— Выходзіць, ты мой дабрачынец? — насмешліва спытаў Зазыба. — Значыць, табе трэба дзякуй сказаць?
— Ну, з гэтым яшчэ паспееш, — паблажліва адказаў Брава-Жыватоўскі.
— Праўда, паспею, — не мяняючы насмешлівага тону, згадзіўся Зазыба. — Але датуль давай мы з табой, Антон, дамовімся так: ты не робіш мне ніякай дабрачыннасці, а я не маю патрэбы ні ў чыім даверы. Па-першае, я ўжо не такі малады, каб думаць аб кар’еры, асабліва пры новай уладзе, а па-другое, для мяне цяпер важней не тое, хто мне давяраць збіраецца, і як, галоўнае, каму давяраць думаю я. Скажу шчыра, да цябе ў мяне даверу няма.
— Дарэмна.
— Не ведаю, але сказаў я, што думаў.
— Дарэмна, — паўтарыў Брава-Жыватоўскі і дадаў: — Цяпер табе не абысціся без мяне.
— Бачу, табе нечага дужа хочацца павязаць адной вяроўкай з сабой і мяне, і сына майго.
— Вяроўкі я не ўю, ты тут памыляешся, але кампаніі тваёй не цураюся.
— Вядома, не з Драніцай жа ўвесь час якшацца? Хопіць таго, што ён падвёў цябе каля крыніцы. Усё хваліўся, што можа па-нямецку, нашы мужыкі нават паверылі, што ён перакладчыкам пры табе, а як да справы дайшло, то лупцоў паспытаць давялося. Ды і немец той таксама нейкі шалапутны — не пазнаў свайго. Помніш, як у тым жарце?..
— Ну, чыя карова мычала, а твая маўчала б, — стараючыся быць спакойным, сказаў Брава-Жыватоўскі. — Твае таксама не меней шалапутныя. Мяне хоць плёткай, а цябе дык і зусім ледзьве са свету не зжылі. Так што дарэмна папікаеш.
— Ды я гэта к слову, — быццам і праўда пашкадаваў Зазыба, што неўзнарок напомніў паліцэйскаму непрыемнае.
— Дык у мяне таксама к слову прыйшлося, — прытворна, але яўна з іроніяй, павініўся Брава-Жыватоўскі.
— Будзем лічыць, што мы квіты.
— Квіты дык квіты, — лёгка згадзіўся паліцэйскі.
Але дарэмна ён спадзяваўся на квіты. Праз нейкі момант Зазыба сказаў:
— А парсюка з фермы вы няправільна ўзялі з Драніцам. Не мелі права.
— Глупства, — паспрабаваў адмахнуцца Брава-Жыватоўскі. — Лася ж неяк трэба было ўпарадкаваць.
— Калгасная ферма — не ўласны хлеў. З такой ахвоты кожны мог бы.
— Дык ты ж распусціў калгас.
— Але гэта яшчэ не значыць, што кожны можа хапаць, што задумае.
— Ат, — смыкнуў шчакой Брава-Жыватоўскі, — не пра гэта сёння трэба гаварыць нам! — І выраз твару свайго зрабіў ледзь не пакутніцкі, усё роўна як і сапраўды ён дамагаўся ў гаворцы нечага такога, што ніяк не даходзіла да Зазыбы.
«Эйш, — насмешліва падумаў Зазыба, — смуткі паліцая бяруць. Але гэта толькі начынка, а будзе цэлая аўчынка. Давядзецца шыла з перцам паспытаць». Тады сказаў:
— А гэта праўду гавораць нашы мужыкі, Антон, што ты ў Махно служыў?
— Служыў, — як ні ў чым не было, адказаў Брава-Жыватоўскі. — А што?
— Дык мы тады і раней, аказваецца, маглі сустракацца з табой? Я ж свой ордэн атрымаў за махноўцаў.
— Ну, пра гэта я, дапусцім, чытаў у раённай газетцы.
— Мог і ты апынуцца сярод іх. І табе б галаву адсек шашкай.
— Ну, гэта яшчэ бабка на два варажыла. Мог ты мне галаву адсекчы, а мог і я табе. Хіба не верыш?
— Але, мусіць, ажно зямлю са злосці грыз увесь час, пакуль жыў у нас ціха.
— Я, як ведаеш, зямлю араў, — сказаў на гэта Брава-Жыватоўскі. — Навошта мне было грызці зубамі яе? Ды мяне тады ўжо ў Махно і не было, як ты шабляй махаў там.
— Ці нарабаваў жа ты хоць золата, будучы ў Махно? — спытаўся Зазыба.
— Канечне, цэлы воз. Няўжо не бачыў, што на маёй хаце страха золатам крыта.
— Ну, дапусцім, хату накрыў яшчэ сам гаспадар.
— Але хто перакрываў яе?
— Перакрываў ты. Але чамусьці ажно не верыцца, што ты без золата. Бо вядома ж, якія вы, махноўцы, рабаўнікі.
— Я, мілы мой, прывык чэсна служыць.
— За ідэю?
— А калі не за ідэю, то ўсё роўна чэсна. Ты думаеш, я ў аднаго Нестара Іванавіча служыў? Я і ў Чырвонай Арміі быў.
— Калі — перад тым, як да Махно перабегчы, ці пасля Гуляй Поля ўжо?
— Што цяпер спавядацца! Трэба было раней пацікавіцца.
— Але дзіўна ў цябе выходзіць — служыць служыш, а пахваліцца нібыта і няма чым.
— Чаму? Я ж адкрыта служу.
— Дык гэта цяпер. Але што скажаш, як немцаў прагоняць?
— А ты ўсё яшчэ спадзяешся, што бальшавікі твае вернуцца?
