Мужчына ўздыхнуў.
— Нiчога, вернуцца яшчэ, — супакоiў яго Дуброўскi. — Наша задача наладзiць цэнтр для лячэння дзяцей. Трэба захаваць генафонд Беларусi…
Iрэна з сумам пазiрала на Дуброўскага i ў душы зайздросцiла той жанчыне, якую, пэўна, захоўваў у сваiм сэрцы гэты чалавек. Як хацелася ёй быць на месцы гэтай жанчыны. "Гэты чалавек не для мяне, — падумала Iрэна, — я не дарасла да яго… А як бы хацелася мець такога!.."
Яна адчула, як не хапае ёй таты ў гэты складаны для яе час. Яна паедзе да яго! Хоць бы на хвiлiну адчуць поцiск яго дужых далоняў, убачыць родныя вочы! Можа, таму ён i пiў, што мацi перастала заўважаць у iм мужчыну, можа, таму i выбраў для сябе адзiноту. Гэта лепш, чым жыць сярод абыякавасцi. Чаго шукаў ён у вясковай самоце? I цi знайшоў?..
А вось i дзедава хата. Мусiць, года з паўтара Iрэна не была тут. Ёй адчынiла маладая жанчына, павяла здзiўлена чорнымi брывамi, зашпiлiла таропка знiзу халат, чорныя даўгiя валасы рассыпалiся па плячах. Недзе ў глыбiнi пакоя плакала дзiця. Iрэна прывiталася i прайшла ў хату. Бацька сядзеў на кухнi. Убачыўшы дачку, падняўся насустрач ёй.
— Я прыехала, тата, — Iрэна прысела на край канапы, агледзелася. — Божа, як вы жывяце? — уздыхнула здзiўлена, але без злосцi. — Нават тэлевiзара няма… А я сёння ў фiлармонiю iду!
— Шчаслiвая! — усмiхнуўся бацька.
— Шчаслiвыя вы! — адказала дачка, а затым, махнуўшы рукою, дадала: Добра! Паказвайце мне маю сястрычку альбо брацiка. Я не раўную…
…На сцэне невысокi, у белым касцюме музыкант з Германii — Мюлер. Iрэна пачула толькi ягонае прозвiшча. Музыкант iграе на аргане. Вядучая сказала, што Мюлер у дзяцiнстве любiў прыйсцi досвiткам у касцёл. З вiтражных вокнаў на арган падалi першыя сонечныя промнi, i ў гэтых промнях танцавалi ў паўзмроку маленькiя блiскучыя пылiнкi… Музыкант склаў мелодыю iх танца… Iрэна, як зачараваная, растваралася ў дзiўнай музыцы…
Але казка скончылася — у гардэробе Iрэна адчула сябе адзiнокай i разгубленай. Мужчыны падавалi жанчынам палiто, а Iрэна сваё ўзяла сама. "Каб я была замужам, я б не была адзiнокаю тут", — падумала яна.
— Iрэначка! Прывiтанне! — Яна ўбачыла Нiнэль Мiхайлаўну, якая вядзе ў iнстытуце харэаграфiчны факультатыў. — Ты чаму не прыходзiш на рэпетыцыi? Што здарылася з табою?
— Ужо ўсё прайшло! — усмiхнулася тая. — Прыйду!
— Прыходзь, Iрэначка! — Нiнэль Мiхайлаўна ўзяла пад руку свайго мужа. Ну, бывай! — заспяшалася да выхаду.
"Шчаслiвая!" — з сумам падумала дзяўчына.
Ля пад'езда нехта стаяў. Спачатку Iрэна спалохалася, потым сэрца нечакана забiлася — няўжо Янка? Падышла блiжэй.
— Я так даўно цябе чакаю, — сказаў ён з дакорам. — Дзе ты ходзiш?
— Янка, Яначка! Дарагi мой! — узрадавалася Iрэна. Моцна прыцiснулася да ягоных грудзей. Потым, усё яшчэ не верачы, што ён тут, заглянула ў твар. Такiя родныя блакiтныя вочы, светлыя валасы, пухлыя, як у капрызнага дзiцяцi, вусны, а над iмi «шляхецкiя», як ён смяяўся, вусы…
— З другiм была? — з рэўнасцю запытаў Янка, але тут жа дадаў: — Рыхтуйся да вяселля! Трэба дрожджаў дастаць. У цябе ж суседка ў сталовай працуе. Мая мацi гарэлку выжане…
— А як жа ж Рэня? — з крыўдай мовiла Iрэна.
— Трэба яна мне, крываногая! — кiнуў Янка. — Болей з ёй не сябруй, гэта не сяброўка, што хлопцаў адбiвае! Ну, пайшлi да тваёй суседкi!
— Давай спачатку да нас! Скажам маме пра наша вяселле, можа, падарункi якiя трэба, родзiчаў назавеш, каб ведаць, што каму купляць…
— О, гэта справа! — ажывiўся Янка. — Тады пайшлi!
Iрэна ўляцела ў кватэру радасная, трымаючы за руку Янку.
— Мамачка! — закрычала яна, але раптам застыла на парозе.
Яна ўбачыла ў сваёй кватэры незнаёмага мужчыну.
— Iрэначка, гэта Iван Сяргеевiч! — сарамлiва паднялася з-за стала мацi. Ён — камерсант. У нас ёсць шанц пабываць за мяжою!
Iрэна засмяялася:
— Я ж казала табе, што сорак два гады — гэта яшчэ не канец жыцця!
— Я ад васемнаццацi гадоў цягну лямку сямейнага жыцця, — паскардзiлася мацi. — Хачу абнаўлення, навiзны! З iм я адчуваю сябе маладою!
