Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Але як яны там цяпер, у вёсцы? Чаго ад іх дамагаюцца немцы? «Канечне, я мог бы тады адцягнуць увагу немцаў на сябе, проста ўзяць ды стрэліць хоць бы па тым браневіку, што нейкі час заставаўся ля крыніцы адзін. Але ці памагло б такое заступніцтва верамейкаўцам? Хутчэй наадварот. Бадай, немцы вылучылі б з калоны яшчэ адну каманду, якая кінулася б праз сухадол прачэсваць лес. У выніку — ні шкоды немцам, ні карысці верамейкаўцам не прынёс бы сваім умяшаннем, а шуму дарэмна нарабіў бы. Ды добра яшчэ, калі б аднаго шуму!..»

Разважаючы так, Чубар раптам пачуў, як нехта скочыў зусім побач. Тупат быў слабы, акурат заечы, калі той, падняты з утульнага лежышча, спрабуе непрыкметна ўцячы ад небяспекі. Чубар крута азірнуўся — яму хапіла адно павярнуць галаву. Па гэты бок канавы, усяго крокаў за шэсць, растапырыўшы па-цялячы пярэднія ногі, стаяла ласяня. У цёмна-вішнёвых вачах яго Чубар выразна ўбачыў штосьці зусім праніклівае і даверлівае, ажно у грудзі раптам прыліла гарачая хваля, якая здараецца ў хвіліну неспадзяванай, нават нежаданай пяшчоты.

— Ах ты, беднае!.. — хутчэй падумаў, чым уголас выказаў Чубар, баючыся зрабіць лішняга руху.

Ласяня і без таго намучылася сёння, Чубар сам з’яўляўся сведкам ягоных пакут, таму нават неўзнарок адпужваць шкода было. І ён нейкі час стаяў нерухома, быццам апантаны, пакуль не пачала дубець павернутая шыя. Зразумела, што нязручную паставу неабходна было мяняць, бо доўга так, каб нават і вельмі хацеў Чубар, усё роўна не прастаяў бы. З другога боку, стаяць на балоце ды чакаць змроку яму таксама ніяк не выпадала. Таму ён астудзіў у сабе гарачую хвалю і адвярнуўся. Паціху, каб не рабіць дарэмна шуму, Чубар патупаў далей уздоўж канавы з упэўненасцю, што ласяня таксама патрапляе ззаду. Адзін раз яму нават здалося, што яно расчаравалася ісці ўслед і адстала. Але калі ён азірнуўся назад, каб пераканацца ў гэтым, ласяня па-ранейшаму тупала блізка, крокаў за дзесяць. Мусіць, яно баялася застацца першы раз адно ў цёмным лесе і Чубара ўспрыняла сваім жывёльным інстынктам за ратунак сабе, адчуўшы ў ягоным паглядзе спагаду, якая выклікала ў адказ давер.

Вось і край балота. За ім пачыналіся сіўцовыя лагі, дзе па колішніх лучках, якія не кожнае лета запаўняліся вадой, рос аір. Верамейкаўцы чамусьці называлі лагі гэтыя наддаткамі, але Чубар так і не дазнаўся, чаму іменна, проста не выбраў моманту, ды і думка сама западала ў галаву звычайна выпадкова, як нешта вельмі нязначнае. Урэшце, яно і сапраўды так — і думка, калі разважыць сур’ёзна, нязначная сама па сабе, і выпадак не кожны раз бывае.

Ступіўшы з краю балота на сіўцовы кужаль, Чубар доўга і зацята соўгаў падэшвамі ўзад-уперад, вызваляючы боты ад наліплай балотнай гразі, усё роўна як меўся заходзіць праз звіліну да кагосьці ў хату. Пакуль ён мінаў паўз канаву балота, на дварэ звечарэла. Аднак змроку густога на галым прасторы не было. У небе, павіснуўшы над лесам, што выступаў няроўным грэбнем справа, ужо адбіўся невыразным, быццам яшчэ не цалкам выяўленым, абрысам месяц. Гэта ён, стаўшы на мяжы паміж днём і ноччу, паміж святлом і змрокам, не даваў згусціцца вечару, высвечваючы наўкол даступныя яму закуткі на зямлі. Не толькі тут, на сіўцовых лагах, але і паўсюль у забяседдзі стаяла спавітая цішыня. Быццам не паверыўшы ў яе, Чубар павярнуўся тварам у той бок, дзе за пагоркавымі палеткамі былі Верамейкі. Зноў трывогай апякло яму свядомасць. Зноў усярэдзіне зварухнулася прыкрасць, і зноў яму падумалася пра тое, што ён усё яшчэ бездапаможны што-небудзь зрабіць тут. Але і адтуль, з Верамеек, не прылятала сюды ніводнага гуку.

Ласяня стаяла амаль побач — і не аддалялася, і не набліжалася, усё роўна як добра ведала тую невымерную адлегласць, на якой яму належала трымацца ад чалавека.

