— Заходзь у госцi, Iрэначка! — маладым, сакавiтым голасам кiнула яна ўслед дзяўчыне.
Ранiцай Мiкола прачнуўся ў чужым пакоi. Спахапiўшыся, пачаў азiрацца навокал: цi не ў медвыцвярэзнiку? Ён ехаў ад бацькi з канiкулаў выпiўшы i заснуў у трамваi… Не, ён быў у самым звычайным iнтэрнатаўскiм пакойчыку. Насупраць стаяў другi ложак, засланы ружовай капай. Над iм вiселi партрэты артыстаў, выразаныя з часопiсаў. Ля акна стаяла белагаловая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i разглядала яго пашпарт, якi дастала з кiшэнi нагавiц. Усё ягонае адзенне вiсела на спiнцы крэсла.
— Эй, што ты па кiшэнях лазiш? — ускочыў Мiкола i выхапiў у яе пашпарт.
— А ў цябе фiгура — клас! — гарэзлiва адказала дзяўчына. — Ну што, Гайда Мiкола бацькавiч? Ты мне падыходзiш па ўзросту. Мне таксама дваццаць пяць…
— А ты мне — не! — агрызнуўся той i пачаў нацягваць нагавiцы.
Дзяўчына падышла да яго, абняла за шыю, прытулiлася вуснамi да грудзей.
— Ты быў у мяне першы, — прашаптала яна. — I другога нiколi болей не будзе…
— Адчапiся! — адхiлiўся Мiкола i надзеў кашулю. — Адкуль ты такая ўзялася? Ненармальная…
— Зараз прынясу бульбачку, фаршырованую мясам, — засмяялася дзяўчына, пальчыкi аблiжаш! I не прыкiдвайся дурнем — гэта табе не пасуе! Я помню ўсё, усе твае словы ноччу…
I, какетлiва павёўшы брывамi, пабегла з пакойчыка. Вярнулася праз хвiлiну, хуценька паставiла жароўню на тумбачку, выцягнула дзве талерачкi i пачала раскладваць бульбу, яна так смачна пахла, мела залацiсты колер, а з яе выглядвалi скарыначкi запечанага мяса… Дзяўчына спрытна расклала вiдэльцы, нарэзала хлеб. Паставiла на стол пляшку гарэлкi. Легкадумны кароценькi халацiк, са знарок расшпiленымi ўнiзе двума гузiкамi, агаляў прыгожыя поўныя ногi.
— Проша пана! — усмiхнулася дзяўчына, паказваючы рукою на стол. — Проша частавацца!
Мiкола паслухаўся. Перад гэтым зiрнуў у акно — мясцовасць была незнаёмая.
— Можа, растлумачыш мне, дзе я? — з iронiяй сказаў дзяўчыне.
— Хто каму павiнен тлумачыць? — здзiвiлася тая. — Ты ж учора гаварыў, што ўсё жыццё мяне шукаў. У маiм трамваi да канца змены катаўся, рамансы на гiтары спяваў…
— Дзе гiтара? — спалохаўся Мiкола i, знайшоўшы позiркам яе ля сцяны, супакоiўся. Успомнiў — было такое. Але каб iсцi да яе ў iнтэрнат?!
— Сама мяне сюды прыцягнула?
— Ах ты, нягоднiк! — раззлавалася яна. — Ды сам жа ўслед плёўся! Можа, цяпер будзеш адмаўляцца, што мяне згвалцiў? У мяне сведкi ёсць! Зараз пайду ў палiклiнiку судмедэкспертызы, калi ты станеш адмаўляцца, што казаў мне ўчора пра каханне, пра вяселле…
— Ты, трамвайшчыца няшчасная! Смаркачы вытры, малалетка!
— Ды я з табою з аднаго года! Калi не будзеш болей са мною сустракацца, калi не прыйдзеш болей да мяне…
— Трэба ты мне, як сабаку пятая нага! Ды ў нас з табою розны iнтэлектуальны ўзровень: у мяне вышэйшая адукацыя, а ты — двоечнiца з калгаса! Прыехала сюды, курсы скончыла i гарадскою сябе лiчыш?
— Я хоць i двоечнiца з калгаса, а назаўсёды застануся ў горадзе! Iльготную кватэру атрымаю! А цябе запруць у вёску загадчыкам задрыпанага клуба, i будзеш там з даяркамi гуляць! З кiм ты там ажэнiшся? Ну, калi настаўнiца якая прыедзе пасля вучылiшча, бо пасля iнстытута альбо замужнiя, альбо не едуць зусiм, квас у горадзе застаюцца прадаваць! Iнтэлектуальную хочаш? Хрэн табе з маслам! Не хочаш мяне, iльготнай кватэры, тады iдзi прэч! Чуеш, прэч!
I выпхнула яго за дзверы.
Анатоль Хвашчэўскi сядзеў на педсавеце як на iголках. Спачатку разбiралi двоечнiкаў з яго групы, потым астатнiх гультаёў i прагульшчыкаў. Праца майстрам у ПТВ падабалася Анатолю, але яна забiрала шмат часу. Трэба было весцi справы ў турыстычным клубе вучылiшча, якi ён узначальваў, дый пра сябе не забываць — у яго па турызме толькi КМС, а хацелася б "майстра спорту". Хутка ён атрымае кватэру, а гэта ж столькi клопатаў! Не, трэба тэрмiнова жанiцца, тады б прыйшоў з працы, жонка налiла б баршчу, пад'еў — i на трэнiроўку. Як вольны час — у паход! А жонка няхай дома верцiцца, а то i ў вёску, да бацькоў, грады палоць, сала прывезцi… Галя падыходзiць яму за жонку, з беднай сям'i, значыць, не такая разбэшчаная будзе, як багатыя. I апранацца будзе, як прывыкла: дзве-тры сукенкi, i хопiць. А астатнiя грошы сэканомяць яму на паходы, на заплечнiкi, на спартовыя касцюмы…
Анатоль уздыхнуў з палёгкай — педсавет скончыўся. Глянуў на гадзiннiк спазняецца на сустрэчу з сябрам ажно на дваццаць хвiлiн!
… Сцяпан, высокi, плячысты, з зачасанымi ўгору валасамi i маленькiмi вусiкамi, убачыў Анатоля яшчэ здалёк i памахаў яму рукою.
— Прабач! — уздыхнуў Анатоль, пацiскаючы сябру руку. — Ну, як справы? Дыпломная пiшацца? I кiм жа ты будзеш, куды паедзеш пасля?
— Згодна дыплому — эканамiстам, але паеду на хутар, да бацькi, — адказаў Сцяпан. — Там у мяне двое братоў жанатых, сястра. Будзем фермерствам займацца! Добра, давай хутчэй да аўтобуса, а то Маруся ўсе вочы праглядзела ўжо, чакаючы нас!
— Жаночая справа — чакаць! — буркнуў Анатоль, працiскаючыся ў поўны аўтобус.
— Марусю бяром у паход? — цiха папытаўся Сцяпан, ставячы набiтую цяжкую сумку долу.
— Не, яна нам не падыходзiць, — сур'ёзна адказаў Анатоль. — Статус не той, разумееш? Я вяду групу, кiраўнiк паходу, адказны за ўсiх. А яна ва ўзросце, нiколi не хадзiла ў спартовыя паходы. Мы з ёй пазнаёмiлiся ў паходзе выхаднога дня… Вось грэчкi завязём, а яна нам палатку зашые, заплечнiкi адрамантуе…
— У якiм гэта яна ўзросце? — засмяяўся Сцяпан. — Табе ж дваццаць пяць, а ёй усяго трыццаць два!
— Усяго? — раззлаваўся Анатоль. — А дзяўчатам нашым па дваццаць два гады! Рознiца ў дзесяць год, разумееш?
Сцяпан хмыкнуў i адвярнуўся да акна.
— Ты мне не хмыкай! — незадаволена кiнуў Анатоль. — Мiкола Гайда нешта пыжыцца, прэтэндуе на лiдэрства. У мiнулым паходзе ўсё нешта мармытаў сабе пад нос. I ты туды ж? Калi так справа пойдзе, я паход не павяду! Альбо я — лiдэр i камандую ўсiмi, альбо паходу не будзе, не дам нi палатак, нi заплечнiкаў, не падпiшу пуцёўку!
— Хопiць, — супакоiў яго Сцяпан, — выходзь, прыехалi!
— Ой, хлопчыкi! Анатоль, Толечка! Сцяпан! — пляснула ў далонi ўзрадаваная Маруся.
Выглядала дзяўчына вельмi прывабна: доўгi пышны халат з глыбокiм выразам, чырвоныя манiсты, чарнявыя валасы, закручаныя чырвонай стужкай у «хвосцiк», вялiкiя чорныя вочы нагадвалi цыганку. Мяккiя вусны расплылiся ва ўсмешцы:
— Толечка, я твой эдельвейс, якi ты мне з паходу прынёс, засушыла. Ён у мяне як скарб, самы вялiкi скарб!
Яна запрасiла хлопцаў садзiцца, а сама пабегла на кухню прыхапiць тое-сёе на стол. Прынесла смажаную курыцу, паставiла пляшку лiкёру i зноў жа хуценька некуды пабегла. Пачуўся гул кавамолкi, Маруся з'явiлася праз хвiлiну з падносам, на якiм стаялi тры кубачкi духмянай кавы.
— Усё, будзем частавацца! — смеючыся, выдыхнула Маруся. — Гэта я ад радасцi так замiтусiлася. Для цябе, Толечка! А ён жа, Сцяпанка, нават у кiно мяне не запросiць, нягоднiк! Пасварыся на яго, Сцяпан, добра! — засмяялася яна, ружавашчокая, з ямачкамi на шчоках, вясёлая, танюткаю рукою разлiла па келiхах чырвоны, як кроў, лiкёр…
— Ну, вып'ем за Марусю, — прапанаваў Анатоль, — Новы год не прыйшлося нам з ёю сустрэць, справы, сама разумееш… Ну, за ўсё харошае, каб у гэтым годзе табе пашанцавала замуж выйсцi!
— Дык я ж толькi за цябе збiраюся! — усмiхнулася Маруся, падносячы келiх да вуснаў.
— Мы тут да цябе па справе прыйшлi, — мармытнуў Анатоль, адкусваючы кавалак мяса з курынай ножкi. — Ты мне летась добрыя шкарпэткi ў паход звязала, але вось яны парвалiся…
— Звяжу новыя, — засмяялася Маруся. — Чула, ты летам у паход групу вядзеш па Беларусi, краязнаўчы паход…
— Ужо расказаў? Памяло! — зыркнуў вачыма на Сцяпана Анатоль. — Я ж сказаў, раз i назаўсёды: Марусi нельга ў спартовыя паходы!
— Ну чаму ж? — запярэчыла тая. — Я на турзлёты ад свайго «Менскбудпраекта» езджу! А тут паход у вас першай складанасцi, для навiчкоў! Чаму ты не хочаш мяне браць?