Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Чалавек паклаў Мэтчэма на траву, скінуў з галавы мяшок, і Дзік убачыў твар сэра Дэніэла Брэклі.

— Сэр Дэніэл! — усклікнуў Дзік.

— Так, я сэр Дэніэл, — адказаў рыцар. — Ты ледзь не застрэліў свайго апекуна, шэльма! Але вось гэты… — ён кіўнуў на Мэтчэма. — Як ты яго называеш, Дзік?

— Я яго называю майстрам Мэтчэмам, — сказаў Дзік. — Хіба вы яго не ведаеце? А ён казаў, што вы яго ведаеце!

— Але, я яго ведаю, — адказаў сэр Дэніэл і ўсміхнуўся. — Ён самлеў, і, клянуся небам, яму ёсць ад чаго траціць прытомнасць. Прызнайся, Дзік, што я напалохаў цябе да смерці?

— Страшэнна напалохалі, сэр Дэніэл, — сказаў Дзік, уздыхнуўшы пры адным успаміне аб сваім спалоху. — Даруйце мне, сэр, за дзёрзкія словы, але мне падалося, што я сустрэў самога д'ябла. Сказаць шчыра, я да гэтага часу дрыжу. Чаму вы так прыбраліся, сэр?

Сэр Дэніэл гнеўна нахмурыўся.

— Чаму я так прыбраўся? — перапытаў ён. — Таму, Дзік, што нават у маім уласным Тэнстолскім лесе майму жыццю пагражае небяспека. Нам не пашанцавала, мы прыбылі на самы разгром. Дзе ўсе мае слаўныя воіны? Дзік, клянуся небам, я не ведаю, дзе яны! Мы былі адбіты. Стрэлы касілі нас, трох забілі ў мяне на вачах. З таго часу я не бачыў ніводнага майго воіна. Мне ўдалося цэлым і жывым дабрацца да Шорбі. Там, асцерагаючыся «Чорнай стралы», я прыкінуўся пракажоным і асцярожна пабрыў да замка Мот, пазвоньваючы званочкам. Гэта самы зручны ўбор на свеце; самы дзёрзкі разбойнік пусціцца наўцёкі, пачуўшы звон майго званочка. Гэты гук здольны сагнаць колер з любога твару. Я іду і раптам натыкаюся на цябе і Мэтчэма. Я вельмі дрэнна бачу праз мяшок і не быў упэўнены, вы гэта ці не вы. І па многіх прычынах я здзівіўся, сустрэўшы вас разам. Акрамя таго я баяўся, што на адкрытай паляне мяне могуць пазнаць. Але паглядзі, — перабіў ён сябе, — бядак ужо амаль ачуўся. Глыток добрага канарскага віна адразу яго ажывіць.

Рыцар выняў з-пад сваёй доўгай вопраткі вялікую бутэльку. Ён расцёр хвораму скроні і змачыў яму губы. Джон апрытомнеў і цьмяным позіркам глядзеў то на аднаго, то на другога.

— Якая радасць, Джон! — сказаў Дзік. — Гэта быў зусім не пракажоны, гэта быў сэр Дэніэл! Паглядзі сам!

— Выпі глыток, — сказаў рыцар. — Ты адразу станеш малайцом. Я вас накармлю, і мы ўтрох пойдзем у Тэнстол. Прызнаюся табе, Дзік, — працягваў ён, раскладваючы на траве хлеб і мяса, — я буду адчуваць сябе ў бяспецы толькі тады, калі апынуся ў чатырох сценах. З таго часу, як я ўпершыню сеў на каня, мне ніколі не было так кепска. Небяспека пагражае і майму жыццю, і маёй маёмасці, а тут яшчэ гэтыя лясныя бадзягі апалчыліся на мяне. Але я так лёгка не здамся! Некаторым маім воінам удасца дабрацца дахаты, ды ў Хэтча засталося дзесяць чалавек, і ў Сэлдэна шэсць. Не, мы хутка зноў будзем моцныя! І калі мне ўдасца купіць мір у шчаслівага і недастойнага лорда Йорка, мы з табою, Дзік, хутка зноў станем людзьмі і будзем раз'язджаць вярхом на конях!

