І ён павёў лорда ў той нікчэмны шынок, дзе прызначыў спатканне сваім падначаленым. Некаторыя з разбойнікаў сноўдаліся звонку, каля дзвярэй; іншыя зайшлі ўжо ўсярэдзіну і стоўпіліся вакол Лоўлеса і двух маракоў. Мяркуючы па іх расчырванелых тварах і мутных вачах, яны даўно перайшлі межы ўмеранасці; калі Дзік, якога суправаджаў лорд Фоксгэм, з'явіўся ў шынку, яны разам з Лоўлесам спявалі старадаўнюю тужлівую марскую песню, і ўраган падпяваў ім.
Малады важак акінуў позіркам шынок. У агонь толькі што падкінулі дроў, і чорны дым валіў так густа, што куткі прасторнага пакоя патанулі ў мораку. І ўсё ж ён адразу пераканаўся, што разбойнікаў тут намнога больш, чым выпадковых наведвальнікаў. Супакоіўшыся на гэты конт, Дзік падышоў да стала і заняў сваё ранейшае месца на лаўцы.
— Гэй, — крыкнуў шкіпер п'яным голасам, — хто ты такі?
— Мне трэба пагутарыць з вамі на вуліцы, майстар Арблестэр, — сказаў Дзік. — А размова будзе вось аб чым.
І ён паказаў яму залатую манету, якая ярка бліснула пры святле вогнішча.
Вочы марака ўспыхнулі, хоць ён так і не пазнаў нашага героя.
— Добра, хлопчык, — сказаў ён, — я пайду з табою… Кум, я зараз вярнуся. Пі на здароўе, кум!
І, трымаючыся за Дзіка, каб не ўпасці, ён рушыў да дзвярэй.
Ледзь ён пераступіў цераз парог, дзесяць дужых рук схапілі яго і звязалі; праз дзве хвіліны, звязаны, з затычкай у роце, ён ужо ляжаў на сенавале, засыпаны сенам. Побач з ім кінулі яго матроса Тома; ім далі магчымасць да самай раніцы раздумваць аб сваім самотным лёсе.
Хавацца больш не было чаго, і лорд Фоксгэм умоўным сігналам выклікаў сваіх воінаў; захапіўшы патрэбную колькасць лодак, яны цэлай флатыліяй рушылі на святло ліхтара, прымацаванага да мачты. Не паспелі яны ўзлезці на палубу, як з берага даляцеў раз'ятраны крык маракоў, якія заўважылі прапажу сваіх лодак.
Але ні вярнуць свае лодкі, ні адпомсціць за іх маракі не маглі. З сарака воінаў, што сабраліся на ўкрадзеным караблі, восем чалавек хадзілі раней у мора і адразу ператварыліся ў матросаў. З іх дапамогай паставілі ветразі. Паднялі якар. Лоўлес, няцвёрда трымаючыся на нагах і ўсё яшчэ напяваючы нейкую марскую баладу, узяўся за руль. І «Добрая Надзея» праз начную імглу рушыла ў адкрытае мора насустрач велізарным валам. Дзік стаяў каля штармавых снасцей. Непраглядную цемру ночы прарэзвалі толькі святло агнёў «Добрай Надзеі» і асобныя мігатлівыя агеньчыкі домікаў у Шорбі, што адплывалі ўдалячынь; ды яшчэ зрэдку бачыліся грабяні белай пены, калі «Добрая Надзея» правальвалася паміж хвалямі; на імгненне яны ўздымаліся снежным каскадам і гэтак жа хутка знікалі за кармою. Некаторыя з разбойнікаў ляжалі на палубе, трымаючыся за што папала, і гучна маліліся, іншыя пакутавалі ад марской хваробы і, залезшы ў трум, разлегліся там сярод усялякай паклажы. Гэтая страшная гайданка ды п'яная зухаватасць Лоўлеса прымусілі б хоць каго засумнявацца ў шчаслівым зыходзе плавання.
Аднак Лоўлесам кіравала якоесьці чуццё, і ён правёў судна па велізарных хвалях паўз доўгую пясчаную водмель і паспяхова прычаліў да каменнага мола; тут «Добрую Надзею» наспех прывязалі, і яна, парыпваючы, гайдалася ў цемры.
Раздзел V
«Добрая Надзея» (працяг)
Мол знаходзіўся зусім недалёка ад дома, у якім жыла Джаана; заставалася толькі пераправіць людзей на бераг, уварвацца ў дом і ўкрасці палонніцу. «Добрая Надзея» ўжо саслужыла сваю службу, даставіўшы іх у варожы тыл. Яны лічылі, што карабель ім больш не спатрэбіцца, таму што адступаць яны збіраліся ў лес, дзе мілорд Фоксгэм расставіў свае падмацаванні.
Аднак высадзіць людзей на бераг аказалася нялёгка: многія пакутавалі ад марской хваробы, і ўсе пагалоўна — ад холаду; у карабельнай цеснаце і сумятні дысцыпліна аслабела; з-за гайданкі і цемры ўсе зніякавелі. На мол выскачылі ўсе разам. Мілорду давялося стрымліваць сваіх людзей, пагражаючы ім аголеным мячом. Канечне, не абышлося без шуму, а шум быў зараз небяспечней за ўсё.
Калі парадак быў сяк-так узноўлены, Дзік з купкай самых адборных воінаў рушыў уперад. На беразе было яшчэ цямней: у моры там-сям бялела пена, у той час як морак, што вісеў над сушай, здаваўся шчыльным, непранікальным; выццё ветру заглушала ўсе гукі.
