З боку новых гаспадароў будынка адчувалася ветлівая ласкавасць, нават пры ўваходзе ў залу пасяджэнняў стаяў малады салдат, паказваў рукою дарогу гасцям, маўляў, не саромцеся, праходзьце.
Рассаджваліся тубыльцы па радах доўга і шумна, тым больш што ніхто не падганяў і не перашкаджаў. Нават і тады, як усе расселіся і, здавалася, угаманіліся ўжо, а ў зале запанавала адносная цішыня, ім яшчэ доўга давялося чакаць каменданта. Нарэшце парог пераступілі адзін за адным два чалавекі. Адзін быў у цывільным — сярэдняга росту, таксама, мусіць, сярэдніх гадоў, прынамсі, маладым назваць яго нельга было ні ў якім разе, нават з першага, вельмі кароткага знаёмства. Здавалася, ён зусім без цікавасці павёў цёмнымі вачамі па зале. Але абыякавы выгляд яго быў падманлівы, бо ўважліваму чалавеку хапіла адно злавіць на сабе гэты нібыта не цікаўны позірк, каб пераканацца ў адваротным — за вонкавай абыякавасцю, нецікавасцю ў глыбіні вачэй яго хавалася жывая думка і тая асаблівая ўчэпістасць, тая праніклівасць, што дазваляе ў адзін момант багата што ацаніць і зразумець. Другі немец быў у вайсковым. У адрозненне ад цывільнага, гэты вылучаўся вонкавай сабранасцю, вядома, як і належыць вайскоўцу, нягледзячы на саракагадовую паўнату, у ім нават па выгляду можна было адчуць рухавасць і спрыт чалавека, які пакуль ні ад чаго не збіраўся адмаўляцца ў жыцці. Зайшоўшы ў залу, ён адразу нечага ўсміхнуўся і першы рушыў ад дзвярэй па вузкім праходзе з левага боку да доўгага стала на памосце, які нагадваў заніжаную сцэну. Па тым, што ў руцэ вайсковец трымаў, быццам стэк, звычайны шомпал ад пяхотнай вінтоўкі, няцяжка было здагадацца — камендант Гуфельд.
Не адрываючы вачэй ад каменданта, Зазыба раптам успомніў, як у пачатку акупацыі палічыў быў Гуфельда за... нямецкага камуніста. Магло ж такое прыйсці ў галаву!.. Ад гэтай колішняй недарэчнасці сваёй яму нават зрабілася горача ўсярэдзіне, быццам што разлілося нечакана пад дыхавіцай.
Тым часам камендант спыніўся за сталом, акурат пасярэдзіне, і ўзмахнуў зусім над стольніцай шомпалам, мусіць, ім гэтакі жэст узяты быў за звычай, але прысутнымі ён успрыняты быў, як для постраху.
— Добры дзень, панове, — картава прывітаўся патутэйшаму камендант, сабраўшы на сярэдзіну свайго ледзь не квадратнага лоба глыбокія маршчыны, усё роўна як яму каштавала вялікага намагання сказаць гэта; няйначай, ён збіраўся і далей гаварыць па-тутэйшаму, але не здолеў адшукаць у сваёй памяці патрэбныя словы, можа, нават першае з іх, таму бездапаможна засмяяўся і павярнуўся да цывільнага, які выбраў месца збоч, сказаў штосьці па-свойму.
— Камендант вітае вас усіх у гэтай зале, — не ўстаючы з крэсла, пачаў добра-ткі гаварыць па-руску цывільны; тое, што ён не даў сабе цяжкасці падняцца ў прысутнасці каменданта, які стаяў за сталом, сведчыла аб нейкай ягонай незалежнасці, а можа, чалавек хацеў падкрэсліць гэтым нават сваю непрычыннасць да таго, што мелася быць тут.
Прынамсі, Зазыбу ажно заманулася хуценька ўбачыць, як ставіцца да гэтай самастойнасці цывільнага камендант. Але дарэмна. Той не падаваў ніякага выгляду, каб зразумець, падабаюцца яму паводзіны перакладчыка ці не. «Хто іх тут, чарцей, разбярэ!» — з прыкрасцю падумаў у наступны момант Зазыба. Аднак цікавасць яго да чалавека, які зусім няблага размаўляў па-руску, ужываючы часам нават мясцовыя словы, і які пэўна што выпадкова апынуўся ў перакладчыках, засталася. Таму не больш як праз хвіліну Зазыба пачаў усё часцей пераводзіць позірк з каменданта на цывільнага, хутчэй наадварот, бо зразумелы сэнс зыходзіў ад апошняга; пры гэтым ён, відаць, рабіў свае назіранні занадта падкрэслена, бо неўзабаве і сам адчуў на сабе не менш зацікаўлены позірк цывільнага, дарэчы, які ўжо не пакідаў яго без увагі да канца нарады.
Камендант, між тым, паклаў упоперак стала шомпал, усё роўна як надакучыла страшыць і забаўляцца ім, памацаў вызваленай рукой, не паварочваючы галавы, спінку крэсла ззаду, пасунуў па дашчаным памосце трохі да сябе, каб акурат прыйшлося па задзе, і сеў. Пры гэтым ён неяк рэзка адкінуўся на спінку крэсла, можа, яшчэ не дакрануўшыся ягадзіцамі да цыраты, якой было абабіта сядзенне, міжволі стварыўшы смешнае ўражанне. Але на тварах прысутных не адбілася яно, дзіва што — не тыя абставіны, не тыя ўмовы і не тое месца, каб дазволіць сабе хоць незнарок зубаскаліць. Тубыльцы паводзілі сябе стрымана, нават з паважнасцю: у каго яна была прытворная, у каго палахліва-неўразумелая, а ў каго, натуральна, адкрыта вернападданіцкая.