— Спадзяюся, Антон, спадзяюся!
— Але прызнайся, Зазыба, ты б са мной вось так, па-чалавечы, размаўляў, каб за табой верх быў, каб ты на маё месца стаў?
— Па-першае, я на тваё месца не пасягаю. А па-другое, ты таксама хутка іначай запяеш. Гэта пакуль няма канчатковай пэўнасці, што ўлада твая надоўга зачапілася ў нас, дык ты анёлам прыкідваешся.
— Ну, ты гэта мне гаварыў ужо, — запярэчыў Брава-Жыватоўскі, — але, як бачыш, я ўсё яшчэ не спраўдзіў тваіх спадзяванняў. Ніхто ў Верамейках не можа паскардзіцца, што я зрабіў шкоду яму. І справа зусім не ў тым, што нечага чакаю. Тут, здаецца, ужо ўсё ясна. Чакаць лішне не трэба. Улада памянялася назаўсёды. Не ведаю, ці доўга будуць у нас самі немцы. Гэта ўжо справа іхняга ўрада. Аднак бясспрэчна адно — савецкай улады яны больш не дапусцяць. Сам ведаеш, сіла салому ломіць. Так што дарэмна ты спадзяешся на бальшавікоў. Не вернуцца яны.
— Дурны ты ўсё-такі, Антон, — цярпліва даслухаўшы да канца паліцая, усміхнуўся Зазыба. — Бальшавікі — гэта людзі. Жывыя людзі. І ніякая ўлада не прымусіць іх адмовіцца ад сваіх пераконанняў. Паспрабуй выкінь з чалавека душу. А пераконанне — гэта і ёсць душа. Ну, а паколькі людзі жывуць паўсюль, паколькі без людзей на зямлі немагчыма, значыць, і бальшавікі будуць заўсёды сярод іх.
— Ну от, я табе пра Хаму, а ты мне пра Ярому, — паціснуў плячамі Брава-Жыватоўскі.— Пры чым тут душа, пры чым пераконанні? Я гавару пра бальшавіцкую ўладу. А хто пра што думае — чорт з ім, млын, як сам бачыш, вялікі, усё перамеле. Не ў адных жа бальшавікоў пераконанні. Былі свае пераконанні некалі ў кадэтаў, у эсэраў, у меншавікоў, у анархістаў. Бальшавікі перамалолі іх на сваім млыне. Цяпер чарга настала за самімі бальшавікамі. Дасць бог, нацыянал-сацыялісты перамелюць іх.
Задаволены сабой, што гэтак грунтоўна давёў Зазыбу свае меркаванні, Брава-Жыватоўскі колькі часу ехаў моўчкі.
Дарога ўжо ішла па краі тарфяніка, дзе першы год высаджвалі кок-сагыз. Расліна гэтая для тутэйшай зямлі была невядомая, пра яе, здаецца, наогул ніхто не чуў дасюль не толькі ў Верамейках, а і па ўсёй Бесядзі. І вось сёлета ва ўсім раёне пачалі прапагандаваць яе яшчэ з самай зімы. Крайне патрэбна была гума. У земаддзеле быў уведзены нават асобны аграном па кок-сагызу, а ў калгасах створаны брыгады, якім цалкам належала займацца вырошчваннем новай сельскагаспадарчай культуры, якая мела стратэгічнае значэнне, прынамсі, прапагандуючы яе сярод калгаснікаў, усе, хто меў дачыненне да гэтага, націскалі на патрэбу ў ёй іменна са стратэгічнага боку. Зразумела, што ў Верамейках таксама была створана такая брыгада. І праз усю сёлетнюю вясну верамейкаўскія калгасніцы не паспявалі выводзіць цыпкі на руках і нагах. Але дарэмна стараліся. З вайной неяк адразу прапала цікавасць да кок-сагызу. Пра яго забыліся. І тады па тарфяніку зноў пайшоў расці пырнік, за ім — балотны перац і розная іншая трава, якая заглушыла кволыя парасткі новай расліны. Так што, лічы, кок-сагызу ў Верамейках ніхто і не бачыў. У кожным разе, у густым зарасніку балотнага перцу ды пырніку адшукаць яго цяпер немагчыма было. Выходзіла, што верамейкаўцы ў выніку гэтага дарэмна страцілі ладны кавалак сенажаці, бо датуль як узараць трактарам урочышча, тут кожны год буяла лугавая трава, бывала, аўсяніца высыпала чалавеку па самыя клубы і залівала пасярод лета фіялетавай паводкай увесь прасцяг, што пачынаўся ад гэтай дарогі і распасціраўся да новых калгасных лядаў, на якіх сеялі проса, авёс і грэчку.
Гледзячы цяпер сумнымі вачамі на заглушаны пустазельнымі травамі тарфянік і шкадуючы пра згубленую сенажаць, Зазыба прыгадаў нечага, як першы раз прывозіў сюды гадоў колькі назад Чубара. Тады яны таксама ехалі з Верамеек вось гэтай дарогай. Чубар толькі што прыняў ад Зазыбы калгасныя справы, але паколькі па намаганню Маштакова Зазыба заставаўся ў калгасе загадчыкам гаспадаркі, а гэта значыць, фактычным намеснікам старшыні, то яму выпала паказваць новаму старшыні і арцельныя ўгоддзі. Здаецца, якраз тымі днямі ваўсю цвіла тут лугавая аўсяніца. Паставіўшы ў алешнік ад сляпнёў жарабка-куплёніка, яны доўга хадзілі спярша па сенажаці, затым па лядах, балазе было чым захапляцца. Тут жа абодва сталі таксама міжвольнымі сведкамі, як па-над лядам з аўсом ястраб напаў на перапёлку...