З гэтымі словамі рыцар напоўніў рог канарскім віном і падняў яго, збіраючыся выпіць за здароўе свайго выхаванца.

— Сэлдэн… — пачаў Дзік, запінаючыся. — Сэлдэн…

І замоўк.

Сэр Дэніэл адкінуў рог, не выпіўшы віна.

— Што? — усклікнуў ён дрыготкім голасам. — Сэлдэн? Кажы! Што здарылася з Сэлдэнам?

Дзік расказаў, як трапіў у засаду і як быў знішчаны атрад, пасланы сэрам Дэніэлам.

Рыцар слухаў моўчкі, але твар яго падрыгваў ад гневу і гора.

— Клянуся маёй правай рукой, я адпомшчу! — закрычаў ён. — Калі мне не ўдасца адпомсціць, калі я не заб'ю дзесяць ворагаў за кожнага з маіх забітых воінаў, няхай гэтая рука адсохне. Я зламаў гэтага Дэкуорта, як чарацінку, я выгнаў яго з дому, я спаліў дах над яго галавой, я прагнаў яго з гэтай краіны; і цяпер ён вярнуўся, каб шкодзіць мне? Ну, Дэкуорт, гэтым разам табе давядзецца дрэнна.

Ён замоўк, толькі твар яго працягваў падрыгваць.

— Што ж вы не ядзіце! — крыкнуў ён раптоўна. — А ты, — звярнуўся ён да Мэтчэма, — пакляніся мне, што пойдзеш са мной у замак Мот.

— Клянуся маім гонарам, — адказаў Мэтчэм.

— Што я буду рабіць з тваім гонарам? — крыкнуў рыцар. — Пакляніся мне шчасцем тваёй маці!

Мэтчэм пакляўся шчасцем маці. Сэр Дэніэл закрыў твар мяшком, узяў званочак і палку. Убачыўшы яго зноў у гэтым жахлівым уборы, хлопчыкі адчулі якісьці страх. Але рыцар быў ужо на нагах.

— Ешце хутчэй, — сказаў ён, — і ідзіце за мною следам у мой замак.

Ён павярнуўся і пабрыў у лес, званочак адлічваў яго крокі. Хлопчыкі не дакрануліся да ежы, пакуль гэты страшны звон не змоўк удалечыні.

— Дык што, ты ідзеш у Тэнстол? — спытаў Дзік.

— Што ж рабіць, — сказаў Мэтчэм, — давядзецца ісці! Я храбрэйшы за спіною сэра Дэніэла, чым у яго на вачах.

Яны наспех паелі і пайшлі па сцяжынцы, якая вяла іх усё вышэй пад гару. Велізарныя букі раслі пасярод зялёных лужкоў; вавёркі і птушкі весела пераскоквалі з галінкі на галінку. Праз дзве гадзіны яны былі ўжо на другім баку грады пагоркаў і ішлі ўніз; неўзабаве за вяршалінамі дрэў паказаліся чырвоныя сцены і дах Тэнстолскага замка.

— Развітайся тут са сваім сябрам Джонам, якога ты ніколі больш не ўбачыш, — сказаў Мэтчэм і спыніўся. — Даруй Джону ўсё, што ён табе зрабіў благога, і ён таксама з радасцю і любоўю даруе табе.

— Навошта? — спытаў Дзік. — Мы абодва ідзём у Тэнстол і будзем бачыцца там вельмі часта.

— Ты ніколі больш не ўбачыш беднага Джона Мэтчэма, які быў такі баязлівы і надакучлівы, але ўсё-такі выцягнуў цябе з ракі. Ты больш не ўбачыш яго, Дзік, клянуся маім гонарам!

Ён растуліў абдымкі. Хлопчыкі абняліся і пацалаваліся.

