Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ён падышоў ушчыльную да дома, прыўзняўся на наскі і зазірнуў у акно.

— Ну, — сказаў ён, — цудоўна! Тут мы якраз і выпрабуем наш маскарад і ў дадатак сыграем вясёлы жарт з братам Кэперам.

З гэтымі словамі ён адчыніў дзверы і зайшоў у дом.

Тры разбойнікі з «Чорнай стралы» сядзелі за сталом і прагна елі. Кінжалы, уваткнутыя побач з імі ў стол, і змрочныя, пагражальныя позіркі, якія яны кідалі на жыхароў дома, сведчылі аб тым, што разбойнікі балююць на становішчы захопнікаў, а не прошаных гасцей. Яны з абурэннем паглядзелі на двух манахаў, якія з належнай іх сану ціхмянасцю зайшлі ў кухню. Адзін з іх — сам Джон Кэпер, які, відавочна, быў тут важаком, — груба загадаў ім зараз жа выбірацца.

— Жабракі нам не патрэбны! — крыкнуў ён.

Аднак другі быў мякчэйшы, хаця таксама, канечне, не пазнаў ні Дзіка, ні Лоўлеса.

— Не праганяй іх! — сказаў ён. — Мы людзі дужыя і бяром самі што нам трэба; а яны слабыя і просяць; але ў рэшце рэшт яны выратуюцца, а мы загінем… Не звяртайце на яго ўвагі, бацька. Падыходзьце, выпіце з маёй чаркі і благаславіце мяне.

— Вы людзі легкадумныя і бязбожныя, — загаварыў манах. — Святыя не дазволяць мне піць з вамі. Але, шкадуючы грэшнікаў, я падару вам адну свяшчэнную рэч, і дзеля выратавання вашай душы я загадваю вам цалаваць і берагчы яе.

Лоўлес грукатаў і грымеў як належыць прапаведніку манаху. Але пры гэтых словах ён выцягнуў з-пад расы чорную стралу, шпурнуў яе на стол перад трыма здзіўленымі бадзягамі, павярнуўся, схапіў Дзіка за руку, выскачыў з ім з пакоя і, перш чым тыя паспелі вымавіць хоць слова або паварушыць пальцам, знік за густой заслонай снегападу.

— Такім чынам, — сказаў ён, — мы выпрабавалі наш грым, майстар Шэлтан. Цяпер я гатовы рызыкнуць уласнай тушай дзе заўгодна.

— Выдатна! — адказаў Рычард. — Мне таксама не церпіцца дзейнічаць. Хадзем у Шорбі!

Раздзел II

«У доме варагаў маіх»

У сэра Дэніэла ў Шорбі быў высокі, зручны, атынкаваны дом з разьбой на дубовых рамах і з пакатай саламянай страхою. За домам цямнеў пладовы сад з мноствам алей і зарослых зелянінай альтанак; сад гэты цягнуўся да званіцы манастырскай царквы.

У выпадку неабходнасці дом мог змясціць світу і больш важнай асобы, чым сэр Дэніэл; але і зараз у ім было вельмі шумна. На двары чуўся звон зброі і стук падкоў; кухня гула, як вулей; у зале забаўляліся блазны, спявалі менестрэлі, ігралі музыкі. Сэр Дэніэл марнатраўствам, весялосцю і гасціннасцю супернічаў з лордам Шорбі і пераўзыходзіў лорда Райзінгэма.

Гасцей прымалі сардэчна. А менестрэляў, блазнаў, гульцоў у шахматы, гандляроў рэліквій, зелляў, духоў і талісманаў, разам з усемагчымымі свяшчэннікамі, манахамі, вандроўнікамі садзілі за стол для слуг і клалі спаць на прасторных гарышчах або на голых дошках у доўгай сталовай.

На наступны дзень пасля крушэння «Добрай Надзеі» кладоўкі, кухні, стайні і нават пуні, што акружалі двор з двух бакоў, былі поўныя святочнага люду. Тут весяліліся і слугі сэра Дэніэла ў сіне-чырвоных ліўрэях і розныя прайдзісветы, завабленыя ў горад сквапнасцю, якіх рыцар прымаў часткова з палітычных меркаванняў, а часткова проста таму, што прымаць падобных людзей у тыя часы было добрым звычаем.

Усе яны пад дах былі загнаны снегам, які падаў бесперастанку, марозам і набліжэннем ночы. Віна, элю і грошай было колькі заўгодна. Адны, расцягнуўшыся на саломе ў свірне, гулялі ў карты, некаторыя яшчэ з абеду былі п'яныя. Нам, бадай, падалося б, што горад толькі што быў падвергнуты разгрому; але ў тыя часы ва ўсіх багатых і высакародных дамах на святы адбывалася тое ж самае.

Два манахі — стары і малады — прыйшлі позна і цяпер грэліся каля агню ў куце пуні. Стракаты натоўп абступіў іх — штукары, скамарохі, салдаты. Неўзабаве старэйшы з манахаў пачаў з імі ажыўленую размову, у якой было столькі жартаў і дасціпнасці, што натоўп вакол хутка павялічыўся.

Малодшы яго спадарожнік, у якім чытач пазнаў ужо Дзіка Шэлтана, сеў ззаду за ўсімі і паступова адсоўваўся ўсё далей. Ён слухаў уважліва, але не адкрываў рота; па панураму выразу яго твару было бачна, што яго мала цікавяць жарты таварыша.

