— Да мяне, — раптам здзівіўся стары і, хаваючы сваю разгубленасць, пачаў моцна і досыць доўга чухаць пад шапкай галаву.
Тады Чубар абвёў позіркам астатніх прымоўклых мужыкоў і з кплівай усмешкай паківаў галавой: тыя паапускалі вочы. У ім нараджалася крыўднае пачуццё чалавека, які раптам зрабіў для сябе непрыемнае адкрыццё там, дзе яго, па ўласным перакананні, не магло быць. Уражаны гэтым, ён пачынаў лавіць сябе, што на вуліцы ўжо ці не адбывалася нешта накшталт недарэчнага тэатральнага відовішча. Сябе Чубар здольны быў бачыць у гэтым відовішчы ні больш ні менш як абавязковай, нават неад’емнай, але, па сутнасці, нікому не патрэбнай рэччу, якую ўдзельнікі відовішча пачалі адкрыта перакідваць адзін аднаму. Спярша яму падумалася, што вінаваты быў Ягор Пішчыкаў, які ўсё яшчэ злаваў праз згубленую недзе цялушку, але дарэмна: уласна, усе гэтыя мужыкі былі вартыя адзін аднаго, і, мусіць, ніхто не перамог бы на шалях, каб давялося паважыць іх на звычайную насцярожлівасць, а яшчэ больш — на хітрую сялянскую разважлівасць. Проста нікому не хацелася па сваёй ахвоце весці ў хату ўзброенага чалавека. Чубар разумеў, што насцярожваліся людзі адзін перад адным: пры іншых умовах, напрыклад, каб завітаў ён да каго з іх без сведкаў, не было б адмовы яму ні ў гасціннасці, ні ў прытулку. Асабліва багата чаго для разумення гэтага даваў выпадак, што адбыўся ў Белай Гліне, калі стары Якушок прасіў Чубара, каб той павёў яго праз вёску пад вінтоўкай. Больш таго, Чубар у думках ужо здагадваўся наперад, што і надалей давядзецца сутыкацца з чымсьці падобным і што гэтак ці амаль гэтак будзе, прынамсі, да таго часу, пакуль самі падзеі не перайначаць цяперашнюю няпэўнасць...
Мужыкі — бадай, кожны — таксама мулка пачувалі сябе перад незнаёмым чалавекам. Але з тае прычыны, што стаялі грамадой, ад вінаватасці душой не пакутавалі: кожны меў адны і тыя ж правы і мог зрабіць для яго тое ж...
Нарэшце настаў усё ж момант, калі і Чубар, і шыраеўскія мужыкі пачалі найбольш усведамляць няёмкасць таго недарэчнага становішча, якое гэтак неспадзявана склалася: і той бок, і гэты ўжо нецярпліва чакалі нечага адзін ад аднаго.
Нашто ўжо дзядок быў нястрыманы на язык і ўедлівы дужа, аднак і той адступіўся ад Чубара — вочы яго, па-старэчы запаленыя і па-хлапечы хітравата-дураслівыя, схаваліся пад павекамі, а постаць, якая да гэтага, быццам у маладога непаседы, ажно хадзіла ўся, зрабілася яшчэ больш кашчавай і, як цень, косай.
Яўна не ставала пакуль таго псіхафізічнага моманту, які ўзбурыў бы напятыя адносіны. Дзіва таксама, але, каб напяць іх, хапіла самага малога, а вось каб парушыць, патрэбна была, здавалася, цэлая бура.
І гэтая бура, як кажуць, грымнула.
Увасобілася яна ў жаночым голасе, што пачуўся з акна тае хаты, насупраць якой тоўпіліся цяпер у маўчанні вакол Чубара шыраеўскія дзядзькі.
— І не сорамна вам, мужыкі?..
Усе адразу павярнулі галовы на голас.
