Литмир - Электронная Библиотека

Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спінаю да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.

– Дык у чым справа, пані?

– На той бераг. Я вельмі спяшаюся, – усхвалявана сказала яна. – За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.

– Давядзецца чакаць да раніцы, – спакойна сказаў Леановіч.

– Чаму?

– Вось загад генерала Фікельмонта – уначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных… Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.

– Мне нельга.

– Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты…

– Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.

– Захварэла дзіця? – пацікавіўся Пора-Леановіч.

– Не. Я спяшаюся да мужа.

– Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд – непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, – як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.

– У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.

Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно «сіяцельства», падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.

– Так, загад Мураўёва, – сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.

Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.

– Ого, – з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, – дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?

– Так, – сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, – вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.

Твар яе аж ззяў усмешкай.

– Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…

Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.

– Мужу варта было б думаць раней, – суха сказаў Леановіч. – Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы цяпер адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.

Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:

– Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок – і праз гадзіну я там… I ён жывы.

Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.

– I яшчэ адна прычына, – сказаў нарэшце Леановіч. – Вераб’іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.

– Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.

Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.

Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.

– Выйдзем, пані… Гораў, хадзем з намі.

Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, – іхнім вачам адкрылася даволі жудаснае відовішча.

Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.

Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады.

Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым – цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.

Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:

– Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.

– Але ён чакае, – амаль умольна сказала яна.

– Ён чакаў два месяцы. Некалькi лiшнiх гадзiн нiчога не зменяць, – абыякава да здзеклiвасцi сказаў капiтан.

«Не можа ж ён не разумець яе становішча, – думаў Гораў.– Што гэта? Здзек або халодная подласць».

Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.

– Для асуджанага кожная гадзіна чакання – гэта лішнія маральныя пакуты, – проста і сурова сказала яна, – вы ведаеце гэта…

– Вы можаце загінуць пры пераправе.

– Я не баюся гэтага.

– Я за вас таксама не баюся, – абыякава сказаў Леановiч. – Але я адказны за жыццё салдат. У iх таксама жонкi.

– Я магу паехаць з ёю, – раптоўна для самога сябе сказаў Гораў.

– Вы адзін не здолееце, – са спакойнай усмешкай на прыгожых і жорсткіх вуснах сказаў Пора-Леановіч. – Не звяртайце ўвагі, пані. Гэты парыў сведчыць аб добрым сэрцы, але ў капітана Горава параненая рука… у бітве з інсургентамі… Дарэчы, у гэтай бітве ён выявіў сябе героем.

То быў несумленны ўдар, але Гораў змоўчаў: ён не хацеў сказаць, што паранены пад Ракавам, а не тут, ён наогул не хацеў апраўдвацца.

– Так, – сказаў ён, – але можна спытаць у салдат, хто захоча.

– Салдацкая самадзейнасць? – Спакой тону Леановіча межаваў са здзеклівасцю. – Ну, не… А адказ – мой.

– Мне здаюцца падазронымі вашы паводзіны, – сказаў Юрый.

– Капітан Гораў,– не павышаючы голасу, сказаў Леановіч. – Я забараняю вам… Вы пакуль што падначалены.

Гораў змоўк. Ён зразумеў, што капітана не зрушыць, што ён мацнейшы за каменны мур. I такі ж раўнадушны. Гораў нават адчуў на хвіліну, што сабою ён, Юрый, пагарджае, а Леановіча пачынае паважаць за такое няўхільнае выкананне абавязку. I ўсё ж гэта быў жорсткі абавязак, непрыемны абавязак.

– Я паплыву, – сказала жанчына, – я добра плаваю. Зірнуўшы на яе рашучы, мэтаімклівы твар, Гораў зразумеў, што гэта не пустая пагроза.

– Я не дазволю вам гэтага, – сказаў Леановіч. – Вы забылі, што я мужчына і воляй лёсу адказны за жыццё дамы, за ваша жыццё.

– Вы мужчына? – горка сказала яна. – Сапраўдны мужчына сам паплыў бы са мною, калі не хоча рызыкаваць салдатамі і паромам. Вы проста баязлівец.

– Я дзесяць разоў стаяў на бар’еры пад кулямі,– безуважна сказаў Леановіч. – Я тройчы паранены на вайне.

Яна кінулася да яго, потым бяссільна апусцілася на ўслон, упала галавою ў далоні:

– Майце літасць, пан капітан… Божа! Хоць галаву аб вас разбі!!!

– Не раю, – сказаў Леановiч.

Слухаць маўчанне, якое наступіла пасля гэтых слоў, было нясцерпна. Гораў выйшаў на ганак і доўгі час стаяў, затуліўшыся ад халоднага ветру, за рагом хаты. Потым, з цяжкасцю вырываючы ногі з раскіслага глею, пайшоў да брамы пад рэдкім, як слёзы, дажджом.

Далёкія чырвоныя бліскавіцы ўсё яшчэ ўспыхвалі на вяршынях чорных вольх. Вецер не сціхаў. Рака ўтрапёна пялёскалася пад адхонам.

Гораў абышоў пасты – паўсюль яго сустракалі воклічамі. Кардон не спаў.

…У гадзіну ночы, агледзеўшы ўсё, што трэба і не трэба, Гораў усё яшчэ гуляў пад дажджом, цяпер без мэты. Праходзячы нарэшце да ганка паўз асветленыя вокны хаты, ён убачыў у адным акне твар Леановіча, жахлівы, відавочна пастарэлы твар. Леановіч глядзеў у цемру.

У акне бакоўкі Гораў заўважыў постаць жанчыны. Тая кідалася ў бакі, як зняволеная. Спынілася, ударыла кулачком па печцы.

Гораў апусціў галаву. Яму не хацелася больш ісці ў хату.

Зноў рака, зноў відовішча звар’яваных хваль. Зноў двор – чортава кроў, плашч пачынае прамакаць! – зноў месца за рагом і агеньчык запалкі ў руцэ.

– Палова другой.

Якраз у гэты час Грынкевічава выйшла на ганак. За ветрам Гораў невыразна пачуў:

– Божа, Божа, Божа…

За яе спінаю з’явіўся сярод цемры аранжавы прамакутнік дзвярэй і ў ім сілуэт падабранай, налітай імпэтнай і спакойнай сілаю, постаці.

– Зайдзіце ў пакой, – добразычліва-ледзяным голасам сказаў Леановіч, – я адказваю за вас.

Яна падпарадкавалася, і Гораў, адчуваючы, што зараз можа адбыцца нешта жахлівае, пайшоў за імі ў пакой, зноў убачыў змучаны, без крывінкі твар.

– Майце літасць…

5
{"b":"111456","o":1}