Уласна, і вайсковы камендант Крутагорскага раёна, і камендант Бабінавіцкай воласці ўжо дзейнічалі, зыходзячы з гэтай адозвы. Дзіва толькі, што звычайны загад чамусьці называўся адозвай! Чым глыбей Зазыба ўчытваўся пункт за пунктам у радкі, тым мацней, здавалася, стыла ў ім кроў. Але ўтрапёная думка, нягледзячы на гэта, хутка вывела яго да ўсведамлення адной вельмі важнай акалічнасці: аказваецца, дарэмна генеральны камісар Кубэ ўрачыста абвяшчаў, што «прагучаў і змоўк бразгат зброі на Беларусі». Адозва, якую трымаў у руках Зазыба, гаварыла якраз наадварот — не, не змоўк!
Сапраўды, Чубар жыў гэты час у Мамонаўцы. Выходзіла, Зазыба акурат разважаў тады — старшыня, няйначай, перш-наперш падасца пасля вандравання да Аграфены. Ён і раней ледзь не кожнага вечара наведваўся ў пасёлак, а цяпер тым больш не праміне хаты, дзе заўсёды рады яму.
Сувязь іхняя — Чубара і Гапкі Азаравай — была бяльмом на воку ў людзей: асабліва асуджалі іх за тое, што Чубар пачаў хадзіць да гэтай жанчыны неўзабаве па гібелі мужа яе ў фінскую вайну. Такое лічылася вялікім грэхам не толькі ў вёсцы. Таму нават пасля таго, як Чубар сказаў, што збіраецца ажаніцца на Гапцы, верамейкаўцы разам з кулігаеўцамі ды мамонаўцамі не перасталі ў адсутнасці іх з пагардай крывіць губы — адны не маглі дараваць ім тое, што яны не пачакалі са сваімі любошчамі і года, скрозь які Гапцы належала строга насіць жалобу па забітым мужу, другія ж, карыстаючыся парушэннем гэтага даўняга звычаю, проста зласловілі. Тым часам самі вінаватыя, здавалася, зусім не звярталі аніякай увагі на чужыя абгаворы, мусіць, лічачы іх за звычайныя плёткі — вось ужо праўда, што каханне сляпое!..
Чубар прыйшоў у Мамонаўку ўранку, адразу як пераначаваў у лупільні.
Калі ён пасля сну на досвітку выглянуў з хаткі, то быў прыемна здзіўлены — ласяня скрозь усю ноч заставалася на месцы. Вуж — той споўз з парога і кудысьці зноў схаваўся пад падлогу, а ласяня ляжала сабе і, мусіць, моцна спала, бо галаву падняло толькі тады, як Чубар затупаў побач. Убачыўшы чалавека, яно хуценька, бы са страху, ускочыла на ногі, але не адбеглася прэч. Небарака за сваё малое жыццё столькі займела пакуты ад людзей, а тут стаяла і нібыта радавалася, што не праспала, акурат малалетні хлопчык, якога бацька паабяцаў узяць з сабой у паездку ды паказаць там нештачка. Чубар удыхнуў ва ўсе грудзі халоднага паветра, пазяхнуў, дзівячыся, што яшчэ з учарашняга на небе свяціўся месяц. Ісці ў Мамонаўку належала ў абход Верамеек. Але дарога ўсё роўна збольшага была вядома. І Чубар, доўга не бавячыся на месцы начлегу, рушыў. Ласяня таксама не адставала. Яно толькі пастаяла трохі ля хаткі, быццам па дамоўленасці, гуляючы ў хованкі, а тады кінулася даганяць Чубара, які знік за першымі кустамі. Пакуль не зайшоў месяц і не пачаўся сапраўдны ранак, Чубару неабходна было спяшацца прайсці самыя людныя мясціны, тыя скрыжаванні і ўрочышчы, дзе хутчэй можна напаткаць чалавека, хоць бы нават і звычайнага грыбніка. Але недзе за возерам — якраз на палавіне дарогі к пасёлку — яго, як спадцішка, пачало раздражняць шорганне маленькіх капыткоў ззаду, акурат ласяня ўжо замінала ісці. З прыкрасцю падумалася: «Ну, куды яго прывядзеш, калі сам яшчэ бяздомны?» Гэта і дало ўсяе рады — раптам Чубар сігануў у яловы гушчар, падалей ад сцежкі, а там, з падрапаным тварам, выскачыў на нейкі ўзбалотак, акружаны, быццам назнарок, вузкаю стужкай бярэзніку, і, лішне не робячы шуму, шыбануў наўдаку, каб інтуітыўна выйсці на мамонаўскую дарогу. Праўда, ужо ў Мамонаўцы ён пашкадаваў, што пакінуў за возерам ласяня адно, не прывёў з сабой, дзе яго льга было калі не прыручыць, то хоць патрымаць колькі часу, пакуль не падрасло б для самастойнага жыцця на адзіноце ў лесе.