У расчыненым акне стаяла, бачная па клубы, маладая і станістая жанчына. То была гаспадыня хаты, ці, як у Шыраеўцы казалі, Васілёва Палага. Сам гаспадар, Васіль Шунякоў, ужо каторы год моцна хварэў і не ўставаў з ложка. Мусіць, Палага стаяла незаўважанай у акне даўно і чула ўсё, аб чым гаварылі паміж сабой мужыкі, бо нездарма пачала адразу сарамаціць іх. У голасе яе выразна чуўся тады пагардлівы дакор.
Але на твары цяпер чамусьці была гарэзлівая ўсмешка. Гэта Чубар адзначыў перш за ўсё, як убачыў жанчыну. Палага больш за ўсё глядзела на яго: ёй нечым — употай, проста па-жаночаму — прыглянуўся незнаёмы чалавек, што прыехаў у вёску, як высветлілася, на крадзеным кані. Яна выпадкова падышла да акна якраз тады, калі петрапольскі аднаасобнік наляцеў коршунам на конніка. Ёй падалося, што на вуліцы пачалася бойка, і яна спярша жахнулася, аднак справа была даволі хутка ўладжана — хапіла заступніцтва Ягора Пішчыкава. Але яшчэ больш здзівілася Палага, калі высветлілася, што і прыезджы, і Ягор Пішчыкаў знаёмыя паміж сабой. І, можа, таму яна не адышлася адразу ад акна, пастаяла колькі часу, паслухала, аб чым пойдзе гаворка. Прызнацца, размова, якая пачалася затым пад вокнамі яе хаты, не зацікавіла яе. Ёй здавалася, што ў мужчын не было таго ладу, што павінен быў усталявацца нават паміж незнаёмымі людзьмі, якія ўпершыню сустракаюцца. Асабліва калі ў гаворку ўмяшаўся дзед Пшэкін. Стары меў досыць рэдкую здольнасць непрыкметна ператвараць паважныя рэчы ў пустую забаву. У вёсцы гэтым захапляліся, але таксама не абыходзілася, каб надоўга і зацята не зазлаваў хто. Тым больш што ў маладыя гады Пшэкін, як і артыст, што не набыў яшчэ вядомасці, строіў жарты больш над сваімі, шыраеўцамі. Аднаго разу, напрыклад, ён пахваліўся мужыкам — маўляў, купляйце ў Гарэлічах гарэлку ды прыходзьце на зайчаціну. Усе ведалі, што Пшэкін часам бегаў са стрэльбай вакол Шыраеўкі, здаралася, прыносіў дзічыну, таму асаблівай падэсці з гэтага боку ад яго не чакалі. І вось надвечар з бутэлькамі ў кішэнях дзядзькі гурмай уваліліся да Пшэкіна ў хату. Той якраз спаў на печы. Канечне, саромецца ніхто не стаў — раскатурхалі гаспадара. Пшэкін прахапіўся, залыпаў вачамі. Пасля паморшчыўся — не маглі пачакаць, пакуль ён даляжыць свой сон! — і пачаў паволі апранацца. Узбуджаныя мужыкі тупалі настылым абуткам па хаце і яшчэ нічога не падазравалі. І толькі тады, як гаспадар пацягнуў з вешалкі, што на сцяне, кажух, у людзей раскрыліся вочы. «Куды гэта?» — спыталі яго. «Як куды? — знарок здзівіўся Пшэкін. — Зайцоў пайду за вёску страляць. Якраз снег быў. Можа, падыму русака». Выходзіла, што ён запрасіў на зайчаціну, якая яшчэ бегала на волі. Вядома, мужчыны пачалі лаяць вясковага выдумшчыка. Але што зробіш. Самі дзівакі, што гэтак лёгка паверылі. Не перастаючы лаяцца, яны павыстаўлялі з кішэняў бутэлькі на стол, бо цяпер усё роўна было, дзе выпіваць іх. Але самую вялікую штуку прарабіў Пшэкін яшчэ амаль падлеткам над родным дзядзькам. Ці то дзядзька