Сцяпан з раздражненнем адсунуў газету ўбок.
— Табе не спадабалася? — цiха спытала Маруся.
— Мне не спадабалiся твае фантазii! — абурыўся Сцяпан. — Тысяча клiчнiкаў пад выразам: "Гэты паход прысвячаю табе, Анатоль!" Ён жа цябе не варты! Анiяк табе не падыходзiць: нi iнтэлектам, нi ростам, нi характарам!
Маруся пакрыўджана маўчала. Ужо калi выйшлi на вулiцу, мовiла:
— Ты не маеш права забараняць мне кахаць яго!
— Аднак павiншаваць цябе з першым паходам прыйшоў не ён!
Маруся развiталася i шпарка пакрочыла да аўтобуснага прыпынку.
Анатоль Хвашчэўскi моўчкi назiраў, як Галя збiралася: доўга стаяла ля люстэрка, прымервала некалькi сукенак, але ўсё ёй не падабалася. Нарэшце яна нацягнула джынсы i майку. Прысела на свой ложак i сказала, як адрэзала:
— Я знаёмiцца з Марусяй не пайду!
— Гэта чаму? — здзiвiўся i адначасова ўзлаваўся Анатоль.
— Таму, што сёння сход у Мiколы Гайды з выпадку паходу.
— Ты? Да Мiколы? — аж пачырванеў Анатоль, вусны яго задрыжэлi. — Якiя паходы, калi ты рыхтуешся стаць маёй жонкай?! Пра паходы забудзь!
— Табе, значыць, можна, а мне — забудзь! — ускiпела Галя. — Я марыла пра турыстычную сям'ю, каб муж, жонка i дзецi разам хадзiлi ў паходы, на турзлёты! Каб дружна, весела, разам усюды!..
— На кухнi тваё месца, як i кожнай жонцы! — затрос кулаком у яе перад носам Анатоль. — Я пасварыўся з Мiколам! А ты, як мая будучая жанка, не павiнна iсцi ў гэты ганебны паход, якi вядзе ён!
— А памятаеш, ты казаў, што паходы даражэй за ўсё, нават з жонкай развядзешся, калi пускаць не будзе? Мне таксама паходы даражэй за ўсё! Значыць, мы квiты?
— Жанчына — гэта другое! — буркнуў Анатоль. — У нашай сям'i такога не было! Мой бацька — настаўнiк! I мацi заўсёды яго паважала, нiколi не абуралася, нават калi ён гуляў з бабамi, праўда, адной акно пабiла… Але ж дома i насоўкi яго смаркатыя па вуглах збярэ i памые i ў хаце, i па гаспадарцы ўсё спраўлялася сама! Ён нiчога не дапамагаў, бо казаў, што жанчына — гэта авечка, яна павiнна скарацца i быць паслухмянай, калi кахае! А мая мацi кахала бацьку! А ты? Хiба ты кахаеш мяне, калi вось так размаўляеш?!
— Няхай яно згарыць, такое каханне! — плюнула Галя. — Я не мазахiстка! I ў паход я пайду!
— Тады болей мяне не ўбачыш! — крыкнуў Анатоль i, грымнуўшы дзвярыма, пайшоў ад яе.
Увесь час у тралейбусе дрыжэлi рукi. Супакоiўся толькi ля дома Марусi. Iрвануў дзверы пад'езда, увайшоў у лiфт. Ля Марусiнай кватэры перавёў дыханне i нацiснуў на званок. Дзверы адчынiў Сцяпан.
— Ты ўжо тут за гаспадара? — раззлаваўся Анатоль, пiхнуў яго i зайшоў.
— Анатоль! — кiнулася да яго Маруся. — Чаму ты адзiн, дзе Галя?
— Пра гэта забудзь, — адрэзаў Анатоль i па-гаспадарску развалiўся на канапе. — Дай мне што выпiць!
Маруся заспяшалася на кухню.