— Я прадчуваю бяду, Дзік, — працягваў Мэтчэм. — Ты зараз убачыш зусім новага сэра Дэніэла. Да гэтага часу яму ўсё ўдавалася, шчасце само ішло ў рукі, але цяпер лёс павярнуўся супраць яго, і ён будзе кепскім валадаром для нас абодвух. Ён храбры на полі бою, але ў яго хлуслівыя вочы. Зараз у вачах яго спалох, а страх, Дзік, яшчэ люцейшы за воўка! Мы ідзём у яго замак. Святая Марыя, выведзі нас адтуль!

Яны моўчкі спусціліся з пагорка і нарэшце падышлі да лясной цвярдыні сэра Дэніэла — нізкага змрочнага будынка з круглымі вежамі, з мохам і плесенню на сценах і з глыбокім ровам, поўным вады, у якім плавалі гарлачыкі. Пры іх з'яўленні брама расчынілася, пад'ёмны мост апусціўся, і сэр Дэніэл, у суправаджэнні Хэтча і свяшчэнніка, выйшаў ім насустрач.

Кніга другая

ЗАМАК МОТ

Раздзел I

Дзік задае пытанні

Замак Мот стаяў недалёка ад лясной дарогі. Гэта быў чырвоны мураваны прамавугольны будынак, па баках якога ўзвышаліся круглыя вежы з байніцамі і зубцамі. Усярэдзіне замка быў вузкі двор. Праз роў, які меў футаў дванаццаць у шырыню, быў перакінуты пад'ёмны мост. Вада сцякала ў роў па канаве, што злучала яго з лясной сажалкай; уся канава знаходзілася пад аховай дзвюх паўднёвых вежаў. Абараняцца ў такім замку было дужа зручна. Крыху псавалі справу толькі два высокія галіністыя дрэвы паблізу, якія чамусьці забылі ссекчы. Залезшы на іх, варожыя стралкі маглі пагражаць абаронцам замка.

У двары Дзік застаў некалькіх воінаў з гарнізона, якія рыхтаваліся да абароны і панура разважалі аб тым, ці ўдасца ім утрымаць замак. Хто рабіў стрэлы, хто вастрыў мячы, якімі даўно ўжо не карысталіся: усе з сумненнем хіталі галовамі.

З усяго атрада сэра Дэніэла толькі дванаццаці воінам удалося ўцячы жывымі з поля бітвы, прайсці цераз лес і з'явіцца ў замак Мот. Але і з іх трое былі цяжка паранены: двое — у бітве пры Райзінгэме, у час бязладных уцёкаў, а адзін быў паранены ў лесе малайцамі Джона Помшчу-за-ўсіх. Разам з воінамі з гарнізона, з Хэтчам, з сэрам Дэніэлам і маладым Шэлтанам у замку знаходзіліся дваццаць два чалавекі, якія здольны былі ваяваць. Можна было чакаць, што з часам з'явіцца яшчэ хто-небудзь. Небяспека, значыць, заключалася не ў малалікасці атрада.

Чорныя стрэлы — вось чаго баяліся абаронцы замка. Менш за ўсё баяліся яны сваіх яўных ворагаў — прыхільнікаў Йорка. Яны суцяшаліся думкай, што «ўсё пераменіцца», як любілі казаць у той смутны час, і што бяда, магчыма, міне іх. Затое перад сваімі ляснымі суседзямі яны трымцелі ад страху. Жыхары навакольных вёсак ненавідзелі не толькі сэра Дэніэла. Яго воіны, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, таксама крыўдзілі і прыгняталі ўсіх. Жорсткія загады сэра Дэніэла жорстка выконваліся яго падручнымі, і кожны з воінаў, што сабраліся ў двары замка, здзейсніў нямала насілля і злачынстваў. А цяпер, дзякуючы пракудам вайны, сэр Дэніэл ужо не мог абараніць сваіх прыхільнікаў; цяпер, пасля бітвы, якая доўжылася ўсяго некалькі гадзін і ў якой многія з іх нават не прымалі ўдзелу, яны сталі маленькай купкай дзяржаўных злачынцаў, што знаходзяцца па-за законам. Яны асаджаны ў нікчэмнай крэпасці і прадастаўлены справядліваму гневу сваіх ахвяр. Да таго ж хапала адных грозных напамінкаў аб тым, што іх чакае.

15
{"b":"121332","o":1}