Нарэшце яго позірк, які ўвесь час блукаў па баках і сачыў за ўсімі дзвярыма, спыніўся на маленькай працэсіі, што зайшла ў галоўную браму і наўскос перасякала двор. Дзве дамы, захутаныя ў густыя футры, ішлі ў суправаджэнні дзвюх служанак і чатырох дужых воінаў. Праз імгненне яны зайшлі ў дом і зніклі. Дзік, праслізнуўшы праз натоўп гулякаў, кінуўся ўслед за імі.

«Тая, вышэйшая ростам, — лэдзі Брэклі, — падумаў ён, — а дзе лэдзі Брэклі, там і Джаана».

Ля дзвярэй чатыры воіны спыніліся; дамы падымаліся па лесвіцы з паліраванага дуба, іх ахоўвалі толькі дзве служанкі. Дзік пайшоў за імі па пятах.

Змяркалася, і ў доме было ўжо амаль зусім цёмна. На пляцоўках лесвіцы блішчалі факелы ў жалезных аправах; ля кожных дзвярэй доўгага калідора, абабітага габеленамі, гарэла лямпа. І калі дзверы былі адчынены, Дзік бачыў сцены, завешаныя габеленамі, і падлогу, засланую трыснягом, які пабліскваў пры святле запаленых дроў.

Так прайшлі яны два паверхі, і на кожнай пляцоўцы дама, меншая ростам і маладзейшая, паварочвалася і пільна ўглядвалася ў манаха. А ён ішоў, апусціўшы вочы, са сціпласцю, належнай яго званню; ён толькі аднойчы зірнуў на яе і не ведаў, што прыцягнуў да сябе яе ўвагу. Нарэшце на трэцім паверсе дамы рассталіся, — малодшая адправілася наверх адна, а старэйшая, у суправаджэнні служанак, пайшла па калідоры направа.

Дзік хутка дасягнуў пляцоўкі трэцяга паверха і пачаў з-за вугла глядзець, куды далей накіруюцца гэтыя трое. Не паварочваючыся і не азіраючыся, яны ішлі па калідоры. «Усё добра, — падумаў Дзік. — Толькі б даведацца, дзе пакой лэдзі Брэклі, і тады я без цяжкасці адшукаю пані Хэтч».

Чыясьці рука легла яму на плячо. Ён падскочыў, ціха ўскрыкнуў і павярнуўся, каб схапіцца з ворагам.

Ён быў крыху збянтэжаны, калі заўважыў, што самым бесцырымонным чынам абхапіў рукамі маленькую юную лэдзі ў футры. Спалоханая і абураная, яна дрыжала ўсім сваім тоненькім цельцам у яго руках.

— Васпані, — сказаў Дзік, апускаючы рукі, — малю вас дараваць мне, але ззаду ў мяне няма вачэй, і, клянуся небам, я не ведаў, што вы дзяўчына.

Дзяўчына працягвала глядзець на яго, але пакрысе жах у яе на твары змяніўся здзіўленнем, а здзіўленне — недаверлівасцю. Дзік, які чытаў у яе на твары ўсе гэтыя пачуцці, пачаў трывожыцца за сваю бяспеку тут, у варожым яму доме.

— Цудоўная дзяўчына, — сказаў ён з прытворнай непасрэднасцю, — дазвольце мне пацалаваць вашу руку ў знак таго, што вы забудзеце маю грубасць, і я пайду.

— Вы нейкі дзіўны манах, васпан, — смела і пранікліва гледзячы яму ў твар, адказала дзяўчына. — Цяпер, калі першае маё здзіўленне крыху прайшло, я заўважаю па кожным вашым слове, што вы зусім не манах. Чаго вы тут? Навошта вы так па-блюзнерску пераапрануліся ў свяшчэнную расу? З мірам вы прыйшлі ці з вайною? І чаму вы, быццам злодзей, сочыце за лэдзі Брэклі?

— Васпані, — сказаў Дзік, — у адным прашу я вас паверыць: я не злодзей. І калі нават я прыйшоў сюды не з мірам, — што да нейкай ступені правільна, — я не ваюю з цудоўнымі дзяўчатамі, а таму прашу вас узяць мой прыклад і адпусціць мяне. Бо, цудоўная пані, калі вам уздумаецца падняць голас і паведаміць аб тым, што вам стала вядома, — бедны джэнтльмен, які стаіць перад вамі, прапашчы чалавек. Я не хачу думаць, што вы будзеце такой жорсткай, — працягваў Дзік і, пяшчотна трымаючы руку дзяўчыны абедзвюма рукамі, зазірнуў ёй у твар з пачцівым захапленнем.

— Дык вы шпіён з партыі Йорка? — спытала дзяўчына.

— Васпані, — адказаў ён, — я сапраўды йоркіст і ў нейкім родзе шпіён. Але прычына, якая прывяла мяне ў гэты дом і якая, безумоўна, выкліча спачуванне і дапытлівасць у вашым добрым сэрцы, не мае адносін ні да Йорка, ні да Ланкастэра. Я цалкам аддаю сваё жыццё ў ваша распараджэнне. Я закаханы, і маё імя…

Але тут юная лэдзі раптоўна заціснула сваёй рукою рот Дзіку, паспешліва паглядзела ўверх і ўніз, на захад і на ўсход і, пабачыўшы, што паблізу няма ні душы, з сілай пацягнула маладога чалавека ўгару па лесвіцы.

32
{"b":"121332","o":1}