Ключ аддалі Ганне і ўсе ўтраіх пераехалі да яе. Грынкевіч і Вайвадс размясціліся ў майстэрні, заслалі кілімам падлогу ля ног гранітнага чалавека і спалі там. Абавязкі размеркавалі так, што Ганна рыхтавала перадачы, Вайвадс бегаў па справах, а Андрэй рабіў патроху тое ці іншае, але галоўным чынам сядзеў ля Ірыны.
Яны не тужылі, прынамсі, вонкава. Нават Ганна перастала плакаць. Ім трэба было працаваць, улагоджваць усё як мага лепш. Ім трэба было змагацца за яе жыццё. Ваяваць.
I толькі ўначы туга прыходзіла і захлёствала ўсё. Грынкевіч падоўгу ляжаў з заплюшчанымі вачыма, і калі ўжо добра ведаў, што Яніс не спіць, яны шэптам заводзілі свае бясконцыя размовы.
Часам да іх прыходзіла Ганна, сядзела ля іхніх ног і пачынала суцяшаць Андрэя, заўсёды неяк так, што пасяляла ў іх веру.
Андрэй кожны дзень хадзіў на спатканне. З Яшам яны пасябравалі, зменныя медсёстры ставіліся да Андрэя з Ірынай добра: старэйшыя — як да дзяцей, маладзейшыя — як да брата і сястры.
Нават Глінскі неяк мякчэў, гледзячы ў вочы Ірыны і сустракаючы неспакойны, заўсёды заклапочаны позірк Андрэя, накіраваны на яе, чуючы яго вечныя пытанні, ці не баліць, ці не трэба пакласці вышэй падушак, ці не трэба вады.
— Я магу і сама. Я ніколі так добра сябе не адчувала. Пяць дзён не чую сэрца.
— А вы згаджайцеся, — буркнуў Глінскі. — Што з таго, што можаце? Хіба справа ў падушцы? Гэта прыемна яму, карысна вам. Ён на сёмым небе, калі можа зрабіць такое… Ганяйце, ганяйце яго — мацней кахаць будзе.
— Я вам так удзячна. I яму. Мне ўжо няма чаго жадаць… Вы ж ведаеце, як у нас усё адбылося?
— Ведаю. Мне гэты ваш латыш усё расказаў з таемным спадзяваннем, што я буду праяўляць максімум увагі… Скажу вам, што вы былі дрэннай маленькай жанчынай, якой не падушкі б папраўляць, а добра нашлёпаць.
— Прафесар, — з папрокам сказаў Андрэй.
— Нічога, — сказала яна, — прафесар гэта не ад злосці.
— Бачыце вы яго, — сказаў прафесар. — А зрэшты, хто ведае, як бы яно было, каб вы яго не мучылі?..
Узрушаны дабрынёй гэтага чалавека, дабрынёю ўсіх вакол, Андрэй заказаў па кошыку белых руж, вялізнаму, як клумба, і даслаў іх усім, хто лячыў Ірыну.
Сустрэўшы Акдрэя на наступны дзень, Глінскі ўзяў яго за вуха, як Напалеон маршала.
— Хабары, — з лютым гумарком буркнуў ён. — Хабарчыкі. А вы ведаеце, што хабарадаўца адказвае як і той, хто бярэ?
Засаромлены Андрэй пайшоў у палату Ірыны і ўбачыў, што адзін з яе куткоў завешаны прасціной, а за ім стаіць глыбокае мяккае крэсла.
— У чым справа? — спытаў ён у маладзенькай медсястры.
— Дзякуй за кветкі, Андруша… А гэта загадаў учора паставіць «стары». Сказаў, што вы можаце часам заставацца і сядзець колькі хочаце. Заставацца і на начныя дзяжурствы… I пасля аперацыі дазволіў дзяжурыць. Бо медсёстрам цяжка, яны не могуць увесь час быць поруч. А вы спраўляецеся не горш за кожную з нас. Нават больш уважліва.
— Што вы, Сашанька? Вы ўжо такая ўважлiвая.
Сашанька ўздыхнула:
— Прыемна бачыць такое. Нават трошкі зайздросна.
— Не трэба зайздрасцi, — сказала Iрына. — У яго жахлiвы характар. Ён эгаiст, iндывiдуалiст, абстрактны гуманiст, жонкалюб i спакусiцель чужых жонак…
— Ох, — сказала Сашанька.
- Ірына, — узмаліўся Андрэй. — Вы не верце ёй, Сашанька. Яна сама… У яе кіпцікі — ого!
— Ну вось, — усміхалася Ірына. — Не паспелі стаць поруч, як адразу папрокі.
Сашанька марудзіла ля дзвярэй.
— Толькі… дарэмна вы, Андруша, даслалі кветкі шэфу. З'явіўся сёння злосны. "Я, — грукоча, — яму дабро, а ён мне… Прэч гэтае крэсла. Каб следу не было".
Андрэй збялеў і ў адчаі пабег расшукваць Глінскага. Знайшоў яго ў кабінеце. Хірург паглядзеў на яго аблічча і памякчэў:
— Добра, добра, — сказаў ён, — усё застанецца. Гэта я так… Вы не думайце, Андруша, мне таксама прыемна… Шкадую, што напалохаў вас… Я ж таксама люблю кветкі. Асабліва ружы. I дзе вы іх здабылі? Масква недаравальна бедная на аранжарэі.