Але не паспеў Дзік дайсці да канца мола, як вецер раптоўна сціх; у нечаканай цішыні яму пачуўся конскі тупат і бразгат зброі. Дзік спыніў сваіх спадарожнікаў і саскочыў на берагавы пясок; калі прайшоў некалькі крокаў, ён пераканаўся, што ўперадзе сапраўды рухаюцца коні і людзі. Ён моцна засмуціўся. Калі ворагі падсцерагалі іх, калі воіны сэра Дэніэла акружылі канец мола, што ўпіраецца ў бераг, ім з лордам Фоксгэмам будзе вельмі цяжка абараняцца, таму што ззаду ў іх толькі мора і ўсе іх воіны збіліся ў кучу на вузкім моле. Асцярожным свістам ён падаў умоўны сігнал.
На жаль, гэты сігнал выклікаў зусім не тыя вынікі, на якія ён разлічваў. З начной цемры вылецеў град наўдачу пушчаных стрэл. Воіны на моле стаялі так цесна, што некаторыя стрэлы трапілі ў цэль; пачуліся крыкі спалоху і болю. Лорд Фоксгэм быў паранены і ўпаў. Хокслі зараз жа распарадзіўся аднесці яго на карабель. Воіны лорда Фоксгэма засталіся без усялякага кіраўніцтва. Адны прымалі бой, іншыя зусім разгубіліся. У гэтай разгубленасці і хавалася галоўная прычына катастрофы, якая не замарудзіла наступіць.
Дзік са жменькай храбрацоў на працягу цэлай хвіліны ўтрымліваў канец мола, што ўпіраўся ў бераг. З абодвух бакоў было паранена па два, па тры чалавекі, сталь звінела аб сталь. Спачатку ні таму, ні другому боку не ўдавалася дамагчыся поспеху; але неўзабаве шчасце канчаткова здрадзіла прыхільнікам Дзіка.
Хтосьці крыкнуў, што ўсё прапала. Воіны, якія даўно ўжо аслаблі духам, лёгка паверылі гэтаму; крык быў падхоплены. Затым пачуўся іншы крык:
— На борт, хлопцы, каму жыццё дарагое!
І нарэшце хтосьці з сапраўдным натхненнем баязліўца крыкнуў тое, што крычаць пры ўсіх паражэннях:
— Здрада!
І адразу ж увесь натоўп, таўхаючыся, з гучнымі воклічамі страху кінуўся назад па моле, падставіўшы свае неабароненыя спіны ворагам.
Адзін баязлівец ужо ўзяўся адпіхваць карму, але другі яшчэ прытрымліваў нос карабля. Уцекачы з крыкам пераскоквалі на карабель, некаторыя зрываліся і падалі ў мора. Некаторых засеклі на моле, некаторых у таўкатні задушылі насмерць свае ж таварышы. Але вось нарэшце нос «Добрай Надзеі» аддзяліўся ад мола, і ўсюдыісны Лоўлес, якому ўдалося з дапамогай кінжала расчысціць сабе дарогу і дабрацца да руля, накіраваў карабель у разбушаванае мора. Кроў сцякала з палубы, заваленай мёртвымі і параненымі.
Лоўлес засунуў кінжал у похву і сказаў свайму бліжэйшаму суседу:
— Я, кум, пазначыў гэтай пячаткай многіх з гэтых баязлівых сабак.
Калі ўцекачы, ратуючы жыццё, скакалі на карабель, яны нават не заўважылі ўдараў кінжалам, якімі Лоўлес, стараючыся прабрацца да рубкі, узнагароджваў сустрэчных. Але тут яны ці то ўспомнілі пра гэтыя ўдары, ці проста пачулі словы, неасцярожна вымаўленыя рулявым.
Ахопленыя панікай войскі ачухваюцца не адразу; звычайна людзі, заплямленыя баязлівасцю, як быццам для таго каб забыць аб сваёй ганьбе, кідаюцца ў іншую крайнасць і пачынаюць бунтаваць. Так здарылася і цяпер. Тыя самыя храбрацы, якія пакідалі сваю зброю і якіх за ногі зацягнулі на палубу «Добрай Надзеі», цяпер гучна лаялі сваіх важакоў і абавязкова хацелі каго-небудзь пакараць.
Уся іх злосць абрынулася на Лоўлеса.
Каб не наляцець на камяні, стары бадзяга скіраваў нос «Добрай Надзеі» ў напрамку адкрытага мора.
— Глядзіце! — зароў адзін з незадаволеных. — Ён вядзе нас у мора.
— Праўда! — крыкнуў другі. — Нас выдалі!
Усе зараўлі хорам, што іх выдалі, і, адчайна лаючыся, запатрабавалі, каб Лоўлес павярнуў судна і даставіў іх зараз жа на бераг. Лоўлес сціснуў зубы і працягваў весці «Добрую Надзею» па велізарных хвалях у адкрытае мора. Пачуццё ўласнай годнасці і яшчэ не зусім выветраны хмель падахвочвалі яго адказваць пагардлівым маўчаннем на пустыя іх страхі і маладушныя пагрозы. Незадаволеныя сабраліся каля мачты, фанабэрыліся і для храбрасці падбухторвалі адзін аднаго. Яшчэ хвіліна, і яны былі б гатовы, забыўшы пра сорам і сумленне, здзейсніць любую нізасць. Дзік вырашыў падняцца на палубу, каб навесці парадак, але яго апярэдзіў адзін з разбойнікаў, які сёе-тое кумекаў у марской справе.