— Перш чым гаварыць пра нашы мясцовыя справы, я зачытаю вам, панове, зварот генеральнага камісара да жыхароў Беларусі. — Камендант рыўком выструніўся за сталом і ўзяў з тоўстай папкі, якую прынёс з сабой, аркуш сіняй паперы. — Вызвалены з-пад бальшавіцкага ярма, — пачаў ён чытаць, — непераможнай сілай пераможнай нямецкай зброі беларускі край вольна ўздыхнуў. Прагучаў і змоўк бразгат зброі на Беларусі. Пад надзейнай апекай нямецкіх узброеных сіл можна зноў узяцца за адбудову зруйнаваных дамоў, майстроўняў і гаспадаркі. Следам за нямецкім салдатам прыйшоў сюды нямецкі ўрадовец, каб абняць кіраўніцтва краем. Мэтай ягоных, слаўных ува ўсім свеце і прызнаных нават зайздроснымі ворагамі, здольнасцяў з'яўляецца стварэнне для вас дабрабыту і забяспечанай будучыні ў межах новага вялікага нямецкага парадку, які ўсталюецца ў Еўропе. Ён прыйшоў, як прыяцель ахвочага да супрацоўніцтва народа, як вартаўнічы справядлівага парадку і спрактыкаваны будаўнік агульнага дабрабыту. Край павінен зноў адрадзіцца. Вам і вашым дзецям будзе забяспечана спакойная будучыня дзякуючы нямецкаму парадку... Беларусы, першы раз у вашай гісторыі перамога Германіі дае вам магчымасць забяспечання вашаму народу свабоднага развіцця і спакойнай будучыні без расейска-азіяцка-балышавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панавання. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што ягоныя інтарэсы сцісла звязаныя з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі паслядоўнікамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва.
Услед за камендантам цывільны скончыў перакладаць, тады ў зале пачуліся воплескі. Для Зазыбы гэта настолькі было нечаканым, што ён спачатку нават не ўсвядоміў сабе, чаму раптам узніклі яны. Сам ён не стаў пляскаць у далоні, але каб не мець пасля клопату, заварушыўся на месцы, быццам таксама ў радасці з поваду зачытанага камендантам звароту генеральнага камісара Беларусі. Вачэй ён пры гэтым не ўзнімаў, глядзеў на свае каленкі, адчуваючы на сабе ад стала праніклівы позірк немца ў цывільным.
Камендант тым часам зноў нязручна апусціўся задам на крэсла і яшчэ пад воплескі нешта сказаў перакладчыку.
— У цэлым насельніцтва вашага раёна, — пачаў ён зноў праз нейкі момант, — сустрэла нашы войскі лаяльна, у некаторых вёсках нават па добраму вашаму звычаю з хлебам-соллю. Напрыклад, у Забычанні такім чынам сустрэлі танкавую калону Якіменка Павел і Каплунова Настасся, у Белым Камені — Прывалаў Трыхван, а ў Арцюхах селянін Лахманоў спыніў артылерыйскую батарэю і паказаў міны, якія былі закладзены на дарозе савецкімі сапёрамі. Разам з тым сёння я асабіста атрымаў загад ад ваеннага каменданта раёна, у якім указваецца, што ёсць выпадкі, калі асобнымі злаўмыснымі ворагамі новага парадку распаўсюджваюцца ложныя весткі з фронту, а дзве сям’і з Прудзішчанскай воласці пакараны за адданасць нацыянал-сацыялізму. Акрамя таго, маюцца выпадкі нападу на нямецкіх салдат. Так, каля Прусінскай Буды ўзброеныя незнаёмыя напалі на аўтамашыну, у якой ехаў начальнік палявой жандармерыі раёна. Паколькі вінаватыя не былі выяўлены, давялося ўзяць з кожнай навакольнай вёскі па заложніку. За сем прабоін, якія аказаліся ў борце аўтамашыны, расстраляны сем чалавек мясцовага насельніцтва. У загадзе ваеннага каменданта раёна спецыяльна падкрэсліваецца — за кожны падобны выпадак, калі не будуць выяўлены сапраўдныя злачынцы, палявая жандармерыя і паліцыя парадку мусіць расстрэльваць заложнікаў. Мы таксама аб’яўляем бальшавіцкім агентам: кроў за кроў, а смерць за смерць. А вы непасрэдна павінны давесці загад у сваіх вёсках. Акрамя таго, мы сёння дадзім кожнаму прадстаўніку адозву, атрыманую ад дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару ў застэмпоўстве пана Фрындта, якую вы старанна перапішаце ад рукі зразумелым почыркам у некалькіх экземплярах і вывесіце на самых людных месцах, каб кожны селянін ведаў, як яму паводзіць сябе і за што ён пасля мецьме адказваць. Гэта што датычыць распараджэнняў і загадаў вышэйстаячых улад. Разам з тым вам неабходна растлумачыць таксама сваім аднавяскоўцам, што ўсяму насельніцтву воласці належыць цяпер абавязкова вітацца з нямецкімі салдатамі і афіцэрамі — мужчынам і жанчынам. За непавагу да афіцэраў арміі вялікага фюрэра вінаватыя будуць карацца. Гэта, між іншым, датычыцца і чыноў паліцыі. Пры сустрэчы з нямецкім афіцэрам чыны паліцыі павінны аддаваць чэсць, беручы пад казырок, мужчыны — здымаць шапкі, жанчыны — гаварыць «добры дзень!». Зразумела?