Да хаткі-лупільні, дзе Чубар меў намер сёння знайсці сабе спачын, заставалася яшчэ прайсці гэтыя сіўцовыя лагі, тады павярнуць бліжэй да вёскі. І Чубар пайшоў. Цяпер ён чамусьці ўпэўнены быў, што ласяня і далей пабяжыць за ім, таму нават не прыслухоўваўся і не азіраўся. Гэтая даверлівасць асірацелага звярка ўвесь час неяк ахінала пяшчотай яго і нарэшце павярнула Чубаравы думкі на самога сябе, успомнілася раптам сваё сіроцтва. Чубар нават здзівіўся, што такая акалічнасць можа выклікаць нечаканы ўспамін. Гэта ўсё ад адзіноты, падумалася Чубару, нібыта і папраўдзе трэба было штосьці тлумачыць сабе ў апраўданне... Чубар асірацеў у дзевяць гадоў. Бацькоў яго пахавалі на вясковых могілках у адзін дзень, бо памерлі яны таксама ў адзін дзень ад тыфусу — спярша, пад ранне, бацька, за ім, пражыўшы яшчэ гадзін колькі, сканала маці. Тады па ўсіх вёсках хадзіла гэтая хвароба, касіла людзей. Праз яе не пашанцавала багата каму, а дзевяцігадоваму Родзьку Чубараву дык найгорш. Жыццё сваё ў дзіцячай працоўнай камуне ён амаль не помніў, таксама як мала чаго захавалася ў памяці і з часу вучобы ў каморніцкай школе, затое хутар і яго гаспадара ніколі не забываў, хоць і працаваў там нядоўга, усяго дзве зімы, вядома, з вясною, летам і восенню паміж іх. У хутараніна не было сваіх дзяцей, і невядома дзеля чаго і каму ён капіў багацце, але з парабкаў вымаў усё, што можна было. Парабкавалі яны на хутары ўдвох — Родзька і Цімох Сачнёў, які даводзіўся гаспадару ці не стрыечным братам і які ці не на пяць гадоў старэйшы быў за Чубара. Але сваяцтва не ішло ў залік, адно што Цімох быў к таму часу збольшага ўжо сталы чалавек і меў смеласць паказаць нораў, калі дужа насядаў гаспадар з работай. Чубар жа адчуваў сябе зусім безабаронным, таму на ім, як кажуць, і ездзілі ўсе, каму ўздумаецца, уключаючы таго ж Цімоха. Праўда, меншага парабка часам шкадавала гаспадыня, ціхая жанчына, якой праз яе бяздзетнасць таксама жылося нясоладка ў доме. Але спагада яе да Чубаравага сіроцтва часта абарочвалася гаспадаровай лютасцю — угледзеўшы, што жонка знарок выгадвае, каб малы парабак паспаў хоць крыху лішне, муж пачынаў шалець, крычаць на ўвесь хутар, пагражаючы прагнаць з двара і лайдака, і заступніцу. Яго не бянтэжылі нават жончыны слёзы: «Пабойся бога, ён жа няшчасны, адзін на ўсім свеце!» — «Цяпер адбою няма ад такіх сірот! — звычайна даваў у процівагу свой довад хутаранін, як не тупаючы ў злосці нагамі. — Дык няўжо я вінаваты, што іх так багата? А мо я сам не рву жылле на гэтай вашай рабоце?» Сапраўды, гаспадар таксама браўся за цэп ці сахор яшчэ на досвітку і потым не выпускаў з рук скрозь цэлы дзень. Гаспадыня, здаралася, казала парабку: «Што ты, дзіцятка, думаеш сабе? Уцякай куды ад нас, ці ж на адным нашым хутары свет для цябе?» Але работы ў гаспадарцы было процьма, гаспадыня паступова і сама за ёй надоўга забывалася пра чалавечую жаласць. Ды і куды было падацца Чабару, які не дужа багата чаго пабачыў у жыцці? Нават працоўная камуна і тая не навучыла яго таму, чаго звычайна другія вельмі хутка набіраюцца. Праўда, тут, у Чубаравай някемлівасці, прычынай, бадай, была тая акалічнасць, што, нягледзячы на сіроцтва, ён тым не менш не быў у поўным сэнсе беспрытульнікам, бо адразу з сялянскай хаты трапіў у дзіцячую працоўную камуну. Але ж і зразумець яго таксама можна — чаго-чаго, а харчу добрага хутаранін не шкадаваў, абы паказваў на гумне ці ў полі спрыт ды ўвішнасць. Навошта тады ад дабра ўцякаць? Урэшце, ежа таксама нямала чаго значыць у жыцці, асабліва калі чалавек досыць нагаладаўся!..

Выйшла само, што Чубар пакінуў хутар. Пад вясну ён аднаго дня выпусціў з хлява авечак, а загнаць назад у час забыўся. А тым быццам толькі і снілася ўсю зіму воля: не паспелі гаспадаровы шуткі збегчы з сонечнага двара, як на ўзлеску напалі на іх ваўкі. Ну, і не далічыўся ўвечары хутаранін у статку двух бараноў і адной авечкі. Вядома, адказваць давялося Чубару, але ён усё ж неяк крутануўся ды выкаўзнуў з учэпістых гаспадаровых пальцаў. Памагло Чубару вырвацца, няйначай, тое, што хутаранін утрымліваў яго адной рукой, а другой тым часам з поцягам сцёбаў па спіне дубцом. Зразумела, што пасля такой экзекуцыі мала хто добраахвотна захоча вярнуцца назад.

Не вярнуўся і Чубар. Зноў падаўся ў працоўную камуну, яшчэ не ведаючы, што яе к таму часу паспелі распусціць. Колькі месяцаў пасля гэтага Чубару давялося жыць выпадковымі заробкамі ў навакольных вёсках, а потым нехта падказаў яму паступіць у школу каморнікаў, балазе туды набіралі навучэнцаў ледзь не такім жа чынам, як у старыя гады ў дзяржаўныя сельскагаспадарчыя школы. Доўга, вельмі доўга пасля прахопліваўся Чубар уначы на ложку, чуючы ў сне на сабе ўдары дубца...

8
{"b":"849480","o":1}