З табою малююць коміксы і фільмы здымаюць на «кодаку»,
табою нароўні з Астрожскім цяпер ганарыцца Ворша,
а Элвіс дагэтуль з гонарам у «Хрысце» паказвае зноску,
дзе ты згадаў яго прозвішча (хаця й пераблытаў трошкі).
Быццам усё ты маеш: вуліцы, шыльды, помнікі,
наш прэзідэнт штогадова цытуе цябе ў прамовах,
а міністр культуры раіць чытаць штодзённа, каб
пераадолець дэпрэсію і дасягнуць гармоніі.
Што пажадаць — не ведаем: хочацца нечага новага,
але ж адначасова і чаканага, і дарэчнага…
Жадаем табе паслядоўнікаў — такіх, як ты заслугоўваеш.
На гэтым дазволь завершыць, застаемся твае навечна:
Сева Будрыс, фасоўшчык-укладчык;
Мая Раўбіч, студэнтка гістфака;
Стася Рэчыц, фатограф-фрылансер;
Юра Братчык, сістэмны адміністратар.
2010
Мова дажджу
Я. К.
Засынае зямля, і калючымі пальцамі вуліцы кратае снег,
завіруха, сляды замятаючы, ходзіць па краі —
дарагая мая, ты не станеш чакаць мяне больш,
як чакала раней,
я падумаў аб тым і цябе назусім адпускаю.
Не пазначаны на чарцяжы, асцярожна ступаю па краі ляза
і губляць не жадаю гісторыяй дадзены шанец:
я прызнаўся даўно, што мужык, але гэта
няблага было б даказаць —
я спяшаюся йсці да сваіх, што памоўклі ў адчаі,
…Апускаем дэталі: і спеў кулямёта, і шротам
прастрэлены сцяг,
і над полем апошняй атакі дрыготкае рэха,
дзе яны паміралі між сініх сумётаў і штосьці гукалі ў абсяг,
і чакалі яго да сябе…
Але ён не паехаў.
Пахаваліся птушкі й звяры ў патаемныя сховы,
сціхлі дубровы, і вецер пачуў
скрозь палёў імжу і заслону завеі кляновай
апошнія словы на мове дажджу.
2010
раманс
а цягнікі спяшаюцца і пралятаюць станцыю,
горад маўчыць насцярожана і назірае з маста.
помніш, як першыя месяцы ён сустракаў іх танцамі,
потым праводзіў песнямі, потым зусім перастаў.
давераснёўская лірыка не дажыве да кастрычніка,
коратка ў прозу пастрыгшыся сухім каляндарным лістом.
стане мінулае выракам, добрае зробіцца рызыкай —
прымеш усё як звыклае, будзеш пісаць у стол.
з гэткай кепскаю звычкаю лёгка зрабіцца цынікам —
зрэшты, цурацца нечага — гэта цынічна не менш.
кінеш выходзіць на вуліцу. вуліца стане засмечанай.
ты задаволішся вынікам, вершык няўцешны складзеш.
восеньскія вакацыі пройдуць у паняверцы.
у небе бездапаможна лётаў апошні анёл.
помніш, як перад старасцю ён ратаваў іх смерцю.
потым не атрымалася. потым і сам памёр.
2010
сон мілаша
па-над горадам зачараваным, нібыта ў сне
прамінаюць князі, імператары ды базілеўсы
пад нагамі няўрымсліва вілія ў невараць мкне
я стаю на руінах няспраўджанага каралеўства
у спрадвечных мурах ні царква, ні касцёл, ні турма
ні патоп, ні вайна, ні рэпрэсіі, ні рэвалюцыя
і нарэшце ніякага сцягу на вежы няма
толькі конікі на паплавах каля рэчкі пасуцца
вастрабрамская маці не хіліць чала ў журбе
прыціскаючы соннае места да сэрца далоньмі
ўсе дарогі на свеце нязменна вядуць да цябе
над табою кружляе пчала і грукоча пагоня
спі, маленькая, болей не прыйдзе жалезны ваўчок
калыханку табе я спяю, засынай у спакоі
я шапчу і міжволі прыслухваюся скрозь змрок:
нехта зноўку айчыну сваю называе літвою
2011
Купалле
Ноч месяцовая, хутар стары,
месца ліхое, прывідаў схоў,
поле і гэткія ж хутары —
і ні душы на вёрсты наўкол.
