Литмир - Электронная Библиотека

– Душа ты цёмная. Колькі можна парадаў не слухаць, у цябе ж залатое вока. Трошкі стараннасці – і сёння быў бы першы разрад. А там, праз год, з тваімі дадзенымі стаў бы майстрам.

Андрэй абняў трэнера, каб той не крыўдаваў. Самому яму было ўсё адно. Пасля таго што здарылася ў Заходняй, ён не любіў страляць, хіба што на паляванні. Яму значна больш балела тое, што на беразе Дняпра, у Прароўскай затоцы, ён павінен быў праз якую гадзіну скакаць з вышкі.

З вышкі ўсё і пачалося.

Гамарня натоўпу, газетныя капелюшы, ляск апладысментаў, якія падбадзёрваюць. I імпэтная страла вышкі, узнесеная над затокай, над зеленаватым Дняпром, над дубамі, што шырока растрэслі на процілеглым баку свае зялёныя шапкі.

На гэтай страле раптоўна з’явілася танюткая, таксама ўзнесеная ў неба, дзявочая постаць, і гурт раптоўна сціхнуў у адным імкненні да таго, што яна збіралася зрабіць.

Яна адарвалася ад апоры, зрабіла паўкола ў паветры, быццам яшчэ думала, дзе лепей – у зіхатлівым майскім небе ці ў таемных глыбінях вады, – і потым плаўна, з той лёгкасцю, якая прымушае людзей верыць у палёт, памкнулася ўніз.

Рукі – ластаўчыны крылы, прыгожы выгіб ног – сімвал палёту.

Дзяўчына ляцела над ракой.

Дома Андрэй доўгі час сядзеў у кветніку, не ў змозе забыць гэтай дзівоснай з’явы. I ён амаль не здзівіўся, калі нехта адчыніў веснічкі. Куртаты Джэк ускінуўся быў брахаць, але адразу стаў і з цікавасцю пачаў разглядаць цемнавокую асмужаную дзяўчыну, якая стаяла на сцежцы.

– Прабачце, гэта дом Грынкевічавых?

– Калі гэтая халупка – дом, то так, гэта дом Грынкевічавых.

– Гэта не халупка, гэта вельмі прыемны сціплы домік. Хоць, вядома, ваш даваенны, на Замкавай быў большы.

– Праходзьце… Адкуль вы ведаеце дом на Замкавай?

– Андрэй… вы мяне не пазнаяцё?

– Н-не, – пачырванеў Андрэй, – хіба што толькі мне здаецца, гэта вы сёння ляцелі ў паветры.

– Ну, – засаромелася яна, – не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.

– Прабачце, – умольна сказаў Андрэй, – хто вы?

– Я Алёна Століч.

– А… Алёна, Бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.

– Дый вы… таксама.

Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія цвёрдыя далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.

…Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.

Далей. Далей. Усё далей.

Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:

Зялёны дубочак
На ель пахіліўся.

I ў гэтым страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.

– Чорт, – сказаў Андрэй, – уласна кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш – і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.

– Прачытай што-небудзь адпаведнае, – сказала яна.

– Добра.

Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжэць, не хацелі шалахцець нованароджаным лісцем – зашмат было гонару.

Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.
Празрысты зялёны рог,
I ценi ад хмар набягаюць
На вербы наўсцяж дарог.
Цiшыня над сiнiм Дунаем.
Сцiхлi шолахi ўсе:
«Каханая, дарагая,
Ногі твае ў расе».

Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:

– Дрэнна.

– I сапраўды, слаба, – з уздыхам сказала яна, – не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.

Яму спадабалася яе шчырасць.

– I што толькі рабіць, не ведаю, – сказаў ён.

Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра. Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.

Памаўчала.

– I ляцiць яна ў шлях, уся залатая, з пылком на лапках…

Мне думаецца, так i паэту трэба, вельмi трэба, каб сонца i вецер. Ноч не для яго…

I раптам ускрыкнула:

– Ану, даганяй.

Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы – і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася, учапіўшыся рукамі ў малады дубок. Андрэй не стрымаўся і па інерцыі пакаціўся далей, пад адхон, уздымаючы нагамі пясок.

Унізе ён пахіснуўся, упаў і застаўся нерухомы.

Устрывожаная, яна спусцілася да яго, села над ім на кукішкі, паклала далонь на каштанавы чуб.

– Андрэй, Андрэй. Даруй за гэты дурны жарт. Андрэй! Што з табой?

Ён раптам ускінуўся і злавіў яе за запясці.

– Н-ну, – прагрымеў ён, – якое пакаранне прыдумаць паненцы за гэта?

Але Алёнка зноў стала ранейшай. Яна спрытна крутанула пруцікі запясцяў паміж вялікім і ўказальным пальцамі яго рук, вырвалася адным рыўцом і, адскочыўшы на сажань убок, з’едліва сказала:

– Няхай пан у якасці пакарання прачытае пару ўласных вершаў.

Андрэй з жартоўным iльвiным рыкам кiнуўся за ёю…

…Назад яны ішлі ўжо больш сур’ёзныя.

– Вось, – казаў Андрэй, – заўтра ў сталіцу. Праз якія два тыдні скончу другі курс. А каб я ведаў, куды мне ісці, хто я, на што здатны – гэтага няма. I невядома, калі будзе.

– Што такое? – Яна ўзняла на яго смелыя дзіцячыя вочы.

– Разумееш, мне цяжка прызнацца, але я неяк выломліваюся з асяроддзя. I з вялікім болем… Разумееш, скажам, я вельмі люблю Ясеніна, Буніна. А іх замоўчваюць. Мяне ледзь з універсітэта не папёрлі за тое, што я іх чытаў.

– Пэўна, на лекцыях чытаў? – спытала яна.

– На лекцыі. Надта ўжо сумная была.

– Ну й дурненькі,– з усмешкай сказала яна, – іх трэба чытаць удомку. Няўжо ты думаеш, што ніхто іх не чытаў. Усе чыталі, але моўчкі.

– Вось і рэктар мне так сказаў. Пад дзвярыма студэнты слухаюць, а ён мне гэта сказаў, а потым павярнуўся да акна, а сам як пачаў мяне перыць ды голасна так. А сам усміхаецца.

Потым адчыніў дзверы, наліўся крывёй, – аж страшна, – і крычыць: у наступны раз я вас выганю. Або на Волга-Дон, або надоўга вон!!! І дзвярыма за мною ляснуў.

– Харошы чалавек, – сказала яна.

– А нё ж не. Самы лепшы. Але ж і ён хлусіў. Несумленна хлусіць, вось што…

– Ну, а далей. Хіба толькі ў Буніне справа?

– Вядома, не. Бачу, скажам, што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Ігнат Каўтуновіч, палена няструганае, баязлівец, падлюга і падхалім. А я гляджу ў яго вочы і ведаю, што ён першы ўцёк бы, калі б на нас, камсамольцаў, банда пад Ракшанамі навалілася. А ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек. А доказаў няма.

Андрэй аж здрыгануўся ўвесь. Потым змоўк.

Пад адхонам шаптала рака, звінела ніцымі галінкамі вярбы.

– Ведаеш, Алёна, – ціха сказаў Андрэй, – мяне гэта вельмі мучыць. Бачу, напрыклад, што ў многіх калгасах робіцца. І мне цяжка. Я баюся, каб з мяне не атрымаўся контррэвалюцыянер.

Яна рыўцом павярнулася да яго:

– Ф-фу, дурань які! Не з таго ты, Андрэйка, матар’ялу зроблены. Ты – чысты.

– Хлусню ненавіджу, – кінуў рэзка ён.

– Нічога, – сказала Алёна, – усё павінна змяніцца. У няшчырасці нядоўгі век. Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: «Усё праходзіць».

15
{"b":"111456","o":1}