— Паглядзi, якую газету яна табе намалявала, — падаў скрутак Анатолю Сцяпан.
Той разгарнуў, абыякава глянуў, нават не прачытаў i задаволена кiнуў газету на стол.
— Маруся! Мая курыца ў цесце гатова? — крыкнуў ёй на кухню.
Дзяўчына ўжо спяшалася да хлопцаў з поўным падносам, на якiм красавалiся, смачна пахлi, наганялi апетыт разнастайныя прысмакi.
— Маруся! Выходзь за мяне замуж! — адкусваючы кавалак курынага мяса, прамармытаў Анатоль. — Заўтра нясём заяву! — выцерся папяровай сурвэткай i дадаў, стукнуўшы Сцяпана па плячы: — Будзеш сведкам на вяселлi!
Маруся ўспыхнула ад радасцi. А Сцяпан моўчкi выйшаў на балкон i запалiў ён не ведаў, радавацца яму цi плакаць: Маруся ўжо i для яго рабiлася як свая, як родная…
IV
Мiкола доўга не мог знайсцi патрэбнай мелодыi для сваёй песнi. Струны да болю ўпiвалiся ў пальцы…
— Ды кiнь ты бразгацець! — незадаволена прагугнеў Антось.
Вялiкiя вочы на хударлявым твары, блакiтныя, празрыстыя, яны падобны на лятучыя пёрыстыя хмаркi. Калi Антось засмучаўся, хмаркi гэтыя цямнелi, а калi смяяўся — сярод хмарак успыхвала вясёлка…
— Слухай, Пiтоша, а чаму ты нiкога не кахаеш? — засмяяўся Мiкола. Гэтую мянушку ён даў хлопцу за вялiкiя вочы i цiхi, пранiклiвы голас.
— А што такое ў тваiм разуменнi каханне? — адказаў Антось. — Мары альбо секс? Каханне — гэта тое, што мы самi прыдумваем пра аб'ект закаханасцi. Вось як Аленка, напрыклад, молiцца на цябе, як на Бога, i не ведае, што на самай справе ты — нiкчэмнасць… А Вольга, якой ты пiшаш вершы i з якою нi разу не сустракаўся, гэта што, платанiчнае каханне? Яна ж усё роўна не пачуе тваiх песень у сваёй вёсцы, не даведаецца пра тваё «каханне». Цi ты паедзеш да яе па размеркаваннi?
— Вядома, не! — кiнуў гiтару Мiкола. — Як жа я кiну спорт i аўтарскую песню? У вёсцы нiхто ранiцою не бегае — засмяюць! Басейна няма. Мiнулым летам на конкурсе аўтарскай песнi я заняў трэцяе месца… Столькi апладысментаў!
— Згадзiся, што па вялiкiм рахунку ты — шэрасць, — цiха мовiў Антось. — I ў iнтэлекце таксама, нахапаўся вяршкоў, усяго патроху… Аленцы мазгi пудрыш, Вользе такiя вершы прысвячаеш, каб людзей дурыць, маўляў, якое ў яго пакутнае каханне… Калi ты кахаеш тую Вольгу, чаму не едзеш да яе? Дык яна ж у цябе проста фетыш, вобраз, на якi ты працуеш, i ўсё! Цi не так?
— Абставiны не дазваляюць нам быць разам, — уздыхнуў Мiкола. — А Аленку мне проста шкада — яна закахалася, i я не магу груба з ёю абысцiся…
— Ды лепш горкая праўда! Перахварэе, як дзецi вятранкай…
Антось не дагаварыў — у пакойчык зайшоў Сцяпан, у касцюме, расшпiленай куртцы, з вялiкаю поўнаю торбаю.
— Грэчкi прынёс, хлопцы! — гучна вымавiў Сцяпан. — У паход возьмем! Бацька дасць яшчэ тушонкi…
— Вось што значыць быць сынам фермера! — задаволена сказаў Мiкола.
