Тубыльцы між тым парагаталі, ужо нібыта з дазволу, ды сціхлі.
— На гэтым нарада наша, уласна, скончана, панове, — адразу за цішынёй абвясціў камендант. — Але не спяшайцеся — ёсць адна неадкладная справа, пра якую таксама трэба дамовіцца. Яшчэ ў жніўні каля вёскі Белая Гліна ў часе адступлення Чырвонай Арміі быў спалены на Дзяражні мост. Цяпер ад вайсковага каменданта раёна і начальніка дарожнага аддзела паступіў загад — неадкладна адбудаваць гэты мост. Таму я ў сваю чаргу таксама загадваю — на адбудаванне маста накіроўваць кожнага дня з вёскі па дзесяць падвод з вазніцамі і адмысловымі цеслярамі. За гэта адказваюць перад камендатурай чыны паліцыі і старасты.
Па тым, як Гуфельд узяў у рукі свой шомпал, усе ў зале зразумелі, што цяпер нарада сапраўды вычарпала сябе.
* * *
З камендатуры Зазыба выходзіў у ліку апошніх. Нават Захар Доўгаль, які ўсю нараду прасядзеў поплеч, цяпер чамусьці памкнуўся наперад, акурат у яго была задума перастрэць кагосьці на ганку. У душы ў Зазыбы было такое адчуванне, быццам яго толькі што ашукалі альбо, яшчэ горай — незаслужана збэсцілі ўшчэнт, хоць, вядома, нічога асаблівага за ўсе гэтыя паўтары гадзіны, пакуль ішла нарада, не адбылося, урэшце, Зазыба і дасюль усведамляў, куды ехаў сёння з Верамеек, з кім і да каго!.. Але тым не менш душу смактала прыкрасць. І, можа, якраз таму, што нічога падманнага, таксама абразлівага не адбылося: дзіва, але факт, ад якога ні рукамі, ні нагамі, ні галавой — нарада прайшла, як некаторыя людзі любілі раней гаварыць, на высокім узроўні. Галоўнае, ніхто асабіста нікога не лаяў, ніхто нікога не палохаў, не спрабаваў падвесіць на дыбу нават вінаватых, як Зазыба,— а Зазыбу чамусьці хацелася думаць, што сёння ў мястэчка ў якасці адказчыка не толькі ён быў пакліканы, дакладней, прымусова дастаўлены, — дык нават вінаватых усё роўна як знарок памілавалі, няважна, што трохі прыгразілі. Выходзіла, што камендант сапраўды збіраў з навакольных вёсак мужыкоў дзеля таго, каб паразумецца разам, як весці ў воласці ў новых умовах гаспадарку, як ладзіць парадак. Але, ступаючы цяпер за натоўпам па прыступках ганка, Зазыба падумаў і пра тое, што за гэтыя паўтары гадзіны, як слухаў каменданта — прамову яго і адказы на пытанні, неяк зусім не даў сабе цяжкасці ўнікнуць у сутнасць таго, пра што гаварылася на нарадзе, асэнсаваць усё і ўзважыць у галаве. Адно сядзеў на мулкім драўляным крэсле ды слухаў, акурат баяўся прапусціць што. Праўда, была прычына, якая ўвесь час перашкаджала яму перайсці ад крытычнага ўспрымання да аналізу, да асэнсавання камендантавай прамовы і наогул усяго, што давялося чуць: гэта прысутнасць у зале цывільнага, камендантавага перакладчыка, якому Зазыба адразу ўпаў у вока і які потым ужо не губляў яго з-пад увагі, нібыта правяраў па ім, як рэагуюць на ўсё мясцовыя «мужы даверу». Выйшла, што Зазыба першы пачаў прыглядацца больш да цывільнага, чым да каменданта, хоць, вядома, цікавасць да апошняга павінна была б праявіцца мацней — Гуфельд зрабіўся адыёзнай асобай. Але гэтага не здарылася, бо Зазыбу ўжо здавалася, што камендант для яго страціў цікавасць, прынамсі, тую, што ў іншых падтрымлівалася рознымі чуткамі яшчэ з таго, як немцы заснаваліся ў Бабінавічах. Яму толькі заставалася адчуваць нездаволенасць, што іншы раз даводзілася думаць пра каменданта нават супраць жадання, усё роўна як хто помсціў яму за ранейшыя ілюзіі. Між тым, іначай і быць не магло, бо Гуфельд з’яўляўся той новай рэальнасцю, якая ніколькі не залежала ад Зазыбавага жадання, гэта па меншай меры. Словам, Зазыба, калі разважаць паслядоўна, не так сабе звярнуў увагу на цывільнага, калі той паявіўся разам з камендантам. Але ён не чакаў, што гэтым у адказ выкліча да сябе не меншую цікавасць. Пільная, хоць і не адкрытая чужая ўвага неўзабаве пачала непакоіць, і Зазыба не мог пазбавіцца ад гэтага пачуцця да канца нарады...
Сышоўшы з ганка, тыбульцы не спяшаліся аддаляцца ад камендатуры. Збоку можна было падумаць, што яны гэта вывалілі гурмой на вуліцу ў часе перапынку, каб неўзабаве зноў вярнуцца ў будынак. Пастаўшы ў купкі пад вокнамі чалавек па пяць-сем, курцы пачалі рабіць самакруткі, частуючы адзін аднаго самасадам, а тыя, хто не ўжываў смуроднага зелля, проста далучаліся да знаёмых, калі не пагаварыць, то хоць бы паслухаць. Пры гэтым нехта сказаў, смеючыся:
— Што мне спадабалася сянні, дак ета што баб не было сярод нас. Адны мужыкі засядалі. А то раней панавыклікаюць розных актывістак, а тады за імі і слова ніхто не дасць табе.
