Няйначай, дзядок быў адмысловы жартаўнік, бо ўсе, хто стаяў паблізу, пазіралі ўжо на яго і на Чубара з паблажлівымі ўсмешкамі.
— Ты, дзед, таксама падыдзеш у партызаны, — здагадваючыся пра гэта, сказаў Чубар, каб адным часам у голасе былі і жартаўлівая пагрозлівасць, і прыстойная паважлівасць.
— А што? — выпнуў грудзі стары.
— Дык вось і запісвайся першы, — нібыта ўзрадаваўся аціхлы Ягор Пішчыкаў.
— А ты?
— А ў мяне бялет. Я — па закону.
— Дык гэта ж яшчэ невядома, які закон на бялеты выйдзе, калі ў партызаны набіраць стануць? А ў мяне — вочы. Нават добра не пацэліш з такой вось. — Стары кіўнуў на Чубараву вінтоўку. — А які гэта стралок, калі германец уцячы можа з-пад ружжа?
— Нічога, мы табе прывяжам германца да плота,— загаманілі дзядзькі, — якраз пацэліш куды трэба.
Каб надаць большай важкасці размове і тым самым сваёй прысутнасці ў вёсцы, Чубар спытаў:
— Дзе ж ваша начальства?
— Якое? — нахіліў галаву дзядок.
— Ну, старшыня калгаса.
— Шукай ветру ў полі, — паспяшаўся свіснуць Ягор Пішчыкаў.
— Ды, мусіць, падаўся з абозам некуды, — падказаў другі селянін, здаецца, Аўлас.
— Мы аб’яднаны былі з Гарэлічамі, — пачаў тлумачыць Карней. — У Гарэлічах і калгасная кантора, і старшыня там жыў. А тут у нас — паляводчая брыгада, трэцяя.
— Дык сам вы партызан ці ўпаўнаважаны па партызанах? — не губляў тым часам сваёй тэмы дзядок.
— Усё разам — і партызан, і ўпаўнаважаны, — адказаў, усміхаючыся, Чубар.
— І дакументы маеш?
— Ёсць і дакументы. Але навошта яны табе?
— Ды так.
— Ён у нас дужа граматны, — сказаў, выскаляючы зубы, Ягор Пішчыкаў. — Усім цікавіцца.
Дзядзькі зарагаталі.
— Вам абы!.. — незалюбіў стары. — А я хацеў спытаць, як думае чалавек. Ён жа, мусіць, начальнік, раз у партызаны пайшоў. Дык я і хачу спытаць. Нашы яшчэ вернуцца?
— А ты як думаеш?
Дзядок абвёў позіркам аднавяскоўцаў.
— Забраў жа вон колькі...
— Што забраў, тое і аддасць, — сказаў важка Чубар і раптам злавіў сябе на думцы, што, гаворачы пра гэта, ён кожны раз нібыта набіраўся аднекуль сам выразнай пэўнасці.
— Гэта так, — уздыхнуў стары. — Чужое — не сваё. Чужое — аддай.
— Я таксама кажу мужыкам — на гэты ж год нават знак гасподні такі, — сказаў раптам Карней, — што ўсё будзе добра, што нашы перамогуць немца. Вайна ж пачалася ў святы дзень. У гаду ёсць дзень, калі наша царква адзначае памяць усіх святых рускай зямлі. І гэты дзень сёлета прыйшоўся якраз на дваццаць другога чэрвеня. Людзі, якія ведаюць святое пісьмо, гавораць, што такое супадзенне невыпадковае. Гэта, няйначай, знак літасці нашых святых да нас.
— А ты што, таксама са святых? — самым уважлівым чынам паглядзеў на Карнея Чубар, нібыта хацеў адшукаць у ягоным вобліку нябачныя рысы.
— Ён у нас некалі на папа вучыўся, — паспяшаўся падказаць дзядок, — але архірэй пасля не ўпадабаў.
Мусіць, пра Карнея і архірэя гаворка сярод шыраеўцаў пачыналася ўжо не першы раз, таму мужыкі пасля дзедавых слоў зарагаталі.
Стары тым часам растлумачыў Чубару:
— Карней у нас бачыш які? І ростам, і тварам? Што той багатыр з казкі. А ў архірэя жонка таксама пісаная прыгажуня. Дык архірэй і пабаяўся нашага Карнея трымаць блізка.
Мужыкі зноў зарагаталі, можа, нават не думаючы, ці бывае ў архірэя жонка.
Сам Карней да дзедавай балбатні ставіўся з сялянскай паблажлівасцю — пасмейваўся і не меў нават ценю пакрыўджанасці ці нездаволенасці на твары.
Праз нейкі момант дзядок зноў спытаў Чубара:
— Дзе ж астатнія твае партызаны?
— У лесе.
— Ага, — кіўнуў стары, нібыта яшчэ ўсведамляючы нешта.
— Лес цяпер домам стаў багата каму, — па-філасофску разважыў Карней: ён, відаць, не хацеў, каб усю гамонку з незнаёмым чалавекам займаў дзядок. — Але ў нас тут... Так сабе лес. Адно схавацца за кустом ад злога вока. А калі хто задумае пашукаць каго напраўду, то і не вельмі цяжка будзе знайсці, бо... Словам, нашага лесу стае на дровы ды калі на бёрны каму. А вось туды, пад Бранск, там сапраўдны лес. Пасля на Мглін, на Клетню. Таксама, дай бог, лясы. Ды і сюды, — ён паказаў рукой уздоўж вясковай вуліцы. — Але там ужо Беларусь пачынаецца. Во як за Іпуць пяройдзеш, то...
Чубар не даў дагаварыць, спытаў:
— А што да Іпуці?
— Ды, лічы, наш гэты лясок апошні. Да Іпуці ўжо адно поле будзе.
Пакуль на краі вёскі, паміж канцавымі дварамі, ішла гэтая размова, петрапольскі аднаасобнік непрыкметна, прынамсі, для Чубара, сеў на свайго каня, якога нарэшце пашчасціла перастрэць, і, уцяўшы галаву, патрухаў у лес па той дарозе, па якой прыехаў у вёску Чубар. З Шыраеўкі ў той бок яна была адна. Вёска стаяла па мясцовай геаграфіі, відаць, недзе на самым водшыбе Гардзееўскага раёна, аслоненая з паўночнага ўсходу хвойным лесам. Дакладней кажучы, нават трохі болей, чым з аднаго паўночнага ўсходу. Справа ў тым, што ўезд у вёску і выезд з яе таксама былі па лесе. Але там ён выглядаў, як зрэзаны, і суцэльны не быў: яго хапала толькі на тое, каб выпусціць з абдымкаў дарогу праз вёску і праглынуць яе на другім канцы; лінія так званага зрэзу праходзіла акурат праз паўднёвы бок вёскі. Дзіва, але ў самой Шыраеўцы і паабапал яе ўсё было зроблена нібыта згодна геаметрыі — асабліва гэты вось выкарчаваны ўпоперак няпоўнага проставугольніка лес, дзе ўтульна змясцілася вёска і роўная, як па лінейцы пабудаваная, вуліца, дарэчы, адзіная ў вёсцы. Хаты — самай няхітрай сялянскай архітэктуры — стаялі на аднолькавай адлегласці паміж сабой, амаль без выключэння былі накрыты гонтай. Над нечай страхой, недзе пасярод вуліцы, тырчала жураўлём радыёантэна, досыць рэдкая пакуль адзнака дваццатага стагоддзя ў вёсцы. Будавалася Шыраеўка не адразу, прынамсі, не за адзін і не за два гады, бо пад гэты канец было некалькі зусім новых дамоў, можа, пазалеташніх, на якіх яшчэ не паспелі счарнець бёрны, але нават старонняму воку можна было меркаваць, што належала яна да тых паселішчаў, якія засноўваліся ўжо калі не пры калгасным ладзе, то не болей за восем гадоў наперад.
З таго часу, як Чубар прыехаў у Шыраеўку, гадзіннік недзе адлічыў толькі наступныя трыццаць хвілін. Між тым на дварэ ўжо стала, як удзень. Сонца ўвачавідкі паднялося над лесам, патрохі ачышчаючыся ад копаці і смугі. На ўсходзе дажджавых хмар больш не было. Затое на захадзе неба яшчэ нібыта клубілася. Але вецер настойліва зносіў паклычаныя хмары на паўднёвую ўскраіну, не даваў зноў засланіць сонца.
— Дык як цяпер будзе? — спытаў Карней Чубара.
— Што — як?
— Ну, раз кіраўнікоў нашых няма... мы так разумеем, што... без старшыні сельсавета ці старшыні калгаса дык і вырашаць нічога нельга.
Чубар здагадліва ўсміхнуўся:
— Неяк абыдземся без іх. Тым больш што вашу Шыраеўку стараной не абыдзеш. Асабліва калі знаёмыя ёсць. — І каб не пакідаць людзей, асабліва гаваркога дзядка, які ўжо, няйначай, зноў пакутаваў ад цікаўнасці, у няведанні, растлумачыў напаўжартам: — Мы ж з Ягорам вашым даўнія знаёмыя!
— Бачыліся ўчора ў лесе, як шукаў цёлку, — нібыта апраўдваючыся, кінуў Ягор Пішчыкаў.
— Дык я і падумаў, спытаю, дзе тут Ягорава хата.
— А што там, у хаце, рабіць цяпер! — не паглядзеў на Чубара селянін.
— Як што? — здзівіўся дзядок. — Звычайная справа. Трэба сустрэць чалавека, пачаставаць. А то, можа, і крошкі ў роце яшчэ не было ў яго.
— Ты праўду кажаш, дзед, — прызнаўся Чубар. — Жывот даўно падцягнула.
— Во, чуеш?
— Калі ты скоры такі ды багаты, то і частаваць можаш, — з’едліва кінуў старому Ягор Пішчыкаў. — Я табе не забараняю.
— Сам жа чуў, чалавек да цябе хоча. Знаёмы твой.
— Такі, як і твой. А мне за стол садзіць яго няма з чым. Цёлку вон...
— Ты праз яе цяпера...
— У Ягора звычайна дружна бывае да першага паваротку, — кпіў Карней.
— А ты б!.. — памкнуўся быў да селяніна Ягор.
Чубар натужна падумаў, пасля ўсмешліва сказаў:
— Што ж, дзед, давядзецца напрасіцца да цябе ў госці, раз Ягор адмаўляе.