А то здаралася і так. Ідзе за нейкай патрэбай чалавек праз Заборцы, а пасярод вуліцы спыняе пешахода мужык і б’е навотліў па вуху. «За што?» — пазірае на яго ледзьве не са слязамі недаўменны чалавек. «А ні за што, — спакойна адказвае яму тубылец. — Проста, каб ведаў, што пабыў у Заборцах».
Затое калі ўжо трапляў з Заборцаў хто ў смешнае становішча, нават у бяду, то гаворкі ды смеху сапраўды хапала, лічы, на ўсё забяседдзе. Асабліва выклікаў рогат нядаўны выпадак. Высветлілася раптам у адзін цудоўны дзень, што з Заборцаў выйшаў у вялікае начальства сын былой панскай чалядкі, здаецца, намеснікам наркома стаў. Правільна, што захацеў прыехаць і ў вёску. Ну, а заборцаўцы рашылі ў дошку расплюшчыцца, толькі як след прывеціць знакамітага земляка. Калгаснае кіраўніцтва, вядома, з дазволу раённага, нават сталы загадала накрыць пад соснамі, пры гэтым не шкадаваць ні пітва, ні закусі. Сын былой панскай чалядкі сапраўды ўсцешыўся, убачыўшы, як сустракаюць яго вяскоўцы. Але доўга не затрымаўся ў вёсцы, адно гадзіны са дзве пасядзеў разам пад соснамі, пакаштаваў і пітва, і адмысловай сялянскай закускі. Пасля яго ад’езду заборцаўцы, вядома, працягвалі банкетаваць, балазе, хапала на сталах усяго, да таго ж дарэмшчына кругом. «Во, — хваліліся захмялелыя мужыкі, — як добра мець земляка ў вялікім начальстве». Думалі, што п'юць ды ядуць калі не за яго кошт, то не за свой ужо напэўна. Але не. Заборцаўцы падмануліся ў сваім найлепшым жаданні. На другі дзень сабралася калгаснае праўленне і расклала выдаткі па дварах — і на тых, хто сядзеў за святочным сталом, і на тых, хто стаяў зводдаль ды аблізваўся...
Сёння таксама не абышлося без здарэння. Раптам з-за дрэў, якраз насупраць Заборцаў, усё роўна як вышаснуў на дарогу з вінтоўкай за плячыма нейкі таўсманы дзяцюк. Верамейкаўскім салдаткам яшчэ крокаў за дваццаць кінуліся ў вочы яго вусы і ліслівая ўсмешка. Што дзяцюк быў паліцэйскім, таксама стала зразумела адразу — гэтакую блакітную павязку на рукаве ўжо каторы час насіў Брава-Жыватоўскі.
Між тым, паліцэйскі стаў брыгадзіравым «казлом» пасярод дарогі і чакаў, пакуль зусім не наблізяцца жанчыны. Пры гэтым ці то знарок, ці то само выйшла, але месца ён выбраў спыніцца супраць невялікай прагаліны, якая, быццам прасечаная лінка, адкрывалася па лесе з правага боку, таму постаць яго была высвечана ранішнім сонцам. Ліслівая ўсмешка і шчодрае сонца рабілі чалавека як не падобным на ката-мурлыку — вось-вось выгне спіну, а тады пакратае лапай за вус.
— Куды гэта вы? — акурат здзівіўся паліцэйскі, вымаўляючы першыя словы амаль нараспеў.
— А нікуды! — у тон яму адказала Дуня Пракопкіна.
— Так ужо і нікуды? — не паверыў паліцэйскі, але сказаў усё роўна як дзеля забавы.
— Ну, тады на кудыкіну гару, — для адчэпкі сказала Дуня Пракопкіна і паспрабавала абмінуць на дарозе паліцэйскага, каб ісці далей.
Але паліцэйскі і не думаў прапускаць верамейкаўскіх жанок міма сябе. Ён распасцёр рукі, гатовы забегчы ў той бок, куды памкнуліся яны.
— Значыць, на кудыкіну гару? — насмешліва спытаўся ён. — А чые будзеце?
— Свае, — кінула з натоўпу Палага Хахлова.
— Ну, што ж, — сказаў паліцэйскі, — пакуль не прызнаецеся, далей не пушчу.
— От я зараз так не пушчу табе, — нарэшце выбілася наперад Палага Хахлова, — што глузды пасля збіраць давядзецца!
Мусіць, паліцэйскі быў чалавек здагадлівы, таму пасля яе слоў адразу сцяміў — гэтая сухарэбрына сапраўды на адной пагрозе не спыніцца. Зарагатаў:
— Я і так ведаю, чые вы. У мяне ў самога ў Верамейках радня ёсць.
Але колькі ні намагаліся салдаткі ўспомніць, хто мог быць у Верамейках яму раднёй, так і не здолелі прыгадаць: здаецца, не было такога выпадку, каб хто-небудзь жаніўся на заборцаўскай нявесце альбо наадварот — верамейкаўская выходзіла туды. Тым не менш, Дуня Пракопкіна сказала:
— Раднёй лічышся, а таксама палохаеш.
— Гэта я для парадку. Службу нясу.
Паліцэйскі тут жа ступіў на абочыну, вызваліў дарогу.