— Ды якi там фермер! — засмяяўся Сцяпан. — Мой бацька на хутары жыве, акрамя мяне двое сыноў жанатых, разам працуюць, вось i багатыя.
— А сястра ёсць? — пацiкавiўся Мiкола.
— Ёсць, малая яшчэ, толькi школу скончыла, але крыху хворая…Вось паеду i я на хутар жыць, не хачу нi ў горадзе эканамiстам працаваць, нi ў калгасе! На хутары лепш жыць, сярод братоў, дружна ў нас, весела! Кожны вечар да бацькi ў хату прыходзяць браты з жонкамi, размаўляем, у карты гуляем…
Мiкола закiваў галавою i заспяшаўся адчынiць дзверы — нехта стукаў. Аслупянеў — побач з Аленкаю стаяла сапраўдная прыгажуня: пшанiчныя валасы выглядваюць з-пад моднага каптурыка, шэрае дэмiсезоннае палiто, доўгi шарф заколаты жоўтаю брошкаю ў выглядзе вялiкага матылька…
— Я — Iрэна! — працягнула дзяўчына руку, i зачараваны, прыемна ўражаны Мiкола пацалаваў яе руку.
Сцяпан заспяшаўся зняць палiто з прыгажунi, акуратна павесiў яго на цвiк. Антось ласкава запрасiў дзяўчат за стол, усмiхаючыся, налiў па кубку гарачай гарбаты.
— Iрэначка, я чуў, што ты iграеш на фартэпiяна, — падсеў да яе Мiкола. — А цi ўмееш ты пiсаць музыку? Вось, напрыклад, на мае вершы…
Ён падаў ёй сшытак. Iрэна асцярожна, кончыкамi пальцаў з вялiкiмi нафарбаванымi пазногцямi разгарнула яго. Пачала чытаць.
— Я праслаўлю цябе, як Петрарка Лауру… — усмiхнулася Iрэна. — А што праслаўляць? — здзiвiлася. — Чалавек — эгаiстычны i недасканалы, няўдзячны… Наш свет поўны цудаў: захад сонца падобны на мора вогненных фарбаў; начное неба ўсыпана зоркамi; лес пранiзаны промнямi сонца… Спеў птушак, кветкi-матылькi… Чалавеку ўсё гэта падараваў Бог, але чалавек губiць прыроду, зямлю, на якой жыве… Мы на першым курсе хадзiлi ў паход па вёсках, i я заўважыла, што вясковыя людзi не бачаць той прыгажосцi, якая акружае iх: дзецi ламаюць дрэўцы, дарослыя па цаглiнцы разбiраюць царкву альбо палац, забруджваюць сажалкi… Гарадскiя, якiя выраслi i большую частку свайго жыцця жывуць на асфальце, так не ставяцца да прыроды…
— Ведаеш, Iрэна, — звярнуўся да яе Сцяпан, — калi ў вёсцы натомiшся ад працы, дык не да гэтага! Так на зямлi напрацуешся, што табе не да любавання прыродаю!
— А цi ведаеш ты гiсторыю сваiх мясцiн? — пацiкавiлася Iрэна.
— Я табе i кажу: нам не да гэтага! Мар'iн хутар, i ўсё! А якая там Мар'я жыла, мне няма справы! Мая мацi як праполе гектар зямлi, буракоў там цi бульбы, дык ёй не да прыгажосцi! Абы да падушкi, i ўсё! Неяк адна жанчына i кажа маёй мацi, што мы, дзецi, не ласкавыя ў яе. А калi той мацi было лашчыць нас, калi працы столькi, подбежкам усё: пакармiла — на поле, пераапранула — i ў хлеў! Яны нават з бацькам разам не спалi, усякiя там пацалункi, мiлаванне, што па тэлевiзары паказваюць, для iх смех, плююцца! Мой брат меншы ажанiўся, дык жонка такая лiслiвая, усё да мужа лезе абдымацца, а мацi сварыцца: сорам, маўляў, як гарадскiя, гультаi!