ловіць сігналы з нізкага неба над вёскай
сувязь з нябёсамі лепшая тут за сотавую
меншыя кошты
мяжа
паміж светамі прывідная і даўняя
зямля абяцаная скарбы і кантрабанда
бетонныя доты слупы драты і шлагбаўмы
крыжы прыдарожныя з выцвілымі абразамі
як паказальнікі
бель
накрывае адчаем чорныя коміны
нават сабакі памоўклі ўсё спакойна
найбольшы узровень маўчання прыпаў на могілкі
супаўшы з адсоткам шчасця нібы выпадкова
замкнулася кола
К+М+Б+
каляды
мая беларусь непрыстойна заходняя
у вокнах палаюць агні без шуму і галасу
ладны вяпрук падыходзіць да скону годна
ён ведае правілы і не шкадуе ані
што ўсё гэтак склалася
2011
калядная хроніка падзеяў (кхп)
Увечары места схавалася ў снезе па вокны,
зрэнкі ялінак зялёныя мройліва звузіла,
цёпла задыхала дымам дрыготкім праз коміны,
сцяўшы пад коўдраю доўгія пальцы вуліцаў.
Уночы сталіца поўніцца рознай набрыддзю —
нават не трэба перапісу насельніцтва.
Дзесьці у хостэле, стомленая ад радасці,
Дзева Марыя люляе малога Езуса.
Уранку ўсе праспяць, акрамя маршрутчыкаў
і машыністаў аўтазаводскай лініі,
і пралятуць анёлы, усцяж фарбуючы
шэрыя сцены ў колеры бела-сінія.
Удзень, спахапіўшыся, горад патоне ў апокрыфах —
кожны сцвярджацьме, як быццам стаяў пры калысцы,
што, калі веры даць тром вандроўным астролагам,
у немаўляці будзе цяжкое дзяцінства.
І толькі, толькі
Божая Маці, развёўшы далоні пад покрывам,
рукі ўзняўшы над дахамі, стане маліцца.
2011
* * *
так, у дзяды можна трапіць проста,
нават калі не служыў у войску,
нават калі ты дзяўчына —
усё магчыма.
усіх нас чакае машына. сігналіць.
хоць часам усё абяртаецца жартам,
і аскепкі люстэрка — адзіная страта —
але, да жалю,
ніхто з нас не ведае, што будзе заўтра
і толькі ловіць сігналы смерці,
якая ўчора ўжо абяцала
за намі заехаць.
а прадчуванні і спачуванні
ў адчаі змяшаюцца на экранах,
і кожны першы яшчэ прашэпча:
зарана.
але вырашаюць, зрэшты, наверсе,
і калі-небудзь мы ўсе там сустрэнемся.
час не чакае, пара збірацца.
дзе тваё джала, смерць?
у срацы.
2011
Muranowska
А дзявятай з рэсэпшэна ступіш у шэрую раніцу
і адразу запальваеш, бо не паліў ад вечара.
Лістапад у Варшаве, трамваі, алея Андэрса,
карацейшае за цыгарэту жыццё чалавечае.
Паэты звычайна згараюць, што натуральна,
зважаючы на іх лад існавання й мыслення.
Парадаксальная логіка: хлопец з Муранава
горкай іроніяй лёсу празваны фашыстам.
Акупацыя, націск. Грамадства паціху сыходзіць у
канспірацыю. У межах культурна-асветніцкай працы
браўся рэдагаваць падпольную перыёдыку,
ставячы ў назве мастацтва вышэй за нацыю.
Паўстанне, як гэта бывае заўжды, раптоўнае.
Апошні шанец давесці, і ён скарыстаецца
з выбуху на світанні. Не будзе помніка.
Нават завулка не стане. Алея Андэрса.
Цыгарэта пагасла. Глядзіш на пустое месца,
у люстэрку асфальтавым адбіваешся свечкай,
ловіш сігналы, як сэрца пад брукам б’ецца.
Гайцы. Варшава. Сорак чацвёрты — вечнасць.
Полымя подых. Вецер у вербах.
Польскае поле эксперыментаў.
Постаці мёртвых. Повязь з легендай.
Poets never surrender.
2012
пачатак
усё пачыналася з ранішніх цёплых тралейбусаў,
што нас калыхалі ў снах замест першай пары,
у цёмных падвалах мы слухалі нашыя лекцыі,
у мокрых падворках адказвалі на семінарах;
усё пачыналася з брудных прыступак сектара
і аўтазакаў, з сабакаў на першы выезд,
дзе мы здавалі нашую летнюю сесію
з практыкай, абаранялі свае курсавыя;
усё пачыналася з ціхіх запыленых лецішчаў
і шумных мастоў над транспартнымі развязкамі,
сонечных дзённых промняў і зораў увечары,
з горкіх апладысментаў і слёз ад радасці.
глобусы, атласы, компасы за непрыдатнасцю
выкінуўшы, на пошукі новага полюса
вырушым, не забываючы, як прыўкрасна
ўсё пачыналася, і ўсё ніяк не скончыцца.
2012
Рэвалюцыйная
Піўніцы на Рэвалюцыйнай у пятніцу ўвечары,
як ніжні паверх атмасферы Верхняга горада, —
найлепшае месца, дзе абвяргаюцца сцверджанні,
што слова не верабей, а маўчанне — золата.
Ціха пазвоньваюць куфлі над кніжкаю Рудзіша —
у гэтай падземцы ты сам абвяшчаеш станцыі.
Выхад да цягнікоў, што ідуць у мінуўшчыну,
неба пад Менскам пяшчотна крануўшы пальцамі.
Сумна мігцяць у вітрынах самотныя ёлачкі,
пахне ва ўніверсамах перцам і спецыямі,
суграмадзяне п’юць за ўік-энд надыходзячы,
поруч патруль спецназу каваю грэецца.
Плошча свабоды роўная суме выпітага,
дрэмлюць уверсе на дрэвах анёлы і д’яблы.
Дванаццаць удараў ратушнага гадзінніка —
і гэтае места ператвараецца ў яблык.
2012
Альберт Эйнштэйн
Альберт Эйнштэйн, прафесар Белдзяржуніверсітэта,
выходзячы з лабараторыі на падворак каля фантана,
запальвае цыгарэту і заляцаецца да студэнтак.
Дзяўчаты з яго смяюцца: вось чорт кудлаты,
як апантаны.
Альберт ужо размаўляе амаль без акцэнту,
хоць піша канспекты лацінкай.
Нядаўна, між іншым, прасіў прэзідэнта пра пенсію.
Здавалася, што дамовіліся. Аказалася — не зусім:
праз некалькі дзён па тым прэзідэнт застрэліўся.
Вось непрыемнасць.
А ў Менску тым часам канец неспакойных трыццатых,
у кінатэатрах аншлаг:
Альберт са студэнтамі збег замест лекцый
на новую стужку Чапліна,
і кожны смяецца, як быццам не ведае, што адбываецца па начах,
як быццам гэта сакрэт за сямю пячаткамі.
І толькі Эйнштэйну насамрэч усё абыякава, ён усвядоміў даўно:
ці тут, ці ў Берліне загінуць — хоць шанец адзіны на сто —
а ніколі не позна.
А хтосьці абавязкова ўспомніць, а як і не ўспомніць — усё адно.
Сур’ёзна, якая розніца. Усё адно.
Бо ўсё адносна.
2012
Станцыя Беларусь
Лібава-роменская чыгунка мінае тут лінію Сталіна,
якая спрадвеку наш родны край на паловы няроўна дзеліць
пад белым крылом старога бусла, якога вельмі аддалена