— Ну, а як жа без актывістак? — падтрымаў яго другі ахвотнік пагаварыць. — Спярша — прамовы, моў, трэба і нада, а пасля — шуры-муры.
Недзе ўжо наставаў час абеду. Густая і цяжкая духата вісела над мястэчкам — дзіва, але і ўвосень хапала сонца, каб стварыць яе.
Было чуваць, як за садам на бальшаку то заціхалі, то зноў пачыналі гусці машыны. Паслухаўшы няроўны, аслонены дрэвам гул, Зазыба ўспомніў, што ўранні ім з Брава-Жыватоўскім пашанцавала пераехаць бальшак свабодна, мусіць, тады яшчэ не паспеў аднавіцца рух. Прыгадаў ён і той раз, калі вёз у мястэчка Марылю, і нібыта нанава пачаў перажываць усё, ведаў, нялёгка даліся тыя хвіліны не толькі яму, а і дзяўчыне; нарэшце ён разважыў, што абавязкова павінен наведацца да яе ў Хоніну хату, балазе недалёка, адразу за поштай, бо Марфа таксама спакою не дасць яму, будзе пытацца, чаму не схадзіў, але тут жа і пашкадаваў, што ўжо зусім па-бацькоўску, — ехаў сюды на пустым возе і нічога не ўзяў з сабой, каб даць Марылі; ды і Марфа чамусьці не здагадалася пра гэта.
Упэўніўшыся канчаткова ў сваім рашэнні, Зазыба пачаў шукаць вачамі сярод «мужоў даверу» Брава-Жыватоўскага. Але той, няйначай, не выходзіў яшчэ з будынка. «От ёлуп, — узлаваўся Зазыба, — прымушае чакаць, бо не кінеш без нагляду каня, тады і праўда на каровах давядзецца яму ў воласць ездзіць». Не было відаць у купках і Захара Доўгаля. «Ну от, — зноў застаўся нездаволены Зазыба, — а казаў, што справу мае, ды каб адзін на адзін». Зазыба не здагадваўся, якая ў таго з’явілася справа да яго, але і без яе не лішне было б пагаварыць з разумным чалавекам, які, па ўсім відна, таксама цяпер пакутуе і трывожыцца не менш за астатніх сумленных людзей.
Цяпер, як ніколі, патрэбны аднадумцы. Так, трэба шукаць аднадумцаў!
Але дзе яны?
У сярэдзіне адной з жывых купак на дарозе Зазыба раптам згледзеў таго самага смуглявага чалавека, які на нарадзе пытаўся ў бургамістра, ці будуць выкладаць у школах беларускую мову. Здавалася, сярод іншых спраў не такая ўжо ўрэшце важная гэта, калі ідзе наўкол вайна і калі на парадку дня наогул стаіць пытанне аб існаванні народа, які гаворыць на той мове, у кожным разе, як думалася Зазыбу, не самая важная, але тым не менш чалавек сваім пытаннем выклікаў у Зазыбы сімпатыю. Цяпер смуглявы чалавек таксама быў у цэнтры ўвагі. Ён нешта расказваў, а тыя, хто стаяў вакол яго, гучна смяяліся. Зазыба ажно пазайздросціў ім і, можа б, не ўтрымаўся ад спакусы дапасці хоць вухам да чужой гаворкі, аднак на гоман з камендатуры якраз выйшаў Брава-Жыватоўскі. Ён трымаў у руцэ трубкаю ўніз вялікі скрутак папер. Па ўсім было відаць, што адчуў верамейкаўскі паліцай тут сябе, як дома, нават лепей, чым дома, калі мець на ўвазе адносіны, якія склаліся паміж ім і жонкай: пасля спасаўскай вечарынкі, на якой ён адкрыўся мужыкам са сваім махноўскім мінулым, Параска зрабілася, як чужая... Брава-Жыватоўскі, між тым, падышоў да воза, нечага запусціў руку глыбока ў сена, быццам правяраў, ці ляжыць што пад ім, тады з захапленнем сказаў, патрэсваючы перад Зазыбам папяровым скруткам:
— Будзем дома развешваць на хатах плакаты! Няхай нашы верамейкаўцы прывыкаюць да новых правадыроў і да розных новых карцінак-малюнкаў. — І, каб не пакідаць Зазыбу ў сумненні, раскруціў верхні вялікі аркуш гладкай паперы і разгарнуў яго на вачах, адстаўляючы з адным краем далёка ў бок левую руку. — Вось якую форму неўзабаве будуць насіць чыны паліцыі парадку! — пахваліўся ён, скіроўваючы Зазыбаву ўвагу на плакат, дзе каляровымі фарбамі былі намаляваны нямецкі афіцэр інтэнданцкай службы — чамусьці ў белым мундзіры, з маленькімі, амаль цалкам чырвонымі пагонамі, і паліцэйскі, апрануты ў цёмна-сіні, з шырокім чорным адкладным каўняром фрэнч, і таксама пры пагонах, але без сярэбраных кубікаў на ім; і нямецкі афіцэр, і паліцэйскі, трохі схіліўшыся насустрач, ветліва паціскалі адзін аднаму руку.