Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

2012

поўня

сюды не ходзіць метро не прыходзіць на розум

напэўна ніхто не можа ўявіць папросту

як лезці скрозь гэтую глебу спрадвеку мёрзлую

якая дасюль пад наркозам яшчэ з дзевяностых

і ты не шукаеш выйсця з уласнае прыстані

са станам існым ужо назаўжды змірыўшыся

не маючы сродкаў вынайсці маласэнсоўныя

ўмовы і бескарысныя акалічнасці

памяць брыдзе між двароў і абапал дарогі

збірае здымкі сяброў і проста знаёмых

робячы чорна-белыя фотаробаты

вешае іх на раённую дошку росшуку

2012

Дзень Перамогі

Настальгія па неперажытым вяртаецца снамі,

пагонямі за шпіёнамі, уцёкамі з гета,

спаленымі мастамі і цягнікамі,

якія ідуць на захад апошнім летам,

апошняй нядзеляй, апошняй надзеяй марнай

на лепшае развіццё падзеяў і лёсаў —

свет звар’яцее, і ўсё-ткі, аднойчы траўнем

вернецца ўсё, што ў верасні засталося.

Згорбленымі ветэранамі на парадах,

коркамі з іншамарак краінаў Восі,

сцёртымі контурамі старых фотакартак

вернецца ўвесну аднойчы трывожная восень —

тады мы з табою абавязкова запалім

і ўсіх прыгадаем, з кім разам спявалі на фронце

песні пра перамогу, любоў і вяртанне,

чыя вайна аказалася ўрэшце бясконцай.

Настальгія па незаспетым — тое, што робіць паэтам.

2012

1989

Мне пашчасціла нарадзіцца ў гэтым заказніку,

узоры сацыялістычных культуры і побыту,

дзе раз-пораз сям-там на платах малявалі свастыку,

што назаўтра змянялася зоркай, сярпом і молатам.

Леваруч ляжалі палі — футбольнае й лётнае,

праваруч імчала чыгунка й знікала на захадзе.

Маё прыбыццё сюды абвясцілі двухкротна —

з дыспетчарскай вышкі і на сартавальнай станцыі.

І атлас пакуль стракацеў бялюткімі плямамі,

і ямы ў паветры няўцямна зеўралі з бездані,

і цэлы свет быў падзелены толькі шлагбаўмамі,

апушчанымі над чыгуначнымі пераездамі,

і зоркі, сарваныя з неба аэрапланамі,

якія ішлі на ўзлёт у згусцелай цемрадзі,

ляцелі згары і падалі, нібы яблыкі,

і верылася, што ўсё ў нас яшчэ наперадзе.

2012

серабранка

Дым вісеў над ракой, ён нагадваў туман і манку,

жабы плёхалі па чаратах паплавоў забалочаных.

Надыходзіла ноч. Мы вярталіся ў Серабранку,

ціха крочылі беражком веладарожнае ўзбочыны.

І наперадзе бегла чорная сабачэнцыя —

мы яе прыручылі, пакуль бухалі на Чэрвенцы,

напаілі джынджэрсам з рэдсам, назвалі Элвісам,

і цяпер ён імчыць у невараць, не адчэпіцца.

Ён маячыць у цемры і штосьці раз-пораз рохкае,

ён адзіны, хто ведае мэту гэтай вандроўкі,

ён вядзе нас па зорках, яшчэ ад самой Маякоўкі,

у святле ліхтароў, іхных промняў крывых і крохкіх.

І калі ён зусім раптоўна знікае ў бездані,

мы стаім агаломшаныя і галёкаем голасна,

клічам Элвіса. Урэшце ачомваемся ля пад’езда —

бач ты, суччын сын, давёў без усякага компаса.

І пакуль сябры ў двары гарэлкаю грэліся,

і музло раўло з іхных соняў, самсунгаў, нокіяў,

мы з табою былі сам-насам, мой любы Элвісе,

анікому не роўныя, згубленыя, адзінокія.

