V
Учора былi Пакровы. Знаёмства з ваколiцамi Польшчы было пяшчотным i таемным, раскаваным i незалежным. Вайдаш прыпаркаваў свой ровар да магутнага раскiдзiстага дуба, сеў побач з Марусяй i зазначыў:
— Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лiстом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзяўчыну чапцом!
Ён абняў Марусю i запытаў:
— Не стамiлася? Як-нiяк, а цэлы месяц падарожнiчаем. Столькi падзей: вянчанне ў касцёле, знаёмства з маiмi родзiчамi… Хутары, вёскi, новыя знаёмствы…
— Гэта так цiкава! — усмiхнулася Маруся. — Паход — выдатная рэч! Я больш пра цябе даведалася i ўжо не крыўдую па дробязях. Я адкрыла ў табе шмат прыемнага i добрага. Здаецца — я ў iншым свеце. Вернемся дадому — i казка скончыцца…
— Мы можам жыць тут, у маёнтку прадзеда, — адказаў Вайдаш. — Я думаю, пакуль не трэба табе вяртацца дадому. Вучыся быць жонкаю князя…
— Гэта так цяжка, — уздыхнула Маруся, — так складана, як быццам гэта i не я, а нейкую ролю выконваю.
— Гэта ты, — усмiхнуўся ён, — проста ты забылася, што заўсёды была такою, як зараз…
…Заплечнiкi, у якiх знаходзiлiся спальныя мяшкi, прымацавалi на багажнiкi ровараў. За плячыма ў Марусi i Вайдаша маленькiя рэчмяшкi, фотаапарат, паясныя сумачкi, у якiх блакнот i самапiска. Праехалi Дабратычэ, Кастамлоты. Вёскi польскага Прыбужжа вонкава мала чым адрознiвалiся ад вёсак беларускага памежжа. Польская правiнцыя можа ганарыцца дагледжанымi дарогамi. Мястэчка Кодэнь сустрэла падарожнiкаў касцельным перазвонам.
— Глядзi. Якая прыгожая хатка пад саламянай страхою! — кiўнула ўбок Маруся. — Быццам тут час спынiўся…
Ля касцёла — могiлкi, велiчныя, урачыстыя. Ля ўвахода — брамы, два анёлы паўметровыя скульптуры. Ля магiл няма агароджаў, помнiкi з каменю.
…Ехалi ў прыцемках праз лес. Прыемна i лёгка дыхалася свежым паветрам. Нарэшце паказалiся два хутаркi. Маруся i Вайдаш наблiзiлiся да аднаго з iх. Пастукалi ў браму. Але познiм гасцям нiхто не адчынiў… З комiна хаты цягнуўся салодкi дымок.
— Што, паспрабуем шчасця ў вёсцы Загораў? — усмiхнуўся Вайдаш, i яны пакацiлi далей.
Сустрэлi на вулiцы вёскi дваiх мужчын.
— Дзе ў вас тут пераначаваць можна? — запытаў Вайдаш.
— Гэта трэба да солтыса звяртацца, — стрымана адказаў адзiн з iх. Страшна цяпер на свеце… Адна жанчына пусцiла начлежнiкаў, пашкадавала, мужчына з жанчынай былi, быццам мужык ды жонка, а аказалiся бандыты…
— Усяго на свеце бывае, — адказаў другi, — але ж трэба крыху i давяраць людзям… Вунь хата нашага солтыса, запытайцеся ў яго пра начлег, калi ласка!
Солтыс, пан Станiслаў, мужчына сарака з лiшнiм гадоў, сустрэў падарожнiкаў ветлiва, але па законе ў пашпарты ўсё-такi заглянуў i засмяяўся:
— О! Вiншую, вiншую, пан Вайдаш, панi Марыя, з законным шлюбам! Значыць, вясельнае падарожжа? Добра прыдумалi!
Гаспадар запрасiў у хату. Яго жонка прыветна сустрэла маладых, павiншавала, пачала рыхтаваць гарбату. Вайдаш выйшаў у двор, каб паставiць пад павеццю ровары, заўважыў побач з разнастайным гаспадарчым iнвентаром трактар i два прычэпы.
— Вось так i жывём, — мовiў пан Станiслаў, - усе ў гаспадарчых клопатах. Самi сябе кормiм i поiм. Сыны яшчэ малыя, але крыху дапамагаюць. Зараз спяць, час познi.
Яны вярнулiся ў хату. Гаспадыня, панi Вальжына, запрасiла да стала. Елi салонiкi з вараным мясам з падлiваю.
— Ценжкая праца ў нас, паночку, — паскардзiлася Вайдашу панi Вальжына, паклала рукi на каленi, уздыхнула. — А жыць трэба, сыноў гадаваць…
Памалiлiся на ноч. Гаспадыня завяла Марусю i Вайдаша ў асобны пакойчык, паслала пасцель. У пакоi быў змрок. Праз акно Вайдаш убачыў агнi ў двухпавярховым будынку.
— Гэта хата нашага ксяндза, — растлумачыла панi Вальжына. — Сам яе будаваў, працавiты! — з гонарам за яго адзначыла гаспадыня.
… Ранiцай паехалi далей, у накiрунку да ваколiц Гданьска, дзе знаходзiўся маёнтак Вайдаша. У адной прылясной вёсачцы Харашчынцы Маруся налiчыла ажно дзесяць будынкаў, пакрытых саломаю.
— Такая традыцыя, — растлумачыў Вайдаш. — Як помнiк мiнулага…
У гародчыках расло шмат кветак, у асноўным — астры, многiя з якiх ужо засохлi, i гаспадынi збiралi насенне. Час ад часу траплялiся астраўкi пакiнутых хутароў, благiя хаткi, рэшткi саду, разбураныя падмуркi дамоў, зарослыя сцежкi да калодзежа, да разбураных свiрнаў.
— Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, — заключыў Вайдаш.
Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка, якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме — выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.
— Вось i закончылася падарожжа, — усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою. — Глядзi, хто спяшаецца да нас!
Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца. Маруся абняла сабаку, пацалавала ў халодны нос.
— Я больш за ўсё люблю такiх сабак, — сказала яна, — такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!
— Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, — усмiхнуўся Вайдаш. — Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла…
Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака…
Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: "На Пакровы дай сена карове", гэта каб былi сытыя ўвесь год.
А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.
— Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць! — буркнула яна. — Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!
Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.
— Праклiнаю вашу вёску! — закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна. — Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!
— А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, — параiла свякруха, — Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты — здыхля!
— Калi ўжо гэта скончыцца: "конь, конь"? — раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю. — Пайшлi вы ўсе ў ж…у!
— Во, бешаная! — ускочыла свякруха. — Сцяпан! Паганяй жонку!
Той узяў пугу i пабег за Iрэнай, якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.
— А Верка з Надзькай паедзе? — спытала ў мужа.
— Няма калi, кажуць, — адказаў той.
— Бляха, галава пухне, — паскардзiўся Сцяпан, — бацька, дасi грошай на пiва?
— Ты ж матцы свае грошы аддаеш, — адказаў той.
— Якiя яны мае? — пацiснуў плячыма Сцяпан. — Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна — галоўная!