— Ты што, ужо зусiм з глузду з'ехала? — буркнуў ён, убачыўшы Наташу. Паспаць не даеш!
— Я на маршрут выехала, — усмiхнулася яна, — вось, думаю, занясу табе кашулi. Яны так хутка высахлi, праз гадзiну пасля таго, як ты пайшоў ад мяне…
Мiкола моўчкi ўзяў пакет i кiнуў яго на ложак. Наташа адразу заўважыла за шторай постаць i засмяялася:
— Аленка! Вылазь, я «Рыслiнг» прынесла, зараз вып'ем!
Адкаркавала бутэльку, паставiла трэцюю шклянку i налiла ўсiм. Выцягнула з-за шторы Аленку i ўручыла ёй паўшклянкi вiна.
— Мне нельга сёння, — адказала тая i паставiла шклянку на стол.
— Яна зранку ў бальнiцу iдзе, — мовiў Мiкола, падаючы Аленцы сукенку. Апранайся, а то спознiшся…
… Князь прывiтаў Дарыну лёгкiм кiўком галавы, пацалаваў ёй руку i незвычайна доўга затрымаў свой позiрк на яе твары.
— Ты такая бледная, што здарылася, сястра?
— Ад хвалявання, князь, — усмiхнулася Дарына. — Такi цудоўны баль!.. I дачка заморскага магната, з якою вы танцавалi…
— Яна прыгажуня, бясспрэчна, — адказаў цiха Вiтаўт, — але другая завалодала маiм сэрцам настолькi, што не магу болей маўчаць пра сваё каханне, мушу прызнацца i прасiць яе згоды стаць маёй жонкай…
— Якою шчаслiваю яна будзе з вамi, князь! — самотна схiлiла галаву Дарына. — Уставаць разам з вамi на золку, любавацца захадам сонца, гаманiць у начной цiшынi пад спеў салаўёў i стракатанне конiкаў… Дакрануцца да вашых валасоў, правесцi рукою па твары…
Дарына ласкава ўсмiхнулася, i ў вачах яе застылi слёзы. Яна паспешлiва пакiнула залу. Па шырокiх прыступках паднялася ў верхнiя пакоi. Месяц заглянуў у акно, на iмгненне высвецiў пацеркi ў касе дзяўчыны. Цiха гарэла свечка, роўнае полымя кiдала на сцяну ласкавы водблiск. Але Дарыну ахапiў адчай. Яна зразумела, што нiколi не зможа стаць жонкаю Вiтаўта, што ёй наканавана лёсам быць толькi сястрою ягонай…
Зялёны келiх падносiць да вуснаў сваiх Дарына. Келiх з атрутаю. I чуе, блiзка зусiм, таропкiя крокi да яе спальнi. Вiтаўт?
— Мая каханая, што ты зрабiла? — нахiляецца над Дарынаю Вiтаўт.
— Прабач мне, — шэпча Дарына. — Чорная здань пагубiла мяне ў юнацтве звар'яцела я ад сляпога кахання, не кахання — прагi да цела! I за гэта, што цяпер зрабiла, прабач мне, любы мой Вiтаўт… Грэх на мне, памалiся лепш Богу…
Крык адчаю разрывае начную цiшыню. Спалохана ўзлятаюць заспаныя птушкi, i хаваюцца ў чароце гнуткiя русалкi. Мiтусяцца па пакоях i ў садзе госцi князя. Усё зблыталася: сон i ява… памiрае Дарына…
— У вас быў хлопчык, — самотна гаворыць акушэрка Аленцы. — Паляжыце тут крыху, потым вас адвязуць у палату…
— Дзе я? — пытаецца Аленка.
— Ужо ўсё прайшло, — супакойвае яе медыцынская сястра, гладзячы па галаве.
— Хто я? — Аленчыны вочы напаўняюцца слязьмi, i яна страчвае прытомнасць.
…Згорблены стары прыйшоў з лесу, у доўгай палатнянай кашулi, з сiвою барадою. Выняў з-за пазухi прыгожы кубак на тонкай падстаўцы i падаў яго змрочнаму, пачарнеламу ад гора князю. Той агледзеў яго i здзiвiўся — кубак быў закрыты жалезнай накрыўкай.
— Што ў iм? — сурова спытаў у старога.
— Смерць Чорнай зданi, — мовiў той. — Хто ўбачыць, што знаходзiцца ўнутры кубка, — перастане быць нявольнiкам сляпога кахання, прагi да цела. Чорная здань пакiне яго.
Князь пакруцiў у руках кубак, любуючыся яго прыгажосцю. Нечакана нацiснуў на накрыўку, i яна адскочыла. Заглянуў усярэдзiну. Нейкi час яго бровы былi ўзнятыя ад здзiўлення. Потым князь паставiў кубак на стол, i самотная ўсмешка прабегла па ягоным твары.
— Прыгожы кубак, унутры якога пустэча… — прашаптаў Вiтаўт. — Што можа быць мудрэйшым?.. Хай прадоўжыць Бог ваша жыццё, мудры старац!
— Слуг паклiчце i загадайце кубак паставiць на вiднае месца, пакланiўшыся, мовiў стары. — Няхай другi, апантаны, сляпы, нявольнiк Чорнай зданi i прагi да цела, адкрые яго i, унутр зазiрнуўшы, ачуняе душою i целам, не паўторыць памылку Дарыны…
ЧАСТКА ДРУГАЯ
I
…Было такое ўражанне, што трапiлi ў мiнiяцюрную вёску мiнулага. Анатоль Хвашчэўскi, прымiрыўшыся з Галяй, усё ж такi павёў групу ў паход сам, згадзiўшыся нават на экскурсiю ў Музей архiтэктуры i побыту Беларусi.
— Нiчога рукамi не чапаць! — дзелавiта папярэдзiў Анатоль. — Музей пад адкрытым небам — унiкальная рэч! Зойдзем вось у гэту хату!
…Тканыя ручнiкi вiселi на покуцi i ля парога. Ля печы — невялiчкi ручнiчок з карункамi з аднаго канца.
— Гэта ж трапкач! — засмяялася Галя. — У нас такi дома быў, i мацi часта "давала нам трапкача"! Толечка, я таксама буду нашым дзеткам "трапкача даваць"! — какетлiва глянула на хлопца.
— Мы ж дамовiлiся: нiякiх дзяцей! — сурова адказаў Анатоль. — Мне i чужыя надакучылi ў маiм ПТВ!
Галя махнула рукою, у душы спадзеючыся, што ён толькi цяпер так гаворыць.
Мiкола разглядаў прыстасаванне для лучыны.
— Добрая рэч! — кiнуў ён Антосю. — I для паходаў згадзiцца!
— Паглядзiце на калыску! — мовiў Сцяпан. — Яна трымаецца на цвiку, што ўбiты ў столь. У нас дома такая на гарышчы ёсць!
— А саламяны капялюш нiчога! — засмяяўся Мiкола. — Я быў бы падобны ў iм на шляхцiца!..
Аленка пагардлiва ўсмiхнулася i адвярнулася ад яго… Увесь час пасля таго, што яна зрабiла, ёй паўсюдна здаваўся пах закiсу азоту, якi даюць перад аперацыяй… Пах гэтай маскi… Неяк Мiкола паспрабаваў пацалаваць яе падалося, што яна задыхаецца, вусны Мiколы пахлi закiсам азоту… Яна вырвалася, пабегла ад яго…
— А зараз я вам пакажу нешта страшнае! — загадкава сказаў Анатоль i павёў усiх да наступнай хаты па вузкай вулачцы.
…Доўгi пагонны двор, хата прамавугольнай формы. Гаспадарчыя пабудовы побач з жылымi пакоямi.
— Такiя хаты ў нас, на Вiцебшчыне, будуюць, — паведамiў Сцяпан, — i наша хата, на хутары, такая ж! Гэта строй Заходняй Беларусi.
— Ой, Сцяпаначка, якi ж ты багаты! — засмяялася Iрэна, папраўляючы касу. Добры будзе ў мяне жанiх! Цi не хочаш быць жанiхом?
— Хачу! — засмяяўся Сцяпан, абняў Iрэну, i яны першымi ўвайшлi ў хату.
…На покуцi — iконы. На драўляным стале ляжыць муляж хлеба на сене. Доўгая лаўка. Прыгожыя жаночыя андаракi вiсяць над ложкам ля печы. На кiйку перад печчу вiсяць каўбасы…
— Хата прыбрана да Каляд, — паведамiў Анатоль. — Апошнi з гаспадароў памёр у XIX стагоддзi. А потым, хто нi пасяляўся тут, цi памiраў, цi дурнеў. Хату будавалi па старажытным звычаi: гаспадар мазаў вуглы сваёю крывёю, каб тут жылi толькi ягоныя родзiчы…
— Пайшлi адсюль! — пiснула Галя.
— А я вось застануся тут на ноч! — расхрабрыўся Мiкола. — Потым раскажу вам, можа, сюды прывiды з'яўляюцца?
Зацiкаўленыя хлопцы i дзяўчаты пагадзiлiся з ягоным рашэннем.
Лес рэдкi, у асноўным кусты альшанiку, танклявыя грабы ды арэшнiк. Сям-там — бярозкi. Мiж дзвюх палатак вiхляе вузкая сцяжынка. Iрэна кладзецца на жывот i вуснамi знiмае кропельку расы з пялёсткаў маленькай ружовай кветачкi. Босыя ногi дрыгаюць у паветры, побач валяюцца кеды. Антось запускае ў дзяўчыну валанчыкам ад ракеткi i запрашае пагуляць з iм. Яна адмоўна, з лянотаю, круцiць галавою i любуецца на Сцяпана, якi коле дровы для вогнiшча.
— Заўтра будзе добрае надвор'е, — кажа Аленка Антосю, — раса нанач…
Той кiвае ёй i падае ў руцэ сунiцы.
— Частуйся, не сумуй! — усмiхаецца ёй. — Табе яшчэ будзе шчасце!
Яна дзякуе. З асалодай адчувае ў роце смак пахучых ягад — нават есцi шкада.
Галя сядзiць ля палаткi i зашывае Анатолевы штаны.
— Эй, а чаму твой заплечнiк тут? — пытаецца ў яе Анатоль.
— А хiба мы не ў адной палатцы будзем?
— Не, не ў адной! — адносiць яе заплечнiк да другой палаткi Анатоль. — Я вяду групу, i мне зараз не да цябе! Са мною ў палатцы будзе Iрэна!
— А мы што, усе будзем у адной цiснуцца? Шэсць чалавек? — ускiпела Галя.
— Не шэсць, а пяць, — паправiў яе Анатоль. — Мiкола сёння ў музейнай хаце начуе…
— Гэта ж несправядлiва, Анатоль! — падышоў да яго Антось з ракеткаю ў руцэ. — Вас будзе ў палатцы двое, а нас — пяцёра!