І калі мы тырчэлі разам ад нашае музыкі,

што плыла дваром, біла ў шэры бетон панэльнікаў,

то сябры разумелі, што мы прысталі да берагу,

мы ступілі на сушу, адкрылі сваю амерыку.

Яны ганарыліся гэтым, яны ў нас верылі,

яны былі пэўныя, што іхны выбар правільны.

Гайдаліся на арэлях, нібы ачмурэлыя,

крычалі «гудбай», пачыналі спяваць развітальную.

Яны не дапальвалі і, абмяняўшыся жартамі,

пакорліва рушылі сярод муроў па-над прорваю

тваёю камандаю, чорнай гвардыяй, вартаю,

чым меней заслужанаю, тым больш ганароваю.

2012

уцёкі ў егіпет

Колькі тае зімы — насамрэч невядома нікому з прысутных тут,

празрысты сум недарэчных зім яшчэ не паспеў нам усім

надакучыць:

аблокі раскрыюцца над галавою раптоўна,

нібы запасны парашут,

і будуць хіліць цябе ў сон хоць да скону дзён — ці, прынамсі,

да кучак.

У сне, бы ў заснежаным лесе, ты зможаш найлепей угледзець

усе сляды,

нябачныя воку дагэтуль, няхай бы яны і цягнуліся за кіламетр,

і вымерлы горад ізноў адзавецца спалоханым рэхам

тваёй хады —

спустошаны назаўжды, як ён жыў далей, калі б ты не прыехаў.

А ў нашай гісторыі будзе ўсё тое самае, што і належыць спакон,

класіка жанру: пячоры, анёлы і пастухі, чараўнікі, немаўляты,

вежы царквы і касцёла, каханы горад, стомлены гарнізон,

сонная варта, зорны абшар, Каляды.

Не азіраючыся на вокны, ты будзеш спакойны і ўсё шпарчэй

пакрочыш замеценай вуліцай з крыжам, што ўрэшце зваліўся

табе на плечы,

і толькі абменены на самагонку люгер адцягне тваю кішэнь,

толькі завея і золкая вечнасць адцягнуць вашу сустрэчу.

2012

Сябрам

Вы ўсе маладыя, хаця й падаецеся даўнімі —

ляціце па свеце бязгучнымі шэрымі зданямі.

Сяброўкі даўно сустракаюцца з нейкімі даўнамі,

вы самі — адно з надакучлівымі пытаннямі:

«Калі ж вы ўсе нарэшце ўжо перабесіцеся,

прычэшацеся як след, да лепшага зменіцеся?

Усім суседзям цікава, калі вы ажэніцеся,

дзе вашы нявесты і цешчы, і цесці, і дзеці ўсе —

толькі й размоваў на лесвічнай клетцы ў пад’ездзе.

З чым звязваеце, дзе бачыце ўласную будучыню:

у гэтым балоце альбо на суседнім забалацці?

Чаму здаяцеся вы, нават яшчэ не спрабуючы?

Чым жывяце і чым на жыццё зарабляеце?

Калі вы нам вернеце шанцы, намі ж і страчаныя,

пазбегнеце нашых памылак, што ўжо дапушчаныя?

Калі са шчытом, а не на шчыце, з удачаю,

вернецеся — удзячныя ды відушчыя?»

Вы ўсё гэта слухайце і не бярыце да розуму —

ідзіце сабе наперад сваёй дарогаю,

глядзіце наўкол сябе вачыма цвярозымі,

бо вы і дагэтуль пабачылі ўжо многае,

а рана ці позна, калі дзесьці кімсьці станеце

і прыйдуць да вас за парадамі ды адказамі —

вы чулі аб розным — спытайцеся ў вашай памяці.

Яна вам заўжды падказвала і падказвае.

2012

29.10.1937

старая гісторыя, хіліць у сон ад стомы.

я з тых, што ніколі болей не прыйдуць дадому:

арыштаваны паўторна, артыкул вядомы,

асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым.

8
{"b":"851365","o":1}