Лидия Адамович
Кветкi самотнай князёўны
Аповесць
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
I
Аленка не магла стрымацца ад смеху — мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу — у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.
…Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.
— Сцiхнi ты, дурнiца! — таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. Ён сюды накiроўваецца!
Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкi:
— Можна вас?
Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны i танцавалi — на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.
…Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, — ён бачыў яго ранiцою, вечарам, кожны дзень… I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце — бачыць перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны гiтары… З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль… Яна ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не запрашалi…
Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405… 405… i выводзiла лiтары: Мiкола Гайда… Мiкола Гайда… i з трапяткiм сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена Гайда… Алена Гайда…
— Самотная князёўна на чужым бале? — абарваў яе думкi прыглушаны голас.
Алена ўзняла вочы — яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым "старым мужчынам"? "Ён падобны на цыгана, — падумала дзяўчына. — На старога цыгана!" I адвяла позiрк.
— Баль заканчваецца, — прамовiў мужчына лагодна. — Можа, мы пойдзем дадому разам?
— Да якога яшчэ дому? — раздражнёна павяла плячыма Аленка.
— Да вашага, вядома. Цi можна правесцi вас?
— Пашукайце сабе па ўзросту, — цвёрда сказала Аленка, глянуўшы яму ў твар.
— Нават так? — усмiхнуўся ён. — Што ж, дзякую за танец!
I правёў яе на месца.
У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.
Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, "каб холадна не было", смяяўся на пытаннi дзяўчат, — гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.
— Ой, цюльпанчык! — ускрыкнула Аленка. — Жывы! Малайчына, Анатоль!
— Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, — усмiхнуўся хлопец. — Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы…
Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.
— Пайшлi да маiх, — шапнула Анатолю, — а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы… Аленка, пайшлi разам! — звярнулася да сяброўкi.
— Не, — адмоўна махнула галавою Аленка. — Я тут застануся, на ганку… Мiколу пачакаю… Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо…
— Ну, глядзi сама, — адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.
… Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк — палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.
— А я, як нi пагляджу ў акно — усё вы стаiце, — падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. — Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?
Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! — з непрыяззю падумала Аленка. — Цыган стары!"
— Давайце знаёмiцца, — прапанаваў ён. — Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер «Менскбудпраекта». Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?
— Не, — суха адказала Аленка. — Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць…
— Мы амаль землякi, — усмiхнуўся Вайдаш. — У мяне ў Менску кватэра… Спускайцеся ўнiз! — працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. — Цi чакаеце каго?
Аленка не адказала.
— Ён не варты гэтага! — засмяяўся Дуброўскi. — Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе — шмат хто бачыць яе ля маёнтка… Вось i вас, здаецца, закранула яна…
— Што? — у Аленкi пахаладзела спiна. — Якая здань?
Але з прыступак сышла.
— Гэта даўняе паданне, — мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, — з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека — ён робiцца сляпым духоўна… Ён любiць толькi цела… i гiне ў сляпым каханнi… Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць…
— Ой, раскажыце, калi ласка! — устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесцi Мiколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, i ён не ведае… Зацiкавiць яго, спадабацца яму, а там, глядзiш, i ў паход возьме!..
— Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, — уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, — знаходзiцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, якi пабудаваў для яе князь Вiтаўт, дараваўшы здраду яе… У лабiрынтах падзямелля iснуе, паводле падання, Блакiтны пакойчык, у якiм ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго — знiшчыць здань…
…Руiны старога маёнтка чарнелi пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкi сыпалi ў твар. Аленка, зачараваная i ўзрушаная, прыслухоўвалася да голасу Вайдаша. Прыслухоўвалася i… ужо не iснавала ў цяперашнiм часе: у белым прывiдным тумане з'явiўся на канi магутны i суровы князь Вiтаўт.