымі справамі, — сказаў лорд Фоксгэм. — Спадзяюся, пасля маёй смерці вы застанецеся такім жа верным сябрам, якім вы былі пачцівым ворагам пры маім жыцці. Я паміраю ў цяжкі час для мяне, для Англіі і для ўсіх тых, хто ішоў за мною. Маімі воінамі камандуе Хэмлі — той самы, які быў вашым сапернікам. Яны дамовіліся сабрацца ў доўгай зале Халівуда. Вось гэты пярсцёнак з маёй рукі будзе служыць доказам, што вы дзейнічаеце ад майго імя. Акрамя таго, я напішу Хэмлі некалькі слоў і папрашу яго саступіць вам дзяўчыну. Але ці выканаеце вы мой загад? Гэтага я не ведаю.

— А што вы збіраецеся мне загадаць, мілорд? — спытаў Дзік.

— Загадаць?… — паўтарыў барон і нерашуча зірнуў на Дзіка. — Скажыце, вы прыхільнік Ланкастэра або Йорка? — спытаў ён нарэшце.

— Мне сорамна прызнацца, — адказаў Дзік, — але я і сам не ведаю. Зрэшты, я служу ў Эліса Дэкуорта, а Эліс Дэкуорт стаіць за Йоркскі дом. Атрымліваецца, што і я прыхільнік Йоркскага дома.

— Гэта добра, — сказаў лорд, — гэта цудоўна. Калі б вы аказаліся прыхільнікам Ланкастэра, я не ведаў бы, што мне рабіць. Але калі вы стаіце за Йорка, дык слухайце мяне. Я прыбыў у Шорбі, каб назіраць за лордамі, якія сабраліся там, пакуль мой высакародны малады валадар, Рычард Гластэрскі[5], збірае сілы, рыхтуючыся напасці на гэтых лордаў і рассеяць іх. Я здабыў звесткі аб колькасці варожай арміі, аб расстаноўцы загараджальных атрадаў, аб размяшчэнні непрыяцельскіх войск. Гэтыя звесткі я павінен перадаць майму валадару ў нядзелю, за гадзіну да апоўдня, бліз крыжа Святой Дзевы каля лесу. З'явіцца на гэтае спатканне мне, відавочна, не ўдасца, і я звяртаюся да вас з просьбай: акажыце мне ласку, пайдзіце туды замест мяне. І няхай ні радасць, ні боль, ні бура, ні рана, ні чума не затрымаюць вас! Будзьце каля прызначанага месца ў прызначаны час, бо ад гэтага залежыць шчасце Англіі.

вернуться

5

У той час, калі адбываліся падзеі, пра якія гаворыцца ў нашай аповесці, Рычард Гарбун яшчэ не быў герцагам Гластэрскім; але, з дазволу чытача, мы будзем яго так называць для большай выразнасці. (Заўвага аўтара.) 

29
{"b":"121332","o":1}