— З Рыгi знаёмы лётчык прывёз, — сказаў Андрэй. — Самалёт, пэўна, пахнуў, як кветнiк.
Прафесар аглядзеў Андрэя:
— Вар'ят. Жонка за вас возьмецца. Быць вам рабом да схiлу дзён. I не адчуваць рабства.
Устаў:
— Я зрабіў гэта вось чаму… У Ірыны адразу падае настрой, калі вас няма… I рэзка паляпшаеца стан, калі вы поруч… Веру, што гэта дарэмнае папярэджанне, але ніколі не ўздумайце падмануць яе. У будучым. Вы з боем здабылі сабе сапраўднае, рэдкае, якое мала ў каго ёсць… А пакуль ёй патрэбен запал бадзёрасці і шалёнага жадання выжыць. Таму я і паставіў крэсла.
Буркнуў, гледзячы ў акно:
— Я ведаю — глупстваў не будзе. Але вы проста часцей дакранайцеся да яе, дапамагайце, як рабілі дагэтуль, расказвайце вясёлыя і цікавыя гісторыі, гаварыце аб будучым… Гэта асабліва пасля аперацыі… Тады вы будзеце гаварыць, бо ёй будзе цяжка.
Пацёр лоб.
— Так, што яшчэ? Ага… Часцей… цалуйце яе. Абавязкова часцей цалуйце. Гэта суцяшае. Паверце, нішто так не суцяшае жанчын, як пацалункі… Я нават схільны думаць, што яны часам могуць дапамагчы больш, чым медыцына… Вось.
Адвярнуўся.
- Ідзіце да яе… Ідзіце.
…Калі яны сядзелі ў палаце, туды ўварваўся шумны, як бразготка, Яша.
— Дзякуй за кветкі, - сказаў ён. — Ты нязмерна падвысіў маю думку аб сабе. З гэтага кошыка атрымаецца шэсць букетаў, і я маральна заб'ю шасцярых сваіх супернікаў. Сёння ж увечары… Я прадстаўнік "чацвёртага пакалення". Мне непрыстойна мець менш шасці дзяўчат.
Ірына ўсміхнулася:
— Які вы смешны, Яша. Нікога ў вас няма.
— Як гэта нікога? — абурыўся "нашчадак пугачоўцаў". — Я абражаны, я зараз пералічу. Валя. Саша…
— Вось, — сказала яна. — Саша, Саша i яшчэ раз Саша. Гэтая самая. А Валя гэта i не дзяўчына зусiм, а ваш друг, Валька Юркоў, таксама ардынатар.
Яша густа пачырванеў.
— Вы не саромейцеся чысціні, Яша, — сказала яна. — Што гэта за погляды, калі даводзіцца саромецца чысціні? Гэта — самае дарагое, што ў вас ёсць.
Ардынатар сядзеў, апусціўшы галаву.
— Вы кажаце праўду, — сказаў нарэшце ён. — Хаця я нікому дагэтуль не прызнаўся б у гэтым.
— Вось, — сказала яна, — бітнікі ці традыцыяналісты, а ўсе мы звычайныя людзі з берагоў Урала ці Дняпра. Харошыя людзі. Вельмі. Браты. I браты ўсіх людзей з берагоў Сены ці Меконга.
Яша тупаў на месцы, відавочна вагаючыся.
— Вы… не скажаце ёй?
— Абавязкова скажу. Бо іначай у вас, пры недахопе смеласці, няскора атрымаецца…
— А вы думаеце?
— Я не думаю. Я знаю. Вы ніколі не задумваліся, чаму яна не глядзіць вам у вочы?
— Гм, — пачухаў патыліцу Яша.
Нарэшце ён пайшоў, відавочна ўзрадаваны. Яны засталіся адны.
— Якія харошыя людзі, - сказала Ірына. — Якія ўсе — людзі. Дзіўна, але я тут, у палаце, пачала так аджываць душой, што мне страшна.
— Цвіцеш, як букет бэзу.
— Угу. I ты поруч.
З таго часу ён усе ночы сядзеў поруч з ёй, гледзячы на яе твар. Яму ставала балюча ў горле, так ён яе кахаў.
Аднойчы, зусім ужо збіраючыся засынаць, яна трымала сябе так неспакойна, што ён спытаў, ці не баліць у яе што.
— Не, — сказала яна, — але я павінна прызнацца табе яшчэ ў адной маёй хлусні.
— Споведзь на сон градучы? А можа, не трэба?
— Трэба, — рашуча сказала яна. — Ты не спіш трэцюю ноч. Ты занадта, аж да неразумнасці, сочыш за мной. Я скажу, мне будзе лёгка, і я засну. Тады заснеш і ты. Баюся, але скажу.
— Добра, любая мая, — сказаў ён. — Ты толькі не хвалюйся.
— Сядай бліжэй, — сказала яна. — Пацалуй мяне.
Ён перасеў і пацалаваў яе ў вусны, а потым, прыпаўшы тварам да яе чыста прамытых, дзівосна мяккіх валасоў на падушцы, падрыхтаваўся слухаць.
Маўчанне было такім доўгім, што ён падумаў, а ці не заснула яна?
— Я ведала гісторыю на пароме, — раптоўна і хутка сказала яна. — Гэта і сапраўды быў мой прадзед. Толькі ніхто ў нас не ведаў прозвішча расстралянага.
Ён прыўзняўся, прыгаломшаны, але здолеў усё ж спытаць: