Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Прабачце, можна Вольгу? — прамовiла Аленка.

— Гэта я, — адказала тая. — Заходзьце, калi ласка!

Аленка нязграбна ўсунула ёй кветкi, прашаптала: "Ад Мiколы!" — i прайшла ў пакой.

Здзiўленымi вачыма паглядзела Вольга на нечаканую госцю, паставiла кветкi ў вазу, прапанавала Аленцы садзiцца за стол, а сама пайшла па каву. Прынесла. Адгарнула рукою валасы — штучна завiтыя, яны даставалi да плячэй i мякка клалiся на каўнерык, — усмiхнулася:

— Пазнаёмiмся?

— Ага! — усхапiлася з месца Аленка i назвала сваё iмя.

— Частуйцеся кавай, — прапанавала Вольга. — I давайце пагаворым пра Мiколу, дарэчы, ад якога гэта Мiколы кветкi?

— Як "ад якога"? — здзiвiлася Аленка. — Вы й не здагадалiся? Вось ад гэтага Мiколы! — працягнула ёй сшытак з вершамi. — Ён так кахае вас! Часта чытае нам вершы свае, вы — яго муза, яго натхненне…

Заiнтрыгаваная Вольга ўважлiва чытала кожны лiст, а калi скончыла, падняла на Аленку вялiкiя шэрыя вочы:

— Вы — яго сястра?

— Не, мы разам вучымся…

— З якога ты класа, Аленка? З нашай школы? — пацiкавiлася Вольга. Ведаеш, я нядаўна працую ў Жыткавiчах… Да гэтага ў вёсцы выкладала…

— Я з Менска, — удакладнiла тая. — Мы з Мiколам разам вучымся ў iнстытуце культуры. Мне проста яго шкада стала — ён пакутуе, кахае вас!.. А вы нават не здагадваецеся пра яго iснаванне!..

— Iнстытут культуры… — правяла пальцам па бровах Вольга. — Аленачка, калi ласка, растлумач! Як яго прозвiшча?

— Мiкола Гайда! — амаль раззлавалася Аленка.

— Гайда? — мовiла Вольга. — Так, так, я ведаю яго… Мы жылi ў адной вёсцы, у Вiшаньцы… Там яшчэ такi стары маёнтак ёсць i дзiўнае паданне пра Чорную здань… I пра князя Вiтаўта i Дарыну.

Вольга змоўкла i засяроджана круцiла ў руцэ кубак з кавай.

— Я ў гэтай вёсцы жыла з бабуляй, — з сумам прадоўжыла яна. — Бабуля не ўжылася з нявесткай, гэта значыць, з маёй мацi, i бацька купiў бабулi хату ў вёсцы Вiшанька. Ёй было сумна адной, i яна ўзяла мяне да сябе… Якiя шчаслiвыя гэта былi гады! — усмiхнулася яна, адкiнулася на спiнку крэсла. — Мы хадзiлi з бабуляй у царкву, што ля маёнтка, тады яна яшчэ працавала, я слухала, як на хорах спяваюць пеўчыя, i мне здавалася, што ўсё гэта мне толькi снiцца, бо нiдзе так добра мне не было, як там… Бабуля мая памерла, калi я скончыла школу. Хату нехта купiў. А я цяпер езджу ў вёску да мацi з бацькам, тая вёска мне не даспадобы… А вось Вiшанька!..

Вольга пазiрала некуды ўдалячынь задумлiвым позiркам.

— А пра Мiколу раскажыце! — папрасiла Аленка.

— Пра Мiколу? — узняла бровы Вольга. — Гэта быў маленькi свавольны хлопчык, неслух i ганарлiвец. Ён жыў са мною па суседству, вучыўся ў паралельным класе, але ён нiколi мне не падабаўся, дый сам нiколi не заляцаўся да мяне… Я раскажу табе пра другога хлопца, — таемным голасам мовiла Вольга. — Калi мне было чатырнаццаць гадоў i я вучылася ў восьмым класе, у мяне закахаўся вельмi «стары», як мне тады здавалася, хлопец. Ён ужо скончыў iнстытут i працаваў iнжынерам. Яму было дваццаць чатыры гады, i мне здавалася, гэта вельмi многа: аж на дзесяць гадоў старэйшы! I я адмовiла яму. — Вольга ўздыхнула, паправiла пояс на сукенцы. — Аленачка, якая я была дурная! Цяпер ён — паважаны чалавек у раёне, усяго трыццаць пяць гадоў яму, а ўжо вялiкi начальнiк, усё мае: i сям'ю, i дзяцей, i з жонкаю добра жыве. А чаго дабiлася я? Жыву на кватэры, атрымлiваю мiзэр, каханага няма… А iсцi за абы-каго не хачу!

Яна крыху памаўчала, а потым дадала:

— Не верце вы Мiколу наконт кахання да мяне. У яго ўжо такое аднойчы было. Ён — фантазёр! Неяк у школе таксама пiсаў палымяныя пакутныя вершы, а мы ўсе так зайздросцiлi той, каму ён пiша!.. Аказалася — ён стварыў сабе вобраз дзяўчыны, якую хацеў сустрэць, а iмя i твар "узяў напракат" у нашай прадаўшчыцы, што нейкi час працавала ў краме на практыцы! Рэальнага чалавека так кахаць немагчыма!..

Аленка расчаравана ўздыхнула.

— Кветкi я купiла сама, — усмiхнуўшыся, прашаптала яна. — Хацела пабачыць вас…

Вольга абняла яе i з тужлiваю ўсмешкаю прытулiла да сябе.

VI

Маруся Вайтовiч асцярожна прачынiла дзверы i зайшла ў кабiнет iнспектара па кадрах.

— Вы таксама з вышэйшай? — адразу запыталася пажылая, у строгiм дзелавым касцюме жанчына. — На станок, вучанiцай токара пойдзеце?

— Не! — адмовiлася Маруся. — Там шумна, бруд…

— Даражэнькая, — засмяялася iнспектар, — столькi iнжынераў скарацiлi! З рукамi-нагамi адрываюць любую працу, а вы носам круцiце! Вучанiцай маляра пойдзеце?

— Мазаiчнiцай! — папрасiлася Маруся. — Там хоць творчая работа…

— Трэба скончыць курсы…

— Згодна! — узрадавана ўсмiхнулася Маруся i пачала запаўняць картку.

Па-сапраўднаму шчаслiвая выбегла з кабiнета i сутыкнулася ў калiдоры з Дуброўскiм.

— I куды ж гэта так? — засмяяўся ён, прывiтаўшыся.

Калi даведаўся пра Марусiны справы, засмуцiў яе тым, што сказаў: мазаiчнiцаю цяжка куды ўладкавацца. I прапанаваў тэлефон адной фiрмы.

— Вы скажыце, што ад Дуброўскага, — усмiхнуўся ён, — i вас адразу, пасля курсаў, возьмуць на працу!

— Дзякую! — шчыра мовiла Маруся, i ёй стала сумна, што вось так нечакана развалiўся iх праектны аддзел: Зоська i Надзя Шэбан цяпер сядзяць дома, хатнiя гаспадынi. А Дуброўскi? Яна чула, быццам ён атрымаў у спадчыну маёнтак ад свайго прадзеда, стаў мiльянерам i цяпер узначальвае нейкую фiрму…

— Я падвязу вас, — прапанаваў Дуброўскi.

Маруся згадзiлася. Усю дарогу ехалi моўчкi — слухалi музыку. На развiтанне Дуброўскi ўсмiхнуўся i пацалаваў ёй руку…

Дома чакала шмат спраў, таму Маруся першым чынам вырашыла ўзяцца за ўборку кватэры. Учора прыходзiлi Iрэна з Аленкаю — цыравалi заплечнiкi, палаткi. Малявалi замак, князя Вiтаўта, Дарыну… Размаўлялi пра каханне… Маруся радавалася, што паход павядзе не Анатоль i што наогул ён ужо даўно выкраслены з яе жыцця…

Толькi ўзялася за справу — званок у дзверы. Адчынiла i застыла на парозе ад здзiўлення: перад ёю стаяў Анатоль, а за ягонай спiною — сарамлiвая, тоненькая, вастраносая Галя…

— Вось гэта сюрпрыз! — усмiхнулася Маруся. — Праходзь, Галя! А чаму гэта Анатоль з табою, на хвост садзiцца, у паход захацеў?

Яна насмешлiва агледзела яго з ног да галавы, запрасiла ў кватэру. Той адразу, па-свойску, усеўся на канапу, закiнуў нага за нагу i выпалiў:

— Курыцу ў цесце, антрыкот, залiўное! Усё гэта павiнна навучыцца гатаваць Галя, бо мы з ёю памiрылiся, вяселле — адразу пасля паходу. Навучы яе, калi ласка, Маруся, быць гаспадыняй!

Тая, аслупянеўшы, пазiрала на Галю, потым пастукала кулаком па сваiм iлбе:

— Во, у цябе, Галачка, макацёр не варыць! Ты ж сама ўпэўнiлася, што ён дэспат, што яму патрэбна проста баба, каб варыла-мыла, а ён па паходах будзе хадзiць! А цябе нiкуды не пусцiць!

— Ай, Маруся, — засмяялася Галя. — Гэта ён спачатку, а потым i дзяцей захоча, i ў паходы мяне браць стане…

— Чаму ты такая наiўная? — раззлавалася Маруся. — Калi чалавек табе адкрыта гаворыць аб сваiх патрабаваннях, чаму ты не верыш яму, а спадзяешся на нейкiя цуды? Ён жа табе канкрэтна сказаў: жанчыне месца на кухнi! Так, Анатоль?

— Ну! А як жа, — згадзiўся ён, — я заўсёды гавару праўду, навошта мне перад вяселлем прыкiдвацца адным, а потым станавiцца другiм. Я чалавек адкрыты, не вiляю, каб спадабацца. Да мужчыны трэба альбо прыстасоўвацца, альбо кiдаць!

— Вы ж такiя розныя, Галя! — узяла яе за плечы, глянула ў вочы Маруся. Людзi альбо падыходзяць адно аднаму, альбо не — сярэдзiны не бывае, Галя, вы ж не падыходзiце адно аднаму: у вас розныя iнтарэсы, патрабаванннi, погляды на жыццё! Ты хочаш, каб была турысцкая сям'я, а Анатоль хоча толькi сам удасканальвацца, хадзiць у паходы, рабiць кар'еру. Ён жэнiцца толькi таму, што надакучыла самому ежу гатаваць!

— Ён мяне кахае, — настойвала Галя.

Маруся зiрнула на Анатоля, i той адмоўна закiваў галавою.

Галя ўбачыла гэта i засмяялася:

— Ён жа з сузор'я Панны! А ўсе Панны — сарамлiвыя i нiколi ў каханнi не прызнаюцца, хаваюць свае пачуццi. Маёй сяброўцы муж сказаў «кахаю» толькi на трэцiм годзе сямейнага жыцця!

13
{"b":"110845","o":1}