Гаспадыня ўбачыла Чубара праз акно, калі той нацянькі выйшаў з лесу. Яна памкнулася была насустрач яму, але тут жа стрымала сябе, каб дачакацца яго ў сенцах. Як толькі Чубар пераступіў першы парог, Гапка, зусім не саромеючыся дзяцей, павісла ў яго на шыі. У той дзень яна нават не пыталася, адкуль ён узяўся ў іх, чаму і ці доўга збіраецца быць. Яна адно радавалася, што Радзівон неспадзявана вярнуўся да яе, і не хавала гэтага ад яго, цяпер яна не схавала б свае радасці і ад людзей, калі б можна было хоць каму паказаць яе.
Як і ўяўляў сабе Чубар па дарозе ад фронту, спярша сапраўды было ўсё — і гарачая лазня, якую падрыхтавала Гапка к наступнаму вечару, і бясконцыя ласкі. Але неўзабаве, ужо дзён праз колькі, Чубар адчуў, што гаспадыня раптам як бы пачала бянтэжыцца, што нічога не ведае пра яго думкі, пра яго планы. Чубар, вядома, не стаў скрывацца ад яе, урэшце, у гэтым не было сэнсу, бо некаму ж ён павінен цалкам давярацца, а яна слухала і ўсё тускнела тварам, быццам паступова расчароўвалася ў сваіх спадзяваннях. Бачачы, што ў іх адносінах расце адчужанасць, Чубар разумеў — неабходна, каб паміж імі настала канчатковая яснасць. Але размову такую ўсё адцягваў, дакладней, проста не рашаўся распачаць яе, нібыта ў душы баяўся, што натрапіць на нешта прыкрае, што яму адмовяць у гэтай хаце ў чымсьці такім, без чаго далейшае існаванне не мае сэнсу...
Зазыбу сёння Гапка сустрэла таксама раўніва, можа, нават варожа, усё роўна як чалавек прыйшоў, самае меншае, апісваць за нейкія даўгі маёмасць.
А Чубар, наадварот, узрадваўся.
— Ты як даведаўся, што я тут? — спытаў ён узрушана ў Зазыбы пасля таго, як яны моцна парукаліся ў хаце.
— Сарока адсюль прылятала,— пажартаваў Зазыба, таксама не хаваючы сваёй радасці.
— Ну, а папраўдзе?
— Калі папраўдзе, то бабінавіцкі яўрэй Хоня сказаў мне.
— Дзе ты яго бачыў?
— У мястэчку.
— І ён табе сказаў, што я ў Мамонаўцы? — насцярожыўся Чубар.— Адкуль ён мог ведаць?
— Не, пра гэта я сам здагадаўся.
— То і добра,— супакоіўся Чубар.— А то я ўжо, грэшным дзелам, падумаў... Але сядай,— прапанаваў ён і, як толькі Зазыба апусціўся на самаробнае, з пукатаю спінкаю крэсла, якое нібыта назнарок было пастаўлена зараней падалей ад вокнаў, спытаўся пра самае галоўнае: — Ну, як тут, намеснік? Што новае?
Зазыба ўсміхнуўся:
— Гм, новае... Новага шмат, лічы, што ўсё новае. І самае першае, гэта тое, што ты цяпер ужо не старшыня, а я не намеснік. Бо калгаса няма.
— А не паспяшаліся вы яго распусціць?
Зазыба паціснуў плячамі, зноў усміхнуўся, але больш нецярпліва.
— Я і сам адзін час думаў, ці не паспяшаліся мы. Ажно палаяўся быў з тым-сім. А тады бачу—самы раз так і зрабіць. Асабліва калі ўлічыць, што камендант таксама нездавальненне выказаў нашым паспяшаннем, нават праработку зрабіў мне за гэта на нарадзе.
— Што за нарада?
— Звычайная. Немцы збіралі паліцэйскіх, старастаў, старшынь калгасаў, там, дзе яны засталіся яшчэ, ну і раіліся, як новы парадак ладзіць.
— А ты пры чым тут? Ты ж не стараста і не паліцэйскі? Нават не старшыня калгаса?
— I я так лічыў, што ні пры чым. А камендант чамусьці не паверыў. Выклікаў таксама на нараду. Ды і кажа пры ўсіх, што мы самаўпраўствам заняліся, падзяліўшы калгасную маёмасць. Гразіўся, што будзе расследаваць справу. Так што, не адзін ты нездаволены.
— Ну, камендант — гэта адно, а я — другое.
Зазыба раптам адчуў у Чубаравым голасе ранейшую ўпартасць, якая часам межавала з безразважлівасцю і якая нярэдка перашкаджала ім шукаць згоды паміж сабой. Таму сказаў памяркоўна:
— На гэта ёсць рашэнне калгаснага праўлення. Пратакол таксама складзены, каб раздаць маёмасць і падзяліць пасевы. Але не насаўсім, а толькі на захаванне калгаснікам, да прыходу Чырвонай Арміі.
— Нешта я не чуў раней такой дырэктывы? Што, паступіла новая? — пранікліва глянуў на Зазыбу Чубар.
— Проста праўленцы самі рашылі так.
— З тваёй, канечне, дапамогай?
— Але.
— А што я табе казаў? Загадана ж было знішчаць усё, знішчаць! Не захоўваць, а знішчаць! Думаеш, немцы такія дурні, каб не адшукаць, што вы дзе пахаваеце? Я сам некалі, пры раскулачванні, займаўся такой справай, дык ведаю.
— Ну, што знойдуць, а што і не.
— Вось, вось!..