Моўчкі стаіць на мяжы Марыя.
Хтосьці гаворыць — але не анёл:
…Пабачыш — да неба ўздымецца дым,
пачуеш — ля рэк завіруе агонь,
і будзе вайна чатыры гады,
а разам — шэсць год вайны ўсяго.
І возьмуць мужа твайго ў палон —
але адпусцяць яшчэ да жніва,
і будзеце доўга, да скону дзён
дом даглядаць і дзяцей гадаваць.
А заўтра не кроплі чароўнай расы —
на лугі чалавечая выпадзе кроў:
кветку сыдуць шукаць у лясы
сотні і тысячы нашых братоў.
Сонца зайграе крывавай зарой,
ворагам нашым прарочачы скон —
будзем мы горшыя за звяроў,
але абаронім край бацькоў…
Ціха у полі. Заклятае месца
спіць і хавае скарб залаты.
Хцівыя пчолы джалы жалезныя
зранку абрынуць на гарады —
гэта ўсё заўтра. Хадзем, нявеста —
больш не глядзі туды.
Вецер накрые покрывам цемры,
памяць навесіць свае замкі.
Годзе, Марыя. Выйдзі на бераг —
дзеўкі пускаюць вянкі.
2011
Краіна канюшыны
Сыпле залева картоплямі дробнымі,
долу па вымаклых стрэхах бяжыць.
Дзіўна, але мы з табою падобныя,
нібы дзве кроплі вады ў дажджы.
Нас раскідала абапал Еўропы,
мы бачым аднолькава розныя сны,
нашыя межы ляжаць між акопамі,
як незагойныя раны вайны.
Войнамі, бойкамі, доўга, стагоддзямі,
нішчылі нас, але нам цэлы час
бокам усе перамогі выходзілі
і ратавалі паразы не раз.
Нашы дзяды — партызаны і волаты,
нашая вера — агонь на вятры,
нашай зямлі не набудзеш за золата,
нашае неба — у нас унутры.
Краіна канюшыны,
далінаў, яроў,
ранішняй расы і тужлівых туманоў.
Адрэналінам
ты лінула ў кроў,
клінам жураўліным пракурлыкала.
Краіна журавінаў,
балотаў, імхоў,
чыстых азярынаў і імклівых ручаёў.
Ад пупавіны
да дамавіны —
далёкая і блізкая,
малая і вялікая.
2011
жнівень
гэты дом існуе пакуль я яго бачу наяве
а калі засынаю насамрэч знікае ў цемры
за акном расплываецца горад і ўжо іначай
у пакоі становіцца мэбля
дываны абляцелі са сценаў
пасля шпалеры
апошняй тынкоўка
вушакі а за імі дзверы
катастрофа
цяпер я не помню які я быў ростам
год скажам у восем
забыццё
нязведанасць
смерць
верасень
восень
але ненадоўга
пакрысе і я супакоюся змоўкну
пад дажджамі халоднымі змокну
чуеш голас з маленства
мамін ці толькі здаецца
казка пра белага зайчыка
без капусты і пэўнага месца
дзе б прыстаць на зімоўку
а ў лесе цяпер небяспечна
раней ці пазней сустрэнешся з воўкам
цьху ты глупства
выкінь дурное
на гэтай пустцы
год дзесяць таму збудавалі дом
зайчыку цёпла
бо ён даўно ўжо мёртвы
а мы жывём
было толькі тое