раней за ўсіх сярод сваякоў і суседзяў заўважыў ягоныя дзівацкія здольнасці, ці проста неспадзявана напароўся на злосны жарт, аднак погалас пайшоў менавіта з таго выпадку. Прыходзіць гэта малы Пшэкін да дзядзькі, а той у добрым гуморы і кажа: «Ну, пляменнічак, схлусі што-небудзь». Пляменнік ажно пакрыўдзіўся з выгляду. «Няма, дзядзька, часу, — гаворыць, — бацька перадае, каб ты ў лазню да нас ішоў». Ну, дзядзька, вядома, на столь ды за венік бярозавы, просіць сваю гаспадыню, каб дала таксама чыстую бялізну. Нарэшце прыходзіць да брата. Адчыняе дзверы ў лазню, а там — хоць ваўкоў ганяй: ніхто і не збіраўся той раз паліць у ёй... Але сёння Пшэкін не дужа выяўляў сваю здатнасць жартаваць злосна. Нават Палазе з акна здавалася, што ён увесь час нібыта спахопліваўся чаго, не даваў волі свайму языку, хоць і даймаў роспытамі незнаёмага чалавека, і гаворка таму вялася, можна сказаць, амаль далікатная і прыстойная. І вось пад канец, калі незнаёмы чалавек пачаў напрошвацца на сняданак, а вясковыя мужыкі нечага нібыта пагубляліся, ледзь не сварку ўсчалі паміж сабой, Палага не стрымалася, каб не азвацца. За першымі словамі, якія прагучалі нечакана і кпліва, яна яшчэ дадала:
— Чалавека пакарміць шкадуеце! — Але ўжо з новай адметнасцю ў голасе — нібыта дражнячы аднавяскоўцаў, да таго ж мужчын. — А вы дарэмна кланяецеся столькі, — сказала неўзабаве жанчына і Чубару, — заходзьце тады да нас.
Яна аблакацілася на падаконнік, высунулася па грудзі на вуліцу. Цяпер можна было добра разгледзець жанчыну. У яе былі на дзіва рыжыя, ажно як медныя, валасы на галаве. У цёмных вачах хавалася патаемная ўсмешка, што заходзіла па нейкіх сваіх шляхах нават у куточкі губастага, выразна акрэсленага рота. Аголеныя па плечы рукі былі па-сялянску загарэлыя і прыгожыя; складзеныя амаль накрыж, яны спакойна ляжалі на падаконніку, падпіраючы вялікія грудзі, скрытыя пад цеснаватай, а можа, знарок пашытай без запасу, блакітнай блузцы.
Чубару на нейкі момант падумалася, што гэта, няйначай, якаясьці саламяная ўдава або проста вясковая маладзіца, якой нічога асаблівага не каштуе заманіць з дарогі ў хату кожнага ўпадабанага мужчыну, але па тым, як успрынялі шыраеўскія мужыкі гэтае запрашэнне — самым належным чынам, без падкрэсленай і хітраватай цікавасці — можна было меркаваць пра адваротнае. Праўда, жанчына сваім нечаканым запрашэннем нібыта ратавала іх ад непатрэбнага, дакладней, далікатнага клопату, такая акалічнасць, вядома, магла паўплываць на паводзіны людзей, аднак наўрад ці мела тут і гэта якое значэнне. Урэшце, як бы там ні было, але шыраеўскія мужыкі адразу пачалі ківаць Чубару галовамі — ці то падахвочваючы яго заходзіць у хату, ці проста развітваючыся; прынамсі, разыходзіліся яны з выглядам той годнасці, якая поўніць людзей пасля зробленага імі чагосьці надзвычай вартага, нават пазабывалі, што на ўзлеску па-ранейшаму сноўдалі ўзбуджаныя, быццам пакусаныя кім, свінні, якіх яны, як казалі самі, выйшлі на край вёскі пільнаваць.