Хоць і незразумела было, чаму ён рушыў у адну дарогу з імі, але салдаткі неўзабаве ўжо нібыта перасталі і зважаць на яго; прынамсі, паліцаева прысутнасць больш не выклікала ні ў кога насцярожанасці; хто ведае, можа, у яго таксама з’явілася патрэба адлучыцца з вёскі па нейкай справе? Так і ішлі яны колькі часу лясной дарогай — кабеты па сабе, а ён па сабе.
З жоўта-зялёнай папараці, што расла тут скрозь па сасновым лесе, нечакана выскачыў белалобы сабака з жоўтымі, акурат апаленымі плямкамі над вачамі і з нейкімі дзіўнымі, невыразнага колеру пежынамі па баках. Убачыўшы незнаёмых кабет, сабака вякнуў на іх, быццам таксама дзеля парадку, — маўляў, іначай нельга, бо што падумае гаспадар пра мяне; усё-ткі я перш за ўсё павінен гаўкаць, — тады кінуўся паліцэйскаму ў ногі, пачаў радасна лашчыцца. Вядома, нікога сваім нечаканым з’яўленнем не спалохаў. Ды і ці магла цяпер палохаць людзей такая істота, як сабака?! Тым больш што верамейкаўскія кабеты па-сапраўднаму спяшаліся, таксама, як спяшаліся б звычайна на кірмаш. Надзетыя, бадай, у самае лепшае, з хатылькамі ў руках, яны ўсе і выгляд мелі кірмашовы. Не хапала толькі, каб на сённяшні дзень прыпала храмавое свята.
Здавалася, паліцэйскі ўзрадуецца, што на падмогу яму прыбег сабака, але дарэмна. Наадварот, вусаты таўстун раптам узлаваўся нечага, выказваючы рукамі, жэстамі, выглядам прыкрую нецярплівасць, пачаў праганяць сабаку дамоў — спярша адпіхнуў ад сябе нагой, праўда, не тупым, зношаным наском ялавага бота, а шырокай, ссунутай гармонікам к нізу, халявай, але сабака зноў кінуўся яму ў ногі, тады ён зрабіў страшны твар і схапіўся за вінтоўку: «Пшоў! Пшоў адсюль!» Як і кожны разумны сабака, гэты таксама зразумеў, што гаспадару чамусьці не падабаецца ягоная прысутнасць, таму ён пакрыўджана падтуліў пад сябе хвост паміж задніх ног і зноў ціха гаўкнуў: уставіўшыся на чужых кабет, ды цяпер ужо, няйначай, у адчаі, што праганяюць. Але ў наступны момант увагу яго адцягнула на сябе вялікая шэрая птушка, што ўсё роўна як нежывая ўпала на дарогу, быццам ашмётак які, з падсечанай у камлі, таму аплыўшай смалою, сасны. Птушка гэта нагадвала нечым балотнага мышалова, мела такую ж, як і ён, загнутую кнізу дзюбку і доўгія ногі. Хоць яна і выклікала ўражанне, што падае ўніз, быццам амярцвелая, але як толькі апынулася на зямлі, дакранулася да яе нагамі, то адразу страпянулася, распасцёрла на ўсю шырыню крылы і зусім зварушліва, падскокваючы, пабегла ўперад па дарозе. Згледзеўшы яе, сабака тут жа забыўся і на гаспадара, і на кабет, кінуўся з усіх ног даганяць. Птушка таксама адчула небяспеку, таму не стала лішне выпрабоўваць лёс — ударыла аб зямлю крыламі і гэтак жа імкліва, як падала з дрэва, узляцела ўгору, але не памкнулася ў бок ад дарогі, а зноў села на самы макуш крайняй сасны. Падмануты паліцаеў сабака закруціўся каля сасны, і гучны брэх яго адзінока абудзіў ядраную цішыню ў лесе.
Да Ключа заставалася ўжо не так многа прайсці, калі на дарозе, якая выбілася левым бокам на край лесу, быццам грыб з-пад зямлі, вырасла чалавечая постаць. То быў немец. Няйначай, ён стаяў даўно тут, але верамейкаўскія салдаткі чамусьці ўбачылі яго толькі цяпер, калі апынуліся зусім блізка. Стаяў ён у кароткай, непрамакальнай куртцы з башлыком за плячамі, у суконных штанах, вузкія, амаль у абліпку калашыны якіх былі ўсунуты ў бліскучыя боты, і ў цёмна-сіняй пілотцы. На жываце вісеў аўтамат. Што гэта быў немец, кабеты здагадаліся адразу, бо паліцай ледзь не подбегам кінуўся да яго. Няйначай, што для паліцая знаходжанне тут гэтага немца наогул не з’явілася нечаканасцю. У кожным разе па тым, як прывычна і без насцярогі паводзіў ён сябе, можна было пэўна меркаваць толькі так. Значыць, гіцаль знарок суправаджаў іх сюды. Пакуль увішны паліцэйскі нешта тлумачыў немцу, паказваючы на жанчын рукой, тыя паспелі прыкмеціць непадалёку, крокаў за трыццаць ад крутога схону, за якім пачынаўся луг, самалёт з чорна-белым, нібыта рассечаным крыжам на фюзеляжы. Далей трохі вяла дымілася вогнішча, блізка ля якога знаходзіліся яшчэ два лётчыкі — адзін сядзеў, абхапіўшы каленкі рукамі, а другі напаўляжаў, падпёршы далоняй галаву.