— А ты i не старая! — бадзёра адказала Iрэна.
— Ты была ў бацькi? — устрывожана мовiла мацi. — Як ён там, не памёр яшчэ? Конюхам працуе альбо ў вартаўнiкi падаўся? I гэта з вышэйшай адукацыяй!
— Навошто ты зневажаеш яго? — раззлавалася Iрэна. — Ён разумны, малады, таленавiты i мае права на асабiстае шчасце!
— Ах ты, нягоднiца! — замахнулася на яе мацi. — Ты ўсё жыццё патурала ягонаму вар'яцтву!
Янка схапiў Iрэну за руку, выцягнуў з кватэры.
— Я ж казаў, пайшлi лепш да суседкi! — мовiў ён.
Iрэна заплакала.
— Супакойся, — абняў яе Янка. — Я табе на паперцы напiшу сваiх родзiчаў, а ты ўсё купiш, дамовiлiся?
Iрэна згодна кiўнула галавой i хацела пацалаваць хлопца, але той адхiлiўся.
— Што гэта за прышчык у цябе на вуснах? — строга запытаў ён.
— Прастыла…
— А можа, з кiм была, га? — занепакоiўся Янка. — Можа, што дрэннае?
— Адчапiся! Пайшлi лепш да суседкi!
…Задаволеная чырванашчокая цётка Соф'я выйшла са спальнi ў прыгожым зялёным халаце.
— Iрэначка, Янка! — заўсмiхалася яна. — А мая ж Аленка дадому вярнулася! Дачушка, у нас госцi!
З кухнi выбегла Аленка ў спартовым касцюме.
— Усё спортам займаешся? — абнялася з ёю Iрэна, гарэзлiва спытаўшы: Закадрыла свайго спартсмена-бегуна?
— Ой, закадрыла, Iрэначка! — абазвалася Соф'я, несучы ўсiм каву на падносе. — Сядайце, даражэнькiя, на канапу! Аленка ж купiла бiлеты ў беларускi тэатр на п'есу «Верачка», запрасiла Мiколу, заўтра пойдуць!
— Ну, як ты ладзiш з мацi? — шапнула на вуха сяброўцы Iрэна.
— Цярплю, — махнула рукою тая. — Мне грошы патрэбны, бо Мiкола дужа любiць, каб модна я апраналася…
— А чубчык ты не фарбуй, — заўважыла Iрэна, — зараз модна ўсё натуралёвае! Ты й так прыгожанькая, русявая…
— Мы ў паход летам iдзём! — паведамiла Аленка. — Мiкола групу вядзе, бо Анатоль адказаўся. А я палаткi дастаю! З адной дзяўчынай пазнаёмiлася, Марусяй зваць, яна мне дапаможа!
— Хопiць шаптацца! — усмiхнуўся Янка. — Ты, Аленачка, маю Iрэну не зводзь нiкуды, у нас летам вяселле. Вось прыйшоў да вас, цётка Соф'я, кланяцца, ласкава зiрнуў ён на жанчыну, — дрожджаў дастаньце!
— Дастану… — працягнула Соф'я i насцярожана глянула на Iрэну: няўжо даравала ўсё яму?
— I яшчэ, калi зможаце, дзiцячых кансерваў, - папрасiў Янка. — Мы з Iрэнай да маёй сястры Лiлi паедзем у госцi.
Iрэна ласкава прытулiлася да хлопца.
— Нешта ты цямнiш, Яначка! — прысела ў крэсла Соф'я. — Кастусь! паклiкала мужа. — Iдзi сюды!
У дзвярах паказаўся Аленiн бацька, хударлявы, твар змораны, з алоўкам у руцэ.
— Ты ўсё працуеш? — незадаволена сказала Соф'я. — Усё жыццё ў вядучых iнжынерах ходзiш, а Танька да шэфа падсунулася, начальнiкам паставiў! Сорам! Баба начальнiкам аддзела працуе, табою камандуе! Калека ты, а не мужык! Глянь во на гэтага хлопца! — кiнула ў бок Янкi. — Той, што ты казаў, цi не?
Янка на хвiлiну знiякавеў.
— Падобен крыху… А што? Хто гэта?
— Iрэнчын кавалер.
— А-а-а! Тады не падобен! — i пакрочыў у свой пакойчык.
— У чым справа? — занепакоiлася Iрэна.
— Усё добра! — усмiхнулася Соф'я, падала ёй каву i заўважыла, што рукi ў Янкi затрэслiся, калi браў ад яе гарачы кубак…
Сцяпан прыехаў да Марусi на працу з букетам кветак. Дзяўчаты з яе аддзела ўжо разглядалi фотаздымкi, што прынесла яна з паходу па Нарачы.
— Вось ты i абскакала Анатоля! — засмяяўся Сцяпан. — Цяпер ён абавязкова возьме цябе ў летнi паход!
— А паглядзi, якую сценгазету яна зрабiла для Анатоля! — зазначыла Надзея Шэбан.
— I вершы свае змясцiла, — пахвалiла Зоська, папраўляючы прычоску.
Сцяпан, па-сяброўску абняўшы Марусю, пачаў чытаць сценгазету.
На першым плане — здымак: Маруся ў штармоўцы, ля вогнiшча, з гiтарай. I надпiс: "Ранак сонечны, але бадзёра-халаднаваты. Мы iдзём на лыжах, а я ўяўляю аксамiтна-зялёны дыван маладой вясновай травы. Анатоль, ты вядзеш мяне ў свой летнi паход!.. Гэта ж будзе, праўда? Падобныя на куранятак дзьмухаўцы ў траве, i мы з табою сярод iх…"